Вы тут

Чым абумоўлены глабальныя перамены ў Лацінскай Амерыцы?


У Бразіліі, мяркуючы па ўсім, скончылася 13-гадовае праўленне левай Партыі працоўных. Федэральны сенат краіны часова адхіліў прэзідэнта краіны Дылму Русеф ад выканання абавязкаў, паведаміла газета О Glоbо. За працяг працэдуры імпічменту Русеф прагаласавалі 55 сенатараў, супраць — 22. Гэта азначае, што кіраўнік дзяржавы пакідае сваю пасаду на тэрмін, які не перавышае 180 дзён. За гэты час павінна прайсці следства і сам працэс у сенаце. Рашэнне ўступіла ў сілу. Русеф ужо сабрала рэчы і вярнулася з прэзідэнцкага палаца ў сваю асабістую рэзідэнцыю. Наступныя 180 дзён абавязкі прэзідэнта Бразіліі часова будзе выконваць віцэ-прэзідэнт Мішэль Тэмер, лідар Партыі дэмакратычнага руху Бразіліі. Дарэчы, гэтая партыя выйшла ў сакавіку з кіруючай кааліцыі, што паспрыяла абвастрэнню крызісу. Як сцвярджаюць эксперты, падзеі ў Бразіліі — адна з яскравых праяў тых працэсаў, якія адбываюцца апошнім часам у шэрагу краін Лацінскай Амерыцы. Знакавыя постаці левага руху ў макрарэгіёне валяцца адна за адной, быццам косці даміно. Чаму так адбываецца?


Паміж двух акіянаў

Лацінская Амерыка — адзін з найбуйнейшых макрарэгіёнаў свету. Назва была ўведзена французскім імператарам Напалеонам ІІІ як палітычны тэрмін. Лацінская Амерыка і Індакітай разглядаліся тады як тэрыторыі ў сферы асаблівых нацыянальных інтарэсаў Другой імперыі. Гэты тэрмін першапачаткова абазначаў тыя часткі Амерыкі, у якіх размаўляюць на раманскіх мовах — тэрыторыі, населеныя выхадцамі з Іберыйскага паўвострава і Францыі на працягу ХV—ХVІ стагоддзяў. Часам макрарэгіён, які амываецца Ціхім і Атлантычным акіянамі, называюць яшчэ Ібера-Амерыкай.

Цяпер гэта больш за 30 незалежных дзяржаў і шэраг каланіяльных уладанняў. Яго плошча 20,1 млн кв. км. Колькасць жыхароў перавышае паўмільярда чалавек. З часоў канкісты еўрапейскія заваёўнікі прымусова насаджалі свае мовы ў Лацінскай Амерыцы, таму ва ўсіх яе дзяржавах і тэрыторыях іспанская стала дзяржаўнай, за выключэннем Бразіліі, дзе афіцыйная мова — партугальская. Каля 3% насельніцтва пражывае ў невялікіх дзяржавах, дзе афіцыйнымі мовамі з'яўляюцца французская (Гаіці), англійская (Гаяна, Трынідад і Табага, Ямайка і шэраг іншых), галандская (Сурынам). У Пуэрта-Рыка (якая мае статус «свабоднай дзяржавы, што далучылася») пераважае іспанская.

Лацінскую Амерыку звычайна залічваюць да групы краін, якія развіваюцца. Але, у адрозненне ад такіх дзяржаў іншых рэгіёнаў, лацінаамерыканскія прайшлі доўгі шлях незалежнага развіцця. У групе краін, якія развіваюцца, Лацінская Амерыка вылучаецца значна больш высокім узроўнем развіцця прамысловасці, гарадскога жыцця. Гэта датычыцца перш за ўсё такіх дзяржаў, як Аргенціна, Бразілія, Мексіка, Венесуэла. Краіны рэгіёна моцна адрозніваюцца адна ад адной па плошчы, колькасці насельніцтва, этнічным складзе, узроўні эканамічнага развіцця.

Так, напрыклад, Бразілія, якая займае 40% тэрыторыі рэгіёна, пераўзыходзіць па плошчы Сальвадор у 400 разоў. У найменш развітой краіне — Гаіці — важныя эканамічныя паказчыкі на душу насельніцтва ў дзясяткі, а часам і ў сотні разоў ніжэйшыя, чым у найбольш развітых краінах макрарэгіёна.

Смачны «кавалак»

Краіны Лацінскай Амерыкі першымі ў «трэцім свеце» сталі на шлях эканамічнай інтэграцыі, калі ў 1960 годзе былі арганізацыйна аформлены гандлёва-эканамічныя групоўкі — Лацінаамерыканская асацыяцыя свабоднага гандлю (Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Эквадор, Калумбія, Мексіка, Парагвай, Перу, Уругвай і Чылі) і Цэнтральнаамерыканскі агульны рынак (Гватэмала, Гандурас, Коста-Рыка, Нікарагуа, Сальвадор). Са стварэннем у 1968-м Карыбскай асацыяцыі свабоднага гандлю, якая аб'яднала як самастойныя у той час дзяржавы (Барбадас, Гаяна, Трынідад і Табага, Ямайка), так і брытанскія ўладанні (Антыгуа, Беліз, Грэнада, Дамініка, Монтсерат, Сент-Вінсент, Сент-Люсія, Сент-Крыстофер і Невіс), у інтэграцыйным працэсе прынялі ўдзел амаль усе краіны Лацінскай Амерыкі. Яго канчатковай мэтай было фарміраванне агульнага рэгіянальнага рынку шляхам паступовага зніжэння ўзаемных мытных падаткаў, ліквідацыі гандлёвых, валютных і іншых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, увядзенне адзінага знешняга тарыфу ў дачыненні да трэціх дзяржаў. Фінансаваць рэгіянальныя праекты меў права Міжамерыканскі банк развіцця (створаны ў снежні 1959-га), пры якім у 1964 годзе быў заснаваны Інстытут інтэграцыі Лацінскай Амерыкі.

З першых гадоў заваявання пра гэты рэгіён пайшла слава як пра кантынент з казачна багатымі нетрамі і шчодрай трапічнай прыродай, што дазваляе вырошчваць каву, какаву, цукровы трыснёг, тытунь. Лацінская Амерыка раней за іншыя тэрыторыі, яшчэ ў каланіяльны перыяд сваёй гісторыі аказалася ўцягнутай у сістэму сусветных гаспадарчых адносін. Іспанскія і партугальскія калоніі былі найбуйнейшымі пастаўшчыкамі каштоўных металаў і разнастайнай сыравіны ў Еўропу. Такая знешняя накіраванасць эканомікі захоўваецца да цяперашняга часу.

Праўда, кантынент адстае ад некаторых іншых рэгіёнаў па ступені разведанасці тэрыторыі (пошукавыя работы праведзены толькі на 1/5 плошчы). Краіны Лацінскай Амерыкі спецыялізуюцца на экспарце некалькіх відаў сыравіны і прадуктаў, ад якіх залежыць яе дабрабыт. Бразілія пастаўляе на сусветны рынак жалезную руду (1-е месца па здабычы ў свеце), волава (2-е месца), марганцавую руду (3-е месца), каву, какаву і сою; Аргенціна — мяса, воўну і пшаніцу (палова ўсяго экспарту рэгіёна), Чылі — медзь (1-е месца), салетру і малібдэн (2-е месца) і садавіну; Перу — руды каляровых металаў (2-е месца ў свеце па здабычы цынку і серабра, 4-е — свінцу). Ямайка, Сурынам і Гвіяна ўваходзяць у лік галоўных вытворцаў баксітаў. Разам з тым доля Лацінскай Амерыкі ў здабычы нафты няўхільна зніжаецца: ад амаль чвэрці да Другой сусветнай вайны — да 15% напрыканцы 1980-х.

Усяго на краіны гэтага рэгіёна прыпадае 15% сусветнай вытворчасці мяса, 18% — кукурузы, 19% — бавоўны, 21% — садавіны, а найважнейшымі сельскагаспадарчымі раёнамі з'яўляюцца Мексіканскае нагор'е, аргенцінская Памп і ўсходняе ўзбярэжжа Бразіліі. Каля 4/5 усёй прадукцыі сельскай гаспадаркі вырабляецца ў Бразіліі, Мексіцы, Аргенціне, Венесуэле і Калумбіі. Праўда, параўнальна рознабаковую прамысловасць удалося пабудаваць толькі тром лацінаамерыканскім гігантам — Аргенціне, Бразіліі і Мексіцы, дзе нават з'явіліся мікраэлектроніка, робататэхніка, аэракасмічная галіна і атамная энергетыка.

План «Кондар»

Відавочна, што Лацінская Амерыка — шырокая прастора для геапалітычных і геаэканамічнай гульняў. І Злучаныя Штаты з сярэдзіны нулявых страцілі на гэтай прасторы шэраг сваіх пазіцый. Найбольш яскрава гэта праявілася ў 2005 годзе (як сцвярджаюць эксперты, левы паварот дэ-факта быў распачаты пасля прыходу Чавеса да ўлады ў 1998-м), калі левыя лідары — Уга Чавес, Нестар Кіршнер і іншыя — тарпедавалі прапанову ЗША стварыць Панамерыканскі агульны рынак ад Аляскі да Вогненнай Зямлі. Гэты праект доўга выношваўся Вашынгтонам, які жадаў падцягнуць да сябе велізарныя эканомікі лацінаамерыканскіх краін, якія хутка падымаліся, з іх сур'ёзнымі рэсурсамі (харчовымі, энергетычнымі) і апрацоўчай прамысловасцю. Дзеянні левых рэжымаў сталі сур'ёзнай паразай Вашынгтона, нават аплявухай для яго. Цяпер для ЗША ёсць шанц зноў вярнуць сваё «падбрушша». Прынамсі, Вашынгтон усяляк падтрымліваў правыя сілы ў Лацінскай Амерыцы, і ўжо зняў «вяршкі» ў Аргенціне, дзе прэзідэнтам стаў Маўрысіа Макра.

Народны рух Раtrіа Grаndе («Вялікая Радзіма») папярэдзіў аб рэалізацыі новага «Плана «Кондар» у Лацінскай Амерыцы. Адзначаецца, што ў яго рамках Злучаныя Штаты пры падтрымцы правых сіл спрабуюць вярнуць кантроль над рэгіёнам. У якасці прыкладу, дарэчы, прыводзіцца сітуацыя ў Бразіліі. «Імперыя спрабуе аднавіць кантроль над кантынентам пасля дзесяцігоддзяў станаўлення левых прагрэсіўных урадаў, якія ўзніклі ў выніку напружанай народнай барацьбы супраць неалібералізму», адзначаецца ў звароце Раtrіа Grаndе да народаў Лацінскай Амерыкі. Яго аўтары падкрэсліваюць, што ўжо падрыхтавана глеба, каб «перайсці ў рашучае наступленне супраць урадаў і народаў Венесуэлы, Балівіі і Эквадора, пачаць новы цыкл аднаўлення неаліберальнай палітыкі на ўсім кантыненце».

Як заўважае эканаміст BNР Раrіbаs Сільвіа Бельфантэн, левых папракаюць у тым, што яны «змарнавалі сыравінную манну», якая абрынулася на іх за больш чым дзесяць гадоў высокіх цэн на сыравіну. Аднак куды пайшлі гэтыя сродкі? У актыў, лічыць эксперт, варта запісаць маштабнае размеркаванне гэтай самай «манны» сярод маламаёмных, што дазволіла скараціць беднасць і сфарміраваць сярэдні клас. Іншым важным дасягненнем стала вяртанне суверэнітэту над прыроднымі рэсурсамі пасля прыватызацый і неаднаразовых крызісаў у 1990-х — пачатку 2000-х гадоў. Так што «плюсы» неаспрэчныя.

У любым выпадку, як адзначае прафесар Парыжскага інстытута палітычных даследаванняў і прэзідэнт Палітычнага цэнтра Лацінскай Амерыкі і Карыбскіх астравоў Аліўе Дабен, казаць аб адступленні левых у святле падзей у Бразіліі, Аргенціне і Венесуэле было б заўчасна: «Назавіце мне хаця б адну краіну Лацінскай Амерыкі, якая не пацярпела ад цяперашняга становішча ў эканоміцы». Да таго ж, сцвярджаюць спецыялісты, у эканоміцы шэрагу краін рэгіёна адзначаюцца станоўчыя змены. У такім выпадку ўжо больш складана разгойдваць «лодку»?

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Марш, марш правай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.