Вы тут

Больш за 50 чалавек падпісаліся пад заявай, якую перадалі ў «Звязду»


Адзін з ініцыятараў скаргі на арандатара возера перадаў і адказы з розных арганізацый. Гэтыя лісты не задаволілі людзей. І яны звярнуліся да журналіста, які выехаў на «спрэчнае» возера Добрына ў Віцебскім раёне.


Чаму здалі ў арэнду возера?

Напэўна, многія суграмадзяне проста не ведаюць, што па заканадаўстве можна ўзяць возера ў арэнду. Але ёсць і выключэнні: у запаведніках, напрыклад, гэта забаронена.

Аўтары заявы ў самым пачатку пацікавіліся, на якой падставе фермерская гаспадарка атрымала такое права. Скардзіліся на тое, што возера ператварылі ў брудную лужыну. Бераг разрылі і зрабілі «брудную камяністую пустыню». Аўтары лічаць, што нельга ў возера запускаць так званую «таварную рыбу»: таўсталобіка, белага амура, карпа. Бо сотні гадоў там жылі карась, лінь, плотка, акунь і іншыя.

«Лічым, што арандатарам трэба ствараць свае вадаёмы, і там ужо разводзіць неабходныя ім віды рыб. Хай робяць запруды, капаюць і гэтак далей. Тады ніякіх прэтэнзій да іх не будзе», — напісана ў заяве.

Незадаволеныя заяўнікі таксама скардзіліся, што падчас нерасту арандатар-фермер загадаў падначаленым выцягваць рыбу з агароджанай сеткай воднай гладзі.

«А ў былыя ж часы за гэта рукі маглі адарваць». Абураліся і тым, што ў возера запусцілі ракаў, але яны мёртвыя ўсплываюць. І гэта, на іх думку, пацвярджэнне таго, што возера «захварэла».

Абураліся людзі і наконт патрабавання плаціць за рыбалку... А хто даў права штрафаваць рыбаловаў аж на 50 базавых велічынь?

Што ў афіцыйных адказах?

Калектыўны ліст людзі накіроўвалі яшчэ 5 гадоў таму ў Камітэт дзяржкантролю, у Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

А вось цытата з адказу, які атрымалі з Віцебскага аблвыканкама:

«У цяперашні час рэалізацыю пуцёвак арандатар вадаёма СФГ (сялянска-фермерская гаспадарка) «ЭкаРай» не ажыццяўляе, паколькі праводзяцца работы па стварэнні ўмоў для платнага аматарскага рыбалоўства ў адпаведнасці з правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства».

У прыродаахоўным ведамстве растлумачылі, што ёсць адпаведная дамова арэнды, разлічаная на 15 гадоў. Арандатар абавязаны ўтрымліваць у належным санітарным стане берагі, ствараць спрыяльныя ўмовы для аматарскай лоўлі рыбы. Пералічаны іншыя патрабаванні. У лісце таксама адзначана, што да стварэння неабходных умоў рэалізацыя пуцёвак для аматарскай лоўлі рыбы не ажыццяўляецца.

«У выніку разгляду звароту парушэнняў правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі СФГ «ЭкаРай» не ўстаноўлена», — адзначана ў канцы адказу.

Але заяўнікі перадалі мне тэкст рэкламы ад арандатара, дзе напісана: «Квіткі для платнай спартыўнай рыбалкі набываюцца ў кантралёраў-ахоўнікаў або па адрасе (далей указаны адрас у Віцебску. — А.П.). Магчыма набыццё адзінага гадавога абанемента».

«Грошай не браў, а ўкладваў!»

Разам з эколагамі аўтар артыкула выехаў на возера. Пакуль чакалі арандатара, запыталі рыбакоў. Усе сказалі, што грошай за лоўлю з іх не патрабавалі.

Берагі возера спадабаліся. Відаць адразу, што яно не безгаспадарчае. Ёсць аб'ява, што нельга зрываць лілеі і іншыя водныя расліны. Каля апошніх забаронена лавіць спінінгам.

Васіль Ворзаў, кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «ЭкаРай», спачатку распавядаў неахвотна. Сказаў, што даўно займаецца бізнесам. Вярнуўся ў родныя мясціны, і ў райвыканкаме прапанавалі арандаваць возера.

— Рыбалоўства ніколі не было платным! Ні дня! І размовы не ўзнікала! — эмацыянальна выказаў ён.

А лілеі прывёз аж з-за акіяна, бо часта бывае па справах за мяжой. У прыватнасці, вывучаў вопыт платнай рыбалкі ў Расіі. А ў Фінляндыі пераймаў сакрэты, як упрыгожваць зоны адпачынку. Падкрэсліў, што мог бы пераўтварыць берагі ў «сапраўдны рай». Шмат гаварыў пра тых, хто смеціць, пра наплыў ахвотных купацца, які ён не можа кантраляваць. Канстатаваў, што шмат грошай і часу патраціў, каб навесці парадак на берагах.

Эксперты з Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ніякіх парушэнняў не ўбачылі.

— Платнае рыбалоўства мае законныя падставы. У адпаведным Указе Прэзідэнта ўсё падрабязна прапісана: што, дзе і хто можа ўзяць у арэнду, на які тэрмін. Гэтым жа указам зацверджаны правілы, — адзначыў Юрый Каралёў, начальнік аддзела аператыўнага кантролю Камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

На Віцебшчыне знаходзіцца каля 90% усіх вадаёмаў краіны. Як адзначылі ў прыродаахоўным ведамстве, прыкладна 1,9 тысячы азёр. З іх ўзялі ў арэнду толькі каля 130 азёр. Як і 13 кіламетраў рэк.

Хто ж мае рацыю?

Не верыць рыбакам наконт платнай лоўлі — не паважаць іх пазіцыю. Няўжо пад хлуснёй падпісаліся столькі людзей, ды і рэкламная папера наконт квіткоў ляжыць на рабочым стале... Чаму тады фермер не адзначыў, што так было? Тым больш што па законе ён мае рацыю. Здзівіў, дарэчы, калі сказаў, што яго суседзі падпісаліся пад скаргай супраць... скаржнікаў. Паабяцаў падзяліцца думкамі наконт магчымасці паправіць заканадаўства пра арэнду вадаёмаў, але так нічога не даслаў на электронную скрыню. Хай у кожнага застанецца свая праўда? А можа, пазайздросцілі, як кажуць, нябеднаму чалавеку? Ды няўжо нашы людзі такія, што напішуць скаргу, каб толькі «дастаць» арандатара? Ці тыя, хто правяраў «сігнал», зацікаўлены ў тым, каб утойваць парушэнні? Думаю, што не. У любым выпадку пытанняў больш, чым адказаў, якія б расставілі кропкі над «і». Яшчэ параўнальна «свежая» праблема з платнай лоўляй у возеры каля Лукомскай ДРЭС. Там таксама рыбакі абураліся: чаму сталі патрабаваць грошы за лоўлю? Пра гэта СМІ шмат пісалі. У выніку было знойдзена паразуменне. Плату знізілі... На возеры Добрына сёння плаціць не трэба ні за што. Ці не будзе больш скаргаў? Не ўпэўнены. Арандатар прызнаўся, што і яму надакучыла апраўдвацца, і прагназаваў, што ўсё менш застанецца «азёрных» арандатараў. Ці спраўдзяцца яго словы?

pukshanskі@zvіazda.by

Віцебскі раён

Загаловак у газеце: Зайздрослівыя рыбакі або нядобрасумленны арандатар?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.