Вы тут

Прафесіяналы журналістыкі сабраліся на медыяфоруме


Сёння ў сталіцы пачынае работу ХІ Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні», а таксама адкрываецца ХХ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «СМІ ў Беларусі». У якасці арганізатараў гэтых значных падзей у галіне медыя выступілі Міністэрства інфармацыі нашай краіны, Парламенцкі Сход Саюза Беларусі і Расіі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.

Цягам некалькіх дзён журналісты-прафесіяналы будуць удзельнічаць у абмеркаванні актуальных пытанняў галіны, правядуць серыю майстар-класаў у фармаце летняй школы журналістыкі ў Інстытуце журналістыкі БДУ, сваімі думкамі падзеляцца падчас «круглых сталоў», семінараў і панэльных дыскусій. Натуральна, гасцей Беларусі чакае і знаёмства з краінай, а таксама доўгія гадзіны гутарак у кулуарах, шмат сустрэч са старымі і новымі сябрамі.

З якім настроем прыехалі замежныя госці на медыяфорум? Ці стаў для іх форум першай сустрэчай з нашай краінай? На гэтыя пытанні нашага карэспандэнта адказваюць самі ўдзельнікі:


Гюльнара МАМЕДЗАДЭ, генеральны дырэктар агенцтва міжнароднай інфармацыі «Навіны-Азербайджан» (г. Баку, Азербайджан):

— У медыяфоруме я прымаю ўдзел упершыню, але ў Мінску бываю досыць часта. Так, у 2012 годзе ўдзельнічала ў сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, якая прайшла ў фармаце клуба галоўных рэдактараў выданняў СНД, Балтыі і Грузіі. Наша сустрэча доўжылася каля трох гадзін і сфарміравала вельмі яркае ўражанне пра Беларусь. Прыязджаючы ў вашу краіну, мы кожны раз робім шмат адкрыццяў. Памятаю, ваш Прэзідэнт сказаў, што Беларусь дасягае якасці ва ўсіх тых кірунках, якія краіна бярэ за аснову ў сваім развіцці. І мы гэта сапраўды бачым. Літаральна тыдзень таму я зноў была ў Мінску, тут удзельнічала ў вялікім форуме «Пакаленне пераможцаў». Вельмі прыемна зноў завітаць у беларускую сталіцу.

Мінск сапраўды ператвараецца ў вельмі важную інтэграцыйную, міратворчую пляцоўку. Старанне вырашыць канфлікты, знайсці мірнае рашэнне складаных палітычных пытанняў становіцца своеасаблівым «Мінскім брэндам». Мінск актыўна ўдзельнічае ў інтэграцыйных фарматах, беларуская ініцыятыва адыгрывае вельмі важную ролю ў збліжэнні народаў і краін. Таму медыяфорум бачыцца вельмі важнай магчымасцю прафесіянальнага абмену, працы ў групах, камандах, шматбаковага абмеркавання важных палітычных пытанняў. Цікава таксама больш даведацца пра Беларусь.


Ільгар ІСМАІЛАЎ, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Бакинский рабочий» (г. Баку, Азербайджан):

— Медыяфорум — вельмі цікавы фармат прафесіянальнага дыялогу. Я на форуме не ўпершыню, але кожны раз на першы погляд аднолькавыя мерапрыемствы адбываюцца ў розным фармаце. Нават наведванне Мірскага, Нясвіжскага замкаў праходзяць па-рознаму. Гады два таму каля сцен Мірскага замка ўдзельнікаў медыяфоруму сімвалічна прынялі ў беларусы. Была такая шчырая і ганаровая акцыя. Таму я таксама часткова — беларус. Больш за тое, тут можна пабачыць сапраўдных «акул пяра», у якіх нават мы, вопытныя журналісты, можам многаму павучыцца. І гаворка не толькі пра Летнюю школу журналістыкі, якая праходзіць у межах форуму ў Інстытуце журналістыкі БДУ, але і пра магчымасць пагутарыць у нязмушанай атмасферы.

Дарэчы, школа журналістыкі — бясцэнны вопыт для моладзі, будучых прафесіяналаў галіны. Гэта і перадача сакрэтаў майстэрства, і сяброўскія гутаркі з асамі прафесіі. Прыемна таксама, што медыяфорум сёлета праходзіць адначасова з выстаўкай «СМІ ў Беларусі». Такога яшчэ не было, і гэта сапраўды выдатная задумка арганізатараў — даць магчымасць журналістам з розных краін бліжэй пазнаёміцца са СМІ Беларусі.

На постсавецкай прасторы ёсць канфлікты, і каму, калі не нам паміж сабой размаўляць на гэтую тэму? Важна разумець, што сапраўды адбываецца ў свеце. Журналісты павінны кантактаваць. І тое, што сёлетні форум — ужо адзінаццаты па ліку, доказ таму, што ён стаў вельмі папулярнай інтэрнацыянальнай сустрэчай.


Эмануіл МКРТЧАН, генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «АрмІнфа» (г. Ерэван, Арменія):

— Карысць медыяфорумаў відавочная. З цягам часу краіны, якія раней былі сябрамі, нават братамі, аддаляюцца, кожная пачынае жыць толькі ў сваёй «кватэры». Мы часам самі не разумеем, што сапраўды адбываецца ў суседзяў. Таму важна як мага часцей кантактаваць, каб аддзяляць «зерне ад пустазелля». «Пустазелля», на жаль, становіцца ўсё больш. Разуменне гэтага прымушае задумацца пра сэнс нашай прафесіі, пра тое, хто мы, журналісты — санітары ці рупары. Мне падаецца, нам трэба заставацца сабою і працаваць на аздараўленне грамадства, палітычнага асяродку і міжнародных адносін.

Я на медыяфоруме не ўпершыню і досыць часта прыязджаю ў Беларусь на сустрэчы прафесійнага характару. Колькі гадоў таму разам з іншымі журналістамі браў удзел у сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Упэўнены, што прафесійныя журналісты павінны разумець: трэба ставіць заслоны няпраўдзе, выдумкам фактаў і гісторыі ў цэлым.

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мінскі фармат: паразуменне масмедыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».