Вы тут

Віcіcletta здзіўляе і падае прыклад


Як «разгарнуць» сваю справу? Купіце веласіпед і пераабсталюйце яго ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі і інтарэсамі. «Рэцэпт» знойдзены на выставе ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.


Фа­то­граф Ган­на Па­шчан­ка знай­шла ве­ла­сі­пед  італь­ян­ска­га фа­то­гра­фа.

— На гэтыя веласіпеды трэба прымацаваць катафоты і іншыя святлоадбівальныя элементы. А таксама зарэгістраваць у міліцыі, каб у выпадку крадзяжу іх хутка знайшлі, — жартуе начальнік ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, старшыня Федэрацыі веласіпеднага спорту Гомельшчыны Ігар Макушэнка.

Як і многія, ён наведаў выставу рарытэтных веласіпедаў, якія знайшлі часовы прытулак у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Сродкі перамяшчэння прывезлі з Італіі, дзе на працягу апошніх 40 гадоў іх збірае мясцовы пекар, калекцыянер па сумяшчальніцтве, Маўрыцыа Урбінаці.

За кожным экспанатам — асобная гісторыя яго ўладальнікаў. Для іх калісьці bіcіcletta была не проста двухколавай тэхнікай для вандровак. Веласіпед гаспадара карміў. Прадавец рыбы прыстасоўваў на ім вагі і скрыню для морапрадуктаў, у прадаўца каштанаў была спецыяльная жароўня і розны мерны посуд, каб падаць арэхі гарачымі. Малочнік развозіў не толькі першасны прадукт, але і на месцы вырабляў з яго масла і сыры. У мясніка былі ўсе адпаведныя прылады не толькі для таго, каб забіць жывёлу, але і прыгатаваць фарш або каўбасу.

Некаторыя прафесіі гаспадароў двухколавых машын сёння ўвогуле невядомыя. Аднак, раней яны карысталіся вялікай запатрабаванасцю. Камінар, напрыклад, прыязджаў па выкліку не толькі з інструментам, але і з юным напарнікам (часта маленькім сынам), для якога на раме было замацавана асобнае сядзенне. Дзіця лезла ў комін і такім чынам дапамагала яго пачысціць.

Трэба паправіць або пашыць новы абутак? Усё проста. Майстар меў з сабой калодкі і ўсё неабходнае, каб зрабіць гэта ў прысутнасці кліента, які, у сваю чаргу, мог быць краўцом і швачкай у адной асобе. І яго веласіпед для гэтай мэты быў аснашчаны ўжо прасам, прасавальнай дошкай і, вядома, швейнай машынкай. Ёсць жаданне пагаліцца ці падраўняць шавялюру? Перасоўная цырульня з тазікамі, брытвамі і адэкалонамі прыбудзе да вас разам з майстрам.

Такім чынам, рамеснікі не чакалі, пакуль да іх прыйдуць кліенты, а самі актыўна прапанавалі паслугі сваім суайчыннікам. Аналагічным чынам грошы, аказваецца, зараблялі спецыялісты, якія перацягвалі мэблю. Яны за сабой вазілі цэлы прычэп з абсталяваннем. Куды менш прыстасаванняў было замацавана ў пісара або медыка. Апошні лячыў, між іншым, не толькі людзей, але і жывёлу.

Намаляваць пейзаж ці партрэт пад заказ? Калі ласка. Усё сваё важу з сабой. І ўжо здаецца, што рух мастакоў-перасоўнікаў таксама пайшоў з Італіі. Гісторыі цэлых італьянскіх родаў засталіся вядомымі яшчэ і таму, што па дарогах Італіі на веласіпедах ездзілі фатографы з вялікімі драўлянымі камерамі, гатовыя не толькі сфатаграфаваць дзяцей і дарослых, але і аформіць здымкі ў прыгожы вялізны альбом.

Кіназала да сярэдзіны мінулага стагоддзя таксама прыязджала да гледача: на спецыяльна абсталяваным веласіпедзе з праектарам і бабінамі плёнак. Цікава, што батлейка лялечніка была замацавана на раме, а веласіпед блазна, можна сказаць, прыходзіў да публікі. Ён быў абуты ў тапкі.

Ве­ла­сі­пед па­жар­на­га.

Старшыня інфармацыйнага аддзела Гомельскай епархіі, протаіерэй Алег Кастрама прыйшоў на выставу паглядзець на веласіпед каталіцкага святара. Іх аказалася цэлых два. Адзін з іх выконваў яшчэ і функцыі іконнай лаўкі — у ёй прадстаўлены шырокі асартымент царкоўных кніг, паштовак, нават невялічкіх скульптурак. На другім ксёндз ездзіў асвячаць дамы, сабораваць, адпяваць ці прычашчаць вернікаў. Дарэчы, гэты веласіпед быў жаночым па канструкцыі — каб святар не заблытаўся ў доўгай сутане.

Людзі ваенныя, зразумела ж, не маглі ніяк абысціся без веласіпедаў. У пажарных ён быў аснашчаны скручаным шлангам, які можна было хутка разгарнуць, каб тэрмінова пачаць дзеянні па ліквідацыі ўзгарання. Для зацікаўленых у атрыманні навін быў перасоўны газетны кіёск з асартыментам газет і часопісаў.

У экспазіцыі 33 веласіпеды — аўтэнтычныя і ўнікальныя, прадстаўленыя разам з усімі арыгінальнымі атрыбутамі і аксесуарамі. І кожны — частка гісторыі італьянскага народа, рамеснікаў і службоўцаў з канца XІX стагоддзя і аж да 60-х гадоў мінулага, расказала прэзідэнт кампаніі «ІталіМанія» Інга Рычы. Самаму маладому экспанату каля 60 гадоў, узрост старэйшага больш за 100 гадоў. Ён, як і ўсе іншыя, знаходзіцца ў працоўным стане і гатовы зноў калясіць па дарогах. Цяпер Беларусі. Бо наступным горадам, куды накіруецца ў канцы чэрвеня калекцыя, будзе Віцебск.

іost@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.