Вы тут

Рамантычны кікбоксінг з Юліяй Хакавай


Юлію Хакаву спорт знайшоў проста ў роднай хаце. Падумайце самі: тата — стваральнік першай і адзінай школы кікбоксінга і тайскага бокса ў Гродне, трэнер, які вырасціў не адзін дзясятак чэмпіёнаў. А старэйшы брат — шматразовы пераможца Кубка свету па муай-тай. Юлія з баявой «Хакаўскай» сям'і таксама не выбіваецца. Каб напісаць усе спартыўныя званні дзяўчыны, не хопіць альбомнага ліста. Неаднаразовая прызёрка чэмпіянатаў свету па кікбоксінгу ў Грэцыі, Італіі... «...А яшчэ турніры ў сольных кампазіцыях, — удакладняе прыгажуня. — Са зброяй, двайным цэпам, і без зброі — гэта стыль змяі».

Сёлета Юлія Хакава зладзіла першыя ў краіне «фізкультурныя спатканні». Такой рамантыкі ў Міжнародны день спорту Беларусь не бачыла ніколі.


Каханне ў спартзале

На 10 дзяўчат па шчаслівай статыстыцы роўна 10 хлопцаў. Маладыя людзі не ведаюць адно аднаго, іх сэрцы вольныя і адкрытыя новаму. Папулярны на Захадзе фармат «хуткіх знаёмстваў» дазволіць кожнаму з іх за 10 хвілін правесці 10 спатканняў. Юлія Хакава падрыхтавала маладым людзям сюрпрыз: «А цяпер размінаемся, зараз пачнём — вас чакае не проста хуткае, але і спартыўнае спатканне». Замест лаўкі і стала — гімнастычныя дыванкі, замест спакойна складзеных рук — «пісталецік» на адной назе, прысяданні спіна да спіны, адцісканні ад падлогі і скачкі. Прайшла хвіліна — памяняліся парамі.

«Спартыўныя спатканні дораць каласальнае задавальненне і ўзрушаны настрой некалькі дзён пасля. Размовы і супольны занятак весяляць, радуюць, адчуваеш смак жыцця, якое куды багацейшае за віртуальны свет. А яшчэ спорт яднае і робіць людзей прыгожымі», — упэўнена Юлія.

Ідэя спартыўных спатканняў упала нібыта яблык на галаву. У размове з добрымі сябрамі па гімнастычнай зале Юлія жартавала: «А вось ты, спартсмен, змог бы вытрываць колькі гадзін, седзячы злажыўшы рукі за сталом у рэстаране, нават калі побач красуня?» Пачуўшы адмоўны адказ, Юлія Хакава прыдумала скрыжаваць рамантыку і трэніроўку.

Трэба сказаць, сярод хлопцаў, што адгукнуліся на акцыю, хапала вучняў дзяўчыны. «Так, я ведала, што гэты юнак без пары, — расказвае чэмпіёнка. — Я высачыла яго і сваім трэнерскім голасам аб'явіла: «Трэніроўка цяпер у рамантычным фармаце» (смяецца).

«Балетнае» дзяцінства

Цяжка паверыць, але дзяцінства Юліі Хакавай праляцела ў рытме вальса. Бясконцыя «раз, два, тры» надзейна прапісаліся ў памяці дзяўчыны. Мама, настаўніца музыкі, сілком вадзіла дачку і сына на бальныя танцы, але кікбоксінг перамог цвёрда і назаўжды.

«Тата аддаў мяне ў сольныя кампазіцыі, дзе цэняць расцяжку, акрабатыку, тэхніку баявых мастацтваў, валоданне зброяй. Гэта значыць, маім адзіным ворагам на рынгу была я сама, але дайшло і да парных баёў. У свае 16 я змагалася супраць саракагадовай італьянкі з даўжэзным паслужным спісам».

«А старэйшы брат?» — пытаю ў спартсменкі.

«І ён таксама пасля танцаў (смяецца). Цімур — першы чэмпіён свету па кікбоксінгу з Гродна. І калі мне спачатку было не так страшна, бо проста прыйшла, скочыла, выканала акрабатыку, то ў Цімура маглі быць сур'ёзныя траўмы. Аднойчы на чэмпіянаце свету завяршальны гонг прагучаў: усё, байцы павінны разыходзіцца. А сапернік працягвае біць майго брата! Ён ужо не чакае ўдару, галава становіцца лёгкай мішэнню! І раптам з налітымі крывёю вачыма на рынг вылятае наш тата: «Ты што?!» — успамінае дзяўчына. Трэба сказаць, Альфіт Баянавіч заўжды ездзіць на спаборніцтвы сваіх выхаванцаў, як трэнер, перажывае за спартсменаў, а тут яшчэ і ўласнае дзіця. «Дома хвалюецца мама, і за кожны наш сіняк бацьку чакае справаздача», — усміхаецца Юлія.

«Залаты» кікбоксінг

У 1999-м для Гродна адбыўся гістарычны момант. Каманда Альфіта Баянавіча ўпершыню паехала на чэмпіянат Беларусі па кікбоксінгу, і адразу ж Юлія Хакава, Цімур Хакаў, Яўген Волчак сталі першымі чэмпіёнамі. А далей іх чакаў міжнародны рынг...

СССР меў магутную школу бокса, і беларусы перанялі яе ўнікальны вопыт. З Тайланда ўзялі тэхніку каленяў, локцяў і клінч, з кікбоксінга — удары нагамі, а з савецкага бокса — рукамі, стварыўшы свой уласны непераможны стыль.

Заўсёды на чэмпіянатах свету нашы ў тройцы фаварытаў, іх паважаюць і баяцца. Тайланд, калыска ўсходніх адзінаборстваў, даўно прызнаў плеяды беларускіх спартыўных «зорак», хоць тайскія кікбаксёры пачынаюць з дзіцячага садка, а нашы — часта ў юнацкім узросце. Праўда, і ў гэтай бочцы мёду лыжка дзёгцю знайшлася: кікбоксінг і тайскі бокс вы не сустрэнеце на Алімпійскіх гульнях, таму чэмпіянаты свету збіраюць сотню краін самастойна. Але няма да гэтых відаў спорту ні алімпійскай увагі, ні алімпійскага фінансавання.

Беларускі жаночы кікбоксінг яшчэ і невымоўна прыгожы. Мы ганарымся вельмі тэхнічнымі дзяўчатамі-байцамі з зайздроснай знешнасцю. Далёка хадзіць не трэба: стройная Юлія Хакава з мілым тварам, Кацярына Вандар'ева, ахрышчаная на рынгу як «Барбі». Такія прыклады даўно разбурылі тыповае ўяўленне пра кікбаксёрак: маўляў, яны да мужыкоў падобныя і крочаць прамой сцежкай на бальнічны ложак.

«Кікбоксінг і тайскі бокс — гэта віды спорту, дзе важна думаць, як у шахматах. Прадбачыць, а не адчайна біць з размаху, — упэўнена Юлія Хакава. — Ты можаш быць асілкам-здаравякам, але хітры баец выцісне цябе, нібыта лімон, і ты, прыгнечаны, будзеш стаяць з апушчанай галавой, калі ўзнімуць уверх чужую руку». Сёння гродзенка вядзе функцыянальныя трэніроўкі для байцоў: «Хто забудзе пальчаткі, той пачне з кросу. Лепш я буду жорсткая, бо іх чакае турнір. На рынгу па галаве не гладзяць».

А самой спартсменцы перамагаць на чэмпіянатах дапамагаў халодны настрой: «Памятаю, як патрапіла на спаборніцтвы з Арцёмам Васкабойнікавым, уладальнікам чатырох паясоў, ён не мае ніводнага паражэння. Я кажу яму: «Ну, давай настройся!» А ён: «Якое настройся?! Хутчэй бы адбаксіраваць і паехаць дахаты: мяне жонка чакае». Арцёму і настройвацца не трэба, ён заўжды напагатове. А камусьці трэба ўдар выпісаць, каб раззлаваць, і гэта якраз пра мяне. Я паглыбляюся ў свой свет, раблюся жорсткай». У жыцці Юлія Хакава — мілая, але раззлаваць яе можна. З абвостраным пачуццём справядлівасці, дзяўчынка з трэнерска-настаўніцкай сям'і стараецца жыць правільна: супраць хамства, несумленнасці не маўчыць, прымяняе «моўны» кікбоксінг.

Убачымся летам

«Ваша сэрца заваюе толькі спартсмен?» — пытаю.

«Вось жа ніяк не спартсмен, — смяецца Юлія. — Хопіць мяне адной. Так, канешне, я жадаю, каб ён паважаў кікбоксінг, займаўся фізкультурай, але толькі не прафесійна. Я бесперапынна думаю пра спорт, трэніроўкі і вучняў, а калі будзем думаць разам, то давядзецца бавіць у спартыўнай зале дні і ночы. Ведаеце, мой ад прыроды моцны характар спорт загартаваў яшчэ больш. Хочацца, каб побач быў чалавек рашучы, за якім можна адчуць сябе слабой дзяўчынай. Той, хто не кіне ў цяжкую хвіліну, а стане мураванай сцяной».

«Так, я ведаю многа пар, створаных у спартзале. Справядліва, калі два чалавекі захапляюцца фізічнай культурай. Уявіце сабе карціну: адзін — працяглыя кросы, энергічныя махі да сёмага поту, а другая палавінка — тэлевізар і, паглынаючы мядовы торцік, са сталовай лыжкай кажа: «Ну, што, любы? Патрэніраваўся?» (смяецца) Але гэта не жарты, а суровыя рэаліі. Калі абое за здаровы лад жыцця, за спорт, то ў іх і супольнае правільнае харчаванне, і агульныя інтарэсы, і актыўны адпачынак, а таму і адно вялікае на дваіх шчаслівае каханне».

А пакуль Юлія Хакава рыхтуе новыя рамантычныя акцыі. Сарафаннае радыё спрацавала: іншым разам нас чакае куды больш маштабнае спатканне і, што невымоўна радуе, — пад адкрытым небам. Хутка — зялёнае лета.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.