Вы тут

Як у Раздзялавічах будзяць продкаў


Спакон веку ў вёсцы Раздзялавічы доўжыцца велікодная традыцыя — «будзіць продкаў». У панядзелак — на другі дзень Вялікадня, пасля сняданку, ўся «ро́дзіна» — гэтак называюць у вёсцы сям'ю, выпраўляецца на могілкі.


Сёння можна пачуць ад жыхароў-раздзялаўцаў: «Ідзём на могліцы будзіць бацькоў». У гэты дзень у вёсцы чуваць царкоўны звон, хоць храма ў Раздзялавічах няма. Званар б'е ў невялікі звон, які падвешаны на дрэва — вяз, каля ўвахода на могілкі. Гэтым звонам і «абуджаюць» спачылых раздзялаўцаў. «Могліцы» находзяцца ў самым цэнтры паселішча і да таго ж на самым высокім месцы. Для многіх жыхароў, асабліва для старых, гэтае месца яшчэ і самае прыгожае. А ўжо культавае — і казаць не трэба. Людзі надзвычай шануюць гэты дзень, рыхтуюцца да яго. Вялікдзень паказвае, што культ продкаў у крыві кожнага раздзялаўца: дзе б ён ні быў, але ў гэты дзень павінен наведаць могілкі і аддаць даніну павагі памерлым, пры гэтым працягваючы даўнюю традыцыю і захоўваючы рытуальныя дзеянні. Нядаўна стала вядома, што Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны надала традыцыі памінання продкаў з вёскі Раздзялавічы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Раздзялавіцкая традыцыя ўшаноўваць продкаў — адна з найбольш захаваных і адметных на Палессі. Але ўсё ж такі і яе таксама трэба ахоўваць і падтрымліваць. У Велікодны комплекс на вясковых могілках уваходзяць такія рытуальныя элементы, як абуджэнне памерлых, павязванне ручнікоў і фартушкоў, пачастунак для Дзядоў, праліванне, ахвяраванне званару (раней яму давалі яйкі і ежу, а цяпер і грошы).

Дагэтуль захаваўся звычай павязваць на помнікі ручнікі і фартушкі. Як і чаму гэта трэба рабіць, мне патлумачыла карэнная жыхарка Раздзялавіч 73-гадовая Юлія Шэмет. Вяскоўцы прытрымліваюцца павер'я: калі спачылыя будуць сядаць есці, ім трэба аб нешта выціраць рукі. Таму на крыж мужчыну вешаюць ручнікі, жанчыне — фартушок. На помнік свайму мужу-нябожчыку яна заўсёды носіць ручнікі, якія сама і вышывае.

— Перад смерцю муж казаў, каб заўсёды яму на помнік вешалі ручнікі, таму я і выконваю яго волю, — кажа Юлія Якаўлеўна.

Але многія жыхары, асабліва з маладога пакалення, замест даматканых альбо вышытых ручнікоў і фартушкоў, павязваюць на крыжы, помнікі і агароджы рознакаляровыя стужкі, змяняюць сапраўдную традыцыю.

У час наведвання могілак жыхары кладуць ежу на зямлю альбо на невялікі стол. У «меню» для дзядоў і бацькоў уваходзіць тое, што вяскоўцы спажывалі на святочным велікодным стале. Тут і каўбаса, і катлеты, і печыва. Само-сабою чырвоныя яйкі. Для нябожчыкаў таксама ў традыцыі ставіць посуд — талеркі альбо міскі, лыжкі, відэльцы, конаўкі альбо шклянкі. Традыцыі снедаць з «бацькамі» на могілках у Раздзялавічах няма. А вось частаванне гарэлкай — захавалася. Спачатку гаспадар альбо гаспадыня палівае моцным напоем магілку, трошкі налівае ў шклянкі і смакуе напой з бутэлькі. Гэты звычай называюць «праліваннем».

— Трэба сказаць, што на могілках ніхто не напіваецца, бо напівацца — значыць абражаць памяць продкаў, — зазначыла мне дырэктар Раздзялавіцкага Дома культуры Людміла Рабцэвіч, калі мы абыходзілі святое для вяскоўцаў месца. Дарэчы, у свой час гэты культработнік сабрала і прадставіла неабходныя звесткі пра старажытную традыцыю «Будзіць продкаў» рэспубліканскай камісіі і сама абараніла праект на статус помніка гістарычнай і культурнай нематэрыяльнай спадчыны.

У гэты дзень трэба паспець наведаць могілкі да дванаццаці гадзін апоўдні. Пакуль не пакіне апошні чалавек тэрыторыю могілак, датуль не сціхае і звон. Глуханямы ад нараджэння вясковы званар Юрый Валуевіч добрасумленна выконваў святую... працу.

Фота аўтара

Ганцавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.