Вы тут

Адкрыты фармат патрабуе прафесіяналаў


З 11 па 14 мая ў Мінску будуць праходзіць два знакавыя для айчыннай медыяпрасторы мерапрыемствы — выстава "СМІ ў Беларусі" і ХІ Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства дзеля будучыні". Напярэдадні гэтага своеасаблівага "тыдня журналістыкі" міністру інфармацыі Ліліі АНАНІЧ "Звязда" задала пытанні не толькі пра маючыя адбыцца мерапрыемствы, але і пра тое, як не прайграць у інфармацыйнай вайне, чаго не хапае нашым "раёнкам" і як будуць асвятляцца будучыя выбары.


— Лілія Станіславаўна, пачатак мая для журналісцкай супольнасці заўсёды звязаны з прафесійнымі святамі — Днём друку і Днём радыё і тэлебачання, уручэннем узнагарод—"Залатой ліцеры" і "Тэлевяршыні", традыцыйнай ужо выставай "СМІ у Беларусі". Сёлета да ўсяго вышэйпералічанага далучана яшчэ адно значнае мерапрыемства — ХІ Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства дзеля будучыні", які звычайна праводзіўся ў іншы час. Падобнае сумяшчэнне патрабуе нейкага адмысловага фармату правядзення выстаўкі і медыяфоруму. Мы сапраўды станем сведкамі нечага прынцыпова новага?

— У прынцыпе, падобны фармат сапраўды новы. Сумясціць два мерапрыемствы, у якіх традыцыйна прымаюць удзел прадстаўнікі медыйнай прасторы з Беларусі і краін блізкага і далёкага замежжа, здалося цікавай ідэяй. У гэтага агульнага па сутнасці мерапрыемства, безумоўна, будзе большы маштаб, большая прадстаўнічасць. Удзельнікі форуму, напрыклад, будуць прысутнічаць на ўрачыстым адкрыцці выставы, пазнаёмяцца з экспазіцыямі, якія прадставяць на ёй рэспубліканскія, рэгіянальныя і замежныя сродкі масавай інфармацыі. Разлічваем, што з улікам гэтага рэдакцыі сёлета падыдуць да афармлення і тэматычнай насычанасці сваіх стэндаў асабліва творча, каб годна праставіць сябе і чытачам-гледачам, і шматлікім замежным гасцям. Чакаецца шмат цікавых прэзентацый, імпрэз, у тым ліку з удзелам вядомых артыстаў, пісьменнікаў, мастакоў... А міжнародны медыяфорум стане пляцоўкай для зацікаўленага дыялогу прафесіяналаў на надзённыя для грамадаства тэмы. І журналісты, якія будуць прэзентаваць плён сваёй працы на выставе, змогуць папрысутнічаць на дыскусіях форуму, паўдзельнічаць у іх. Такі вось цікавы насычаны "мікс", які, мяркую, многім калегам прыйдзецца даспадобы.

— Але міжнародны фармат абодвух мерапрыемстваў, несумненна, захаваецца. Каго з замежных гасцей мы чакаем сёлета?

— На форум прыедуць, без перабольшвання, госці з усяго свету. Чакаем удзельнікаў з Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Грузіі, Ізраіля, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Сербіі, ЗША, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, Фінляндыі, Эстоніі. Гаспадары форуму таксама будуць браць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, бо тэмы, прапанаваныя для абмеркавання, надзвычай актуальныя і для нашага грамадства.

— Летась, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі, гаварылі пра адказнасць журналістаў, пра тое, як захаваць гістарычную праўду. На што будзе звернута асаблівая ўвага гэтым разам?

— Лейтматывам дыскусій форуму і выстаўкі будзе развіццё інфармацыйнай прасторы суверэннай Беларусі ў кантэксце сучаснага грамадска-палітычнага і гуманітарнага парадку дня. Паразважаем і пра адказнасць. Не толькі на старонках і на сайтах выданняў, але і ў сацыяльных сетках, якія ўжо фактычна становяцца самастойнымі і ці не самымі папулярнымі СМІ. Не забыліся мы і пра 25-годдзе СНД, 20-годдзе саюзнага будаўніцтва. Тым больш што наша краіна годна прадстаўлена ў гэтых і ў іншых інтэграцыйных структурах, з'яўляецца ініцыятаркай многіх лёсавырашальных рашэнняў у іх. У гэтым юбілейным кантэксце мы зноў будзем гаварыць не толькі аб прафесійным — аб чалавечым. "СМІ як інструмент дыялогу, міру і стваральнасці" — так гучыць адна з прапанаваных для абмеркавання тэм.

— Мяркую, што на дыскусійных пляцоўках і сёлета не раз узнікне тэма вайны — інфармацыйнай. Тэма надзвычай актуальная на сённяшні дзень, яе агучваў падчас Паслання беларускаму народу і парламенту Прэзідэнт краіны, асаблівую ўвагу надаўшы сродкам масавай інфармацыі. На думку міністра інфармацыі, што трэба найперш зрабіць у айчыннай медыясферы, каб не прайграць гэту вайну з самага пачатку?

— Лічу, што перамагчы ў ёй дапаможа толькі прафесіяналізм і, зноў жа, адказнасць. Нярэдка ў пагоні за сенсацыяй, за інфармацыяй, якую будуць каментаваць у сеціве, некаторыя калегі па журналісцкім цэху грэбуюць не толькі аб'ектыўнасцю — элементарнай прыстойнасцю. Тое самае можна сказаць і пра блогераў, якіх многія ўжо схільныя вылучаць у асобную кагорту журналістаў. У асяроддзі гэтых вольных мастакоў, як правіла, усім незадаволеных, пра адказнасць, пра неабходнасць правяраць здабытую інфармацыю, можа, нават і не чуў ніхто... Але нашы спажыўцы інфармацыі вельмі чуйныя да падману, таму "сенсацыі" застаюцца сенсацыямі вельмі нядоўга — людзі проста перастаюць імі цікавіцца. Дапытлівы чытач, "злавіўшы" фальшыўку, чакае працягу — кампетэнтнага тлумачэння, як яно было на самай справе, абгрунтаванага погляду. Вось тут і патрэбны спецыялісты, прафесіяналы — не толькі журналісты, але і палітолагі, і сацыёлагі, і дасведчаныя ў розных сферах навукоўцы. Адным словам, эксперты, якія граматна і паслядоўна выказваюць свае думкіі, вартыя даверу. Такія людзі ў нас ёсць, але ў медыяпрасторы не заўсёды прадстаўлены належным чынам.

— Кіраўнік дзяржавы ў кантэксце інфармацыйнага супрацьстаяння акцэнтаваў увагу на неабходнасці мабілізаваць рэгіянальныя СМІ. Там не хапае прафесіяналаў ці ў іх супрацоўнікаў проста "комплекс правінцыі"?

— Хапае і прафесіяналаў, і тэхнічнае забеспячэнне ў многіх на ўзроўні. І перспектывы ў рэгіянальных СМІ добрыя — яны папулярныя ў чытачоў, бо паведамляюць навіны аб знаёмых людзях — тое, пра што не пачытаеш ні ў цэнтральных газетах, ні ў сеціве. Праўда, здараецца, што за гэтымі мясцовымі навінамі не бачаць больш глыбокай праблемы, больш актуальнай тэмы. З іншага боку, разумееш, што раёншчыкам часам гэта самім зрабіць складана, што ім патрэбна дапамога і падказка. І вельмі добры памочнік тут — партал "СМІ Беларусі", які акумуляваў сайты рэспубліканскіх і рэгіянальных выданняў і служыць сапраўднай пляцоўкай для абмену творчым досведам.

— Наперадзе вельмі значная ў жыцці краіны кампанія — выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Важная дэталь іх правядзення — даступнасць і разнастайнасць інфармацыі. Напрацаваны вопыт асвятлення леташняй прэзідэнцкай кампаніі можа стаць тут узорам ці варта шукаць нейкія новыя формы і хады?

— Сапраўды, апошняя прэзідэнцкая кампанія стала для дзяржаўных СМІ своеасаблівым іспытам, які, лічу, быў годна вытрыманы. Яны спакойна, падрабязна асвятлялі ўсе этапы выбараў, аддавалі належную ўвагу ўсім кандыдатам. Несумненна, вопыт такой канструктыўнай працы варты ўвасаблення падчас сёлетніх выбараў. Але шукаць новыя хады і формы газетам і тэлерадыёканалам давядзецца хаця б таму, што кандыдатаў у дэпутаты парламента будзе значна больш. Так што, мяркую, нас чакае шмат цікавых і арыгінальна пададзеных новых матэрыялаў.

— Вяртаючыся да тэмы прафесіяналаў у медыяпрасторы. Нацыянальныя конкурсы "Залатая ліцера" і "Тэлевяршыня" праводзяцца ўжо больш за дзесяць гадоў: ці не стала цяжэй вызначаць новых лаўрэатаў і пераможцаў?

— А іх вызначаць ніколі лёгка не было — штогод шмат цікавага, творчага, таленавітага падаецца на гэтыя конкурсы. Таму журы, калі і адчувае цяжкасці, дык ад таго, што ёсць з чаго выбіраць... Зрэшты, самым лепшым доказам маіх слоў будзе прынцып "лепш адзін раз убачыць". Прасачыце, чые імёны трапяць сёлета ў спіс узнагароджаных, а пасля паглядзіце сюжэты, знятыя гэтымі людзьмі, пачытайце напісаныя імі публікацыі. Я гарантую: больш вы не будзеце сумнявацца ў патрэбе найвышэйшых журналісцкіх узнагарод і у справядлівасці іх размеркавання.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.