Вы тут

У старасці маеш, калі ў маладосці дбаеш


Забяспечыць больш высокі ўзровень жыцця пры выхадзе на пенсію можа дадатковае пенсійнае страхаванне.

Мы часта ківаем у бок бадзёрых еўрапейскіх старых, якія маюць магчымасць пасля выхаду на пенсію жыць у сваё задавальненне, адпачываючы на круізных лайнерах або папіваючы каву на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна дзе-небудзь у Партугаліі. Чаму яны могуць сабе гэта дазволіць, а нашы пенсіянеры — не? Адказ на гэтае пытанне не настолькі відавочны, як гэта можа падацца на першы погляд. Бо на самай справе і на Захадзе пенсіі, якія выплачвае дзяржава, невысокія і могуць забяспечыць толькі мінімум для выжывання.


Галоўнае адрозненне паміж тамтэйшымі пенсіянерамі і «нашымі» ў тым, што за мяжой практычна кожны работнік з маладосці пачынае фарміраваць сваю ўласную, назапашвальную частку пенсіі з дапамогай дадатковага пенсійнага страхавання. І гэтыя дадатковыя сумы пасля выхаду на заслужаны адпачынак выплачваюцца яму разам з дзяржаўнай пенсіяй.

Вось і атрымліваецца, што пенсія, якую выплачвае дзяржава, служыць для таго, каб забяспечыць чалавеку самае неабходнае. А дадатковая, самастойна назапашаная, дае магчымасць забяспечыць звыклы ўзровень жыцця, які быў у чалавека, калі ён працаваў.

Для беларусаў гэта пакуль у навіну. У адрозненне ад еўрапейскіх краін мы атрымліваем толькі пенсію ад дзяржавы, а пенсійнае страхаванне ў нас развіта вельмі слаба. Асноўная прычына, як кажуць спецыялісты, — недавер людзей да доўгатэрміновых зберажэнняў. Бо пенсійнае страхаванне — гэта калі дагаворы заключаюцца на 10, 20, а то і на 40 гадоў...

Але страхоўшчыкі адзначаюць, што і нашы суайчыннікі ўжо пачынаюць цікавіцца магчымасцю зарабіць сабе большую пенсію. Так, паводле звестак страхавой кампаніі «Стравіта», за апошнія 5 гадоў колькасць заключаных дагавораў пенсійнага страхавання з фізічнымі асобамі ў іх павялічылася ў 2,6 раза. Пры гэтым сярэдні ўзрост кліента — 39 гадоў, а амаль 40% кліентаў — гэта маладыя людзі да 35 гадоў.

У чым сутнасць дагавора пенсійнага страхавання

Страхаванне дадатковай пенсіі прадугледжвае назапашванне сродкаў на рахунку шляхам уплаты на працягу пэўнага перыяду страхавых узносаў страхоўшчыку.

Памер такой пенсіі будзе залежаць ад шэрагу фактараў. У першую чаргу гэта сума страхавых узносаў, перыядычнасць іх уплаты і тэрмін страхавання. Чым большы памер страхавых узносаў, чым часцей іх выплачваюць і чым больш працяглы тэрмін страхавання, тым, адпаведна, большай будзе назапашвальная пенсія.

Усе гэтыя ўмовы агаворваюцца пры заключэнні дагавора. Страхавыя ўзносы можна ўплачваць як штомесяц, так і штоквартальна або раз на год. У дагаворы ўказваецца і перыядычнасць выплаты дадатковай пенсіі (магчымая як аднаразовая выплата ўсіх сродкаў пры наступленні пенсійнага ўзросту, так і штомесячныя, штоквартальныя або штогадовыя выплаты), і іншыя ўмовы выплат.

На страхавыя ўзносы налічваюцца працэнты, і за кошт гэтага выніковая сума выплат павялічваецца. Па сутнасці справы, гэта ў чымсьці падобна на механізм з дэпазітнымі ўкладамі, на якія банк налічвае працэнты. Але ёсць і адрозненні. Адно з іх, напрыклад, у тым, што фізічныя асобы, якія заключылі дагавор страхавання, маюць права на падатковую палёгку. Страхавыя ўзносы ў памеры да 18,13 млн рублёў у год памяншаюць падаткаабкладаемую базу для вылічэння падаходнага падатку. Таксама не абкладаюцца падаходным падаткам страхавыя выплаты і бонус. Акрамя таго, калі ўнёскі за застрахаваную асобу выплачвае наймальнік, то яны таксама не абкладаюцца падаходным падаткам у межах 18,13 млн рублёў.

Пры гэтым страхавыя выплаты пры дадатковым пенсійным страхаванні гарантуюцца дзяржавай. Гэта значыць дзяржава забяспечвае захаванасць грошай, і калі, напрыклад, у страхавой кампаніі ўзнікнуць форс-мажорныя абставіны, усе ўклады страхавальнікаў будуць вернутыя ў поўным аб'ёме. А заключыць дагавор страхавання пенсіі можна не толькі ў беларускіх рублях, але і ў доларах ЗША, еўра або расійскіх рублях. Акрамя гэтага, прадугледжана магчымасць страхавання ў замежнай валюце з выплатай узносаў у беларускіх рублях.

Ну, і ў любым выпадку чалавек пры дасягненні пенсійнага ўзросту атрымае пенсію ад дзяржавы, бо ў нашай краіне захоўваецца дзяржаўная сістэма пенсійнага забеспячэння.

Страхоўшчыкі даюць адказы

Спрабуючы разабрацца ў тэме, «Звязда» задала некалькі пытанняў начальніку аддзела маркетынгу РДУСП «Стравіта» (адной з трох кампаній, якія займаюцца ў нашай краіне дадзеным відам страхавання) Вользе Калеснік.

— Што будзе, калі чалавек аформіў дагавор пенсійнага страхавання і пачаў уплачваць узносы, але не дажыў да пенсіі?

— У гэтым выпадку ўсе назапашванні будуць выплачаныя спадчыннікам (мужу ці жонцы, дзецям, бацькам) у адпаведнасці з законам. Альбо ў дагаворы страхавання можна ўказаць канкрэтнага чалавека, які ў гэтым выпадку зможа атрымаць грошы.

— Давайце разгледзім сітуацыю, калі чалавек пачаў адлічваць грошы на дадатковую пенсію, але потым, у сувязі з новымі абставінамі, напрыклад стратай працы або хваробай, перастаў. Што будзе з яго ўзносамі?

— У такой сітуацыі чалавек можа прыпыніць дзеянне дагавора. У гэтым выпадку яго назапашванні не знікаюць, яны будуць ляжаць на рахунку, на іх будуць налічацца працэнты. І пры наступленні пенсійнага ўзросту чалавек атрымае ўсе свае грошы, што ён унёс, плюс працэнты.

Да таго ж трэба мець на ўвазе, што жыццёвыя акалічнасці могуць мяняцца не толькі ў горшы, але і ў лепшы бок. Возьмем, напрыклад, сітуацыю, калі 30-гадовы чалавек аформіў дагавор пенсійнага страхавання, на працягу пяці гадоў рабіў узносы, але потым прыпыніў дзеянне дагавора. Праз нейкі час, калі яго абставіны палепшацца, ён можа аднавіць дзеянне дагавора і зноў пачаць уплачваць страхавыя ўзносы. Пазней пры надыходзе страхавога выпадку, г.зн. пры дасягненні пенсійнага ўзросту ён атрымае ўсе назапашванні, якія былі акумуляваныя на яго рахунку.

— Што будзе, калі кліент вырашыў не прыпыніць дзеянне дагавора, а скасаваць яго?

— Страхавая кампанія верне яму яго ўзносы, але, з улікам таго, што дагавор скасаваны заўчасна, не ў поўным аб'ёме.

Даведка «Звязды»

За мяжой выкарыстоўваюцца розныя мадэлі пенсійных сістэм, якія ўключаюць у сябе разнастайныя інстытуты сацыяльнай абароны — дзяржаўнае сацыяльнае забеспячэнне, абавязковае сацыяльнае страхаванне, асабістае пенсійнае страхаванне і іншыя. У суседняй Літве, напрыклад, пенсіі забяспечваюць дзяржаўная сістэма сацыяльнага страхавання і прыватныя пенсійныя фонды, таму ёсць магчымасць атрымаць пенсіі з абедзвюх крыніц.

У адпаведнасці з Указам №137 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якім прадугледжваецца паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту, кіраўнікам арганізацый рэкамендуецца шырэй прымяняць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

busko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.