Вы тут

У краіне распачалася рэгістрацыя на ЦТ


Амаль месяц будзе ў абітурыентаў на тое, каб канчаткова вызначыцца з пералікам экзаменацыйных дысцыплін і аформіць пропускі на цэнтралізаванае тэсціраванне... Зрабіць гэта можна будзе да 1 чэрвеня ўключна.


— Паколькі колькасць абітурыентаў у апошнія гады няўхільна змяншалася, мы скарацілі колькасць пунктаў рэгістрацыі на ЦТ з 51 да 41, — паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — Скарачэнне закранула пераважна сталіцу. Але мы не скарачалі колькасць месцаў рэгістрацыі і правядзення тэсціравання ў гарадах, дзе такі пункт з'яўляецца адзіным (гэта Ліда, Ваўкавыск, Светлагорск, Пінск, Орша, Барысаў і гэтак далей), каб не ўскладняць жыццё абітурыентам і не прымушаць іх дабірацца да абласных цэнтраў.

Абітурыенты могуць завітаць у любы найбліжэйшы да іх месца жыхарства пункт рэгістрацыі. Усе яны падключаны да аўтаматызаванай сістэмы «Агульнарэспубліканскі банк звестак удзельнікаў ЦТ». Сістэма працуе па прынцыпе «аднаго акна»: сама шукае свабодныя пасадачныя месцы і падказвае рэгістратару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя ці іншыя прадметы. Аўтаматызаваная сістэма дазваляе падабраць абітурыенту найбольш зручнае для экзамену месца, нават калі той пажадае здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў іншым горадзе.

Зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ можна не больш чым па трох вучэбных прадметах: па беларускай ці рускай мове (на выбар) і па двух прадметах у адпаведнасці з профілем (напрамкам) спецыяльнасці.

Аплата — праз інтэрнэт і інфакіёскі

У пункт рэгістрацыі на ЦТ абітурыент павінен прыйсці з пашпартам (непратэрмінаваным!) або іншым дакументам, што пацвярджае яго асобу (гэта можа быць пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца ці афіцыйная даведка, якая выдаецца органамі ўнутраных спраў у выпадку страты ці крадзяжу дакумента, што пацвярджае асобу). Ніякія іншыя дакументы, у тым ліку вадзіцельскае пасведчанне, для рэгістрацыі не падыходзяць.

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца менавіта на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней на цэнтралізаваным тэсціраванні зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява.

Пасля падачы заявы абітурыент атрымлівае ў работніка пункта рэгістрацыі асабовы рахунак і ажыццяўляе аплату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ. Гэта сума складае 0,1 базавай велічыні (21 тысячу рублёў) за адзін вучэбны прадмет.

Галоўнае новаўвядзенне гэтага года — выкарыстанне пры разліках сістэмы АРІП (адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы). Абітурыентам не трэба будзе падаваць у пункт рэгістрацыі дакумент, які пацвярджае факт аплаты, бо ўся інфармацыя аб праведзеных плацяжах акумулюецца ў сістэме АРІП, і ў электронным выглядзе яна будзе даступная і ўстановам адукацыі, і Рэспубліканскаму інстытуту кантролю ведаў.

Ажыццявіць аплату можна любым з даступных спосабаў: у інфакіёсках, плацежных тэрміналах і банкаматах, тэрміналах Саsh-Іn, разлікова-касавых цэнтрах банкаў, з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу і мабільнага банкінгу (зрабіць гэта можна будзе непасрэдна ў пункце рэгістрацыі на ЦТ), а таксама наяўнымі грашовымі сродкамі ў касах любога банка. Але ў выпадку аплаты наяўнымі грашыма банкі могуць браць камісійную ўзнагароду, таму лепш загадзя пацікавіцца ў касіра яе памерам.

— Каб завяршыць працэс рэгістрацыі для ўдзелу у ЦТ, абавязкова трэба забраць у пункце рэгістрацыі пропуск на цэнтралізаванае тэсціраванне, прад'явіўшы дакумент, які сведчыць асобу абітурыента. Без выканання гэтай умовы вы не зможаце прыняць удзел у ЦТ! — папярэдзіў Мікалай Фяськоў.

У парадку выключэння

Летась была ўведзена норма, якая дазваляе падаваць дакументы на рэгістрацыю, а таксама атрымліваць сертыфікат ЦТ прадстаўнікам абітурыента (у выпадку адсутнасці ў самога абітурыента такой магчымасці па ўважлівай прычыне), паколькі ў жыцці ўзнікаюць самыя розныя і непрадказальныя сітуацыі: спартсмены едуць на спаборніцтвы ці зборы, музыканты — на фестывалі, патэнцыяльны абітурыент можа аказацца ў службовай камандзіроўцы і гэтак далей. Законны прадстаўнік абітурыента абавязаны прад'явіць у пункце рэгістрацыі дакумент, які пацвярджае яго асобу і статус законнага прадстаўніка, а таксама копію дакумента, што пацвярджае асобу абітурыента, завераную натарыяльна. Акрамя таго, законны прадстаўнік абітурыента можа дзейнічаць на падставе даверанасці, заверанай натарыяльна.

Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, могуць накіраваць у пункт рэгістрацыі копію дакумента, які сведчыць іх асобу, і заяву па пошце, а рэгістрацыйны ўзнос аплаціць пасля прыезду ў Беларусь, але не пазней, чым за адзін дзень да пачатку тэсціравання па вучэбным прадмеце. Заяву можна спампаваць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (rіkz.unіbеl.bу). Арыгінал дакумента, які сведчыць асобу, у гэтым выпадку прад'яўляецца пры атрыманні пропуска для праходжання тэсціравання.

Апошняя рэпетыцыя

У 2015 годзе сваё жаданне ўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі афіцыйна аформілі 101,7 тысячы чалавек. У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў мяркуюць, што і сёлета колькасць ахвотных паўдзельнічаць у экзаменацыйнай кампаніі будзе не меншай. Ва ўсялякім выпадку, актыўнасць патэнцыяльных абітурыентаў на рэпетыцыйным тэсціраванні была дастаткова высокай.

Між іншым, ва ўсіх ВНУ трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання ўжо завяршыўся, але на базе Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў да канца мая яшчэ можна будзе скарыстацца рэпетыцыйнай спробай.

— Прычым у нас можна прайсці як рэпетыцыйнае тэсціраванне на бланку, так і камп'ютарнае, — удакладніў Мікалай Фяськоў. — А можна скарыстацца і першым, і другім варыянтам. У будні тэсціраванне распачынаецца ў 14 гадзін, а па суботах прадугледжаны дзве сесіі: у 9.00 і 13.00.

Падчас камп'ютарнага тэсціравання прапануюцца заданні з той жа базы, што і на звычайным. Розніца ў тым, што абітурыент працуе перад камп'ютарным маніторам і напрыканцы выпрабавання можа адразу даведацца свой вынік. У абітурыента ёсць магчымасць тут жа папрацаваць над сваімі памылкамі. Спачатку да няправільна выкананых заданняў яму даецца падказка, а калі і яна не дапамагае, можна проста «падгледзець» правільнае рашэнне.

Кошт удзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні (і камп'ютарным, і на папяровых носьбітах) складае 61 тысячу рублёў за кожны прадмет. Зарэгістравацца можна на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Таксама на сайце інстытута можна знайсці і дэманстрацыйныя варыянты тэстаў па ўсіх дысцыплінах, акрамя кітайскай мовы, якія даюць магчымасць любому ўдзельніку ЦТ і шырокай грамадскасці скласці ўласнае ўяўленне аб структуры варыянтаў тэстаў, тыпах заданняў і ўзроўні іх складанасці.

— Пасля 1 чэрвеня ніякія тлумачэнні кшталту «я хварэў» ці «мяне не было ў краіне» мы прымаць не будзем. Месяц — дастатковы тэрмін для таго, каб прайсці працэдуру рэгістрацыі, — падкрэсліў ён.

Летась у апошні дзень (1 чэрвеня) у пункты рэгістрацыі прыйшлі 4,5 тысячы чалавек. Але ўжо раніцай 2 чэрвеня тэлефон у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў распаліўся ад званкоў абітурыентаў, якія прасілі іх зарэгістраваць... у парадку выключэння.

Інструкцыя для здзяйснення плацяжу ў сістэме АРІП:

1) ВЫБРАЦЬ:

  • пункт «Сістэма «Разлік» (АРІП);
  • агульнарэспубліканскія;
  • адукацыя і развіццё;
  • РІКВ;
  • цэнтралізаванае тэсціраванне.

2) увесці асабовы рахунак, атрыманы ў пункце рэгістрацыі;

3) пераканацца ў тым, што прозвішча, імя і імя па бацьку абітурыента, якія адлюстроўваюцца на экране тэрмінала аплаты, камп'ютара ці мабільнага тэлефона (у залежнасці ад таго, якім чынам вы здзяйсняеце плацеж) адпавядаюць вашаму прозвішчу, імені і імені па бацьку. У выпадку неадпаведнасці (гэта магчыма, калі вы памыліліся пры ўводзе асабовага рахунку) адмяніце бягучае дзеянне і пачніце працэс аплаты спачатку;

4) здзейсніць плацеж.

Калі вы ажыццяўляеце плацеж у касе банка, паведаміце касіру пра неабходнасць правядзення плацяжу праз сістэму «Разлік» (АРІП).

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: На старце прыёмнай кампаніі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.