Вы тут

5-6 мая ў Мінску пройдзе навуковы кангрэс беларускай культуры


Заўтра ў Мінску пачнецца Першы Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры.

У форуме прымуць удзел больш як 330 вучоных з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Вялікабрытаніі, Ірана, ЗША, Літвы, Аўстрыі, Японіі, Славакіі, Кітая. Падчас пленарнага і секцыйных пасяджэнняў яны абмяркуюць актуальныя пытанні захавання беларускай культурнай спадчыны, падзеляцца вынікамі ўласных навуковых даследаванняў. У якасці арганізатараў кангрэса выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, Міністэрства культуры краіны.

Падрабязна пра канцэпцыю кангрэса і яго мэты карэспандэнту «Звязды» паведаміў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, акадэмік Аляксандр ЛАКОТКА.


— Аляксандр Іванавіч, якое месца будзе займаць кангрэс у шэрагу традыцыйных навуковых мерапрыемстваў? Якія мэты ставіць перад сабой такі прадстаўнічы форум?

— Навуковыя даследаванні ў галіне культуры і суправаджэння культуры традыцыйна праводзяцца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ужо шмат гадоў сумесна з Міністэрствам культуры выконваем пагадненне і маем праграму супрацоўніцтва. А паколькі гэты год аб'яўлены ў нашай краіне Годам культуры, арганізацыя вялікага кангрэса бачыцца выдатнай магчымасцю абмеркаваць самыя разнастайныя праблемы культуры.

Штогод мы праводзім канферэнцыі, творчыя семінары, «круглыя сталы», але кангрэс — арганізацыйна больш складаная форма, ён ставіць мэтай даць магчымасць не толькі выказацца навукоўцам, пазнаёміць шырокае кола ўдзельнікаў з новымі вынікамі даследаванняў, але і правесці сумоўе з творчымі работнікамі, з тымі, хто працуе ў тэатры і кіно, у галіне жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у літаратуры.

— Гаворку пра культуру немагчыма ўявіць без непасрэднага знаёмства са здабыткамі ў розных яе галінах...

— Сапраўды. Таму акрамя навуковых дакладаў, форум прадугледжвае і шырокую навукова-культурную праграму. Госці з замежжа наведаюць інстытуты Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, пазнаёмяцца з вынікамі даследаванняў у галіне гісторыі, археалогіі, мастацтвазнаўства, этналогіі, фалькларыстыкі, мовы, літаратуры, сацыялагічнымі даследаваннямі ў галіне культуры. Яны наведаюць мастацкі і гістарычны музеі, пазнаёмяцца з новай экспазіцыяй музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэкай.

— У наш час вельмі шмат гавораць пра значнасць захавання культурнай разнастайнасці свету, своеасаблівую антыглабалізацыю. Ці сугучныя мэты форуму гэтым працэсам?

— Так, ва ўмовах глабалізацыі паўстае праблема захавання самабытных нацыянальных культур, што павышае важнасць і навуковага суправаджэння культуры. Мы бачым, як, напрыклад, у Еўрапейскім саюзе, дзе існуе адзіная валюта, эканамічная прастора, рынак, кожная краіна вельмі заклапочаная захаваннем сваіх нацыянальных культурных адметнасцяў. Таму надзвычай важнай бачыцца праграма ЮНЕСКА, скіраваная на захаванне культурнай і моўнай разнастайнасці. Актуальным падчас кангрэса будзе абмеркаванне праблем развіцця беларускай мовы, захавання яе дыялектнай разнастайнасці, зберажэння нашай літаратурнай спадчыны, помнікаў пісьменства.

Вострай праблемай сёння з'яўляецца суадноснасць сучаснай архітэктуры і гісторыка-архітэктурных помнікаў, аб'ектаў сядзібна-паркавага мастацтва. Неабходна агучыць пытанні, вельмі актуальныя для даследавання каранёвай культуры беларусаў, нашай літаратуры і выяўленчага мастацтва.

— Ці многа на кангрэсе новых удзельнікаў, незнаёмых імёнаў?

— Навуковыя напрацоўкі, фундаментальныя даследаванні ствараюцца гадамі. І за доўгі час ужо сапраўды склаўся кантынгент нашых сяброў-навукоўцаў як у Беларусі, так і за мяжой. Яны ўжо шмат гадоў працуюць у кірунку даследавання беларускай культуры, прымаюць удзел у нашых канферэнцыях. Але час ідзе, і, безумоўна, з кожным годам з'яўляюцца новыя сябры. На сёлетнім кангрэсе — каля паловы новых удзельнікаў. Магчыма, іх прывабіў менавіта шырокі маштаб кангрэса, яго грамадскі рэзананс, але і нам заўсёды прыемна прымаць новых даследчыкаў у кола сяброў Беларусі.

— Можна сцвярджаць, што цікавасць да нашай краіны, культуры, мовы сёння павышаецца?

— Да беларускай мовы і культуры ў замежных даследчыкаў цікавасць была заўсёды. Іншая справа, што магчымасці мець агульныя праекты, праводзіць сумесныя даследаванні, удзельнічаць у канферэнцыях сёння большыя.

Традыцыі аўтэнтычнай культуры з'яўляюцца прадметам пастаяннай цікавасці беларускай дыяспары ў замежжы, якая налічвае некалькі мільёнаў чалавек.

Яшчэ адна з прычын заключаецца ў тым, што Беларусь стала адным з актыўных дыпламатычных удзельнікаў у свеце. З аднаго боку, нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы актыўна працуюць у галіне пашырэння звестак пра беларускую культуру. А з іншага — натуральны і лагічны працэс культурнага знаёмства адбываецца паралельна з тымі крокамі, якія робіць кіраўніцтва нашай дзяржавы, пашыраючы вектары эканамічнага, дзелавога супрацоўніцтва з замежнымі краінамі.

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.