Вы тут

Калі на першы план выходзіць якасць...


Карцінка з жыцця: малое надрываецца ў магазіне каля чыпсаў: «Купі-і-і...!», і мама закідвае ў цялежку некалькі ўпаковак, але дзіця не супакойваецца: «Дай зараз!» Жанчына спакойна кажа: «Спачатку ты павячэраеш, а на дэсерт атрымаеш...» Тут не ў саміх чыпсах справа — таксама прадукт. А вось «харчовая палітыка» ў сям'і скандаліста — мякка кажучы, вымушае жадаць лепшага. Словам, працягнем тэму таго, як і што есці. Будзем разбірацца з дапамогай намесніка генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН Беларусі Алены МАРГУНОВАЙ, начальніка Рэспубліканскага кантрольна-выпрабавальнага комплексу па бяспецы і якасці прадуктаў харчавання Ірыны ПАЧЫЦКАЙ і вядучага навуковага супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра гігіены, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта Васіля ЦЫГАНКОВА.


Загадка этыкеткі

— Калі казаць пра харчовую прадукцыю, прадстаўленую ў айчыннай гандлёвай сетцы, — хто і што робіць яе бяспечнай для спажыўца?

Але­на МАР­ГУ­НО­ВА.

Алена МАРГУНОВА: — Сёння мы дабіліся поўнай бяспекі прадуктаў, і на першы план выходзіць якасць, а гэта — адладжаны кантроль на ўсім тэхналагічным ланцугу вытворчасці. Каб дабіцца экалагічна бяспечнай прадукцыі для дзяцей, вучоныя распрацавалі цягам пяці гадоў каля 350 яе найменняў. Дзіцячая прадукцыя збалансаваная па колькасці неабходных вітамінаў, мікранутрыентаў, спрыяе ўмацаванню імуннай сістэмы, росту і развіццю. Распрацоўваецца функцыянальнае, прафілактычнае і аздараўленчае харчаванне для дарослых. За пяць гадоў з'явілася 295 найменняў малочнай прадукцыі, звыш 100 найменняў мясных вырабаў, 1100 — плодаагародніннай прадукцыі, 124 — масла-тлушчавай, каля 1000 — кандытарскіх вырабаў. Усё гэта адносіцца да катэгорыі экалагічна бяспечных прадуктаў, з нізкай колькасцю солі, цукру, трансізамераў тлустых кіслот і харчовых дабавак штучнага паходжання, без ГМА. Тут улічаны ўсе еўрапейскія нормы і патрабаванні. Распрацаваная на базе цэнтра Канцэпцыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне здаровага харчавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады прадугледжвае забеспячэнне розных груп насельніцтва здаровым харчаваннем з улікам традыцый і эканамічнага складніка. Падрыхтаваны ў межах дакумента і праект Закона «Аб дзіцячым харчаванні», асаблівая ўвага ў якім удзяляецца стварэнню ўзбагачаных прафілактычных прадуктаў і арганізацыі сацыяльнай рэкламы здаровага харчавання.

Іры­на ПА­ЧЫЦ­КАЯ.

Ірына ПАЧЫЦКАЯ: — Наша ўстанова адсочвае паказчыкі якасці і бяспекі харчовай сыравіны і прадуктаў, як айчынных, так і завезеных. Праводзяцца выпрабаванні практычна ўсіх груп харчавання (мясной, малочнай, кандытарскай, вінаробнай і г.д) па шэрагу паказчыкаў: арганалептычныя, фізіка-хімічныя, мікрабіялагічныя, на таксічныя элементы, пестыцыды, мікатаксіны, на наяўнасць ГМА, радыенукліды (цэзій, стронцый).

Сёлета праверана вялікая колькасць прадуктаў харчавання, у тым ліку дзіцячых, і дзесьці толькі 2 працэнты не адпавядала нормам — галоўным чынам, па харчовай каштоўнасці, мікранутрыентах.

— Ці трапляецца на нашым рынку фальсіфікаваная прадукцыя?

Ірына ПАЧЫЦКАЯ: — Мы праводзілі маніторынг прадуктаў харчавання, прадстаўленых на нашым рынку, — імпартных і айчынных, і ў першую чаргу дзіцячых. Па паказчыках бяспекі ўсё адпавядала норме, праблема была з неадпаведнасцю маркіровак. Так, на этыкетцы магла быць заяўлена адна колькасць вітаміну С і мікраэлементаў, а ў наяўнасці столькі не было. Неадпаведнасць выяўлялася амаль у палове як айчыннай, так і замежнай прадукцыі. А гэта — недастатковае інфармаванне спажыўца. На этыкетцы павінна быць напісана тое, што ўваходзіць у склад. З іншага боку, ні ў адным нарматыўным дакуменце такая адпаведнасць не нарміруецца.

Ва­сіль ЦЫ­ГАН­КОЎ.

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Так адбываецца не таму, што вытворцы спецыяльна не дакладваюць вітаміны ці мікраэлементы. Трэба разумець, што для разлікаў выкарыстоўваюцца табліцы састарэлыя, яшчэ савецкіх часоў. У моркве, сабранай шмат гадоў таму, сапраўды было больш бэта-караціну. Акрамя таго, колькасць таго ж вітаміну вытворца вызначае не ў канчатковым прадукце, а па ўкладанні. Праблема — у недасканаласці метадаў кантролю вытворчых лабараторый.

Алена МАРГУНОВА: — На жаль, пакуль не створаны новыя нацыянальныя табліцы. Каб удакладніць звесткі па ўсіх фізіка-хімічных паказчыках для жывёльнай і расліннай сыравіны, трэба правесці велізарную работу. Наш цэнтр спрабуе заняцца гэтым пытаннем, таму аднойчы мы атрымаем новы сістэмны падыход.

Колькі мяса ў каўбасе?

— Здаецца, з бяспекай у нас справы лепш, чым з якасцю...

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Прызнацца, у мяне ёсць асабістыя пытанні да рынку нашых харчовых тавараў. Мы бачым, што прылаўкі запоўненыя, але чым менавіта яны запоўненыя? Абсалютная большасць каўбас, якія мы бачым у любой краме, будзе змяшчаць глутамат натрыю. Гэта не страшнае рэчыва, і, тым не менш, я лічу, што каўбаса павінна складацца з мяса, шпіку, солі, спецый, але мы ўбачым на этыкетцы вялікую колькасць харчовых дабавак. Яны бяспечныя, але сам факт — навошта спажыўцу столькі дабавак у адным прадукце? А калі яны там ёсць, то і не варта называць гэта каўбасой. Можа быць, каўбасным прадуктам?.. Калі ўзяць хлебабулачныя вырабы, то цвіль на іх з'яўляецца яшчэ да таго, як скончыўся тэрмін прыдатнасці. Батон сыплецца як парашок, а паглядзіш на этыкетку — там і фасфаты, і трыгліцэрыды... А хлеб — гэта ж мука, вада, соль і дрожджы! Хто жыў у савецкія часы, той памятае батоны за 13 і 15 капеек — іх было два віды, але ж гэта была якасць! Не буду агульна крытыкаваць ўсю нашу хлебабулачную прадукцыю, ёсць дастатковая колькасць выдатных вырабаў, але пытанне якасці застаецца актуальным.

Варта сказаць і пра маргарын — тыповы транстлушч, які павышае рызыку развіцця атэрасклерозу, а ў нас амаль уся кандытарская прадукцыя і паўфабрыкаты зроблены менавіта на гэтым тлушчы.

У ЗША ў 2018 годзе маргарын наогул не будзе выкарыстоўвацца ў кандытарскай і хлебапякарнай прамысловасці. Там ідуць да гэтага з мінулага года.

Алена МАРГУНОВА: — Будуць замяняць на пальмавы алей...

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Магчыма. Усё ж такі гэта натуральны прадукт. Іншая рэч, у нас пакуль няма методык, каб адрозніць тэхнічны пальмавы алей ад харчовага... Але замяняць маргарын неабходна, і такой заменай можа быць любы экзатычны для нас алей, калі будзе пацверджана яго бясшкоднасць. У мінулым стагоддзі маргарын прадаставіў выдатную магчымасць накарміць людзей. Але пытанне насычэння рынку — гэта ўчарашні дзень. Вытворцаў трэба арыентаваць на тое, каб прадукт быў больш карысным. Іначай мы пасля значна даражэй заплацім за лячэнне спажыўцоў няякасных прадуктаў... Кантроль у нас дастатковы, і празмерным яго рабіць не трэба, а вось нашы вытворцы павінны заняць больш актыўную пазіцыю ў выпуску новых і сапраўды карысных харчовых прадуктаў.

Алена МАРГУНОВА: — Сёння якасць прадукцыі не прапісана ні ў адным дакуменце. Размова ідзе толькі пра бяспеку, і да яе прад'яўляюцца патрабаванні, а якасць — гэта канкурэнтаздольнасць вытворцаў.

Тым не менш нашы новыя рэцэптуры прадугледжваюць, як я ўжо гаварыла, змяншэнне солі, цукру, транстлушчаў. І гэтыя новыя рэцэптуры паступова ўкараняюцца. Наша задача — прапанаваць вытворцам, а вырашаць ім.

Лепш недасаліць

— Адным словам, чытайце этыкеткі і рабіце правільны выбар...

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Менавіта так, хоць і з маркіроўкай ёсць праблема. У шэрагу выпадкаў штосьці ўбачыць можна толькі з лупай. А паводле стандарту, я павінен прачытаць этыкетку без напружання.

Алена МАРГУНОВА: — Тут дзейнічае рэгламент па маркіроўцы, агульны для краін ЕАЭС. Цяпер адзін з бакоў прапануе змяненні — каб можна было прачытаць на адлегласці 25-30 см ад вачэй. Але гэта нерэальна...

— Маркіраваць вялікімі літарамі, каб можна было пачытаць, 13 або 15 там дабавак?

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Усё ж такі адназначна шкодных прадуктаў у нас няма. Існуе толькі адзін небяспечны прадукт, абсалютная атрута для печані — гарэлка... Самае важнае, каб у нашым рацыёне былі разнастайныя харчовыя прадукты. Нічога добрага не будзе ў тым, калі вы будзеце есці толькі чорную ікру.

Трэба мець на ўвазе, што морква з Лагойскага раёна змяшчае адну колькасць бэта-караціну, а з Віцебшчыны — іншую. Калі мы чагосьці не дабяром у адным прадукце, то возьмем з іншага. Таму ешце ўсё, а самае важнае — гародніну і садавіну, 500 г у дзень.

— Разнастайнасць не выратуе ад лішку цукру і солі, якія ёсць амаль у любым прадукце...

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Вытворца — самастойная юрыдычная асоба, якой ніхто не мае права дыктаваць, колькі солі класці. Наогул, тэхналогіі патрабуюць выкарыстання і солі, і цукру. Немагчыма вырабіць каўбасу без солі, а кісель без цукру.

Ірына ПАЧЫЦКАЯ: — Так, цукар і соль схаваныя фактычна ва ўсіх гатовых прадуктах. Але можна павярнуць пытанне іншым чынам. Акцэнт трэба рабіць не на каўбасе, у якую вытворца ўсё роўна будзе штосьці дадаваць, а на тым, каб купіць мяса і адварыць яго самому хоць бы і наогул без солі.

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Соль і цукар кожны чалавек павінен абмяжоўваць сам. Не дасольвайце самі хатнюю ежу. Норма солі для дарослага — не больш за 5 г у суткі. Калі чалавек гэтага не разумее, то нават калі мы выпусцім усе прадукты без солі, ён усё роўна будзе дасольваць.

Дарэчы, людзі дзеляцца на генетычна адчувальных і не адчувальных да солі. У межах эксперыментаў выяўлялі тых, хто ў месцах грамадскага харчавання дасольваў стравы, абследавалі іх і высветлілі, што ва ўсіх — нізкая салявая адчувальнасць і... павышаны артэрыяльны ціск!

Звяртайце ўвагу на каларыйнасць

— Даволі шмат момантаў, на якія трэба звяртаць увагу ў харчовай краме...

Васіль ЦЫГАНКОЎ:— Звяртайце ўвагу найперш на каларыйнасць прадукту. Ва ўсім свеце атлусценне стала эпідэміяй, і з гэтым звязаны многія іншыя захворванні. Мы мала рухаемся, а ежу спажываем такой каларыйнасці, што хапіла б селяніну, занятаму цяжкай фізічнай працай. Другі важны момант для спажыўца — колькі ў прадукце солі і цукру, трэці — каб ён змяшчаў хоць якія вітаміны і хоць у якой колькасці. Асабіста я ніколі не бяру прадукты на маргарыне, не бяру і ўсё вэнджанае, а што да каўбас, то гатую іх сам, праўда, не вельмі часта. Прыгадайце, што елі ў нас нядаўна на вёсцы — яйкі, малако, тварог, масла... Дарэчы, амерыканскія даследчыкі нарэшце вярнулі давер да масла. Дзецям болей, сталым меней, але у рацыёне яно быць павінна. Наогул, не рэкамендуецца ўвесь час ужываць абястлушчаныя малочныя прадукты.

Можаце браць малако любой тлустасці, але сачыце за колькасцю, улічвайце, што гэта харчовы прадукт, а не вада! Шклянка малака — гэта прыём ежы, а не наталенне смагі!

Ірына ПАЧЫЦКАЯ: — Прадукцыя без дабавак, выпушчаная адпаведна ДАСТу, ёсць у нашай краіне. Але гэта невялікія партыі, такая прадукцыя мае малыя тэрміны прыдатнасці, дорага каштуе, мала запатрабаваная. На жаль, у большасці сваёй беларусы па-ранейшаму імкнуцца набываць тое, што танней, і ніякай увагі не звяртаюць ні на якія дабаўкі.

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Гандлю выгадна прадаваць тое, што мае большы тэрмін захоўвання. Дарэчы, яшчэ крыху — і нанатэхналогіі дазволяць выкарыстоўваць такую ўпакоўку, якая будзе забяспечваць і стэрыльнасць, і якасць, і г.д.

Алена МАРГУНОВА: — Працяглыя тэрміны захоўвання і сёння не трэба разглядаць як нейкае зло: сучасная ўпакоўка выдатна спраўляецца з такой задачай. Варта яшчэ дадаць, што ў нас цяпер нямала прадуктаў са знакам «Натуральны прадукт». Прысваеннем гэтага знака займаецца камісія па экспертызе пры Дзяржстандарце. Як член гэтай камісіі, магу засведчыць, што ў нас расце колькасць вытворцаў, якія падаюць дакументы на атрыманне знака. Асабліва для мяса-малочнай прадукцыі, напояў, пітной і мінеральнай вады. «Натуральны прадукт» — гэта прадукт прэміум-класа. Дарэчы, прынятая ў нас і Канцэпцыя арганічнай вытворчасці. Спадзяёмся, хутка з'явіцца і такая прадукцыя.

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Для арганікі, праўда, трэба, каб гадоў сем-дзесяць зямля не эксплуатавалася. З арганічнага поля мы збяром вельмі мала.

Арганічныя прадукты дарагія, а значыць, даступныя толькі забяспечаным людзям, а трэба імкнуцца, каб большасць папуляцыі атрымлівала доступ да нармальнай прадукцыі.

Ірына ПАЧЫЦКАЯ: — Па праўдзе, арганічная прадукцыя, вырашчаная без апрацоўкі, назапашвае з глебы менш карысных рэчываў. Там няма пестыцыдаў, але ёсць небяспека развіцця плесневых грыбоў і назапашвання мікатаксінаў.

Васіль ЦЫГАНКОЎ: — Калі гаварыць пра ГМА, то такая прадукцыя трапляе на прылавак у абсалютна малой колькасці. Пастаўшчыкі ведаюць, што ў нас самая нізкая дапушчальная норма па ГМА і што прадаць прадукт з такой маркіроўкай можна толькі па значна ніжэйшым кошце, што не выгадна.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Атака на маргарын

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.