Вы тут

Грашовая бяспека на пальцах


З першага ліпеня ў Беларусі з'явяцца новыя грошы. І чым бліжэй дэнамінацыя, тым больш пытанняў узнікае наконт хрумсткіх банкнотаў. Тычацца яны, безумоўна, і абароненасці грошай ад усемагчымых падробак. У сваю чаргу, карэспандэнты «Звязды» падсумавалі ўсе пытанні і звярнуліся з імі да супрацоўнікаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія падрабязна расказалі, як новыя грошы можна будзе праверыць кожнаму чалавеку на сапраўднасць.


— Дзякуючы Нацыянальнаму банку, мы ўжо маем узоры новых беларускіх грошай, — пачынае гутарку Аляксандр Мажэйка, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення крыміналістычных экспертыз цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (на фота). — Мы прайшлі спецыяльныя курсы падрыхтоўкі, і ўсе нашы супрацоўнікі гатовы да правядзення неабходных экспертыз на высокім узроўні. Усё ж такі, каб вывучыць банкноты, іх трэба патрымаць у руках, даследаваць элементы абароны.

— Як вы ацэніце абароненасць нашых будучых грошай?

— Лічу, што яны вельмі добра абаронены. Некаторыя элементы, пра якія далей пойдзе гаворка, не ўжываюцца шырока ў іншых краінах. Па дызайне купюры таксама даволі прыгожыя. Думаю, людзям яны спадабаюцца, а зрабіць даволі якасныя падробкі зламыснікам будзе вельмі складана.

— Ці прагназуеце ўсплёск махлярства адразу пасля дэнамінацыі?

— На першым этапе падобнае можа быць. Асабліва трэба засцерагчы пажылых людзей, да якіх могуць прыходзіць зламыснікі і прапаноўваць абмяняць грошы. Нацыянальны банк ужо паведамляў, што датэрміновага абмену грошай не будзе, а новыя паступяць у абарачэнне толькі з 1 ліпеня 2016 г. Трэба засцерагчы і дзяцей, каб тыя не пачалі сваволіць і рабіць каляровыя копіі грошай. Усё ж такі гэта таксама крымінальны ўчынак, за які людзі нясуць адказнасць.

— Як можна будзе самастойна праверыць сапраўднасць банкнотаў?

— Найперш, каб пазбегнуць ашуканства, трэба ведаць знешні выгляд новых грошай. Гэта асноўнае, — кажа Аляксандр Мажэйка.

— Вось жывы прыклад, — дадае і паказвае экзатычную банкноту Сяргей Гвішч, начальнік аддзела ўліку паліграфічнай вытворчасці галоўнага ўпраўлення крыміналістычных экспертыз цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. — Гэта тысяча сурынамскіх гульдэнаў. Купюра сапраўдная, змяшчае элементы абароны: вадзяныя знакі, мікратэкст... Але на ёй надрукавалі надпісы і спрабавалі выдаць за тысячу еўра, хоць такая банкнота проста не існуе ў прыродзе. 500 еўра — максімальны намінал.

— У новых беларускіх грошай 7 наміналаў, выявы якіх можна ўбачыць у інтэрнэце, на плакатах, у газетах. На кожным з іх змешчаны малюнкі, прысвечаныя кожнай вобласці і Мінску.

На пяцідзясятцы, напрыклад, размешчаны малюнак Мірскага замка, на пяцёрцы — Камянецкая вежа, на пяцісотцы — Нацыянальная бібліятэка. Навобмацак грошы мусяць быць хрумсткімі, шурпатымі. Іх пастаянна камячаць, складваюць напалам, але яны павінны доўгі час не губляць свой знешні выгляд і не мець пашкоджанняў, надрываў. Неабходную эластычнасць, трываласць надаюць баваўняныя валокны, якія ўваходзяць у склад банкнотаў. Папяровыя грошы павінны прасвечвацца, а таксама мець шэраг элементаў абароны:

Вадзяныя знакі

Адным з відаў абароненасці новых банкнот з'яўляюцца вядомыя і раней вадзяныя знакі, якія можна ўбачыць толькі на прасвеце. Яны ўнікальны для кожнай банкноты. Паўтараюць той малюнак, які можна ўбачыць.

Сумяшчальныя выявы

З аднаго боку мы бачым рэльефную лінію. Тое самае і з адваротнага боку. Так працуе і абаронная нітка, яшчэ адзін з элементаў абароны грошай.

Крыжык, прамавугольнік, квадрат — выявы для невідушчых

На кожнай купюры знаходзяцца графічныя элементы, што адчуваюцца навобмацак. Зроблены яны для таго, каб невідушчыя людзі маглі адрозніць наміналы купюр. На кожным грашовым білеце надрукавана свая фігура. На купюры ў пяць рублёў у ніжнім левым куце змешчаны прамавугольнік, на дзясятцы — кола, на банкноце ў 20 рублёў — квадрат, на пяцісотцы — крыжык... Яны лёгка адчуваюцца пальцамі. Чалавек можа адчуць і зразумець, што гэтая купюра менавіта такога наміналу, а не іншага.

Манеты

Яны нядрэннай якасці. Выкананы ў розных колерах: 1, 2, 5 капеек — меднага колеру, 10, 20, 50 капеек — жоўтыя, 1 рубель — белы, а 2 рублі — сплаў жоўтага і белага колераў. Чым вышэй намінал, тым лепей сістэма абароны. На гурце (тарцовай частцы) двухрублёвай манеты дробна выкананы надпіс «Беларусь». Усе манеты, калі падаюць, павінны гучна звінець, а не выдаваць глухі гук.

У нас найчасцей падрабляюць долары ЗША, еўра, расійскія і беларускія рублі.

«Калі чалавек сумняваецца ў сапраўднасці грошай, ён можа звярнуцца ў наш камітэт. Мы праводзім экспертызы для фізічных і юрыдычных асоб. Нашы супрацоўнікі акажуць неабходную дапамогу, каб чалавек на першым этапе не патрапіў у непрыемную сітуацыю».

Эфект MАSK

На купюрах наміналам ад 50 рублёў знаходзіцца MАSK, дадатковы элемент абароны, які складаецца з дзвюх выяў. Яны выкананы рознымі спосабамі друку, але аднолькавымі фарбамі. На прасвеце можна прачытаць намінал купюры.

Абаронныя валокны

Гэта яшчэ адзін від абароны банкнот. Яны бачны простым вокам. Але калі купюры прынесці ў банк, наяўнасць валокнаў можна лёгка праверыць праз ультрафіялет.

taras@zviazda.by

Фо­та Сяр­гея Ні­ка­но­ві­ча

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.