Вы тут

Ці патрэбны ровару «чужыя» ногі?


Надышла вясна, а з ёй на сталічных веладарожках з'явіліся сотні веласіпедыстаў, якіх з кожным годам становіцца усё больш. На жаль, жаданне чалавека пачаць здаровы лад жыцця альбо проста памяняць машыну на больш лёгкі і танны від транспарту часта спалучаецца з непрыемнасцю — веласіпеды крадуць. І такіх выпадкаў у Мінску, як сведчаць эксперты, хапае. Аб гэтай праблеме мы пагутарылі з Андрэем ПАРАШЧУКОМ, начальнікам Першамайскага РУУС г. Мінска.


— Крадзяжы велатранспарту ўжо становяцца для нас праблемай, — кажа суразмоўца. — Падобнага раней не было. Напрыклад, за ўвесь 2008 год у нас зарэгістравалі ўсяго 17 веласіпедных крадзяжоў. Сёлета за тры месяцы зафіксавалі 21 падобны выпадак. Гадавыя паказчыкі сведчаць, што лічба павялічваецца ў 5-6 разоў. Сітуацыя па горадзе прыкладна аднолькавая. Падобны скачок звязваю з тым, што ў нашай краіне здаровы лад жыцця стаў модным. Многія перасаджваюцца на ровары. Зусім нядаўна я быў на нарадзе ў адміністрацыі раёна, заўважыў, што не толькі дзяржслужачыя, але і наведвальнікі прыязджаюць у выканкам на веласіпедах. У нашым раёне шмат месцаў, дзе любяць на іх катацца. Летась дзеля бяспекі прахожых нам нават прыйшлося забараніць уезд у Парк Чалюскінцаў, бо столькі было аматараў. З мая, дарэчы, там пачнуць працаваць велапаркоўкі. Невялічкая, ёсць і каля нашага ўпраўлення.

— Добрая ініцыятыва. А з якіх месцаў найчасцей крадуць веласіпеды?

— Найчасцей з калясачных, пад'ездаў... Да злачынства даволі часта прыводзіць і бестурботнасць нашых грамадзян. У сакавіку па Уруччы пракацілася цэлая серыя крадзяжоў веласіпедаў. Злодзей скраў 7 ровараў. У выніку злачынства раскрылі. Але калі мы пачалі разбірацца, высветлілася, што ўсе веласіпеды вынеслі з пад'ездаў. Многія проста стаялі на лесвічных пляцоўках, у тамбурах. Яны нават не былі прышпіленыя.

— Цікава, а якая заканамернасць была паміж гэтымі крадзяжамі?

— Месца здзяйснення злачынства — адзін мікрараён. Крадуць веласіпеды, дарэчы, у любы час: і ўначы, і вечарам, і раніцай. Як толькі рэч пакідаюць без нагляду, яна можа стаць здабычай зламысніка. Гэта асаблівасць падобных крадзяжоў. А кватэры найчасцей рабуюць тады, калі людзі на працы альбо паехалі ў адпачынак. Яшчэ два веласіпеды скралі проста з прахадной завода «Прамень». Як аказалася, злачынцамі сталі дзве нарказалежныя.

У 80 працэнтах крадзяжоў ровараў фігуруюць тыя, хто злоўжывае алкаголем ці ўжывае наркотыкі. Для іх грошы неабходны найперш для таго, каб купіць сабе дозу, выпіўку. Яны не цураюцца нічога. А ровары збываюць амаль за бясцэнак.

— Крадуць усё запар?

— Не, найчасцей так званыя «горнікі», сучасныя, знешне прывабныя ровары. Дзіцячыя ўсё ж такі не чапаюць.

— Колькі каштаваў самы дарагі скрадзены веласіпед?

— Летась мы літаральна за суткі раскрылі адно рэзананснае злачынства. Той скрадзены веласіпед быў абсталяваны навігатарам. І калі ўласнік пісаў заяву ў міліцыю, сказаў, што ровар вельмі лёгка можна знайсці праз інтэрнэт. Так і адбылося. Нам заставалася толькі чакаць у засадзе каля гаража таго, хто па яго прыйдзе. Той веласіпед з улікам навігацыі каштаваў прыблізна 3 тысячы еўра.

— Веласіпед — гэта не аўтамабіль, нумара не мае. Ды і аднолькавых шмат. Як знаходзіце іх?

— Веласіпеды хоць і не маюць дзяржнумара, але ў іх ёсць спецыяльны ідэнтыфікацыйны нумар. Звычайна іх прапісваюць на рамах. Акрамя таго, у большасці веласіпедаў ёсць пашпарты. Праўда, у выпадку з серыяй крадзяжоў ва Уруччы злачынства атрымалася раскрыць у патэнцыйным месцы збыту. Як высветлілася, злодзей намагаўся ў адным з іх прадаць два веласіпеды.

— Ці часта ў раскрыцці падобных злачынстваў дапамагаюць пільныя грамадзяне?

— З дапамогай жыхароў нашага раёна мы раскрываем шмат злачынстваў. З веласіпедамі таксама. Апошнім часам людзі ідуць нам насустрач. Бывае, што толькі выкладзеш у інтэрнэце відэа альбо фота магчымага падазраванага ў правапарушэнні, як неабыякавыя грамадзяне тэлефануюць і паведамляюць пра яго інфармацыю.

— Што вас турбуе, акрамя крадзяжоў веласіпедаў?

— Крадуць яшчэ мабільныя тэлефоны, хоць падобныя злачынствы апошнія гадоў пяць губляюць сваю актуальнасць. А вось крадзяжы ў кватэрах, зробленыя кваліфікаваным спосабам, адзінкавыя. Галаўны боль дадаюць выпадкі, калі нехта прывёў дадому новых знаёмых, а яны аказаліся зладзеямі, альбо не замкнуў за сабой дзверы. Ёсць шмат зламыснікаў, якія мэтанакіравана ходзяць па пад'ездах і наўмысна торгаюць ручкі дзвярэй, каб хутка заскочыць у адчыненыя кватэры і схапіць тое, што першым убачаць.

— Якія даяце парады, каб прадухіліць нечаканае знікненне веласіпедаў?

— З мерамі бяспекі павінен вызначыцца ўласнік двухколавай машыны. Я, напрыклад, стаўлю веласіпед на балконе. Можна таксама паставіць яго ў калясачнай. Аднак пакідаць на лесвічнай пляцоўцы — гэта не выхад. Яго ў такім разе не выратуе ні замок, ні дамафон.

Фота Сяргея Нікановіча

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.