Вы тут

Больш як 100 гасцей з 9 краін удзельнічаюць у канферэнцыі па фальклоры


Гэтымі днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў праходзіць Х Міжнародная канферэнцыя «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання», прысвечаная памяці антраполага Зінаіды Мажэйкі. У праграме навуковага форуму, апроч традыцыйных пленарнага і секцыйных пасяджэнняў, — вялікая практычная частка: канцэрты аўтэнтычных і постфальклорных гуртоў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Казахстана, майстар-класы танцораў, музыкантаў і майстроў мастацтва вуснай традыцыі, рэканструкцыя Велікоднага свята ў музеі-скансэне.


Так, учора прайшоў канцэрт носьбітаў «Фальклор беларускай глыбінкі», дзе выступілі гурты з Гродзенскага, Воранаўскага, Ушацкага і Любанскага раёнаў, сёння адбываюцца майстар-класы фалькларыстаў-практыкаў, а ўвечары моладзь збярэцца на энтадыскатэцы Folk-Prіme, што пройдзе ў інтэрактыўным клубным фармаце. Заўтра ў музеі архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо адбудзецца маляўнічая рэканструкцыя валачобнага абраду беларусаў з абыходам вёскі, спевамі, гульнямі і танцамі.

Не выпадае сумнявацца, што і ўдзельнікі, і госці канферэнцыі прыемна і з карысцю бавяць час у беларускай сталіцы. А якое месца гэты прадстаўнічы форум займае ў навуковай працы ўніверсітэта культуры і мастацтваў? Ці лёгка «запаліць» цікавасць да фальклору ў сэрцах і розумах сучасных студэнтаў? І чаму так важна вывучаць традыцыйную культуру свайго народа? З гэтымі пытаннямі карэспандэнт «Звязды» накіравалася да прарэктара па навуковай рабоце БДУКМ Віктара ЯЗЫКОВІЧА.

— Віктар Робертавіч, сёння канферэнцыя, прысвечаная аўтэнтычнаму фальклору, — прадстаўнічы міжнародны форум, у якім удзельнічаюць, бадай, самыя аўтарытэтныя спецыялісты галіны з розных краін...

— І сапраўды, маштаб сёлетняга форуму ўражвае. А ўсё пачалося яшчэ ў 2007 годзе, калі ў нашым універсітэце прайшоў веснавы навуковы форум, прысвечаны праблемам аховы і пераемнасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Пры гэтым акцэнт быў зроблены на комплексным і сістэмным вывучэнні розных праяў і граняў аўтэнтычнага фальклору і аналізе шляхоў яго інтэграцыі ў мастацкія і адукацыйныя рэаліі ХХІ стагоддзя. Думаецца, мы захавалі гэты кірунак, але кола ўдзельнікаў, тэм для абмеркавання значна пашырылася. Хачу адзначыць вельмі актыўны ўдзел нашых аспірантаў з Кітая, іх інтарэс да фальклору, захавання традыцыйнай культуры.

— Праца па вывучэнні, даследаванні спрадвечнай культуры беларусаў — адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ўніверсітэта?

— Так. Мы звяртаем увагу не толькі на апісанне, вывучэнне, аналіз, інтэрпрэтацыю розных аспектаў традыцыйнай культуры, але ёсць тэндэнцыя іх узнаўлення ў дакладнай аўтэнтычнай форме. Гэта мае вельмі важнае значэнне для сучаснай навукі і культуры.

Беларускае грамадства не адмаўляецца ад каранёвых, зыходных нацыянальных традыцый, сваёй культурнай спадчыны.

Наадварот, працуем на тое, каб максімальна вывучыць, захаваць, аднавіць, уключыць у сучаснае жыццё і практыку ўстаноў культуры сямейна-абрадавае вымярэнне жыцця, нашы моцныя культурныя традыцыі, нашу спадчыну. Праграма рэвіталізацыі (вяртання да жыцця) традыцыйнай культуры у нашым універсітэце вельмі шырокая. Гэта не толькі канферэнцыя, над вырашэннем гэтай задачы працуюць многія кафедры.

— Ва ўніверсітэце культуры працуе ўнікальная кафедра этналогіі і фальклору, якая рыхтуе спецыялістаў, здольных і спяваць, і танцаваць, і на інструментах іграць, і ладзіць святы. Напэўна, навуковы форум — проста свята і для студэнтаў, і для выкладчыкаў?

— Кафедра, якой кіруе кандыдат культуралогіі Вячаслаў Калацэй, сапраўды адыгрывае вельмі важную ролю ў культурным жыцці нашага ўніверсітэта. Яна вельмі актыўна працуе і прэзентуе беларускую культуру не толькі ў сталіцы і ў іншых гарадах краіны, але і ва ўсім свеце. У працы постфальклорных калектываў, якія складаюцца са студэнтаў кожнага з курсаў, важна ўсё: і навуковы складнік, а гэта дакладная, аўтэнтычная форма ўзнаўлення фальклорных традыцый, і практычны, што прадугледжвае высокі мастацкі ўзровень выканання нумароў. Студэнты і супрацоўнікі кафедры — добрыя музыканты, спевакі і танцоры. Тры з пяці кафедральных фальклорных калектываў — стыпендыяты Фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Мы лічым, што ўдзел моладзі ў фальлорным руху вельмі каштоўны і значны, таму працуем на тое, каб зацікавіць максімальна шырокае кола маладых людзей нашымі традыцыямі, культурай, яе этнаграфічнымі аспектамі.

— Адзін з самых папулярных канцэртаў на канферэнцыі — «Фальклор беларускай глыбінкі» з удзелам носьбітаў традыцыі — аўтэнтычных гуртоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта таксама прынцыповы момант праграмы — паказваць традыцыйныя спевы, танцы ў аўтэнтычным выкананні?

— Сапраўды, вельмі важна прадстаўляць аўтэнтычных выканаўцаў з самых розных куткоў краіны. Нам цікавей за ўсё паказваць самыя аўтэнтычныя калектывы, старажытныя формы мясцовага фальклору. Ды і мясцовыя раённыя ўлады, з якімі мы кантактуем, ставяцца да нас з разуменнем і дапамагаюць у арганізацыі паездак на канферэнцыю. Вельмі важна, што прадстаўленне традыцыйнай культуры адбываецца на прэстыжных сталічных пляцоўках. Больш за тое, такая папулярнасць канцэртаў яшчэ раз даказвае: у грамадстве існуе вялікая цікавасць да фальклору. Падобныя канцэртныя праграмы маюць і вельмі важны навуковы складнік: замежныя даследчыкі з радасцю карыстаюцца магчымасцю падчас канферэнцыі пазнаёміцца з аўтэнтычнымі беларускімі гуртамі. Для гэтага не трэба ехаць у экспедыцыю, варта толькі прыехаць на форум у Мінск.

— Ужо другі год форум прысвячаецца памяці вядомага антраполага, даследчыцы фальклору Зінаіды Мажэйкі. Думаецца, гэта выдатны спосаб ушанаваць памяць, аддаць даніну павагі гэтай неверагоднай жанчыне, таленавітаму навукоўцу, вядомаму ва ўсім свеце. Ці адчуваецца ў гэтым кантэксце ўніверсітэтам моцная сувязь з навукоўцамі-папярэднікамі, ці існуе традыцыя пераемнасці навуковай думкі, яе непарыўнасць і развіццё?

— Так, імя Зінаіды Мажэйкі — адно з самых знакавых ва ўсёй беларускай навуцы. Яе дзейнасць звязана з нашым універсітэтам. У 1990-я — 2000-я працавала ў нашым савеце па абароне дысертацый, падтрымлівала станаўленне кафедры этналогіі і фальклору і кірунак практычнай фалькларыстыкі. З прафесарам нашага ўніверсітэта Энгельсам Дарашэвічам Мажэйка супрацоўнічала з 1960-х гадоў, яны былі прадстаўнікамі генерацыі «шасцідзясятнікаў», аднадумцамі і сябрамі па вывучэнні і папулярызацыі беларускай культуры. Традыцыі пераемнасці пакаленняў даследчыкаў ва ўніверсітэце, безумоўна, ёсць. Папярэднікі сённяшніх нашых беларусістаў, такія знакавыя фігуры, як Зінаіда Мажэйка, Мікалай Грынчык, Іван Цішчанка, Гурый Барышаў, Мікалай Грыцкевіч ды многія іншыя — для нас з'яўляюцца «зоркамі», эталонамі, за якімі мы імкнёмся рухацца; як засведчыў «самы неперадузяты» аналітык — часу, — іх унёсак у беларусазнаўства не змяншаецца з цягам часу.

— Ці ўсе студэнты, якія навучаюцца ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, шчыра захопленыя фальклорам? І ў цэлым, — навошта маладому пакаленню беларусаў зазіраць у глыбіні стагоддзяў і вывучаць традыцыйную культуру народа?

— Для таго, каб па-сапраўднаму маштабна ацаніць значэнне фальклору Беларусі, патрэбна яго вельмі шырокае філасофскае асэнсаванне.

У культурна-гістарычнай перспектыве фальклор задае алгарытмы чалавечага жыцця ва ўсіх вымярэннях: прасторавым, часавым, сацыяльным, ва ўсіх яго асноўных кантэкстах.

Гэта тая «калыска» агульначалавечай культуры, якая стварыла цалкам сучасную цывілізацыю. Думаецца, разуменне сябе і навакольнага свету, свайго месца ў сям'і і ў прыродзе — найлепшая матывацыя вывучаць фальклор. Людзі, якія прыходзяць на вучобу ў наш універсітэт, могуць і не мець адпачатку глыбокай цікавасці да традыцыйнай культуры, памкнення да яе вывучэння і спасціжэння. Але прынамсі за час навучання гэты інтарэс абавязкова абуджаецца.

vesіaluha@zvіazda.by

Фо­та Юрыя ІВА­НО­ВА

Загаловак у газеце: Традыцыі — гэта модна?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».