Вы тут

Душа мая


Пагаджалася і спрачалася, супраціўлялася забойствам, спачувала тым, хто глядзеў у вочы смерці, захаплялася апантанымі, што дбаюць пра народ і яго шляхі. Як Ігнат Абдзіраловіч. Але герой пісьменніка Максіма Гарэцкага (і спектакля Купалаўскага тэатра «Дзве душы») надта доўга думаў, які кірунак выбраць: у часы Першай сусветнай, ды і пасля яе, усё было вельмі заблытана. Майму пакаленню было прасцей. Мы сталелі ўжо з ведамі пра той час.


Мая душа адчувае сябе недзе як у 90-я гады. Найбольш востра ўзнікла гэтае адчуванне пасля спектакля «Дзве душы» ў Купалаўскім тэатры. Нібыта час адматаўся назад, у той час, калі тэатр сцвярдзіў сябе нацыянальным у высокім сэнсе — праз смелыя пастаноўкі рэжысёра Мікалая Пінігіна. Ён браў класіку і рабіў яе актуальнай для таго часу. Адзін з пісьменнікаў-класікаў, які пакуль не быў увасоблены на тэатральнай сцэне — Максім Гарэцкі. Пісьменнік якраз для рэжысёра Пінігіна, менавіта ўзору 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

Спектакль нібыта адтуль. У той час, калі адкрылася шмат што з мінулага, гісторыя злучылася з людзьмі, усе пустыя плямы запоўніліся нечымі лёсамі, імёнамі, нумарамі закрытых спраў. Такая справа была заведзена ў гады рэпрэсій на беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага.

«...Таму мая аповесць засталася незавершанай», — тлумачыць у спектаклі апавядальнік, які ўвасабляе аўтара, самога Гарэцкага. Ад яго імя вядзецца расповед, паводле задумы стваральнікаў інсцэніроўкі Максіма Клімковіча і Уладзіслава Ахроменкі, гэта ход, каб састыкаваліся ва ўспрыманні гледача нейкія моманты; акрамя таго, з яго дапамогай здымаецца праблемнае пытанне наконт канцоўкі, якая ўсё адно павінна быць у спектаклі, хоць яе няма ў творы. І, па сутнасці, не парушана задума першакрыніцы.

Імкненне адпавядаць першакрыніцы адчуваецца адразу ж на пачатку спектакля «Дзве душы» ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна. Вобраз раздвоенасці душы быў знойдзены Гарэцкім як адказ на ўсе пытанні наконт самаідэнтыфікацыі беларускага народа. І цяпер часам узнікае адчуванне раздвоенасці (гэтыя два вектары дагэтуль цягнуць у розныя бакі), аднак ужо ў нас ёсць сваё месца, свая прастора.

Гэтая прастора была раздвоенай і на пачатку мінулага стагоддзя. У сацыяльным сэнсе беларускі свет падзяляўся на шляхту і сялян — два сусветы, што падкрэслена сцэнай нараджэння двух хлопчыкаў у сем'ях рознага сацыяльнага становішча. Тыя і другія маглі паразумецца, калі здаралася бяда. Каханая жонка пана Абдзіраловіча гіне ад ліхога стрэлу. Сялянка Маланка прыходзіць у дом пана, каб дапамагчы гадаваць хлопчыка. Прыходзіць са сваім сыночкам-немаўлём. Каб потым любіць па-мацярынску таго, што жыве ў панскім доме.

Назірала за тым, як яны раслі, выхоўваліся па-рознаму. Адзін у каталіцкі храм хадзіў і жагнаўся, як там вучылі. Другі, як увесь просты люд, разумеў, што казалі ў царкве.

Абодва «Ойча наш» прамаўляюць: адзін па-польску, другі — на царкоўна-славянскай мове. І крыжыкі розныя. А крыж у жыцці выпаў адзін. Крыж таго народа, да якога належалі абодва. І трэба ж яго неяк называць. Вось прапанавалі азначэнне «беларусы»...

Наўрад ці толькі з-за магчымай падмены ў дзяцінстве Ігнацы (артыст Раман Падаляка) імкнецца ўслухацца і зразумець, пра што гавораць розныя агітатары. Усе асноўныя ідэі таго часу агучаны: вайна, якая па нейкім незразумелым прынцыпе робіць ворагамі тых, хто адзін аднаго разумее; камуністычнага раю, які бярэ за аснову прынцып сацыяльнага паходжання; вялікай імперыі, што не хоча адыходзіць у нябыт; народаў, якія імкнуцца вырвацца з яе абдымкаў, і асоб, якія працуюць на іх будучыню. Ігнацы пакуль што сам за сябе — чыста па-беларуску, хоць яшчэ не зразумеў цалкам сэнс гэтага азначэння.

Для Васіля (Іван Кушнярук), выхаванага ў сялянскім асяродку, нібыта ўсё проста. Як і для яго сястры Ірыны (Валянціна Гарцуева): дзяўчына з няспраўджаным каханнем ідзе ў барацьбу за беларускую ідэю. І ў той час, калі Ігнат паглядзеў і на Гаршчкоў, і на Гарэшкаў, ён таксама быццам бы намацаў нейкую важную тэму ўнутры сябе. Аднак ужо Васіль кажа пра адчуванне фальшу, пачынае вагацца. Нібыта зноў нагадвае пра сябе альтэр-эга галоўнага героя. Ці праява асаблівага менталітэту народа, які складаўся з людзей рознага паходжання і выхавання, але з аднолькавым светаўспрыманнем?

Гэтае ваганне, якое не завяршылася ў творы Гарэцкага, працягвалася далей, усё мінулае стагоддзе, да 1990-х гадоў, калі слова «беларусы» стала асэнсоўвацца наноў. Вось чаму спектакль, мне здаецца, з таго часу. І хто ведае, калі б ён выйшаў тады, можа быць, двудушнасць (і там падабаецца, але і тут добра) не працягвалася дагэтуль. Таму што няма ў ёй вобразнасці, рамантыкі (што можа чытацца ў назве). Гэтая двудушнасць мае эпічны выгляд. Як ні спрабуй абстрагавацца, задаць умоўнасці (мастацкім афармленнем спектакля ад Барыса Герлавана, у прыватнасці), яна нават формай падачы ўпарта цягне ў мінулае стагоддзе, калі ўсё для нас вырашалася. Усё, ды не ўсё. Да нявырашаных пытанняў вяртаемся, дадумваем тое, што неасэнсавана, спрабуем змяніцца па сутнасці, каб мянялася жыццё ў яго формах. Наш тэатр гэта адчувае напоўніцу — ён там. І хоча рухацца далей (ёсць жаданне сур'ёзных размоў пра тое, што дагэтуль для нас актуальна — самаідэнтыфікацыю нацыі) і не можа, таму што новае стагоддзе ўжо патрабуе іншых падыходаў у жыцці ці іншай мастацкай мовы ў творчасці.

Спектакль эпічны (нават калі меркаваць па колькасці занятых), што зноў-такі ўласціва ХХ стагоддзю.

Рэжысёр імкнецца паказаць яго сутнасць праз лагеры розных герояў, супрацьпастаўляючы адну жорсткасць другой жорсткасці. Караючы першую, яшчэ большай. Спачатку гульня на фотакамеру падаецца фіксацыяй самых цёплых момантаў (зручны рэжысёрскі прыём, які дапамог ужо не аднаму спектаклю ў розных тэатрах). Але пакрысе цеплыня сыходзіць. Фотаздымкі аказваюцца выцягнутымі з расстрэльных спраў рэпрэсаваных жыхароў Беларусі. У тым ліку і самога Максіма Гарэцкага, які адлюстраваў у аповесці тое, што бачыў і адчуваў сам. Можа быць, дзеля таго, каб мы потым не вагаліся, не падзялялі сваю душу на часткі. Таму што не можа жыць з лёгкасцю адна частка душы, калі няма спакою другой.

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.