Вы тут

Уладзімір Ліпскі: «За час пенсіі я праплыў больш за тысячу кіламетраў»


Самы вопытны ўдзельнік чэмпіянату краіны па плаванні ўстанавіў рэкорд Беларусі.

Напярэдадні на базе пяцідзесяціметровага алімпійскага басейна брэсцкага Палаца водных відаў спорту адбыўся першы чэмпіянат Беларусі па плаванні ў катэгорыі «Мастэрс». Ён прайшоў адразу за розыгрышам медалёў сярод прафесійных спартсменаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 70 чалавек ва ўзросце ад 25 да 76 гадоў.


Уладзімір Ліпскі (у цэнтры) з рэкардсменамі свету —  плыўцамі клуба «Зубр».

Самым старэйшым па ўзросце спартсменам турніру стаў пісьменнік, галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка» і «Буся» Уладзімір Ліпскі. Ён выступіў на дыстанцыі 50 м вольным стылем і стаў рэкардсменам у сваёй узроставай катэгорыі. Пісьменнік паказаў час — 1 хвіліна і 1 сотая секунды.

Уладзімір Сцяпанавіч расказвае, што ў яго пасляваеннае дзяцінства думаць пра спорт не было часу — трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы, будавацца і не забываць пра вучобу ў школе. Але цяпер, калі пісьменнік вось ужо колькі гадоў з'яўляецца галоўным рэдактарам часопісаў для дзяцей, на старонках выдання і ў яго ўласных кнігах слоў пра спорт шмат, бо краіне патрэбна здаровае пакаленне.

— Калі ўсё жыццё ты пішаш і агітуеш весці здаровы лад жыцця, то павінен і сам паказваць прыклад, — пачынае размову Уладзімір Сцяпанавіч. — Я захапляюся і бацькамі, і дзецьмі, якія займаюцца спортам. Гэта незвычайна мужныя і цярплівыя людзі. Чаму? Гэта ж трэба быць адданым справе ўсё жыццё і ўвесь час імкнуцца да вяршыняў, ставіць перад сабой бар'еры і пераадольваць іх. У Брэсце таксама ў мяне была сустрэча з юнымі спартсменамі, і галоўнае, што я хацеў бы сказаць ім, — гэта тое, што перш за ўсё трэба развіць «мускулы душы». Гэта значыць адчуць, хто ты і што робіш на гэтым свеце. Такое разуменне дапаможа быць фізічна і маральна здаровым, радавацца кожнаму дзянёчку.

Самога Уладзіміра Сцяпанавіча займацца спортам падштурхнуў выпадак, які адбыўся яшчэ ў школьныя гады. Аднойчы на ўроку фізкультуры настаўнік вывеў дзяцей на стадыён і папрасіў падцягнуцца на перакладзіне.

— Я павіс на турніку і адчуў, што больш зрабіць нічога не магу. Потым ішоў дадому і плакаў, мне было так сорамна перад усімі! Лес тады быў побач з хатай, таму дрэва шмат, я выразаў два слупкі, знайшоў нейкі прут і зрабіў сабе турнік, а праз месяц паказваў аднагодкам пад'ём з пераваротам.

Па асабістых падліках Уладзіміра Ліпскага, з 2000-га па 2016 год (а гэта час яго пенсіі) ён праплыў у басейне 1 тысячу 6 кіламетраў, а за мінулы 2015 год, напрыклад, — 106 кіламетраў. З такімі паказчыкамі яго і запрасілі на турнір у Брэст.

— Лепш хадзіць у басейн, чым ў аптэку. Калі ты адчуваеш сябе здаровым, то можаш шмат зрабіць і ў сваёй прафесіі, і ў адносінах з людзьмі.

Уладзімір Сцяпанавіч адзначае, што запрашэнне на турнір «Мастэрс» у Брэст прыняў з задавальненнем і ў наступным годзе паспрабуе паказаць яшчэ лепшы вынік.

— На Беларусі нарадзілася добрая традыцыя — праводзіць такія турніры. У свае 76 гадоў я спаборнічаў у басейне з сапраўднымі спартсменамі, якія дзень таму змагаліся за пуцёўкі на Алімпійскія гульні. Ведаеце, калі азірнуцца на той пражыты дзень, я прыгадаў бы прымаўку «Жыццё — не тыя дні, якія прайшлі, а тыя, якія запомніліся».

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.