Вы тут

«Мая зямля, дасць Бог, «перахварэе»...»


Чарнобыльскі пыл, як смецце,

Вятры пазмятуць куды?

Жывём мы на гэтым свеце

Заложнікамі бяды.

Паэт і меў, і мае рацыю: чарнобыльскі пыл напраўду падзяліў жыццё на перыяды «да» і «пасля».


«Пасля» ў нашым Чэрыкаўскім раёне ў зону першачарговага адсялення было аднесена больш за 30 вёсак — Бакунавічы, Каменка, Малінаўка, Чудзяны... У зоне наступнага апынуліся Рэчыца, Дубраўка, Зоры, Зябень... І мой Вепрын — адна з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых вёсак. Яна знаходзілася ў 10 кіламетрах ад сумна вядомых Чудзян, дзе быў зафіксаваны найвышэйшы ў рэспубліцы ўзровень радыяцыйнай забруджанасці.

Я на той час была вучаніцай 9 класа і, як амаль усе ў той час, сапраўднай бяды не адчувала. Дарослыя не мелі праўдзівай інфармацыі, не разумелі ўздзеяння радыенуклідаў на арганізм чалавека (а тым больш наступстваў). Што ўжо казаць пра дзяцей? Нам проста дзіўна было чуць пытанне, як, маўляў, мы, бедныя, будзем жыць і вучыцца ў забруджаных вёсках?..

А мы проста жылі і вучыліся яшчэ пяць гадоў. Амаль цэлымі днямі ў школе нам даводзілася быць у памяшканнях. Там снедалі, абедалі, вячэралі, гулялі пад наглядам настаўнікаў. Напэўна, таму, калі прыходзілі дамоў, хацелася «адарвацца» — пабыць на вуліцы, пабегаць басанож.

Стрымлівала хіба тое, што побач працавалі салдаты ў спецыяльным адзенні, у рэспіратарах. Яны здымалі верхні пласт зямлі, а той, што заставаўся, засыпалі жоўтым пяском...

Потым у вёску завезлі партыю мышэй і пацукоў. Клеткі з імі стаялі ў хлявах вяскоўцаў. Яны давалі ім ежу і таблеткі, якія пакінулі навукоўцы.

У першы год грызуноў загінула няшмат, а вось на другі і трэці нібы напаў нейкі мор. Спецыялісты, якія прыязджалі з Мінска раз на паўгода, а то і радзей, толькі нешта запісвалі, забіралі ацалелых асобін ды прывозілі новых. А на роспыты вяскоўцаў адказвалі, што ўсё ідзе, як трэба, без адхіленняў, так, як яны і меркавалі...

Вельмі цяжка было, калі забаранілі есці сваё малако і гародніну, невыносна — бачыць спелыя грушы, яблыкі, слівы, ведаць іх смак — і баяцца сарваць, з'есці...

Пасля школы я паступіла вучыцца. Не перадаць, як чакала лістоў ад мамы! Вельмі хацелася ведаць, што ж там дома?

Як пісала матуля, «нічога такога»: хіба што кароў паздавалі... Забаранілі есці яйкі ад сваіх курэй... Падвоілі зарплату... Плацяць трыццаць рублёў «грабавых»... А галоўнае, ці не ў кожным лісце я чытала пра смерці — то сваякоў, то суседзяў... Што балюча, найчасцей паміралі мужчыны так званага сярэдняга веку. Магчыма, таму, што яны па-ранейшаму працавалі на зямлі — аралі, сеялі, убіралі ўраджай. Час гарачы, кабіны ў трактарах адкрытыя, шлейфам па полі пыл. І людзі ў ім — на тых жа сеялках — без рэспіратараў. Гэта падавалася тады амаль як гераізм...

Цяпер я думаю, як мала мы ведалі, што такое радыяцыя, як свята верылі выключна ў «мірны» атам!

Мая студэнцкая група ў нашым Вепрыне дапамагала ўбіраць ураджай.

Толькі праз тры гады пасля катастрофы надрукавалі карту, дзе і якія грыбы можна збіраць. Як было сказана ў каментарыях, на маёй радзіме з кошыкам у лес хадзіць не трэба.

А хадзілі ж! Падхопішся, бывала, яшчэ на цямочку — і ў лес. Ідзеш па адных табе вядомых сцяжынках ад грыбовішча да грыбовішча, збочыш у малады бярэзнік, потым — на хвойнік, набярэш паўнюткі кашэль — у тым ліку баравікоў з белымі тоўстымі ножкамі, з чорнымі шапкамі.

Славілася мая вёска і сваімі, вепрынскімі, бэрамі. Цяпер гэтыя грушы сталі чарнобыльскімі. А вёскі ўжо няма: няма на карце Беларусі. Яна толькі ў сэрцах тых, хто нарадзіўся там, хто пажыў...

Вельмі добрыя, таленавітыя людзі былі ў Вепрыне. А як яны любілі працаваць!

І любяць. Слава пра наш калгас «Кастрычнік» (сёння — СВК пад кіраўніцтвам вопытнага аграрыя Пятра Лаўнікава) раней грымела на Чэрыкаўшчыне, а пасля перасялення стала грымець на Мсціслаўшчыне. Летась гаспадарка стала трэцяй і ў абласным спаборніцтве...

Але ж як было перажыць тое перасяленне, як было ўсё пакінуць — свае хаты, сады, сваю зямельку і родных, што засталіся на могілках? Варта ўспомніць — людзі дагэтуль плачуць.

А яшчэ кожную вясну, на Радаўніцу, спяшаюцца дамоў, у Вепрын. Тая зямля нас цягне нібы магнітам.

Яна сустракае нас квеценню садоў, аксамітам маладых бярозак. І... пейзажамі без чалавека, дарогамі ў нікуды...

Я вельмі люблю беларускую літаратуру, а найбольш — Янку Купалу. Яго пранікнёнымі радкамі: «Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа...» я завяршаю кожны свой дзень і пачынаю новы. Для нас, перасяленцаў, гэты верш цяпер за малітву, якая — спадзяюся — усё ж будзе пачута! Ва ўсякім разе, я не губляю надзеі, што мая зямля «перахварэе» на цэзій, стронцый, плутоній, і мы ўрэшце вернемся!

Зрэшты і напэўна, гэта будзем не мы, а нашы нашчадкі, але ў іх зямля пазнае нас, тых, хто спрадвеку жыў на ёй. Пазнае і прызнае. Яна адродзіцца і, як пры нас, будзе радаваць сэрцы людзей.

І тыя людзі будуць вельмі шанаваць яе, берагчы, каб не здарылася зноў чорнае гора.

Тамара Ерасценка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, п. Разанцы, Мсціслаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.