Вы тут

«Галоўнае — ратаваць... Якая розніца дзе?»


Тры драўляныя баракі з тэрапеўтычным, педыятрычным, хірургічным і радзільным аддзяленнямі, амаль 28 тысяч насельніцтва...

Выпускніку Віцебскага медінстытута, які на пачатку 1980-х па размеркаванні прыехаў у Глуск, было ад чаго разгубіцца. Тым больш што старэйшы калега, у якога малады збіраўся вучыцца, з'ехаў на курсы павышэння кваліфікацыі і назад не вярнуўся.


Так цяжкі груз аперацый — з усімі наступствамі — лёг на плечы ўчарашняга студэнта. І ён, Уладзімір Цісіневіч, не спасаваў. Недзе за год асвоіў усе віды хірургічных умяшанняў: выразаў апендыксы, праводзіў трэпанацыю чэрапа, выдаляў жоўцевы пузыр, лячыў траўмы і раненні — ратаваў...

У 1975 годзе, як цяпер помню, я прынёс да яго свайго трохгадовага сына з прыкметамі перытаніту. Уладзімір Аляксандравіч тады не змарудзіў ні хвіліны, — тут жа ўзяўся за справу. Аперацыя была вельмі складаная, доўжылася амаль дзве гадзіны. Потым для далейшага лячэння малога на «хуткай» адвезлі ў бальніцу ў Бабруйск, дзе ён прабыў яшчэ паўтара месяца. Але ж выжыў, паправіўся, дзякуючы нашаму глускаму хірургу.

Ужо тады жыхары мястэчка ведалі, што гэтага доктара вылучаюць найперш прафесіяналізм і чалавекалюбства. Расказвалі, напрыклад, як ён з таго свету вярнуў пенсіянера-п'яніцу. У таго была моцна пашкоджана печань, з-за крывацёку давялося «латаць» страўнік. Амаль шэсць гадзін хірург стаяў ля аперацыйнага стала.

Пацыент, расказвалі, быў вельмі ўражаны гэтым і расчулены: як — гэта дзеля яго, самотнага выпівакі?!

А потым... Можа, усвядоміў ён, да чаго даводзіць гарэлка, можа, хацеў аддзячыць хірургу, але ж пайшоў у міліцыю і «здаў» усіх, хто гнаў самагонку. Ён разлічыў правільна: меней будзе атруты, меней працы ў доктара...

З такіх вось эпізодаў і складвалася ўзаемная сімпатыя Глуска да Цісіневіча і Цісіневіча да Глуска. Па словах пацыентаў, гэты доктар успрымае чужы боль як свой. Калегі адзначаюць яго ўменне трымаць пад кантролем любую, нават самую складаную, сітуацыю. (Дарэчы, так у Глуску працаваў і Аляксандр Сцяпанавіч Сямёнаў, заслужаны ўрач БССР, чыё імя носіць раённая бальніца.)

Пацыентам хірурга Цісіневіча амаль паўгода быў я сам, калі атрымаў цяжкую траўму пазваночніка. Уладзімір Аляксандравіч ніколі тады не праходзіў міма маёй палаты, не зазірнуўшы ў яе: калі па справе, а калі і «проста так» — пагутарыць, падтрымаць.

...Праляцелі гады і нават дзесяцігоддзі. Уладзімір Аляксандравіч ужо зняў з сябе паўнамоцтвы загадчыка аддзялення: працуе хірургам у паліклініцы і шчыра засмучаецца, што няма спецыялістаў, якія хацелі б лячыць людзей у глыбінцы. Прыехала вось у Глуск выпускніца медінстытута, але ж ці застанецца? «Мне, — кажа Уладзімір Аляксандравіч, — і ў галаву не прыходзіла шукаць сабе шчасця ў іншых бальніцах. Я, вясковы хлопец з Клецкага раёна, марыў аперыраваць, ратаваць людзей. А ў якім населеным пункце гэтым займацца — якая розніца? Галоўнае для спецыяліста — быць запатрабаваным».

Што-што, а вось гэта ў хірурга па-ранейшаму ёсць!

...Аднойчы ў раённай газеце я ўбачыў яго фотаздымак і захацеў намаляваць партрэт. Доўга рыхтаваўся. А зрабіўшы першы накід, папрасіў жонку, каб яна вынесла яго ў двор, паказала жанчынам. Мне цікава было, ці атрымалася, ці пазнаюць яны героя. Тыя толькі глянулі і адразу ж сказалі: «Дык гэта ж Цісіневіч!».

Мне заставалася хіба «ўдакладніць» нейкія рысы твару ды колер вачэй...

І вось мая праца скончана. Але ж ці спадабаецца яна доктару?

Хвалюючы момант: ён заходзіць, каб паглядзець мае болькі, я паказваю партрэт і бачу, як твар Уладзіміра Аляксандравіча асвятляецца нейкай дзіцячай радасцю, а потым сыплюцца словы падзякі...

Хоць, калі па шчырасці, найбольшым кампліментам для нас абодвух было тое, што доктара на маім партрэце пазнаў унук.

Валерый Васілеўскі, г. Глуск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».