Вы тут

Як не стаць ахвярай мужчынскай моды


Учора ваша пакорная слуга ледзь, калі не без рукі, дык без пальца дакладна, не засталася. Еду, значыць, я ў метро, «Ганну Карэніну» чытаю. Падымаю вочы, а насупраць — ну літаральна ўвасабленне Канстанціна Левіна: інтэлігентнага выгляду малады чалавек з шырокай барадой. Чамусьці менавіта яна мяне падкупіла, здалося, што гэты трыццацігадовы спадар з планшэтам валодае ўсімі добрымі якасцямі згаданага літаратурнага героя. Карацей, як кажуць псіхолагі, візуальна-асацыятыўны падман.


Скончылася ўсё сумна для падманутага боку. Мы выйшлі ў метро на адной станцыі, і, ідучы да дзвярэй, я памкнулася менавіта за ім, бо нават не сумнявалася, што хто-хто, а ён мне гэтыя самыя дзверы прытрымае (а яны якраз ад скразняку проста хадуном хадзілі). Атрымалася ўсё з дакладнасцю да наадварот — прыдуманы герой, праходзячы сам, дзверы ад сябе моцнымі рукамі штурхануў і нават не азірнуўся, ці ёсць хто ззаду, не кажучы ўжо пра тое, каб металічна-шкляную канструкцыю хоць трохі прытрымаць. І яна па інерцыі панеслася проста ў твар той, што страціла пільнасць, бо думала, што перад ёй сапраўдны мужчына, а не індывідуум з барадой. Ратуючы ад удару твар, давялося выстаўляць наперад рукі. Як яно там атрымалася, заўважыць не паспела, пачула толькі непрыемны хруст і адчула востры боль. Доктар кажа, што пералому няма, але палец на левай руцэ падобны на даўбешку, а перад Вялікаднем у хаце яшчэ столькі не пароблена спраў, для якіх абедзве рукі ў цалкам здаровым стане патрэбныя... Карацей, не чытайце класікаў у метро.

Сяджу вось цяпер, стукаю забінтаваным пальцам па дурной наіўнай галаве і сама сабе разважаю: а з чаго я ўзяла, што гэта павальная мода насіць бараду, якая дакацілася да нас ці то з усходу, ці то з захаду, — сведчанне таго, што нашы мужчыны (асабліва маладыя, гадоў да трыццаці) раптам захацелі стаць падобнымі на сваіх папярэднікаў, якія жылі тут сто-сто пяцьдзясят гадоў назад? Займець не проста гэты яскравы знак адрознення свайго полу, але і рысы тых, да каго хочуць быць падобнымі, — мужнасць, высакародства, павагу да жанчын? Пэўна, проста нам, гэтым самым жанчынам, хочацца так думаць, дый стэрэатып такі з мінулых гадоў захаваўся. А ў паслядоўнікаў сённяшняй глабальнай «барадатай моды» зусім іншыя прыклады для пераймання — зорка «Еўрабачання» Канчыта Вурст (ён жа Томас Нойвірт), больш вядомы як «жанчына з барадой», ці ісламісцкія баевікі, ці, у лепшым выпадку, рэперы. Як кажуць, адно — балячка, другое — гарачка, дый трэцяе недзе недалёка.

Што характэрна, многім нашым маладзёнам гэты атрыбут мужнасці ну зусім не пасуе. Толькі галіцца пачаў, а ўжо туды ж — тры рудаватыя рэдкія валасіны ўжо даглядае, расчэсвае — трэба ж быць у трэндзе. На гэтай модзе, дарэчы, асабліва прадпрымальныя таварышы вельмі хутка пабагацеюць: аб'яў аб продажы «аксесуараў і касметыкі для барады» стала апошнім часам больш, чым аб продажы тушы ды памады.

Хтосьці скажа: ну і што ў гэтым такога? У модзе стала барада — хай сабе носяць бараду, каму ад гэтага горш. Згодна, нікому. Але ж я крыху пра іншае. Пра тое, што форма заўсёды мае на ўвазе яшчэ і пэўны змест, закладзены традыцыяй, менталітэтам, успрыманнем. Пра тое, што выгадаваць расліннасць на твары і нават прыдаць ёй прыстойны выгляд сёння вельмі проста, але калі ў гэтай выпеставанай уласнымі стараннямі знешнасці не будзе адпаведнага напаўнення — каму такая мода патрэбная?

А яшчэ пра тое, як нам, жанчынам, так не хапае ўвагі моцнай паловы, элементарнай увагі, калі хочацца, каб перад табой адчынялі дзверы, адсоўвалі крэсла, падавалі паліто ў гардэробе і руку пры выхадзе з транспарту. Мы ўжо амаль прывыклі, што гэта амаль утопія, што падобныя праявы — рэдкае выключэнне з агульнапрынятай абыякавасці і «гендарнай роўнасці» (у чым, прызнацца, мы і самі нямала вінаватыя). А тут на́ табе — раптам вакол з'явіліся, прычым не ў адзінкавым экзэмпляры, мужчыны, так падобныя на тых, што глядзяць з першых фотаздымкаў «галантнага стагоддзя», на герояў класічных раманаў, якія былі здольныя на мужныя ўчынкі, біліся на дуэлях за сваіх жанчын, уставалі, калі дама заходзіла ў пакой...

І на ўзроўні падсвядомасці ці нейкай геннай памяці ты чакаеш ад гэтых мужчын (а разам з імі — і ад усіх астатніх) не тое што зорку з неба, але хоць бы таго, што табе прытрымаюць дзверы ў метро.

І атрымліваеш гэтымі дзвярыма па лбе. Што ж, форма і змест у наш час часта не супадаюць.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Знак адрознення

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.