Вы тут

Чырвоная панда і кампанія


Індыйскі штат Сікім (у перакладзе – “Даліна рысу”) раскінуўся ў маляўнічым месцы: плантацыі чаю і рысу, квітнеючыя рададэндраны і бамбукавыя зараснікі ў перадгор’ях Гімалаяў... Не дзіва, што штат афіцыйна абвешчаны экарэгіёнам краіны. Увесну я пабывала ў сталіцы Сікіма, горадзе Гангток, дзе ўбачыла мясцовую “жывую легенду” – чырвоную панду. Дзень выдаўся дажджліва!сонным, таму многія жыхары заапарка папросту вырашылі добра адпачыць. Гімалайскі мядзведзь, напрыклад, так і не выйшаў са свайго загону... Але ўдача ўсё ж такі ўсміхнулася мне ў той дзень!

Вогненнае “мі-мі-мі”

Сімвал Сікіма ярка-рудая малая панда не падобна да сваёй сваячкі гіганцкай панды. Кітайцы ўвогуле клічуць “кошку-янота” “вогненнай лісой”. Міралюбівы звярок вядзе начны лад жыцця, а ўдзень зварочваецца калабком і спіць. Мне пашанцавала застаць панду, калі яна ўкладвалася перад сном. Акуратна і не спяшаючыся, нібыта выконваючы важную працу, яна мыла лапкі. Пасля працэдуры панда дзелавіта развярнулася і, плюхнуўшыся, укрылася пушыстым хвастом, так і не паказаўшы нам свой тварык. Мы з сябрамі пачалі клікаць яе, імітуючы галасы розных жывёл. Аднаго позірку вогненнай кошкі было дастаткова, каб зразумець, што турбаваць “мішку” не трэба: “ціхая гадзіна”.

Чырвоная панда

 

У дзікай прыродзе налічваецца ад 3 да 5 тысяч малых пандаў. На жаль, адзін з самых мілых звяркоў планеты лічыцца выміраючым відам, ён занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу. У гантоцкім заапарку дзейнічае цэнтр па развядзенні чырвонай панды. Мядзведзь добра прыжываецца ў няволі, таму не дзіва, што ў некаторых рэгіёнах Індыі і Непала яго раней трымалі ў якасці свойскай жывёлы.

Чырвоная панда жыве ў Непале, паўднёвым і заходнім рэгіёнах Тыбета і Кітая, індыйскіх штатах Асам і Сікім, у паўночнай частцы Бірмы. Звярок зазвычай селіцца на вышыні ад 2200 да 4800 метраў над узроўнем мора ў лясах з густымі зараснікамі бамбука.

“Рохкаючы” бык

На першы погляд, як, альбо тыбецкі бык, падаецца вельмі спакойнай жывёлай: стаіць сабе мірна, скубе траву, а зрэдчас падае гучны грудны голас. Аднак у старажытных тыбецкіх летапісах дзікія які згадваліся як “найвялікшае зло для чалавека”. Па праўдзе кажучы, дзікія які вельмі агрэсіўныя. Свабодалюбства не дазваляе ім мірна ўжывацца на адной тэрыторыі з людзьмі, і з гэтай прычыны дзікія прадстаўнікі віду пакрысе выміраюць. Адшукаць “дзікуноў” сёння мажліва хіба што ў высакагорных раёнах Тыбета.

Тыбецкі як

 

Прыручаныя які – поўная супрацьлегласць дзікім сародзічам: яны мірныя, спакойныя, рахманыя і ў адрозненне ад “дзікуноў” падаюць голас – “рохкаюць”. Тыбетцы называюць іх “дронгамі”. Прыручаныя быкі даюць сялянам шмат шэрсці, малака і мяса.

Як, насамрэч, вельмі прыгожы бык: доўгая поўсць цягнецца па зямлі, галаву вянчаюць вялікія рогі. Любуючыся тыбецкім быком, я мімаволі згадала беларускага зубра: прынамсі, падобны горб на холцы. Але быкі адносяцца да розных сямействаў: зубр – да “бізонаў”, а як – да “сапраўдных быкоў”.

Вялікія кошкі: дымчатая і снежная

На жаль, дымчаты леапард толькі на імгненне паказаўся са свайго доміка: пазяхнуўшы ва ўсю пашчу, ён вырашыў працягнуць адпачынак. Гэты “коцік” мае падоўжаныя клыкі, за што і атрымаў мянушку “шаблязубы”. Яго скура вельмі эфектная: вялізныя чорныя кругі-пляміны на жоўтым фоне. Дымчатага леапарда прызнаюць найлепшым дрэвалазам сярод кашэчых. Ён сустракаецца ў трапічных і субтрапічных лясах ад паўночнага Кітая да Малакі і ад усходніх Гімалаяў да В’етнама. Колькасць віду скарачаецца з прычыны вырубкі лясоў: у 2008 годзе дасягала 10 тысяч асобін.

Дымчаты леапард

 

...А вось снежнаму леапарду не спалося: ён мітусліва хадзіў па загоне, не звяртаючы на нас увагі. Адчувалася, што вялікаму драпежніку няўтульна ў такіх умовах: на яго твары выразна чытаўся сум нявольніка.

Дзякуючы пушыстаму бураваташэраму меху ірбіс нагадвае вялікую мяккую цацку. Аднак менавіта праз яго вялікіх кошак актыўна знішчаюць браканьеры. Сёння ў свеце налічваецца ад 3,5 да 7,5 тысячы асобін снежных леапардаў.

Снежны леапард. Фота Амару Касэрэса

 

Залацісты “чаньку”

Падчас нашага візіту тыбецкі воўк спакойна ляжаў каля доміка, уважліва назіраючы, хто да яго завітаў. Мілы звер светлага колеру (нездарма заолаг Эдвард Грэй даў яму імя “залаты воўк”) нагадваў не злоснага драпежніка, а хутчэй сабаку.

Тыбецкага ваўка ведаюць пад іменем поўсцевы воўк, а ў Тыбеце і індыйскім высакагорным рэгіёне Ладакх яго празвалі “чаньку”. Насамрэч, чалавеку значна даставалася ад тыбецкіх ваўкоў: драпежнікі часта нападалі на свойскіх жывёл, а часам і на дзяцей. Сёння сітуацыя кардынальна змянілася: у Манголіі ваўка актыўна здабываюць дзеля яго шкуры.

Тыбецкі воўк

 

Тыбецкі воўк распаўсюджаны на тэрыторыі Цэнтральнага Кітая, у паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Расіі, Манголіі, Манчжурыі, Тыбеце, высакагорных раёнах Індыі, Пакістана, Непала, Бутана.

Спецыялістам заапарка горада Дарджылінг (прыкладна за 100 кіламетраў ад Гангтока) удалося атрымаць патомства тыбецкага воўка ў няволі. Пакуль гэта адзіны выпадак у навуцы.

Такім было маё знаёмства з жыхарамі Даліны рысу. У наступных нумарах мы абавязкова раскажам пра іншых прадстаўнікоў індыйскай фаўны.

Сябры! Калі вы пабывалі ў цікавай мясціне, не хавайце “груз” уражанняў – дзяліцеся імі на старонках “Юнага натураліста”. Матэрыялы дасылайце на пошту pryroda@zviazda.by альбо на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».