Вы тут

Разведчыкі падземных скарбніц


3 красавіка ў Беларусі і іншых краінах СНД адзначаюць Дзень геолага – свята ўсіх тых, хто займаецца даследаваннем нетраў краіны і пошукам карысных выкапняў

“Родная прырода” пагаварыла з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэем Каўхутам пра перспектывы развіцця гэтай важнай для дзяржавы галіны.

– Андрэй Марленавіч, як вы ацэньваеце ролю і месца мінеральна-сыравіннай базы ў дынаміцы развіцця краіны?

– Устойлівае развіццё эканомікі немагчыма без збалансаванага выкарыстання і ўзнаўлення мінеральна-сыравінных рэсурсаў, якія з’яўляюцца асновай матэрыяльнай вытворчасці і нацыянальнай бяспекі краіны.

Беларусь валодае дастатковым мінеральна-сыравінным патэнцыялам, каб забяспечыць дастойнае развіццё эканомікі. Толькі за апошнія 20 гадоў у рэспубліцы адкрыта 17 радовішчаў нафты, падрыхтаваны да прамысловага засваення 3 участкі радовішчаў калійных соляў, 2 радовішчы каменнай солі, 2 – жалезных руд, 1 радовішча мелу і мергелю, 204 радовішчы пясчана-гравійнага матэрыялу, 570 – пяску будаўнічага, 2 – фармовачных матэрыялаў, 6 радовішчаў цэментнай сыравіны. З мэтай забеспячэння прыросту запасаў нафты ў Прыпяцкім прагібе ў 2011–2015 гадах былі адкрыты Марозаўскае, Паўднёва-Шацілкаўскае, Нова-Бярэзінскае, Нова-Казанскае радовішчы вуглевадародаў, 2 залежы на Паўднёва-Вішанскім і 1 – на Прохараўскім радовішчах.

Усяго з 1994 года прырост прамысловых запасаў нафты склаў больш за 5,8 млн тон, бурых вуглёў – 165,9 млн тон, гаручых сланцаў – 181,5 млн тон, гіпсу і ангідрыту – 125,6 млн тон, калійных соляў – больш за 5 млрд тон, каменнай солі – 608,1 млн тон, даламіту – 530,5 млн тон, будаўнічага каменю – 263,2 млн м3, жалезных руд – 145,4 млн тон, прыродных будаўнічых матэрыялаў – 2,3 млрд м3, кварцавых пяскоў – 258,2 млн т, прэсных падземных вод – 8,6 млн м3/суткі, мінеральных вод – 11,6 тыс. м3/суткі.

Разам з тым паспяховае сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржавы залежыць не толькі ад забяспечанасці мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі, але і ад таго, наколькі рацыянальна і комплексна яны выкарыстоўваюцца.

Што такое айчынная геалогія сёння?

Геалагічная галіна Беларусі прадстаўлена шэрагам арганізацый, якія ўваходзяць у склад Мінпрыроды (дзяржаўнае прадпрыемства “НПЦ па геалогіі”, дзяржаўнае прадпрыемства “Белдзяржгеацэнтр”), Мінбудархітэктуры (РУП “Геасэрвіс”, Інстытут “НДІБМ”), канцэрна “Белнафтахім” (РУП “ВА “Беларуснафта”, Інстытут “БелДНПІнафта”), Мінтранса (дзяржаўнае прадпрыемства “Белгіпрадар”, РУП “Брэстаўтадар”), ААТ “Беларуськалій”, ААТ “Белгорхімпрам”. За кожнай з назваў стаяць дзясяткі спецыялістаў, якія займаюцца вывучэннем і засваеннем нетраў нашай краіны. Толькі ў падпарадкаваных Мінпрыроды арганізацыях занята больш за 1500 чалавек.

– Якія мерапрыемствы плануюцца для інтэнсіфікацыі засваення карысных выкапняў?

 – Каб максімальна поўна і эфектыўна выкарыстоўваць ужо разведаныя мінеральна-сыравінныя рэсурсы, распрацаваны і цяпер праходзіць узгадненне план дзеянняў па інтэнсіфікацыі выкарыстання мінеральна-сыравіннай базы Беларусі на 2016– 2020 гады.

У пачатку месяца ён быў унесены на разгляд Савета Міністраў. Дакумент прадугледжвае як павышэнне долі імпартазамяшчэння, так і павелічэнне экспартных паставак мінеральных рэсурсаў.

З 2012 года ААТ “Беларуськалій” рэалізуе буйны для рэспублікі інвестыцыйны праект па прамысловай распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча калійных соляў з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю ў Гомельскай вобласці горна-абагачальнага комплексу магутнасцю не менш чым 1,5 млн тон хларыду калію ў год, што дазволіць павялічыць экспартныя пастаўкі калійных угнаенняў.

Забяспечана падрыхтоўка і перадача ў распрацоўку больш за 200 радовішчаў (участкаў) карысных выкапняў, якія з’яўляюцца перспектыўным рэзервам для экспарту і замяшчэння імпарту асобных відаў сыравіны.

Калі казаць пра нафту, то існуючыя сёння аб’ёмы яе перапрацоўкі ў шмат разоў перавышаюць магчымасці здабычы ў нашай краіне. Штогод у Беларусі здабываецца 1,6 млн тон нафты, а перапрацоўваецца каля 25 млн тон. Як відаць, без імпартных паставак цалкам загрузіць беларускія перапрацоўчыя прадпрыемствы пакуль не ўяўляецца магчымым. Разведка і распрацоўка мясцовых запасаў нафты дазволіць паменшыць долю ўвозу вуглевадародаў.

Пры пэўных мерапрыемствах (узбагачэнні і давядзенні сыравіны да патрабаванай якасці) для імпартазамяшчэння можна выкарыстоўваць і беларускія запасы шкляных пяскоў. Вялікі патэнцыял мае і выкарыстанне ў нашай краіне – як для пітных, так і лячэбных мэт – радовішчаў мінеральных падземных вод.

Неабходна таксама вырашыць пытанне даступнасці мінеральнай сыравіны ў розных рэгіёнах краіны. Бо часам з-за няведання патэнцыялу мясцовых радовішчаў прадпрыемствам бывае больш выгадна атрымліваць сыравіну з-за мяжы, чым прывезці яе з іншых раёнаў Беларусі. Так, ААТ “Бярозабудматэрыялы” доўгі час завозіла сыравіну для вырабу керамічнай пліткі з Гомельскай вобласці. Але пасля даследавання радовішча, размешчанага непадалёк ад горада, гэта неабходнасць знікла.

– Летась з’явілася інфармацыя, што рыхтуюцца змены і дапаўненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах. Чаму наспела неабходнасць карэкціроўкі гэтага дакумента?

– Практыка ўжывання дзейнага Кодэкса аб нетрах сведчыць пра тое, што неабходна выключыць некаторыя калізіі і прабелы ў нормах, а таксама аптымізаваць функцыі органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы выкарыстання і аховы нетраў. Дакумент на разгляд парламентарыяў паступіў у вясеннюю сесію ў пачатку красавіка.

– Якія радовішчы маюць найбольшыя перспектывы з пункту гледжання перадачы іх у канцэсію?

– У хуткім часе павінна завяршыцца падрыхтоўка прапаноў па перадачы сёлета ў канцэсію двух радовішчаў нафты ў Гомельскай вобласці (Пазнякевіцкая і Акуліцкая плошчы), Брынеўскага радовішча гіпсу, Добрушскага радовішча мелу і інш. Пасля ўзгаднення ў Мінэканомікі і Мінфіне прапановы будуць выстаўлены на тэндар, у якім змогуць прыняць удзел як беларускія, так і замежныя кампаніі.

– У лютым прайшоў першы Еўразійскі горна-геалагічны форум. Як вы ацэньваеце яго вынікі і перспектывы?

– На форуме разглядаліся як геалагічныя даследаванні, так і іх сувязь з распрацоўкай радовішчаў карысных выкапняў. І адным з асноўных пунктаў рэзалюцыі, якая цяпер праходзіць узгадненне ў геалагічных службах краін – удзельніц форуму (Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана), стала стварэнне адзінай сістэмы пацвярджэння запасаў карысных выкапняў для Еўразійскага рэгіёна.

Неабходнасць пераходу на міжнародную сістэму пацвярджэння запасаў наспела ў многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Новая сістэма павінна быць зразумелай не толькі спецыялістам з краін СНД, але і замежным кампаніям, якія маглі і жадалі б укладваць сродкі ў асваенне радовішчаў у нашай краіне.

Для рэалізацыі гэтага праекта падпісаны дагавор паміж камісіямі па запасах карысных выкапняў Расіі і Беларусі па гарманізацыі працэдуры пацвярджэння запасаў, а таксама прыцягненні спецыялістаў абедзвюх краін для іх ацэнкі.

Аб’яднанне намаганняў у гэтай сферы – важная частка працы па прыцягненні замежных інвестыцый. Калі беларускія спецыялісты могуць падзяліцца напрацоўкамі ў здабычы калійных соляў, то для нас цікавы вопыт калег з Еўразійскага рэгіёна па распрацоўцы радовішчаў гіпсу і жалезных руд.

– Наколькі актыўна ў нашай краіне развіваецца экспарт геалагічных паслуг?

– Беларускія геолагі карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам на міжнароднай арэне.

Напрыклад, навукоўцы-геолагі з НПЦ па геалогіі праводзяць геолагаразведачныя і геафізічныя работы на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а таксама цесна супрацоўнічаюць з калегамі з Расіі і Польшчы.

Вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта” сёння мае прадстаўніцтва ў Венесуэле, дзе таксама створаны сумесныя прадпрыемствы па здабычы нафты (“Петралера БелаВенесалана”) і па сейсмаразведвальных работах (“Сісміка БелаВенесалана”). Маштабныя праекты па сейсмічнай разведцы радовішчаў вуглевадародаў з 2013 года рэалізуюцца кампаніяй і ў Эквадоры. А расійскае даччынае прадпрыемства ТАА “Беларуснафта-Сібір” – яе найбуйнейшы канкурэнтаздольны сэрвісны праект за межамі краіны.

Адным са значных міжнародных праектаў для Беларусі з’яўляецца кантракт на будаўніцтва “пад ключ” горна-абагачальнага камбіната магутнасцю 1,4 мільёна тон у год хларыду калію на базе Гарлыкскага радовішча калійных соляў Туркменістана, заключанага паміж ААТ “Белгорхімпрам” і дзяржаўным канцэрнам “Туркменхімія”.

– Андрэй Марленавіч, як вы прыйшлі ў геалогію, чаму выбралі менавіта гэтую прафесію?

– Гэта прафесія мне была знаёмая і цікавая яшчэ з юнацкіх гадоў. Мой бацька быў геолагам, працаваў у Акадэміі навук, выкладаў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага (цяпер БДПУ імя М. Танка). Таму і я вырашыў пайсці па яго слядах і займацца гэтай мужнай і ў той жа час рамантычнай прафесіяй, адкрываць для сябе і для краіны новыя радовішчы, пашыраючы тым самым яе мінеральна-сыравінную базу.

Ад душы віншую з юбілейным прафесійным святам рабочых, інжынерна-тэхнічных і навуковых работнікаў геалагічнай галіны. Зычу ім і іх сем’ям моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, адкрыццяў новых багаццяў нетраў на карысць роднай Беларусі!

Дзень геолага быў заснаваны ў СССР у 1966 годзе і да гэтага часу адзначаецца ў некаторых краінах былога Савецкага Саюза ў першую нядзелю красавіка. У Беларусі Дзень геолага ўстаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 1996 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».