Вы тут

Вясне дарогу!


Чалавек прыносіць дзікай прыродзе нават больш шкоды, чым ядзерная катастрофа. Навукоўцы сведчаць: зона адчужэння Чарнобыльскай АЭС стала сапраўдным жытлом для «чырвонакніжнікаў». Пра гэта, а таксама аб тым, якія небяспечныя расліны растуць на Беларусі і чаму спартыўныя каманды бяруць «звярыныя» назвы - чытайце ў красавіцкім нумары «Роднай прыроды».

І ўсё-такі яна наступіла: доўгачаканая і такая прыгожая... Мы так чакалі панну-вясну, што нават часам здавалася - цёплыя дні ніколі не прыйдуць. Так цяжка зіма губляла свае пазіцыі.

Яшчэ ўчора нібыта ляжаў снег і неяк не па-вясноваму было халодна, але ты ўсё роўна разумееш, што шэрае і дрэннае надвор’е абавязкова скончыцца, бо наперадзе – абнаўленне жыцця!

Хоць жыццё, уласна кажучы, не спынялася. Яно зараджалася і існавала ў ледзяной зямлі. Можа вы не ведалі, а ў красавіку пачынаецца грыбны сезон. Не верыце? У матэрыяле «Грыбныя пралескі» наш традыцыйны аўтар, біёлаг Таццяна Майсеева, распавядае аб дзівосных вясновых грыбах: смаржках і страчках. Вы даведаецеся, як іх адрозніць і дзе часцей за ўсё гэтыя “чароўныя госці” сустракаюцца. Дарэчы, людзі гавораць: калі шмат вясновых грыбоў, то будзе добры ўраджай і астатніх.

Ці ведаеце вы, што ў Беларусі ёсць расліны-забойцы? Расповяды пра зялёных пачвараў ўпершыню з'явіліся яшчэ ў XIV стагоддзі, а ў XVII стагоддзі аб рэальнасці існавання падобных відаў флоры загаварылі і вучоныя. Менавіта, пад уражаннем жахлівых гісторый рускі паэт  Аляксандр Пушкін напісаў знакаміты «Анчар». Памятаеце?

…К нему и птица не летит
И тигр нейдет — лишь вихорь черный
На древо смерти набежит
И мчится прочь, уже тлетворный…

Аднак трэба адзначыць, што расліны-забойцы больш абараняюцца, чым нападаюць. Як і ад каго? Аб гэтым чытайце артыкул доктара біялагічных навук Леаніда Емяльянава «Расліны-драпежнікі: міфы і ява».

«Калі скласці спіс знакамітых спартыўных клубаў, якія назвалі ў гонар моцных драпежнікаў альбо грацыёзных, хуткіх птушак, атрымаецца сапраўны заапарк”, — піша у сваём артыкуле “Спорт са звярыным выскалам” Якаў Журбін. Крумкачы, чорныя каты, пінгвіны, мядзведзі, арлы і нават казлы: каго толькі няма ў назвах і на лагатыпах спартыўных каманд!  Але ж мянушкам усё-такі трэба адпавядаць. “Бачыць на арэнах слабых  ільвоў, тыграў ці пантэр, пагадзіцеся, неяк няправільна”, — і я цалкам згодна з аўтарам. 

У "Роднае прыродзе" мы не змаглі абысці  Чарнобыльскую аварыю. Тэма красавіцкага нумару: «Жыццё пасля Чарнобыля: праз 30 гадоў». Гэтай трагічнай для нашай краіны падзеі прысвечаны публікацыі «Зона адчужэння Чарнобыльскай АЭС – рэзерват «чырвонакніжнікаў», «Хто інфармаваны, той узброены», «Лекавыя расліны супраць радыяцыі».

Нашы маленькія чытачы даведаюцца, якіх прадстаўнікоў птушынага свету можна сустрэць вясной у сталіцы. У «Юным натуралісце» іх чакаюць адказы на самыя папулярныя пытанні аб птушках. Напрыклад, чаму птушак, што сядзяць на электрычным дроце, не забівае токам? Маша Зялёная распавядзе, з чаго складаюцца батарэйкі і чаму яны становяцца ворагамі, калі адпрацуюць сваё.

Вас чакае вясновая «фотапаляванне» нашага вядомага аўтара Георгія Гулевскага, а таксама фотаапавяданне пра беларускага фермера, зямельныя надзелы якога абжылі шэрыя жураўлі. Уладзімір Жабянок не супраць гэтага, наадварот, ён падкормлівае сваіх вірлівых гасцей і нават пабудаваў ім невялікія зялёныя хаткі з вакенцамі.

У традыцыйнай рубрыцы "Прырода як лёс" часопіс друкуе аповяд «Вядзьмарка» - зоапсіхолаг з Белавежы» аб знакамітым польскім біёлаге Сімоне Косак. Сваімі сакрэтамі макраздымкі дзеліцца выдатны фотамайстар Сяргей Ліхачоў, знакаміты рыбалоў-аматар Сяргей Шаршаневіч вучыць "як злавіць на відавочна мёртвых рачулках перыяд, каб добра бралася рыбка", а наш "штатны фелінолаг" Ірына Касцючэнка растлумачыць чаму не варта браць у дом маленькіх кацянят, якім менш за 3-4 месяцы.

... Калісьці ў даўніну новы год распачынаўся з надыходам вясны. Так што, шаноўныя чытачы, з Новым цёплым годам вас!

Галоўны рэдактар часопіса “Родная прырода” Наталля Кароткая.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.