Вы тут

Чаму дзеці ўцякаюць з дому?


У дзяцінстве, пакрыўдзіўшыся на бацькоў, часам заяўляла, што пайду з дому. Дэманстратыўна збірала ранец (клала туды любімыя цацкі і кнігі), апранала куртку і гучна ўсхліпвала пад уваходнымі дзвярыма ў спадзяванні, што цяпер мяне дакладна прыбягуць суцяшаць. Уцякаць насамрэч я нікуды не збіралася. Проста гэта быў самы дзейсны спосаб паказаць бацькам, што яны не маюць рацыі (нават калі правініўся ты). Аднак для некаторых дзяцей пагрозы ўцячы не пустыя словы. Летась у міліцыю паступіла 1288 заяў аб знікненні непаўналетніх. Рэальная ж лічба, вядома, большая: не ўсе бацькі адразу звяртаюцца ў вышук.


Хаваюцца ў сяброў і падарожнічаюць на цягніках

Адна з гучных гісторый адбылася ў Пінскім раёне. А дакладней, пачалася там. 16-гадовая Люда і яе малодшая сястра, студэнткі Пінскага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці, нечакана сышлі з дому. Бацькі паднялі трывогу. Дзяўчат знайшлі праз тыдзень на чыгуначным вакзале ў Слуцку. Сёстры расказалі міліцыі, што ўсяго толькі выправіліся пагуляць. Увесь гэты час яны падарожнічалі па Беларусі ў кампаніі маладых людзей. Студэнтак вярнулі занепакоеным бацькам. Праўда, гэтыя ўцёкі, верагодна, не апошнія. Сям'я стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, а дзяўчаты ўцякалі і раней.

Дзеці, якія сыходзяць з дому, у асноўным менавіта з праблемных сем'яў. І некаторых шукаюць не толькі сваякі. Так, у адным з гарадоў 17-гадовая дзяўчына пасля чарговай сваркі з бацькамі папрасілася начаваць да сяброўкі. Тая пусціла. А пасля заўважыла, што разам з прыяцелькай знік планшэт.

Сярэднестатыстычны ўзрост тых, хто ўцякае з дому, — 15-17 гадоў.

— У гэты час падлеткі ўжо могуць паклапаціцца пра сябе, — тлумачыць намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі ГУАПП МГБ МУС Сяргей ЯНКОЎСКІ. — Хоць бывае, калі дзіця вырашае збегчы і ў 10 гадоў.

Часовы прытулак падлеткі, як правіла, знаходзяць у сяброў. Ці падарожнічаюць (такіх большае ў цёплы перыяд): садзяцца на цягнік і едуць куды вочы глядзяць. Бывала, гэтых уцекачоў затрымлівалі ўжо ў Смаленску ці Маскве. А вось выпадкі, калі малеча валацужнічае, жыве ў падвалах і на вакзалах, цяпер рэдкасць.

— Пасля прыняцця Дэкрэта №18 колькасць такіх выпадкаў значна зменшылася. У дачыненні праблемных сем'яў сталі прымацца больш жорсткія захады. Цяпер, калі дзіця будзе хадзіць па пасёлку, прасіць паесці, ужо ўвечары яго забяруць ад бацькоў, — кажа Сяргей Янкоўскі.

Праўда, якімі б ні былі бацькі, малым усё адно хочацца да іх вярнуцца. Калі бягуць з інтэрнатных устаноў, сацыяльных прытулкаў, міліцыя ўжо ведае: падлетак будзе ў таты з мамай. Ці ў бабулі, якая яго выхоўвала.

У 95 працэнтах выпадкаў непаўналетніх знаходзяць у першыя дзесяць сутак.

«Праваахоўныя органы прачэсваюць палі, лясы побач з домам. Аднойчы было, бацькі спахапіліся, што дзіця знікла, а тое ў хляве заснула, — каментуе Сяргей Янкоўскі. — Калі малы прапаў, гэта надзвычайная сітуацыя. Такія інцыдэнты заўсёды знаходзяцца на асаблівым кантролі».

Баяцца неадэкватнай рэакцыі

Чаму дзеці адважваюцца на ўцёкі? Ганна МАРУДЗЕНКА, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Фрунзенскага раёна сталіцы (дзе, апроч іншага, праводзяцца курсы для бацькоў, у якіх цяжкасці ў адносінах з падлеткамі), лічыць, што аснова ўсіх прычын закладзена ў сям'і.

— Калі б бацькі своечасова маглі наладзіць кантакт са сваім дзіцем, напэўна, і не было б гэтых уцёкаў. Паглядзіце, хто сыходзіць з дому. Падлеткі. Раней казалі, што пераходны ўзрост пачынаецца з 13 гадоў, цяпер ужо лічаць — з 10-11. Традыцыйна гэты перыяд цяжкі: дзіця, нягледзячы на знешнюю браваду, грубасць і агрэсіўнасць, насамрэч ранімае і базабароннае. Галоўнай асаблівасцю падлетка з'яўляецца асобасная нестабільнасць. Менавіта ў гэты час юнак ці дзяўчына заяўляе пра сябе. І часта бацькі не падтрымліваюць у такі момант, а наадварот, штурхаюць знайсці дапамогу ў сяброў.

У групе рызыкі могуць апынуцца звычайныя таты і мамы, якія паспяхова працуюць і, здаецца, не робяць нічога дрэннага.

— У кожнай сям'і, нават вонкава шчаслівай, можа знайсціся маленькі канфлікт паміж бацькамі і дзецьмі. Нават не канфлікт — недаразуменне. Калі мы ўпускаем з віду падлеткаў у сілу нейкіх абставін і яны прадастаўлены самі сабе, — лічыць Ганна Марудзенка.

Дзеці бунтуюць супраць бацькоў, іх правілаў, установак (хоць на справе іх залежнасць ад сям'і ўсё яшчэ вельмі вялікая). Вядома, першапачаткова яны кажуць, што проста пайшлі пагуляць з сябрамі. Але потым прызнаюцца: так, хацелі правучыць дарослых. Маўляў, няхай ім усім будзе горш, няхай падумаюць над сваімі паводзінамі.

Бывае, падлетак заяўляе: «Або вы зробіце так, як я хачу, або я пайду з дому!».

— Калі ў вас парушаны ўзаемаадносіны ў сям'і, вы не зразумееце, гэта ўсур'ёз або шантаж. Таму што не ведаеце, калі дзіця кажа праўду, — заўважае псіхолаг. — Вам усё будзе здавацца найграным. А часам гэта проста крык душы. Дзіцяці настолькі хочацца, напрыклад, выбрацца з сябрамі на канцэрт, а вы нават не чулі, што ён сапраўды з'яўляецца фанатам гэтай групы. І падлетку нічога не застаецца, як пайсці на мерапрыемства без вашага дазволу. Бо для яго гэта важна.

Ці можа сапраўднай прычынай уцёкаў стаць жаданне дзіцяці павандраваць? Псіхолаг мяркуе, што не. Навошта малому збягаць, калі ён можа пагуляць «афіцыйна» і яму нічога за гэта не будзе? Іншая справа, калі бацькі не давяраюць падлеткам, забараняюць праводзіць час з сябрамі.

Часам дзеці не асмельваюцца ісці дадому, бо атрымалі дрэнную адзнаку. Баяцца, што дарослыя пакараюць.

Таму адседжваюцца ноччу ў прыяцеляў, у пад'ездах, а раніцай, калі ўжо дома нікога няма, вяртаюцца.

— Зноў жа, чаго яны баяцца? Неадэкватнай бацькоўскай рэакцыі. У нармальнай сям'і не будуць сварыцца за тое, што вы атрымалі тройку, парвалі ранец ці згубілі ключы. Так, зробяць заўвагу. Але паспрабуюць зразумець. Бацькам лепш высветліць, чаму іх дзіцяці паставілі такую адзнаку. Можа, пры падрыхтоўцы задання ўзніклі складанасці, школьнік не зразумеў матэрыял (праслухаў, калі тлумачылі новую тэму, ці дрэнна сябе паводзіў), — кажа Ганна Марудзенка.

Бацькоў павінна насцярожыць, калі дзіця замыкаецца — менш гутарыць з дарослымі, не хоча іх чуць, на каментарыі ў свой бок рэагуе агрэсіўна. Гэта першы сігнал, што трэба штосьці мяняць у адносінах. З падлеткам, раіць псіхолаг, варта абмяркоўваць жыццёвыя праблемы і цікавіцца значнымі для яго момантамі, а не толькі пытаць, ці зрабіў ён урокі і паеў.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бунт супраць бацькоўскіх правілаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.