Вы тут

Cамы лепшы рэцэпт даўгалецця — вітамінныя салаты


Пенсіянеры Віктар і Ірына Вайтовічы самым лепшым рэцэптам даўгалецця (абое ідуць на восьмы дзясятак) лічаць вітамінныя салаты. Яны круглы год у меню сужэнцаў, прычым усе прадукты са свайго агарода. А як заканчваецца ў склепе гародніна, пенсіянеры збіраюць ежу пад нагамі. Толькі палезла з зямлі першая траўка — адразу едуць на лецішча па крапіву, дзьмухаўцы, лебяду, падбел. Можа, нездарма прырода пасяліла гэтае пустазелле побач з жытлом чалавека? З яго і лекі выдатныя, і стравы карысныя.


Дзікія расліны могуць выратоўваць, пакуль не нарасло культурнага зеляніва на градцы. Лебяда заменіць шпінат, крапіва пойдзе ў боршч. У лісты лопуху ці падбелу можна заварочваць галубцы — атрымаецца не горш, чым з капусты ці салаты. Прычым тыя ж лісты дзьмухаўца ці крапівы можна нават марозіць на зіму. Трэба толькі перад замарозкай патрымаць іх у кіпені.

Крапіву, дзьмухавец, трыпутнік (як паасобку, так і разам) можна дабавіць у амлет. Пустазелле на гадзіну замачыце, здрабніце з зяленівам кропу, пятрушкі, цыбуляй. Дамяшайце сумесь з узбітых яек і малака — і на разагрэтую патэльню.

Каб крапіва «не кусалася», яе лепш апарыць ці крыху паварыць. Вымочваць «дзікуноў» трэба, каб пазбавіцца ад гаркаты. Між іншым, дзьмухавец у Еўропе — у вялікай пашане, яго (як, дарэчы, і лебяду) вырошчваюць на агародах. У Францыі нават вывелі спецыяльныя культурныя віды гэтай расліны, якія не гарчаць.

Калі лісце дзьмухаўца ідзе на салаты, гарніры, дык з кветак робяць віно і вараць варэнне.

Як толькі распусцяцца жоўтыя галоўкі, збярыце 300 штук для варэння. Выдаліце кветаножкі, пялёсткі прамыйце ў друшляку пад праточнай вадой. У кіпень (паўлітра) выкладзіце дзьмухаўцы. Як сумесь закіпіць, варыце каля 15 хвілін. Здымайце з агню і дайце пастаяць 8-10 гадзін. У працэджаны праз некалькі слаёў марлі настой дадайце 1—1,5 кг цукру, ускіпяціце і варыце яго, пакуль не пачне гусцець. За дзесяць хвілін да заканчэння варкі дадайце сок лімона. Можна паспрабаваць варыць дзьмухавец з лімонамі і апельсінамі (разам з лупінамі іх наразаюць кубікамі ці таркуць на тарцы, здрабняюць блэндарам).

Для віна можна выкарыстоўваць кветкі з кветаножкамі (тады смак будзе з гарчынкай) альбо толькі жоўтыя пялёсткі дзьмухаўца. Зноў жа існуюць рэцэпты, дзе дабаўляюцца лімоны і апельсіны. Гатовае віно павінна яшчэ пастаяць, каб быць смачнейшым, — дайце яму «дажыць» хаця б да Новага года.

Карэнне дзьмухаўца (як і лопуху), сабранае вясной, можа пайсці на напоі. Высушыце яго ў духоўцы (яшчэ можна падсмажыць), здрабніце ў парашок і заварвайце як альтэрнатыву каве (альбо выкарыстоўвайце як дабаўку ў каву ці напой з цыкорыю).

Вясенняе пустазелле ў салатах можна камбінаваць з традыцыйнымі кампанентамі — капустай, кропам, пятрушкай, агуркамі, памідорамі, радысам, цыбуляй, варанымі яйкамі, арэхамі. Запраўляць смятанай, алеем, маянезам, сокам лімона, воцатам.

Хочаце здзівіць сямейнікаў новымі рэцэптамі першых страў? Падайце боршч з крапівой і шчаўем, халаднік з зяленівам, зялёныя супы-пюрэ. Каб не страціць у час варкі вітаміны, кладзіце зяленіва ў кіпень і не варыце больш за 10-15 хвілін.

Рабіць супы з крапівы (ці лебяды) можна на мясным булёне, спалучаць з іншым зеленівам (напрыклад, шчаўем і шпінатам), гароднінай. Напэўна, самы папулярны рэцэпт — крапіўнае бацвінне: у булён пакладзіце нарэзаную бульбу, маладую крапіву, кроп, пятрушку, чорны перац гарошкам, соль. Узбоўтайце яйка і тонкім струменчыкам уліце ў каструлю. Падаваць трэба са смятанай.

Некаторыя гаспадыні, перш чым пакласці крапіву ў булён, тушаць яе з цыбуляй. Можна дабавіць абсмажаную муку, сок лімона, пакласці ў талерку палову варанага яйка.

Зяленіва дадаюць у начынку для пірагоў, пельменяў, піражкоў, у рагу, фарш, соусы.

А на дэсерт можаце пакаштаваць ачышчаныя сцябліны рэвеню з цукрам альбо зварыце з іх кампот.

Загаловак у газеце: Вітаміны пад нагамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.