Вы тут

Чарнобыль: каб памяталі


У Нацыянальнай бібліятэцы прадставілі выставачны і выдавецкі праекты, прысвечаныя Чарнобыльскай трагедыі.


Архіўныя дакументы і фотаздымкі, навуковыя, вучэбныя выданні, мастацкая літаратура, якія адлюстроўваюць Чарнобыльскую трагедыю. На выстаўцы “Чарнобыль. Выпрабаванне на трываласць” можна пабачыць і касцюм хімічнай абароны, у якіх працавалі ліквідатары наступстваў аварыі 30 гадоў таму. Экспазіцыя стала вынікам працы некалькіх устаноў – Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алена ДАЛГАПОЛАВА, прадстаўляючы экспазіцыю, распавяла:

- Яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў наша бібліятэка пачала працаваць над бібліяграфічныям даведнікам пра Чарнобыль, дзе адлюстроўваліся матэрыялы, прысвечаныя сацыялагічным, псіхалагіхным, медыцынскім, эканамічным праблемам трагедыі. Гэтая работа вялася цягам 20 гадоў. Пабачыла свет 9 выпускаў паказальніка, фарміравалася і электронная база дадзеных. 10 гадоў таму, да 20-годдзя аварыі на ЧАЭС, мы выдалі дыск, што змяшчаў больш як 22 тысячы дакументаў, прысвечаных гэтай тэме. Сённяшняя экспазіцыя – новы этап нашай працы ў галіне захавання памяці пра чарнобыль.

Дакументы, што сёння прадстаўленыя на выстаўцы і знаходзяцца ў вольным карыстанні ў архівах, з 1986 па 1989 год былі засакрэчаныя. Толькі з 1989 года для таго, каб прыняць правільнае рашэнне аб ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, матэрыялы пачалі выходзіць у адкрыты доступ. Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі Уладзімір АДАМУШКА распавёў:

- Архівісты былі аднымі з першых, хто пачаў справу данясення інфармацыі пра Чарнобыль да шырокага кола грамадзян. Да 20-годдзя катастрофы мы ўпершыню выдалі зборнік дакументаў, які тычыўся катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Тут мы змясцілі 88 дакументаў і надрукавалі іх упершыню, без усялякай ідэалагічнай афарбоўкі.. Да 25-годдзя памятнай даты – выдалі другі зборнік “Чарнобыльская трагедыя”, што змясціў ужо 144 дакумента. Сёлета прадставілі выстаўку - каб наведвальнікі маглі ўвачавідкі пабачыць дакументы, што тычацца гэтай трагічнай даты.

Але калі дакументы, даследаванні распавядаюць пра аб’ектыўныя факты трагедыі, то суб’ектыўны, чалавечы бок катастрофы паказвае навукова-мастацкі альбом “Чарнобыль”, упершыню выдадзены Дзянісам Раманюком у 2006 годзе. Ён меў вялікі поспех і заваяваў многія ўзнарагоды. Сёлета пабачыла свет другое выданне гэтай унікальнай кнігі – памяць для тых, хто адчуў бяду на сабе, гісторыя, настаўленне для ўсяго свету. Выданне аб’ектыўна інфармуе пра саму катастрофу, яе экалагічныя наступствы, культурныя, чалавечыя і матэрыяльныя страты. 256 старонак і 259 ілюстрацый, высокае паліграфічнае выкананне і надзвычай якасныя фотаздымкі. Стварэнне альбома заняло два гады, але аўтары тэкстаў і фотаздымкаў збіралі матэрыял значна даўжэй…

Выдавец, аўтар канцэпцыі, укладальнік альбома Дзяніс РАМАНЮК падкрэсліў:

- Часам у мяне пытаюцца, чаму гэтая кніга такая цяжкая, вялікая і нязручная. Я ж адказваю, што яна вельмі маленькая і лёгкая – у параўнанні з памерам бяды і цяжкім болем, пра які ідзе аповед на яе старонках. Цяжка паверыць, што з моманту першага выдання мінула 10 гадоў. Але, на жаль, і сёння гэтая трагічная дата застаецца актуальнай. За гэты час не стала многіх герояў кнігі, шмат вёсак бясследна знікла з зямлі. Па сённяшні дзень брама, якая вядзе ў Зону, зачыненая для нармальнага чалавечага жыцця.

Альбом складаецца з чатырох вялікіх раздзелаў. Над часткамі “Народ” і “Гісторыя” працаваў Дзяніс Раманюк, раздзел “Прырода” падрыхтаваў біёлаг, эколаг Ігар Бышнёў, а главу “Чалавек” распрацаваў фотакарэспандэнт газеты “Звязда” Анатоль Кляшчук. Другое выданне кнігі пабачыла свет пры падтрымцы многіх устаноў, у іх ліку - Праграма развіцця ААН у Беарусі, Пасольствы Літвы, ЗША, Германіі ў Беларусі, прадстаўніцтва Сусветнага банка, Міністэрства замежных спраў Ірландыі.

- Вырасла новае пакаленне, якое задае пытанні пра Чарнобыль, - дадае Дзяніс Раманюк. - Гэтая кніга зроблена, каб адказаць на іх. Таксама шмат арганізацый, дабрачынных фондаў адчуваюць неабходнасць у такім выданні – каб паказваць ва ўсім свеце вялікі боль ад Чарнобыльскай трагедыі. Альбом “Чарнобыль” важна не толькі глядзець, але і чытаць: за кожным здымкам, подпісам да яго стаіць вельмі шмат зместу.

vesialuha@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.