Вы тут

«Я не шкадую аб тым, як склалася маё жыццё пасля аварыі»


Кожны ў сваім жыцці сутыкаўся з тым, як адзіны выпадак можа нанова перапісаць усю біяграфію чалавека. Ты заканчваеш універсітэт, уладкоўваешся на працу, абжываешся з сям'ёй, плануеш будучае жыццё... Нешта падобнае было і з маладым хірургам Сяргеем Фраловым. У 1980-х ён працаваў па спецыяльнасці ў Ветцы, як раптоўна, нечакана выбухнула на Чарнобыльскай АЭС. Трагедыя, як і ў тысячах іншых выпадкаў, кардынальна змяніла яго жыццё і закінула пад Мінск, у Жодзіна, на некалькі соцень кіламетраў ад месца, дзе так хацелася жыць.


«У нас медыкі пра аварыю нічога не ведалі»

З Сяргеем Міхайлавічам мы сустракаемся непадалёк ад мясцовай паліклінікі, ягонага цяперашняга месца працы. Як і трыццаць гадоў таму, так і зараз, ён запатрабаваны — лечыць людзей. Толькі ў працоўнай кніжцы замест Веткі ўжо даўно з'явілася Жодзіна.

— У Ветку я пераехаў пасля таго, як у 1979 годзе скончыў Гродзенскі медыцынскі інстытут, — пачынае аповед суразмоўца. — Працаваў спачатку хірургам, пасля — начмедам. На той момант Ветка, якая знаходзіцца за 12-15 кіламетраў ад Гомеля, была неблагім месцам для працаўладкавання. Пры гэтым у абласным цэнтры жыў і працаваў судмедэкспертам мой брат. З часам перавезлі да сябе бацькоў. Прынялі рашэнне, што будзем жыць паблізу адно ад аднаго.

Працы ў Ветцы хапала. У нашай бальніцы быў добры калектыў. А ў 1984 годзе я паступіў у клінічную спецардынатуру: працаваў па спецыяльнасці і паралельна рыхтаваўся да работы за мяжой. Праз два гады скончыў. Якраз тады, калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. 30 сакавіка ў мяне нарадзілася дачка. У маі было размеркаванне... Памятаю, паехаў тады ў Міністэрства аховы здароўя, каб абмеркаваць сваю працу за мяжой, і пачуў: «Пра што вы гаворыце? Якое замежжа? У нас няма каму працаваць!» І сапраўды, у наступныя 6-8 месяцаў з Гомельскай вобласці з'ехала вельмі шмат урачоў. Хто паехаў у ЗША, хто — у Ізраіль, астатнія — у іншыя рэгіёны Савецкага Саюза. Я застаўся. Напачатку з-за недахопу кадраў працаваць было даволі складана. Былі часы, калі за адну ноч па шэсць разоў выклікалі ў бальніцу.

Пра аварыю я даведаўся на чацвёрты-пяты дзень пасля яе. 1 мая ў нашым райцэнтры, як і паўсюль, праходзіла дэманстрацыя. Першы сакратар райкама партыі пра аварыю, упэўнены, ведаў. Але нікога  з людзей тады не папярэдзілі. Звестка пра трагедыю па замежных каналах прайшла на наступны дзень. Першымі трывогу забілі шведы. Яны заўважылі, што ў іх рэзка павысіўся ўзровень радыяцыі. Ну а мы, медыкі, як і астатнія жыхары, нічога не ведалі. Помню толькі тое, што стаяў спякотны вясновы дзень. Хутка з'явілася інфармацыя, што ва Украіне выбухнуў рэактар. Здавалася, што гэта, мабыць, дзесьці далёка. Ніхто не ведаў, што так блізка... Неўзабаве пайшлі каманды: «На вуліцу не выходзіць!», «Засцерагчы дзяцей!». Як нам пасля стала вядома, пры першым выбуху адбыўся вялікі выкід радыеактыўнага ёду. У Ветцы здымалі забруджаны грунт, шыферныя дахі, зносілі старыя хлявы, асфальтавалі дарогі. У нас пазбіралі ўсе драўляныя скульптуры — назапашвае радыяцыю. Замест іх паставілі жалезабетонныя. І ў адным дзіцячым садку мне вельмі спадабалася скульптура дзядулі, які сядзіць каля разбітай начоўкі. Хацеў нават яе сфатаграфаваць і адправіць ва ўсесаюзны часопіс «Здароўе» з подпісам «Ля разбітага рэактара». Было б даволі сімвалічна.

— Ці была паніка ў Ветцы?

— Яна з'явілася дзесьці праз месяц пасля аварыі, калі людзей пастаянна папярэджвалі пра ўзровень небяспекі. У каго былі магчымасці, адразу з'язджалі. Жонка з дзецьмі на першы час пераехалі ў Брэсцкую вобласць. Але такога масавага ад'езду, як гэта было ў Чарнобылі, Прыпяці, у нас, безумоўна, не было. Людзі жылі сваім жыццём, працавалі. Перыядычна ўзнікалі хваляванні, збіраліся мітынгі. Арганізаванае высяленне з Веткі пачалося толькі ў 1991 годзе. Гэтаму папярэднічаў візіт да нас Міхаіла Гарбачова. Ён з дэлегацыяй наведаў зону, з якой ужо выселілі людзей. І калі ўсё пабачыў на свае вочы, сказаў, што і астатніх трэба адсяляць. Радыяцыйны фон у Ветцы павысіўся праз некалькі месяцаў пасля аварыі. Рэактар доўга не маглі закрыць. Адбылося яшчэ некалькі выкідаў. Як разумею, яны пасля і накрылі Ветку. Кажуць, што воблака рухалася ў бок Гомеля. Яго трэба было адстрэльваць. Так стралялі, што яно «ўпала» ў лясны масіў каля Веткі.

У некаторых вёсках каля райцэнтра пачалі будаваць пасёлкі для жыхароў Нараўлянскага, Брагінскага раёнаў — мясцін, якія зачапіла яшчэ больш. Аднак сітуацыя пасля пагоршылася. Узровень радыяцыі там настолькі павысіўся, што людзі пачалі панікаваць. Будаўніцтва адразу спынілася.

«Амаль ва ўсіх пацыентаў былі праблемы з імунітэтам»

— У вашу бальніцу траплялі пацыенты з прамянёвай хваробай?

— Такіх выпадкаў не было. Радыяцыя паўплывала на імунітэт людзей. Амаль ва ўсіх пацыентаў, якія ляжалі ў бальніцы, была лейкапенія, зніжаная колькасць лейкацытаў у крыві. Многія скардзіліся на металічны прысмак у роце, горыч, павышаную стамляльнасць.

— Як адсялялі людзей?

— Метадам пераканання. Стараліся запэўніць іх у тым, што ў гэтай зоне жыць нельга. Малако — бруднае, мяса — таксама. Адсялялі не толькі маленькія вёскі, але і вялікія. Яны былі б зараз аграгарадкамі. Выселілі, дарэчы, і жыхароў Старых Грамык, радзімы вядомага савецкага дыпламата, старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Андрэя Грамыкі.

— Але як выселіць пенсіянера, які «ворага» ў твар не бачыць?!

— Гэта было самае складанае. Я ўваходзіў у склад інфармацыйнай групы. Мы агітавалі людзей пакідаць забруджаныя вёскі. Памятаю, спрабуеш многіх пераканаць у тым, што прадукты есці нельга, а яны кажуць: «Як нельга? Гэта ж сваё, роднае, чыстае. Яно нічым не пахне!» Усё ж такі высяленне адбылося. Людзям сталі даваць новае жыллё і пераважна ўсе з'ехалі. Пустыя, пакінутыя вёскі стваралі цяжкае ўражанне. Не сакрэт, што пасля адсялення па вёсках ездзілі марадзёры і кралі цэглу, дошкі, бетонныя пліты. Пакуль ехаў праз пакінутыя вёскі ў Свяцілавічы, дзе працавала бальніца, можна было ўбачыць некалькі ласіных статкаў, дзікоў. Самасёлы яшчэ не з'явіліся, аднак жыў у раёне адзін дзядуля, настаўнік нямецкай мовы. Разводзіў кароў, цялят. Лёс ягоны скончыўся трагічна. Яго забілі.

— Ці добра забяспечвалі прадуктамі веткаўскія крамы?

— Так, і калі ў многіх гарадах прылаўкі пуставалі, на нашых прадуктаў хапала. Прадавалася кітайская і расійская тушонка, марская рыба... Усяго гэтага было з лішкам. А вось згушчанага малака з Рагачова не было. Малако добра назапашвае радыяцыю.

«Пераезд як перасадка саду»

— Куды адсялялі жыхароў Веткаўскага раёна?

— Многія пераехалі жыць у Гродзенскую вобласць, суседнія раёны, у Мінск (мікрараёны Малінаўка, Шабаны)... З'ехаць можна было ў любы горад Беларусі. Людзям прадастаўлялі спіс населеных пунктаў, і яны ўжо самі выбіралі.

— А вы абралі Жодзіна.

— З Веткі сюды шмат людзей пераехала. Тут для перасяленцаў пабудавалі два дамы. І мы разам з сябрамі вырашылі ехаць у Жодзіна. Чым абумоўлены выбар? Гарадок неблагі, знаходзіцца каля сталіцы, ёсць добрыя транспартныя зносіны паміж гарадамі. Дзяцей адразу размеркавалі па школах, садках. Летась да нас разам са Святланай Алексіевіч прыязджала японская здымачная група. Запісвалі інтэрв'ю. І яны таксама пыталіся пра адаптацыю перасяленцаў. Я ім прывёў наступны прыклад. Пераезд людзей можна параўнаць з перасадкай саду. Ты перасадзіў старое дрэва. Яно пахварэла, пахварэла і засохла. Пасля перасадзіў дрэва сярэдняга веку. Яно пахварэла, але і прыжылася. А маладым усё роўна. Так здарылася і з людзьмі. Частка проста не здолела прыжыцца і вярнулася назад — на радзіму. З нашага дома з'ехалі многія.

— Вы даўно былі ў Ветцы?

— Бываю там кожны год. Пастаянна езджу на Радуніцу, каб наведаць бацькоўскія магілы. Я маці перавёз у Жодзіна, бо лічу, што нельга там кідаць адзінокіх старых. Але яна завяшчала, каб у любым выпадку пахавалі яе ў Ветцы.

— З-за катастрофы на АЭС вашае жыццё змянілася кардынальна.

— Безумоўна. Але з пераездам у новы горад працу я не згубіў. Рабіў у паліклініцы, у стацыянары. Таму і не шкадую я аб тым, як жыццё склалася пасля аварыі.

taras@zviazda.by

Фота з архіва Сяргея Фралова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».