Вы тут

Грамадзянін Зямлі — «Эцьен»


«Прыязджаць сюды, у Чавусы, у адпачынак ты не можаш. Але, можа, хоць які-небудзь адрас у цябе ёсць? Ці адрас так хутка мяняецца, што мой ліст цябе не зможа дагнаць?» — «Адрас у мяне якраз пастаянны, — аджартаваўся Лёвушка. — Зямля, да запатрабавання».

Яўген Вараб'ёў. «Зямля, да запатрабавання»


З жонкай Надзеяй. Уфа. 1921.

Менавіта так: «Зямля, да запатрабавання» — называўся вядомы ў свой час раман савецкага празаіка Я. Вараб'ёва, а потым — і фільм, якія, у адрозненне ад многіх іншых падобных твораў «пра разведчыкаў», былі заснаваныя на рэальных фактах і расказвалі пра рэальнага чалавека. Менавіта дзякуючы мастацкім творам, разведчык Леў Маневіч, чыё імя да лютага 1965 года было вядома вузкаму колу асоб у сценах Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштаба Савецкай Арміі, ды заставалася ў памяці блізкіх, стаў вядомы на ўвесь свет.

Ён быў рэзідэнтам савецкай разведкі ў Аўстрыі і Італіі, дзе паспяхова здабываў каштоўныя звесткі з кастрычніка 1929-га па верасень 1932 года. Заслугі гэтага чалавека былі настолькі важкія, што пра яго з павагай адгукаўся нават Уладзімір Рэзун, былы савецкі разведчык, які ў свой час перабег на Захад і стаў займацца там літаратурай у галіне гістарычнага рэвізіянізму. У сваім нашумелым шпіёнскім рамане «Акварыум» Віктар Сувораў (літаратурны псеўданім Рэзуна) сказаў пра «Эцьена» (такую мянушку меў Леў Маневіч) і яго месца працы — Італію:

«Можа, хтосьці і недаацэньвае Італію як радзіму геніяльных мысліцеляў, ды толькі не ГРУ. У гэтай канторы ведаюць, што ў італьянцаў — галовы мысліцеляў. Галовы геніяльных вынаходнікаў. Мала хто ведае пра тое, што Італія ў перадваенныя гады мела небывалы тэхналагічны ўзровень. Ваявала яна без асаблівага бляску, менавіта гэта і засланяе італьянскія дасягненні ў галіне ваеннай тэхнікі. Але гэтыя дасягненні, асабліва ў авіяцыі, падводных лодках, хуткасных катарах, былі проста ўражальныя. Палкоўнік ГРУ Леў Маневіч перад вайной пераправіў ў Саюз тоны тэхнічнай дакументацыі, непераўзыдзенай важнасці».

І гэта сапраўды так, Італія 30-х гадоў была не апошняй у ліку дзяржаў, якімі цікавілася савецкае разведупраўленне. Пасылалі туды лепшых, і Леў Маневіч давер «Дырэктара» апраўдаў.

Лёсы разведчыкаў бываюць вельмі трагічнымі. Усяго тры гады працы — але якія! А затым — гады турмаў, канцлагераў і, нарэшце, свабода, якая толькі паманіла змучанага вязня. Ён ужо не меў сіл жыць, каб дабрацца дадому.

Леў Яфімавіч Маневіч нарадзіўся ў горадзе Чавусы Магілёўскай губерні 20 жніўня 1898 года. У царскую эпоху Гомель, Магілёў і Бабруйск складалі беларускі пояс яўрэйскай аселасці, адкуль выйшла нямала палітычных дзеячаў, прафесійных рэвалюцыянераў, а то і проста тэрарыстаў радавога складу. Энергічныя маладыя людзі, якія ўвабралі ў сябе, у духу таго часу, радыкальных ідэй, увасаблялі іх у жыццё з абсалютнай упартасцю і мэтанакіраванасцю. І не было нічога дзіўнага ў тым, што ў рэвалюцыю ішлі сем'ямі.

Якаў, старэйшы брат Льва Маневіча, з маладых гадоў удзельнічаў у рэвалюцыйным руху быў членам РСДРП. У 1905 годзе, калі ён служыў у арміі, яго арыштавалі за захоўванне ў казарме гектографа (капіравальнага прыбора для размнажэння адбіткаў з рукапіснага або машынапіснага тэксту), бальшавіцкіх пракламацый і зброі: шаснаццаці фунтаў дынаміту, «браўнінга» і патронаў. Ён быў адпраўлены на выпраўленне ў дысцыплінарную вайсковую часць у Бабруйскай крэпасці. Але сябры не пакінулі ў бядзе, і з дапамогай баявой групы (куды, дарэчы, уваходзіла і сястра Маневіча), ён збег з катаржнага цэнтрала, перайшоў мяжу, дабраўся да Германіі і выехаў у Швейцарыю. Вясной 1907 года ў Цюрых, дзе асеў Якаў, прывезлі, пасля смерці маці, яго малодшага брата Льва.

У Цюрыху дзевяцігадовага хлопчыка ўладкавалі ў Політэхнічны каледж, дзе ён вельмі хутка асвоіў гутарковую нямецкую мову. Да заканчэння каледжа Леў Маневіч свабодна валодаў таксама французскай і італьянскай мовамі, на якіх размаўляюць у швейцарскіх кантонах. Браты хадзілі на выступленні Леніна, які знаходзіўся ў той час у Швейцарыі. Маневічы наведвалі яго даклады і выступленні ў Цюрыхскім Народным доме, чыталі артыкулы правадыра бальшавікоў у газеце «Социал-демократ». 9 красавіка 1917 года браты праводзілі цягнік, на якім разам з Леніным у рэвалюцыйную Расію адправіліся чатыры дзясяткі палітэмігрантаў.

А 20 чэрвеня 1917-га браты Маневічы самі выехалі на радзіму. Вярнуўшыся дамоў, Леў Маневіч пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную гвардыю і ўжо ў 1918 годзе ўступіў у РКП(б). Ваенны лёс закінуў яго ў Баку, у рады Першага інтэрнацыянальнага палка. Ваяваў у Мешадзі Азізбекава, аднаго з 26 бакінскіх камісараў, у складзе міжнароднага палка Бакінскага Савета ўдзельнічаў у баях супраць мусавацістаў (грунтуючыся на ідэях панісламізму і панцюркізму, мусавацісты вылучылі лозунг стварэння пад эгідай Турцыі і Азербайджана адзінай цюркскай дзяржавы).

Расказваючы пра тыя гады, яго баявы таварыш Якаў Мікітавіч Старасцін, чыім імем і біяграфіяй праз 25 гадоў рэзідэнт «Эцьен» прыкрыецца ў фашысцкім канцлагеры, успамінаў: «У 1920 годзе я быў прызначаны старшынёй райпалітаддзела станцыі Самара. Зімой у раёне Сызрані, Сургута, Падбельскай меншавікі ўзнялі паўстанне сялян-башкіраў. Мне было даручана мабілізаваць членаў партыі. Маневіч сам прыйшоў да мяне першым. Я прызначыў яго камандзірам атрада. Калі атрад камуністаў прыбыў на месца, Маневіч адзін пайшоў да паўстанцаў і сілай свайго слова, сілай бальшавіцкай праўды пераканаў іх скласці зброю. Ноччу башкіры праводзілі Маневіча да склада, дзе камунары чакалі свайго камандзіра». Пра гэта расказваецца ў зборніку «Чэкісты», які выйшаў у 1970 годзе.

Леў Яфімавіч Маневіч (агентурны псеўданім — Эцьен), савецкі ваенны разведчык, Герой Савецкага Саюза

Нарадзіўся ў 1898 годзе ў горадзе Чавусы (цяпер Магілёўская вобласць) у сям'і дробнага служачага. Юнацкія гады правёў у Швейцарыі, дзе далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці.

У 1917 годзе вярнуўся на радзіму, у красавіку 1918-га добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію. Удзельнік Грамадзянскай вайны на Усходнім фронце і на Каўказе, быў камісарам бронецягніка, штабным работнікам, камандзірам атрада спецыяльнага прызначэння.

Скончыў вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА, Ваенную акадэмію і курсы пры Ваенна-паветранай акадэміі імя М.Я. Жукоўскага, служыў у разведупраўленні РСЧА.

З сярэдзіны 1920-х да пачатку 1930-х гадоў перыядычна знаходзіўся за мяжой, выконваючы разведвальныя заданні. У 2-й палове 1920-х гадоў выконваў заданні па нейтралізацыі ворагаў Савецкай улады за мяжой (у асноўным белаэмігрантаў і перабежчыкаў). Афіцыйна быў пераведзены на службу ў Народны камісарыят замежных спраў СССР.
У 1935 годзе прысвоена званне палкоўніка.

Быў арыштаваны італьянскай контрразведкай і прысуджаны да працяглага турэмнага зняволення. У 1943 годзе перададзены немцам і ўтрымліваўся ў лагерах Маўтгаўзен, Мельк і Эбензэе. У канцлагеры стаў адным з кіраўнікоў падполля.

Быў вызвалены 6 мая 1945 года амерыканскімі войскамі, але неўзабаве памёр ад сухотаў. Пахаваны ў Лінцы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 лютага 1965 года за доблесць і мужнасць, праяўленыя пры выкананні спецыяльных заданняў Савецкага ўрада перад Другой сусветнай вайной і ў гады барацьбы з фашызмам, палкоўніку Маневічу Льву Яфімавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).

Тым часам малады дзяржаўны апарат Краіны Саветаў, у тым ліку і разведка, востра мелі патрэбу ў новых супрацоўніках, асабліва ў тых, якія валодалі замежнымі мовамі. Таму 9 сакавіка 1920 года ЦК РКП(б) разаслаў па вертыкалі па ўсёй краіне тэлеграмы з просьбай прадаставіць Цэнтральнаму Камітэту звесткі аб такіх людзях. У адказ на гэта Самарскі губернскі камітэт партыі выслаў у Маскву адпаведны спіс, дзе былі даныя і пра Маневіча, які «валодае трыма замежнымі мовамі і які меў вопыт жыцця ў еўрапейскіх краінах».

Якраз у гэты ж час, у красавіку 1920 года, начальнік савецкай ваеннай разведкі Уладзімір Хрысціянавіч Аусэм звярнуўся з лістом у Аргбюро ЦК РКП(б), у якім пісаў, што з заканчэннем Грамадзянскай вайны на першае месца выходзіць «глыбокая разведка» ў краінах Заходняй Еўропы, Японіі і Амерыкі, «якія могуць разглядацца як патэнцыйныя праціўнікі». І адзначаў далей, што замежная сакрэтная разведка «значна адрозніваецца ад разведкі ў тыле белагвардзейцаў» і патрабуе ад асоб, якія яе вядуць, «вялікага палітычнага далягляду, ведання моў і мясцовых умоў». Рэзалюцыя на дакуменце была станоўчай: «тав. Аусэму неабходна дапамагчы людзьмі, хто ведаў тамтэйшыя ўмовы і мовы».

Неўзабаве Льва Маневіча выклікалі ў Маскву і накіравалі на вучобу ў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА, якую ён скончыў у 1921 годзе і ў ліку іншых выпускнікоў быў прыведзены да прысягі 1 мая 1922 года на Краснай плошчы ля сцен Крамля. Потым перспектыўнага маладога чалавека прызначылі слухачом Ваеннай акадэміі Чырвонай Арміі, дзе ён вывучаў яшчэ адну мову — англійскую, і адразу ж пасля выпуску, 22 жніўня 1924 года, яго накіравалі ў распараджэнне разведвальнага ўпраўлення. Паўгода (красавік — верасень 1925 года), як этап падрыхтоўкі да работы за мяжой, Леў Яфімавіч правёў у Сакратарыяце РВС СССР на пасадзе «для асаблівых даручэнняў».

З лістапада 1925-га па сакавік 1927-га «Эцьен» (Леў Маневіч атрымаў такі аператыўны псеўданім) паспяхова выконваў свае першыя заданні ў Германіі. Вярнуўшыся на радзіму, месяц правёў з сям'ёй у падмаскоўным доме адпачынку ваеннай разведкі. А 1 мая 1927-га быў прызначаны начальнікам сектара 3-га (інфармацыйна-статыстычнага) аддзела Разведупра і праз восем месяцаў накіраваны ў армейскую часць на стажыроўку, якую павінны былі прайсці ўсе, хто скончыў ваенную акадэмію. Завяршыў яе ў 1928 годзе па пасадзе камандзіра роты ў 164-м стралковым палку, пасля чаго паступіў на страявое аддзяленне Курсаў удасканалення начсаставу ВПС пры Ваенна-паветранай акадэміі імя М.Я. Жукоўскага. Перад выпускам, калі яму было прысвоена званне «лётчык-назіральнік» Паветранага флоту РСЧА, Леў Яфімавіч атрымаў наступную атэстацыю:

«Выдатных разумовых здольнасцяў. З вялікім поспехам і лёгка авалодвае ўсёй вучэбнай работай, падыходзячы да вывучэння кожнага пытання з разуменнем, здаровай крытыкай і сістэматычна. Акуратны. Вельмі актыўны. Валодае вялікай здольнасцю перадаваць веды іншым. Дысцыплінаваны. Характару цвёрдага, рашучага; вельмі энергічны, часам залішне гарачы. Здаровы, прыдатны да лётнай працы. Мае вопыт начных палётаў. Карыстаецца аўтарытэтам сярод слухачоў і імпануе ім сваімі ведамі. Актыўна вядзе грамадска-палітычную работу. Выснова: Маневіч цалкам паспяхова можа несці страявую лётную службу. Пасля стажыроўкі абяцае быць добрым камандзірам асобнай авіячасці і не менш добрым кіраўніком штаба».

Не менш бліскуча быў атэставаны Маневіч і камандзірам эскадрыллі 44-га авіяатрада, дзе ён стажыраваўся, старшым лётчыкам Вярнігародам: «Да работы адносіцца ў вышэйшай ступені добрасумленна і зацікаўлена. Лётае з вялікай ахвотай. Энергічны, дысцыплінаваны, валодае добрай ініцыятывай і кемлівасцю. Вынослівы. Часцяком працуе з перагрузкай. Свае веды і вопыт умее добра перадаваць іншым».

Пасля такіх бліскучых характарыстык выпускніка трох ваенных навучальных устаноў пачалі рыхтаваць да новай замежнай камандзіроўкі. Спачатку Ян Карлавіч Берзін, адзін са стваральнікаў і кіраўнік савецкай ваеннай разведкі, армейскі камісар 2-га рангу, меркаваў выкарыстоўваць Маневіча на рабоце па легальнай лініі ў ЗША, мабыць у Амгандлі (акцыянернае таварыства, заснаванае ў штаце Нью-Ёрк у 1924 годзе з мэтай садзейнічання развіццю савецка-амерыканскага гандлю ў першыя гады існавання Савецкага Саюза), дзе служылі многія супрацоўнікі разведкі ваенна-тэхнічнага напрамку. Аднак потым было вырашана адправіць яго ў Італію ў якасці нелегала.

Партрэт Л.Я. Маневіча (злева) і кадр з фільма «Зям­ля, да за­па­тра­ба­ван­ня». Алег Стрыжэнаў (справа)  знешне не быў падобны да Льва Маневіча, але выдатна выканаў яго ролю ў карціне.

У жыцці разведчыкаў-нелегалаў ёсць асобная драматычная старонка — гэта сям'я. Кожны па-свойму вырашаў гэтую праблему. Невядома, што горш: браць жонку і дзяцей з сабой у «замежкамандзіроўку», падвяргаючы іх усім небяспекам сваёй работы, ці пакідаць іх у СССР, асуджаючы на пастаяннае расстанне. Калі жонка — таксама разведчыца, калі яна падрыхтавана да канспіратыўнай работы — тады ўсё прасцей. А калі — не?

Улетку 1921 года Леў Маневіч ажаніўся з 22-гадовай Надзеяй Міхінай, дачкой самарскага фельчара, студэнткай медыцынскага факультэта. Надзея Міхіна — карэнная самарчанка. Вось што расказвае пра знаёмства бацькоў іх дачка Таццяна Львоўна Маневіч: «У Грамадзянскую вайну бацька служыў у разведцы аднаго з палкоў, затым трапіў на Волгу — у Самару і ва Уфу. У гэтыя гады, дзякуючы сваёй эрудыцыі ён быў прызначаны прапагандыстам-агітатарам. Аднойчы мама разам з сяброўкай паехалі ў суседні горад, дзе слухалі выступленне агітатара, якім усе захапляліся, уся аўдыторыя была ўражана ім. А калі яны вярталіся дадому, то ў вагоне поезда аказаўся гэты самы агітатар, мой будучы бацька. З гэтых хвілін свет для мамы стаў іншым. А ў яе ж ужо быў жаніх — ні многа і ні мала, а сын губернатара, і было прызначана вяселле...».

Пасля германскай камандзіроўкі Берзін, да радасці жонкі, абяцаў больш не накіроўваць Маневіча на працу за мяжу. Але тым не менш Леў Яфімавіч сваю маленькую дачку, якая з'явілася на свет праз год пасля вяселля, вучыў нямецкай мове ўсур'ёз, аж да таго, што дзяўчынка магла з лёгкасцю чытаць не толькі лацінскі, але і гатычны шрыфт. І калі высветлілася, што ў Італію, акрамя Маневіча, паслаць няма каго, Надзея настаяла на тым, каб ехаць разам з мужам.

«Разам» — аказалася, вельмі ўмоўна. Сям'я павінна была жыць у Вене, куды бацька будзе толькі час ад часу прыязджаць. Дзяўчынка да таго часу нядрэнна гаварыла па-нямецку, але Надзея не ведала ні адной замежнай мовы. А пашпарт Надзея Дзмітрыеўна атрымала на імя грамадзянкі Фінляндыі Марыі Вестэрхольм, Таня ў яе дакументах была запісана як дачка Айна.

Што значыць для нелегала ехаць за мяжу з маленькім дзіцем, якое павінна ўвесь час памятаць свае новыя імя і прозвішча, новую нацыянальнасць, іншыя, нават дробязныя рэчы, на якіх «сыплюцца» часам нават вопытныя разведчыкі? Таццяна Маневіч пазней успамінала: «У Берліне, у гасцініцы, адбыўся адзін маленькі эпізод, які мог каштаваць нам вельмі дорага. Я, як і бацька, вельмі любіла спяваць, спявала цэлымі днямі. І вось аднойчы, прытанцоўваючы па калідоры гасцініцы, накіроўваючыся да нашага нумара, я спявала песню, якая заканчвалася словамі: «Ура, ура Советская страна!»
І з гэтымі словамі я ўляцела ў нумар. Да гэтага часу памятаю збялелыя твары бацькоў...» Успаміны яе, дарэчы, былі надрукаваны ў майскім нумары часопіса «Неман» за 1984 год.

Неўзабаве жонка і дачка засталіся ў Вене адны. На развітанне Маневіч сказаў дачцэ: «Татусь, памятай, ад тваіх паводзінаў залежыць ваша і маё жыццё!». Але яны абедзве так і не здолелі цалкам ужыцца ў ролю. Дзяўчынку трэба было рыхтаваць у школу. Па дакументах яны лічыліся лютэранкамі, і аднойчы настаўніца Тані павяла клас у мясцовую царкву. Тая засыпала яе пытаннямі. Вярнуўшыся, настаўніца здзіўлена спытала ў маці: «Фраў Марыя, чаму Айна нічога не ведае пра Хрыста?»

Не было нічога дзіўнага ў тым, што неўзабаве за імі пачалося сачэнне. Калі яны шпацыравалі па вуліцы, маці прасіла дзяўчынку непрыкметна назіраць, ці ёсць за імі «хвост». Неўзабаве Таня ўжо ведала шпіка, які суправаджаў іх, у твар. Аднойчы да іх дадому прыйшлі двое ў цывільным, якія вельмі падрабязна распытвалі пра бацьку.

Надзеі Дзмітрыеўне ўжо было ясна, што рашэнне паехаць за мяжу разам з мужам было авантурай. Трэба было з'язджаць. Візіты ў паўпрэдства ім былі самым строгім чынам забаронены. Але аднойчы на вуліцы яны выпадкова сустрэлі знаёмую ім Наталлю Уладзіміраўну Званарову, якая па лініі Разведупра якраз там і працавала. Маці расказала ёй пра тое, што адбываецца, і сям'ю тут жа вывезлі назад у СССР. Таня больш ніколі не бачыла бацькі. Некаторы час яны атрымлівалі ад яго рэдкія лісты, а потым перасталі прыходзіць і яны...

Такім чынам, у снежні 1929 года, пасля адпаведнай падрыхтоўкі, Маневіч з дакументамі на імя Конрада Кёртнера быў легалізаваны ў Аўстрыі. У Вене, на Марыяхільферштрасэ, Кёртнер адкрыў патэнтнае бюро «Эўрыка», дзе можна было аформіць патэнт або набыць ліцэнзію на вынаходства, ужо зарэгістраванае ў бюро патэнтаў. Для той дзейнасці, якую фірма прадставіла як асноўную, назва падыходзіла як нельга лепш: аўстрыйскі прадпрымальнік Конрад Кёртнер заснаваў абсалютна незалежнае патэнтнае бюро. Яно мела шырокія сувязі ў прамысловых колах па ўсёй Еўропе і нават за акіянам. Трэба сказаць, што «Эўрыка» не збіралася канкурыраваць з Міжнародным патэнтным бюро. Ды і новыя вынаходкі яна не збіралася патэнтаваць. Маневіч-Кёртнер прапанаваў еўрапейскім вынаходнікам зусім іншае. Ён прымаў у сябе інжынераў, вынаходкі якіх ужо былі зарэгістраваныя, але пакуль не знайшлі шырокага прымянення. Менавіта гэта — самае шырокае прымяненне — гер Кёртнер і прапаноўваў аўтарам. Але толькі ў тым выпадку, калі інжынеры дадуць яму УСЮ тэхнічную дакументацыю па новых тэхналогіях.

Вядома, у той хвалі зваротаў, якая абрынулася на «Эўрыку», было вельмі шмат утапічных або проста вар'яцкіх праектаў. Аднак Маневіч і сам быў інжынерам. А таму разумеў, дзе вынаходніцтва дутае, а дзе можа быць рэальнае рацыянальнае зерне. У СССР пацякла самая разнастайная інфармацыя. Пачынаючы ад новых металасплаваў і заканчваючы распрацоўкамі фарсажных рухавікоў.

Прыкрыццё пад маскай прадпрымальніцкай дзейнасці аказалася вельмі карысным, тым больш што гаспадар канторы быў пілотам, часта бываў на аэрадромах. У Маневіча склалася шырокае кола знаёмстваў сярод лётчыкаў, планерыстаў, тэхнікаў, матарыстаў, наладчыкаў, а таксама авіяканструктараў. Разведчыку ўдалося заваяваць давер нямецкіх прамыслоўцаў, і ў далейшым ён прадстаўляў цэлы шэраг вядучых германскіх авіяцыйных, суднабудаўнічых і машынабудаўнічых фірмаў за межамі Трэцяга рэйха. Пераадолеўшы масу перашкод і заручыўшыся рэкамендацыйнымі лістамі вядомых германскіх фірмаў, звязаных з вермахтам, які год ад году набіраў сілу, і «Люфтганзай», Маневіч-Эцьен атрымаў нават візу на ўезд у Іспанію. Тут, скарыстаўшыся знаёмствам са знакамітым іспанскім асам Аўгуста Агірэ, Эцьен рэгулярна з'яўляўся проста на аэрадроме франкістаў, дзе неўзабаве зарэкамендаваў сябе як дасведчаны авіяцыйны інжынер, які выдатна разбіраецца ў самалётных рухавіках. Невыпадкова германскія і італьянскія авіятэхнікі сталі рэгулярна запрашаць Кёртнера для ўдзелу ў своеасаблівых тэхнічных кансіліумах, дзе шукаліся прычыны тых ці іншых непаладак, якія не былі рэдкасцю на «сырых» нямецкіх і італьянскіх самалётах. У выніку Эцьен атрымаў унікальную магчымасць дасканала, што называецца, да вінціка, вывучыць як моцныя, так і слабыя бакі найноўшай варожай тэхнікі.

Помнік Л.Я. Маневічу ў Аўстрыі.

Здабываемыя матэрыялы праз Цэнтр неадкладна паступалі ў савецкія авіяцыйныя канструктарскія бюро, дзе ўжо поўным ходам ішла праца над стварэннем нашых новых знішчальнікаў — знакамітых у далейшым «Як» і Ла», на якіх савецкім лётчыкам у Вялікую Айчынную вайну і давялося граміць хвалёных асаў «люфтвафэ».

Галоўнай задачай «Эцьена» ў Італіі быў збор інфармацыі па пытаннях, звязаных са «сляпымі» палётамі, пілатавання па прыборах, а таксама з палётам авіяцыйнага падраздзялення ў страі і ў тумане. Але, зразумела, кола пытанняў, якія павінен быў вывучаць Маневіч, не абмяжоўвалася толькі авіяцыяй. Не менш пільную ўвагу ён удзяляў і ваеннаму суднабудаванню, якое было ў Італіі на вельмі высокім узроўні. У прыватнасці, аб'ектам інтарэсаў Маневіча была суднабудаўнічая фірма «Ота Мелара».

Для сувязі з Цэнтрам у распараджэнне нелегальнай рэзідэнтуры «Эцьена» ў Італію была паслана радыстка. «Дахам» для яе стала міланская кансерваторыя, дзе студэнтка з Вены фройляйн Інгрыд вырашыла працягнуць музычную адукацыю. Нелегальны перадатчык, які выходзіў у эфір з пазыўнымі «Травіята», быў уманціраваны ў патэфон, на якім студэнтка кансерваторыі слухала оперную музыку.

Зразумела, большую частку патрэбнай інфармацыі Маневіч мог атрымаць толькі ад агентаў. Таму пытанне вярбоўкі агентуры было для яго прыярытэтным. Адразу, толькі прыехаўшы ў Мілан, ён даў у газеце аб'яву: «Канторы «Эўрыка» патрабуецца сакратар». З усіх прапаноў Маневіч выбраў кандыдатуру Джаніны Эспазіта. Прычын было некалькі. Бацька Джаніны памёр ад траўмаў, атрыманых у бойцы з фашыстамі каля прахадной завода, дзе ён працаваў, і Маневіч вырашыў праз яе выйсці на італьянскіх левых. Акрамя таго, айчым Джаніны — Паскуале Эспазіта — працаваў на авіяцыйным заводзе майстрам зборачнага цэха. Сам Паскуале ў маладосці меў радыкальныя левыя погляды, бываў у рэдакцыях камуністычных газет, аднак пасля турынскай разні камуністаў у снежні 1922 года вырашыў не лезці ў палітыку. Варта адзначыць, што агентурная сетка Маневіча была вельмі шырокай. Так, ён меў сваіх людзей у многіх партовых гарадах Італіі, што дазваляла яму кантраляваць перакідку італьянскіх войскаў і ваенныя пастаўкі.

1932 год стаў пераломным у лёсе Льва Маневіча. Небяспечная праца пачынала адбівацца, вырасла нервовае напружанне. Маневіч стаў прасіць замену.

6 мая 1945 года лагер быў вызвалены амерыканскімі войскамі. Палітычных зноў выпусцілі на волю і пасялілі ў «Спорт-гатэлі» гарадка Штайнкогель на беразе ракі Зэе. Там 9 мая, праз тры дні пасля вызвалення з канцлагера, Маневіч і памёр ад сухотаў і знясільвання. Перад смерцю Леў Яфімавіч паспеў сказаць Айрапетаву: «Перадай у Маскву, я — Эцьен. Скажы, каб не чапалі сям'ю. Я зрабіў усё, што мог... Запомні — Эцьен». Пасля ён назваў Айрапетаву адрас, па якім яму неабходна было звярнуцца ў Маскве. Таварыш выканаў даручэнне, так і не зразумеўшы яго каштоўнасці. І толькі праз дваццаць гадоў ён, як і ўся краіна, даведаўся аб подзвігу савецкага разведчыка палкоўніка Льва Маневіча.

Ён адчуваў, што ў Італіі для яго становіцца горача. І хоць сказаў нехта, што незаменных людзей няма, незаменныя ўсё ж былі. Знайсці другога праверанага чалавека, які сумяшчаў бы ў сабе ўнікальныя здольнасці лётчыка, камерсанта і разведчыка, аказалася немагчымым. Другога Маневіча, здольнага ў поўнай меры ўзяць у свае рукі руль кіравання італьянскай агентурай, у Разведупра не было.

У час чарговай паездкі ў Вену яго нечакана арыштоўваюць па падазрэнні ў здзяйсненні незаконных аперацый з крадзенымі брыльянтамі, мастацкімі каштоўнасцямі і наркотыкамі — увогуле, «поўны набор», але суда ўдалося пазбегнуць. Ці то мясцовая Феміда не знайшла складу злачынства, ці то ў адваката быў добра падвешаны язык, але «справа» развалілася. Тым не менш гэта быў сур'ёзны «званок».

Нарэшце 25 жніўня з Масквы прыйшоў станоўчы адказ: «Мы ў стане выканаць вашу просьбу аб замене. Кандыдат ужо падрыхтаваны і ў канцы верасня можа выехаць і прыняць ад вас справы». Аднак новы рэзідэнт з ліку балгарскіх камуністаў-палітэмігрантаў, цёпла прынятых у Савецкім Саюзе і аблашчаных ваеннай разведкай, з «Эцьенам» так і не сустрэўся. Хуткай сустрэчы з таварышамі таксама не адбылося.

Трапіў пад падазрэнне і Паскуале Эспазіта. Не маючы фактычных доказаў шпіянажу Кёртнера, супрацоўнікі тайнай італьянскай паліцыі ОВРА ў кастрычніку арыштавалі Эспазіта і, абвясціўшы яму, што разам з ім арыштавана і яго любімая падчарка Джаніна, дамагліся ад яго прызнання і згоды супрацоўнічаць. Для гэтага Эспазіта паказалі шаўковую бялізну з плямамі крыві, якую ён падарыў падчарцы на дзень анёла, і абяцалі выпусціць яе на волю, калі ён дапаможа выкрыць Кёртнера.

Сам Маневіч, заўважыўшы за сабой сачэнне, прыняў рашэнне пакінуць Італію. Ён даў указанне Інгрыд утапіць перадатчык у возеры, а самой выехаць у Швейцарыю. Перад ад'ездам ён вырашыў правесці сустрэчу з Эспазіта, які паведаміў, што можа перадаць чарцяжы новага самалёта. Ад гэтага нельга было адмовіцца. У час сустрэчы з Эспазіта 3 кастрычніка 1932 года ў міланскай траторыі блізу кандытарскай фабрыкі «Мота», у момант перадачы пакета з чарцяжамі, Кёртнер быў арыштаваны. Пасля яго арышту Эспазіта дазволілі спатканне з падчаркай. Падчас спаткання ён даведаўся, што Джаніна не была арыштаваная, а бялізна была скрадзена і афарбавана пад кроў супрацоўнікамі ОВРА. Джаніна, даведаўшыся, што айчым выдаў Кёртнера, адмовілася ад далейшых спатканняў з ім. Душэўна зламаны Эспазіта скончыў жыццё самагубствам у турэмнай камеры, павесіўшыся на ваўнянай пятлі, сплеценай з шкарпэтак.

У літаратуры, як мастацкай, так і дакументальнай, доўгі час сцвярджалася, што Леў Маневіч быў арыштаваны ў снежні 1936 года. І толькі апошнім часам у афіцыйным выданні Расійскай ваеннай энцыклапедыі, у артыкуле пра Маневіча, прыводзіцца дакладная дата яго арышту.

Рэзідэнтура «Эцьена» мела ў 1931-1932 гадах дзевяцярых агентаў-крыніц і трох агентаў, якія выконвалі дапаможныя функцыі. За гэты перыяд Маневіч перадаў у Цэнтр 190 каштоўных дакументаў і інфармацыйных данясенняў, якія былі высока ацэнены камандаваннем.

Пакуль у Італіі ішло следства па справе «Конрада Кёртнера», у СССР Льву Яфімавічу Маневічу, праз два гады пасля арышту, было прысвоена званне палкоўніка сакрэтным загадам НКА СССР ад 16 снежня 1935 года.

3 студзеня 1937 года арыштаванаму было прад'яўлена абвінавачванне ў ваенным шпіянажы. У абвінаваўчым заключэнні яму ставілася ў віну, у прыватнасці, нелегальнае набыццё чарцяжоў розных самалётаў. «Злачынная дзейнасць Кёртнера была шырокая, — адзначала следчая камісія, — ён працягнуў свае шчупальцы таксама на Турын, Геную, Балонню, Брэшыю і Спецыю. Яму ўдалося прыцягнуць каштоўных спецыялістаў і вопытных тэхнікаў, якія знаходзіліся на службе ў прамысловых прадпрыемствах і забяспечваюць італьянскія і германскія ўзброеныя сілы». 9 лютага 1937 года ён быў асуджаны Асобым трыбуналам па абароне фашызму на 12 гадоў турэмнага зняволення (пазней прысуд быў зніжаны да 6 гадоў). У прысудзе адзначалася, што падсудны, магчыма, не той чалавек, за якога сябе выдае, але «трыбунал гэта не цікавіць».

Пасля вынясення прысуду «Эцьен» быў накіраваны ў турму Кастэльфранка дэль Эмілія, дзе ён значыўся як вязень № 2722. Але і знаходзячыся ў турме, Маневіч ухітраўся пасылаць у Маскву каштоўныя матэрыялы.

Каштоўнымі данясеннямі «Дырэктару» стала інфармацыя «Эцьена» з турмы аб тэрміновым заказе, атрыманым італьянскімі авіязаводамі ад Японіі, на самалёты, якія можна было б выкарыстоўваць пры нізкіх тэмпературах. Гэта азначала, што японцы плануюць баявыя дзеянні не на цёплым поўдні Кітая, а ў суровых кліматычных умовах Маньчжурыі, Манголіі і Далёкага Усходу. Гэты сігнал пераклікаўся з данясеннямі «Рамзая» (Рыхарда Зорге), што надавала аператыўным разведданым апошняга дадатковую пераканаўчасць.

У чэрвені 1937 года начальнік Разведупра Ян Берзін прадставіў палкоўніка Маневіча да звання камбрыга і напісаў у атэстацыі: «Здольны, шырокаадукаваны і культурны камандзір. Валявыя якасці добра развіты, характар цвёрды. На працы праявіў вялікую ініцыятыву, веды і разуменне справы. Трапіўшы ў цяжкія ўмовы, паводзіў сябе па-геройску, паказаў выключную вытрымку і мужнасць. Прыкладны камандзір-бальшавік, варты прадстаўлення да ўзнагароды пасля вяртання».

У Маскве пра разведчыка, які трапіў у бяду, не забылі. Разведупраўленне Генштаба планавала акцыі па вызваленні «Эцьена», пачынаючы ад чыста юрыдычнай падтрымкі, заканчваючы падрыхтоўкай уцёкаў. Новы рэзідэнт у Італіі склаў даведку пра турму Кастэльфранка дэль Эмілія. У даведцы прадугледжваліся тры варыянты ўцёкаў, два з іх былі заснаваны на прыцягненні баявой групы. Але рэалізаваць гэта не ўдалося. Падаваць прашэнне аб памілаванні аказалася заняткам бессэнсоўным — палітычная падаплёка справы пазбаўляла задуму нават тых мізэрных шанцаў на добразычлівасць Мусаліні і караля Італіі, якія часам выпадалі крымінальнікам.

Вызваліць Маневіча сілай проста не паспелі. Вясной 1941 года ён захварэў на сухоты. Маневіча перавялі на поўдзень Італіі ў катаржную турму на востраве Санта-Стэфана, дзе ён знаходзіўся да верасня 1943-га.

9 верасня 1943 года на востраў Санта-Стэфана высадзіўся амерыканскі дэсант, і Леў Маневіч быў вызвалены. Назваў ён сябе аўстрыйскім грамадзянінам. Па просьбе разведчыка яму аказалі медыцынскую дапамогу. На наступны дзень пасля вызвалення вострава ён з групай былых зняволеных, выплаціўшы салідную суму ўладальніку парусніка, рашаецца адправіцца на мацярык, у порт Гаэта, які знаходзіўся за 40 кіламетраў ад вострава Санта-Стэфана, не ведаючы, што там ужо нямецкія войскі. І менавіта на гэтым востраве Эцьен быў знойдзены, зноў арыштаваны і перададзены гітлераўцам. З 1943 па 1945-ы Маневіч утрымліваўся ў лагерах Маўтгаўзен, Мельк і Эбензэе. У арыштанцкім эшалоне Маневіч здолеў абмяняць сваю куртку на куртку памерлага ад тыфу рускага ваеннапалоннага Якаўлева. Па прыбыцці ў аўстрыйскі канцлагер «Эбензэе» Маневіч схітрыўся растлумачыць эсэсаўцам на добрай нямецкай мове, што адбылася блытаніна і што ён не Якаўлеў, а — Якаў Старасцін. Імя рэальнага чалавека, біяграфію якога Маневіч добра ведаў, было неабходнай умовай канспірацыі — у лагеры заўсёды поўна тых, хто мог за лішні кавалак хлеба зліць усю інфармацыю адміністрацыі. Таму жыццяпіс павінен быў быць гладкім і стыкавацца ва ўсіх дэталях, для чаго прасцей было не выдумляць, а проста скарыстацца чужой біяграфіяй.

«Легенда» падазрэнняў не выклікала. Маневіч атрымаў нумар R-133042, пад якім і лічыўся ў спісе зняволеных. У лагеры ён цесна сышоўся з бакінцам Грантам Айрапетавым, былым афіцэрам штаба 23-й танкавай арміі. З ім ён уваходзіў у падпольны штаб супраціўлення, арганізоўваў дыверсіі на вытворчасці. Як успамінаў пазней Айрапетаў, «выдатна валодаючы замежнымі мовамі, багата адораны, Старасцін, які хутка арыентаваўся ў любым становішчы, быў нашым мозгам, ён інфармаваў аб усіх падзеях». Пад імем палкоўніка Старасціна і быў вядомы Маневіч у нямецкіх канцлагерах. У канцы вайны «Эцьен» выратаваў жыцці 16 000 вязняў канцлагера Эбензэе, паспеўшы крыкнуць на трох мовах калоне зняволеных, каб яны спынілі рух да шахты, у якой іх планавалі падарваць. Калона стала і не зрушылася з месца.

...На магіле Маневіча паставілі крыж з надпісам «Тут спачывае савецкі палкоўнік Старасцін Якаў Мікітавіч». У 1965 годзе, пасля апублікавання ў газеце «Правда» Указа аб прысваенні звання Героя, імя Маневіча афіцыйна было рассакрэчана. Група савецкіх разведчыкаў прыбыла з Вены на пошукі яго магілы. Пасля трохтыднёвых пошукаў месца пахавання было ўстаноўлена. Астанкі разведчыка ўрачыста перапахавалі ў Лінцы, на мемарыяльных могілках Санкт-Марцін, дзе ляжаць савецкія воіны, якія загінулі пры вызваленні Аўстрыі. З таго часу на помніку з зоркай значыцца сапраўднае імя патрыёта: «Герой Савецкага Саюза палкоўнік Л.Я. Маневіч. 1898—1945».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».