Вы тут

Як у правінцыі стварылі «кузню» талентаў


Выдатныя музыканты і іх вучні асацыююцца, як правіла, з вялікімі гарадамі, але, мусіць, нават не ў кожным мегаполісе выхавалі столькі талентаў, як у правінцыйнай Радуні. Толькі дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі пяцёра!


Му­зыч­нае трыа: Лі­лія Ка­чур­ка, Па­вел Каз­лоў­скі  і Аляк­сандр Бар­та­шэ­віч.

Дырэктар Радунскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна НАВІКЕВІЧ называе некаторых лаўрэатаў розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў: ужо вядомы ў Беларусі музыкант, трубач Аляксандр Барташэвіч, яго сястра Дамініка, Алена Сабалеўская, Аляксей Троцкі, Аляксандр Чывель, Павел Вадэйка, Лілія Вечар, Ігар Вільчэўскі...

У мясцовай школе мастацтваў, непасрэдна ў пасёлку і ў філіялах у Доцішках і Забалаці навучаюцца 232 выхаванцы па трох кірунках — музычны (баян, акардэон, фартэпіяна, скрыпка, цымбалы, труба), харавы і харэаграфічны.

Сённяшні пераможца музычнага форуму «Мастацтва ХХІ стагоддзя» ў Клайпедзе і ўладальнік гран-пры аднаго з самых прэстыжных міжнародных дзіцячых конкурсаў «Музыка надзеі» ў Гомелі Аляксандр Барташэвіч прыйшоў у школу мастацтваў дзякуючы канцэрту радуньскіх музыкантаў у дзіцячым садзе. Сярод усіх інструментаў яму спадабалася труба.

Усе гэтыя гады, а сёлета Аляксандр Барташэвіч заканчвае школу мастацтваў, з ім займаецца Павел Казлоўскі — таксама яе выпускнік. Пасля вучобы ў Лідскім музычным каледжы Паўла ўгаварылі вярнуцца ў Радунь настаўнікам школы мастацтваў, завочна ён скончыў універсітэт культуры. Дарэчы, у Лідзе вучыўся ў выдатнага музыканта Канстанціна СЦЯПАНАВА. А цяпер ездзіць да яго ўжо са сваім вучнем Аляксандрам Барташэвічам.

Віктар БАРТАШЭВІЧ, бацька Сашы і яшчэ траіх дзяцей, працуе кіроўцам у мясцовай бальніцы, а ў якасці хобі спявае, бывае вядучым на розных раённых імпрэзах. Ён нарадзіўся ў Радуні і дзіцем таксама запісаўся ў музычную школу. Але так склаліся абставіны, што вучыцца там не змог: нарадзіўся брацік і трэба было дапамагаць маме, якая працавала на ферме.

— Засталося шкадаванне, аднак сказаў сабе: «Калі будзе ў маіх дзяцей жаданне займацца музыкай, то абавязкова прыкладу для гэтага ўсе намаганні. Так і атрымалася, — кажа Віктар Барташэвіч.

Сямейным гуртам Віктар і Ганна Барташэвічы разам з дзецьмі пакуль не выступалі, але ўсе падставы для гэтага ёсць. І інструменты (фартэпіяна, акардэон, труба), і творчыя здольнасці. У бацькі выдатны голас, Саша — трубач, дзяўчынкі іграюць на фартэпіяна — Крысціна-Марыя ўжо закончыла школу мастацтваў, а Дамініка вучыцца там цяпер і нядаўна паспяхова выступіла на абласным конкурсе «Новыя імёны». Ды і маленькі Багдан, хоць яшчэ не размаўляе, але ўжо напявае калыханку.

Перад паездкай Сашы на першы міжнародны конкурс бацька меў неасцярожнасць паабяцаць, што калі сын пераможа, то ён купіць яму выдатную трубу. Нават калі дзеля гэтага прыйдзецца прадаць машыну (Саша спачатку іграў на трубе свайго педагога.)

— Здавалася, што я асабліва не рызыкую: хіба ж выйграе? А ён вяртаецца з першым месцам, — расказвае Віктар Барташэвіч. — Паехалі мы з Паўлам Казлоўскім за мяжу, і ён выбраў добры інструмент.

На шчасце, фінансавае пытанне бацьку ўдалося вырашыць без развітання з «коламі».

На ўсе конкурсы з Аляксандрам Барташэвічам ездзяць яго настаўнік Павел КАЗЛОЎСКІ і канцэртмайстар Лілія КАЧУРКА. Тры пакаленні музыкантаў, якія, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, у адной «звязцы», блізкія па духу.

Лілія Качурка родам з Навагрудка, скончыла кансерваторыю, выкладала ў Лідскім музычным каледжы, але так склаліся абставіны, што пераехала ў Радунь. І хіба ж можна крыўдзіцца на лёс, калі з сэрца ідуць такія словы:

— Арлы ў няволі не лунаюць. Так і ў творчым калектыве. Мы як адна сям'я, такая тут цёплая аўра...

Можа, менавіта таму і з'яўляюцца музычныя «зорачкі» на радунскім «небасхіле»?

Дарэчы, сёння Аляксандр Барташэвіч рыхтуецца да прэстыжнага міжнароднага тэлевізійнага конкурсу «Шчаўкунок» у Маскве. Калі радунскі трубач выйдзе ў заключны тур, то ў зале імя Чайкоўскага выступіць у суправаджэнні Маскоўскага сімфанічнага аркестра.

У тэму

Зразумела, што поездкі на конкурсы, асабліва за мяжу, патрабуюць немалых затрат. У Радунскай дзіцячай школе мастацтваў удзячныя за пастаянную падтрымку начальніку аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама Алене Ястрэмскай, кіраўнікам доцішскага, гіркаўскага і больцішскага сельгаспрадпрыемстваў Генадзю Казлоўскаму, Тадэвушу Мушынскаму і Анджэю Вількевічу.

prakopchіk@zvіazda.by

Воранаўскі раён

Фота Алега БЕЛЬСКАГА

Загаловак у газеце: Радунскія «зорачкі»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.