Вы тут

Сем галінак мімозы


Вясна...

Якой бы яна ні выдалася — ранняй альбо позняй, сонечнай ці шэрай, — першыя сакавіцкія дні, якраз тыя, калі надыходзіць жаночае свята, заўсёды асаблівыя. У крамах і на рынку тоўпяцца пераважна мужчыны, вуліцы вялікіх і малых гарадоў маладзеюць кветкамі. Яны паўсюль — на капотах машын і вынесеных століках кавярняў, у вітрынах і на касах крам, а галоўнае — у руках хлопчыкаў, падлеткаў, мужчын, якія, хто беражліва, хто няўмела, а хто з гонарам нясуць іх сваім мамам, жонкам, каханым, сёстрам...


Увесь гэты святочны гарадскі гармідар Аліна ўспрымала з прымессю гаркоты, бо кветак ёй даўно ніхто не дарыў. Але прайсці міма іх жанчына не магла. З усёй шматколернасці яе погляд прыцягвалі найперш мімозы. Гледзячы на іх, заўсёды ўяўляліся жоўценькія кураняткі, якія толькі-толькі вылупіліся з яек — кволыя, пяшчотныя, бездапаможныя. Хацелася прыхінуць іх да твару, сагрэць дыханнем, прынесці дамоў з тым, каб такі вось вясновы цуд асвятліў, ажывіў і яе маленькую кватэру, яе жыццё.

Аліна падышла да легкавіка з мноствам раскладзеных на капоце галінак, выбрала адну, але самую бухматую і, аддаючы прадаўцу грошы, не стрымала эмоцый.

— Як сумна, — сказала ці то сабе, ці то яму, — што прыходзіцца самой купляць сабе кветкі.

— Не проста сумна, а недаравальна, каб такой прыгожай жанчыне ды іх не дарылі! — прамовіў немалады інтэлігентны мужчына, затрымаўшы яе за локаць і зірнуўшы ў поўныя маркоты вочы. — Але ж гэта лёгка паправіць!

Адну за другой ён выбіраў галінкі:

— Калі ласка, прыміце ў знак свята.

Аліна, нібы дзяўчынка, залілася чырванню, але букет (вось дык сюрпрыз!) узяла. Больш за тое — дазволіла незнаёмцу правесці яе дадому. «Каб ніхто не паквапіўся на такі раскошны букет і яго ўладальніцу», — пажартаваў той.

Яны ішлі па вуліцы поруч, і тонкі пах мімозы крыху кружыў галаву. З боку Аліны гэта было, відаць, безразважна, але ж нельга не аддзячыць чалавеку за кветкі, нельга не запрасіць яго на кубачак кавы?

За тым кубачкам-другім яны разгаварыліся. Павел расказаў, што ў іх гарадок пераехаў нядаўна. Да гэтага жыў у сталіцы і лічыў, што мае ўсё — сям'ю, кватэру, прэстыжную працу... Але шчасце аказалася ўяўным. Жонка, як высветлілася, даўно кахала іншага і не пакідала сям'і толькі з-за матэрыяльных даброт; сын, ажаніўшыся, зусім аддаліўся, дом стаў халодным і пустым, так што вяртацца ў яго па вечарах не хацелася. А потым з-за сямейных перажыванняў чужым стаў горад, у які ён некалі гэтак рваўся, нямілай справа, якой займаўся, і ўсё атачэнне таксама.

А ўрэшце ён зразумеў, што трэба нешта мяняць, і апынуўся тут. Як тое старое дрэва на новым месцы, цяжка прыжываўся. каб «уцячы» ад думак, многа працаваў: распачаў, а потым і разгарнуў сваю справу. Так што ў матэрыяльным плане ён зноў падняўся на ногі. А вось запоўніць душэўную пустату пакуль не мог.

Гісторыя Аліны была прасцейшая, але не менш сумная. З той розніцай хіба, што яе душэўныя раны час даўно загаіў... Але ж пры гэтым ён не вылечыў ад пакутлівай адзіноты, якая асабліва даймала ў святы.

З той выпадковай сустрэчы Аліна і Павел сталі бачыцца, сустракацца: бліжэй знаёміліся, адно аднаму раскрывалі сэрцы, знаходзілі шмат агульнага. А праз год пабраліся шлюбам, Павел перавёз яе ў сваю кватэру, якую набыў у іх гарадку яшчэ да знаёмства. І ўсё ў іх стала выдатна!..

Азмрочвала хіба адно — госці, а дакладней госць. Сын Паўла наведваўся да іх даволі часта, і кожны яго візіт прыносіў крыўды. Алік упарта не прызнаваў бацькавай абранніцы і адкрыта дэманстраваў сваю непрыязнасць. Магчыма, ён не губляў надзеі, што бацька памірыцца з маці, якая так і не выйшла замуж? Як магчыма і тое, што ён проста баяўся застацца без пастаяннай бацькавай падтрымкі, асцерагаўся, што ўсім нажытым дабром будзе распараджацца чужая жанчына.

Зрэшты, многага з іх узаемаадносін Павел не ведаў: Аліна ўтойвала свае крыўды, не нагаворвала яму на сына. Яна, наадварот, старалася, каб паміж імі ва ўсім было паразуменне, бо гэта ж самыя родныя людзі. Да таго ж ёй самой не пашчасціла мець дзяцей, і яна ўсім сэрцам гатова была прыняць Аліка як свайго.

Той адгарадзіўся пагардай.

Такім чынам, лыжка дзёгцю ўсё ж была. Але як мала яна значыла ў параўнанні з той «бочкай» шчасця, якое Аліне даваў Павел! Часам ёй нават не верылася, што ў саюза дваіх ужо немаладых людзей можа быць столькі цеплыні і пяшчоты, столькі клопату і радасці, веры і надзеі...

Але ўсё — і дрэннае, і добрае — некалі канчаецца: іх шчасце абарвала бяда. І грымнула яна як гром сярод яснага неба: Павел без нічога ніякага стаў кволіцца, звярнуўся ў паліклініку, атрымаў накіраванне на аналізы. Убачыўшы іх, медыкі тэрмінова адправілі мужчыну ў анкалагічны дыспансер. І там, пасля дэталёвага абследавання, прагучаў прысуд: анкалогія... Чацвёртая стадыя... Неаперабельны.

Для Аліны гэта быў шок.

А Павел трымаўся, трымаўся да апошняга. Магчыма, ён верыў у цуд, а хутчэй за ўсё, проста шкадаваў жонку, бо ведаў, што ёй яшчэ плакаць і плакаць — потым, без яго.

...Хавала мужа яна адна. Сын, Алік адпачываў тады за мяжой, і Аліна нават не ведала, як з ім звязацца.

Праз некалькі дзён пасля пахавання, разбіраючы дакументы, яна ўбачыла завяшчанне. Кватэру і машыну муж пакідаў ёй. «Паўлічак, родны, навошта мне ўсё без цябе? — плакала ўдава. — Хай сыну»...

Яна вярнулася ў сваю маленькую аднапакаёўку і ў сваю адзіноту. Хоць, зрэшты, не: Павел нябачна прысутнічаў там — жыў у светлых, сонечных успамінах, у снах, у песнях, якія зусім нядаўна слухалі разам, у кнігах, што чыталі па чарзе. Пяць гадоў, якія падарыў Павел, значылі для Аліны больш, чым усё ранейшае жыццё.

Пяць гадоў — ад вясны да вясны.

...Яна, першая вясна без яго, пачыналася, як усе — са свята: напярэдадні 8-га Сакавіка іх гарадок зноў расквечваўся цюльпанамі, мімозамі, ружамі... і несці гора ў гэтай атмасферы ўсеагульнай святочнасці было невыносна цяжка! Аліна нават сотавы свой адключыла, бо як прымаць віншаванні, калі душа заходзіцца ад болю?..

Яна ўключыла ціхую музыку, што запаўняла іх з Паўлам дом, і скруцілася на канапе.

Сплаканая, знямоглая, не адразу пачула званок у дзверы... Потым не хацела ўставаць і адчыняць іх, але ўрэшце ўсё ж падышла. На парозе з букетам мімоз стаяў Алік — сын Паўла.

— Прабачце мне ўсё, калі зможаце, — ціха прамовіў ён, уручаючы кветкі. — Я ведаю, што на 8-га Сакавіка тата вам заўсёды дарыў мімозы. Дык няхай яны будуць у вас і сёння...

Аліна прыняла кветкі, схавала твар у духмяных галінках, і кволы праменьчык радасці крануў яе сэрца.

Фаіна КАСАТКІНА, г. Паставы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».