Вы тут

На службу — крокам марш!


Асноўная частка адтэрміновак традыцыйна даецца па стане здароўя. У большасці прызыўнікоў — сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Прызыўная кампанія ў самым разгары. Неўзабаве ў армію прыйдуць маладыя і мужныя хлопцы, якія пад кіраўніцтвам вопытных афіцэраў будуць спасцігаць ваенную навуку. Заўтрашнія вайскоўцы ўжо прайшлі медыцынскія камісіі. Некаторыя нават ведаюць, дзе правядуць наступныя год—паўтара. Іншыя ж пакуль сустракаюцца з прадстаўнікамі воінскіх часцей, якія прыязджаюць па сваіх салдатаў у ваенкаматы.


У ваенным камісарыяце Мінскай вобласці адбор прызыўнікоў ужо амаль завяршыўся. Гэтай вясной у армію адправіцца каля 1300 жыхароў Міншчыны. Які салдат прыйдзе ў войска, па якіх прычынах прадастаўлены адтэрміноўкі і ўвогуле пра асаблівасці гэтай прызыўной кампаніі расказаў ваенны камісар Мінскай вобласці палкоўнік Мікалай КРЫЎЧЭНЯ.

— Мікалай Сцяпанавіч, ужо можна скласці сацыяльны партрэт прызыўніка вясны-2016?

— Як правіла, гэта юнак 19—20 гадоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Тыя маладыя людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю, прыцягваюцца да мерапрыемстваў прызыву ў асноўным восенню. Сярод прызыўнікоў мала жанатых людзей. Сямейных мы, як правіла, адпраўляем на службу ў рэзерве. Увогуле, многім з іх уласціва жаданне служыць. Ухілісты практычна адсутнічаюць. Магчыма, прычына і ў тым, што ўладкавацца на працу без вопыту службы ў арміі сёння з'яўляецца праблемай. Прынамсі, заўтрашніх прызыўнікоў бяруць неахвотна: чакай потым, пакуль ён прыйдзе. А па законе для супрацоўнікаў, якія служаць у войску, працадаўцы павінны трымаць месца. Варта сказаць, што ў гэтым прызыве ў нас менш за ўсё навабранцаў: адчуваецца дэмаграфічны спад 1990-х. Увосень іх стане больш. Колькасць прызыўнікоў паступова будзе павялічвацца.

— Асноўная частка адтэрміновак па традыцыі даецца па стане здароўя. Мяркую, што і гэтая прызыўная пара не стане выключэннем. Калі так, то на што, часцей за ўсё, скардзяцца прызыўнікі?

— Сёлета ў нас высокі працэнт прыдатнасці да воінскай службы. Сёння 43% прызыўнікоў могуць служыць у арміі па стане здароўя. Гэта добры паказчык. Тых, хто па здароўі непрыдатны да вайсковай службы, у гэтым прызыве па Мінскай вобласці каля 800 чалавек. Большасць з іх мае сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Паколькі маладыя людзі скардзяцца на паніжаны або павышаны ціск, амаль кожнаму прызыўніку на працягу сутак правяраем работу сэрца з дапамогай метаду Холтэра. Сардэчна-сасудзістыя захворванні ў такім узросце звязаны найперш з тым, што моладзь вядзе маларухомы лад жыцця, большасць часу праводзіць за камп'ютарам.

— Каторы год вясной юнакі прызываюцца ў тым ліку на службу ў рэзерве. З чым гэта звязана і колькі жыхароў Міншчыны папоўніць рады рэзервістаў?

— Трэба сказаць, што на постсавецкай прасторы больш нідзе няма службы ў рэзерве. Тое, што яна ёсць у нас, — добрая практыка.

Служба ў рэзерве прадугледжвае набыццё грамадзянінам ваенна-ўліковай спецыяльнасці. Па дасягненні 50 гадоў салдаты і сяржанты здымаюцца з ваеннага ўліку, таму рэзерв неабходна ўвесь час папаўняць. І каб гэты працэс адбываўся больш імкліва, прызыў на гэты від службы адбываецца як восенню, так і вясной. У маі з Мінскай вобласці ў рэзерв будзе адпраўлена каля 150 чалавек. Тыя з іх, хто мае вышэйшую адукацыю, будуць служыць два гады, хто сярэднюю спецыяльную — тры.

— Ці ідзяце насустрач прызыўніку, калі ён хоча служыць у канкрэтнай воінскай часці?

— Усё залежыць ад стану яго здароўя. Улічваюцца і маральна-дзелавыя якасці прызыўніка.

У элітныя часці, акрамя ўсяго іншага, патрэбны юнакі з устойлівай псіхікай, з лагічным мысленнем. Тым, у каго былі судзімасці ці іншыя правапарушэнні, там не месца. Калі па пэўных паказчыках малады чалавек падыходзіць у канкрэтную воінскую часць, то чаму б і не? У такім выпадку ваенныя камісарыяты ідуць насустрач. Часам прызыўнікі самі едуць у воінскую часць, дамаўляюцца з камандзірам. І, бывае, камандаванне бярэ іх на службу, нават калі ёсць нязначныя адхіленні па стане здароўя.

— Тэрытарыяльны прынцып камплектавання падчас выбару месца службы таксама ўлічваецца?

— У асноўным так і ёсць. Але не заўсёды. Напрыклад, у нас толькі дзве мабільныя брыгады: 38-я ў Брэсце і 103-я ў Віцебску. Вядома, той жа Віцебск не зможа скамплектаваць злучэнне толькі мясцовымі жыхарамі. Адны мы кожны прызыў накіроўваем у Віцебск каля сотні чалавек. Прызыўнікі з усёй Беларусі папаўняюць і брыгаду спецыяльнага прызначэння, іншыя воінскія падраздзяленні. Неабходна, каб у абласцях таксама быў рэзерв гэтых спецыялістаў.

— Многія прызыўнікі мараць служыць у так званых элітных войсках. Ці шмат жыхароў Міншчыны ўвойдуць вясной у гэтыя ганаровыя шэрагі?

— Ахвотнікаў заўсёды шмат, але многія прызыўнікі не падыходзяць у элітныя войскі па стане здароўя. У той жа спецназ — вайсковы або Міністэрства ўнутраных сіл — юнакі ідуць без абмежаванняў па стане здароўя. Як і ў 103-ю і 38-ю мабільныя брыгады.

На жаль, сёння абсалютна здаровых маладых людзей мала. Хоць і не скажу, што дзеці хворыя. З кожным годам медыцынская дыягностыка ўдасканальваецца, што дазваляе нам выявіць пэўныя захворванні ў раннім узросце.

— Ці шмат ахвотных служыць па кантракце без праходжання тэрміновай службы?

— Даволі шмат. Напрыклад, да нас, у Ваенны камісарыят Мінскай вобласці, нядаўна на кантрактную службу прыйшлі два маладыя хлопцы: адзін — у вузел сувязі, другі — на пасаду кіроўцы. Маладых людзей прываблівае такая перспектыва: служыць два гады замест паўтара, ды яшчэ атрымліваць за гэта грошы. Але трэба добра разумець, што аднаго жадання тут недастаткова. Улічваюцца стан здароўя, маральна-дзелавыя якасці кандыдата на кантрактную службу. Не возьмуць на службу па кантракце і без адпаведнай адукацыі. Гэта павінен быць ужо падрыхтаваны спецыяліст, які атрымаў роднасную спецыяльнасць на «грамадзянцы». На кантрактную службу, як правіла, ідуць мэтанакіраваныя маладыя людзі, якія плануюць звязаць сваё жыццё з арміяй.

— Ці ёсць у гэтым прызыве тыя, хто аддае прыярытэт альтэрнатыўнай службе?

— Такіх прызыўнікоў у нас пакуль не было. Ды мне здаецца, што, хутчэй за ўсё, гэты від службы ў нас не прыжывецца. Хаця б па той прычыне, што ў такім варыянце прадугледжаныя большы тэрмін службы і невялікі заробак.

— Што пажадаеце прызыўніку, які неўзабаве пойдзе ў войска?

— Не варта баяцца служыць ва Узброеных Сілах. Радзіма ў нас адна, і неабходна зрабіць усё дзеля таго, каб нашы дзеці і ўнукі жылі спакойна, не хваляваліся за сваю будучыню, за будучыню сваіх нашчадкаў.

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».