Вы тут

Ёсць дарога — на паперы...


Што было — было. Неяк у клуб на дыскатэку не зусім цвярозы трактарыст заехаў (дзякуй богу, без трактара...), да дзяўчыны там падышоў.

— Танцуеш? — пытаецца.

— Не, — фыркае тая.

— Ну і правільна, — кажа хлопец. — Пойдзем са мной. Дапаможаш трактар выцягнуць.

Справа гэта, вядома ж, няпростая — нават для дваіх: прыкладна, як шпалеры паклеіць... Але ж спецыялісты кажуць, калі атрымаецца — значыць, з чалавекам можна ў разведку, у ЗАГС, у далейшае жыццё. Калі не... Свайго роду экзамен — для пачуццяў, якія ў экстрэмальных умовах могуць знікаць, могуць узнікаць.

Таму парачка, «выцягнуўшы» трактар, можа далёка на ім заехаць. А можа... засесці. Яшчэ раз. Бо (ці вам казаць?) дрэнна «прыжываецца» асфальт на асобных дарогах, да таго ж будаўнікі кажуць, што зямля «павінна дыхаць», значыць, ямы — цалкам заканамерныя... Як і «карціна», знятая нашым фотакарэспандэнтам.

Што на ёй? Меркаванняў, як заўсёды, шмат — і відавочных, і нечаканых. З першых і пачнём: спадарыня Галіна Пятроўская з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна вырашыла не толькі прыгадаць вядомае «Есть женщины в русских селеньях...», але і ўдакладніць, што

Жанкі ёсць і ў нашых мясцінах!

Не здужаць іх... І не сагнуць!

Каня на бягу яны спыняць,

Аўтобус на горку ўзапхнуць!

Туды ж і спадарыня Чыгрынава з мястэчка Міханавічы Мінскага раёна:

Нашы бабы, ох, не слабы:

Хоць з касою, хоць у плуг...

І аўтобус могуць бабы

З гразі выштурхнуць удзвюх.

Аблічылася аўтарка: жанчын на здымку больш. І таму (паводле спадарыні Пятроўскай)

Ні Хаўер, ні Даніела —

Не спужаюць Беларусь!

Калі ехаць недзе трэба:

Рухавік — аж сем Марусь!

І ўсе яны, як лічыць спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч,

Дзяўчатачкі прыгожыя —

Да ўсякай справы гожыя!

А значыць (на думку спадарыні Лосевай з Навагрудчыны):

У жанчын цяпер «улада»:

Рэйкі гнуць, асфальт кладуць...

Мужыкі — даюць парады,

Збоч дзе кураць... Піва п'юць...

У выніку, на іх, на мужыкоў, паводле спадара Віктара Трайкоўскага з Мінска, разлічваць цяжка — нават па драбязе. Жанкі ўсюды:

Яны працуюць і танцуюць,

Ім выступаць — не прывыкаць...

Аўтобус недзе забуксуе?

Да хаты змогуць падпіхаць!

Магчыма, настолькі дужыя, магчыма, прывычныя. Але ж — на думку спадарыні Гудачковай — не да ўсяго:

Шлях дадому — не нуда,

Ёсць неспадзяванкі...

Рук жаночых — не шкада,

Шкода вышыванкі.

Яшчэ б! Такая прыгажосць... І мода... А галоўнае, папярэджвалі ж дзяўчат (у прыватнасці, спадарыня Чыгрынава), што

Беларуская зіма —

То завея, то мароз.

Калі джыпа ў вас няма,

Не даедзеце без слёз.

А хочацца... І трэба: людзі чакаюць. Год культуры ў нас. А таму

Сямёрцы адважных

Няма як здавацца:

Канцэрт вельмі важны —

Ім нельга спазняцца!

Лічыць так спадар Мікола Кісель з Мінска. Ды і выйсця ў артыстак няма, бо гэты аўтобус, на думку спадарыні Раісы Васільевай з Гомеля,

Мужыкі піхалі, —

Нібыта паснулі...

Бабы гуртам сталі

Ды як штурханулі!..

У наш час суровы —

Так ужо вядзецца —

Вырашэнне справы

Бабам застаецца.

Бо (мае рацыю спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў):

Калі бабу раззлаваць

(Як кума сказала) —

Нават танку не ўстаяць:

Зрушыць з п'едэстала!

Адна... А калі іх, жанчын тых, болей? Як на здымку — цэлая вакальная група? Ці (на думку спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна)

Хор пад назваю «Надзея»

Зарабляў бы па нядзелях...

Калі б збыць як дырыжора,

А сабе займець шафёра.

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА.

Трэба разумець, дзве штатныя «адзінкі» калектыў не пацягне? Задорага...

Вось і выбірай: без кіроўцы не паедзеш (можа, нават з месца не кранешся), а без дырыжора — наўрад ці спяеш. Грошы ж лічаць усе, бо яно і сапраўды, «растуць кошты, растуць траты, не растуць пакуль зарплаты». Хоць зрэшты... Нехта мудра заўважыў, што цэны ў нас як цэны — боскія, калі... нічога не купляць.

А купляе ў нас хто? Пераважна жанкі — і ў прадуктовых крамах, і ў прамтаварных, і ў гаспадарчых. Мужчын там... Ну як на конкурсным здымку — не адразу і заўважыш, не адразу сцяміш, што ён там робіць. Але ж думкі ёсць. Цэлая гісторыя ад спадара Мікалая Старых з Гомеля:

Між заснежаных раўнін

Вёз аўтобус сем жанчын.

А ўз'ехаў на бугор —

І заглох яго матор.

Падштурхнуць хацелі бабы,

Толькі марна — пол жа слабы.

Запрасілі мужыка

З інструментам у руках.

Інструмент, шчыра кажучы, загадкавы — дудка ці што? Але ж і яна спатрэбіцца можа. Кажуць, адзін з нашых землякоў-музыкаў «дальнабойшчыкам» у Штатах працуе.

Дык вось, перасякае ён неяк мяжу і зусім не хвалюецца, бо машына ў парадку, дакументы — таксама. Акардэон у кабіне, але ж ён адзін — не на продаж вязе. «А чым дакажаш? — чапляюцца амерыканскія мытнікі. — А навошта возіш? А калі твой, то сыграй...» У кіроўцы злосці — поўны косці, як той казаў! Але што ты будзеш рабіць? «Добра, — адказвае ім па-англійску, — я вам сыграю». А па-беларуску ў бок дадае: «Вы гэта гранне на ўсё жыццё запомніце!» Інструмент на плячо і... гімн — Злучаных Штатаў... Ад пачатку да канца...

А там жа правіла: усё іншае ты можаш слухаць, хоць седзячы, хоць лежачы... А вось гімн — толькі стоячы навыцяжку. І каб рука на сэрцы была.

Мытнікі вось так і стаялі — усе 9 хвілін. А музыка граў, адвучваў да людзей чапляцца. З дапамогай чаго? Чароўнай сілы мастацтва!

Пра яе ж і спадар Гаўрыш:

Дзе ўзнікне форс-мажор,

Там дарэчы... дырыжор:

Узмах рукой — і хор на раз

Выпхне з яміны КамАЗ!

А зрэшты, што мы ўсё «выпхне», «выцягне», «выштурхне»... На здымку, паводле спадара Анатоля Гарачова з Іўеўшчыны, зусім іншае:

Пазірае з сумам Казік,

Сумаваць жа ёсць з чаго:

Абдымаюць дзеўкі «газік» —

Нуль увагі на яго!

Крыўдна! Тым больш што дзеўкі там — на любы густ: адна — вышэйшая, адна — «шырэйшая», адна — маладзейшая, а ўсе разам (з таго ж канверта) —

Нібы ягадкі ў кампоце,

Прыпарушаны сняжком...

Грэюць рукі... на капоце

А маглі б — пад кажушком.

І сапраўды, маглі б... Яны. І ён, той мужчына ў кажушку, паводле спадара Гаўрыша, таксама мог бы:

— Калі б гэта быў банкет, —

Шэпчуцца дзяўчаты, —

Першым сеў бы за абед

Акампаніятар.

За сталом ён хлопец-зух...

Тут — не спэцкае кажух.

Бо якраз ён, такі, на думку спадара Стасілевіча з Мінска:

І танцорак, і пяюх

Вабіць беленькі кажух!

Ці не кожная ў жонкі просіцца.

Анекдот да слова. Сужэнцы ў тэатр прыйшлі. «Любая, табе зручна сядзець?» — пытае гаспадар. — «Так», — шэптам адказвае яго палавіна. — «Табе добра відаць?» — зноў жа непакоіцца муж. — «Так...» — «У спіну не дзьме?» — «Не...» — «А давай з табой месцамі памяняемся»...

Мужчыны яны і сапраўды збольшага эгаісты: прывыклі ўсе клопаты звальваць на жанчын. Нават паміраюць раней, каб аб пахаванні не клапаціцца. І ў выніку (як пішуць сужэнцы Астроўскія з Мінска):

Ходзіць кругам пагалоска:

Во папаліся дзяўчаты!

Адзін хлопец на ўсю вёску

Ды і той крыху гарбаты.

...Вось такія больш-менш чаканыя варыянты подпісаў. Да нечаканых можна аднесці зрыфмаванае гуртам «Спроба пяра» СШ № 3 г. Вілейкі»:

Свята так адсвяткавалі, —

Колам колы ў снезе сталі.

Нас жа шмат тут... Падпіхнём!

А кіроўца за рулём?

Гэта, згадзіцеся, важна. Як і іншае, заўважанае сужэнцамі Астроўскімі:

На канцэрт павезлі дзевак,

Ды не сцямілі адразу,

Што аўтобус не даедзе,

Бо заліта мала «газы».

І было б хоць па чым ехаць, а то (на думку спадарыні Чыгрынавай):

Ёсць дарога — на... паперы,

А наяве — усё міраж,

Хтосьці грошай да халеры

Скраў на дом і на гараж.

Гісторыі вядомыя такія факты. Кажуць, адзін старшыня СВК на грошы свайго СВК пабудаваў асабняк, потым прадаў яго гэтаму ж СВК і пасяліўся ў ім як старшыня. Кола замкнулася, усё лагічна, як і наша заўсёднае падвядзенне вынікаў.

Такім чынам, на мінулым этапе конкурсу чытачы прыдумвалі подпісы да здымка, на якім мужчына ў доўгіх рыбацкіх ботах ішоў па затопленай вуліцы і нёс пару гумовікаў. Як прызнала вялікае чытацкае журы, найлепшыя радкі пра гэтага героя склалі спадарыні Кусянкова з Рагачоўшчыны, Мазанік з Барысаўшчыны, Чыгрынава з Міншчыны, Пабягайла з Ляхавіч, спадары Здановіч з Пружаншчыны, Гарачоў з Іўеўшчыны, Гаўрыш з Чавусаў, сужэнцы Астроўскія з Мінска і сябры гуртка «Спроба пяра» з Вілейкі...

У выніку журы маленькаму рэдакцыйнаму было ад чаго разгубіцца: максімальную і роўную колькасць балаў набралі аж тры версіі: спадарыні Чыгрынавай («Нейк спытала ў мінака: / «А што ж гэта за рака?» / Ён сказаў: «Такі паток / Прэ... праз аграгарадок»), гурткоўцаў са «Спробы пяра» («Ботаў прыкупіў дзве пары, / Бо даўно аб гэтым марыў. / А чаму пра гэта марыў?/ Меў адну ён ботаў пару») і спадара Міколы Кісяля («Рэчка выйшла з берагоў, / Падышла да плота./ І штодня цяпер... улоў:/ Рыба лезе ў боты»).

Менавіта гэтыя, апошнія радкі ўрэшце пераважылі. А таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцу газету на трэці квартал 2016 года застаецца ў сталіцы.

Хочаце, каб пяць разоў на тыдзень ён прыходзіў да вас? Не пытанне, як той казаў: уважліва паглядзіце на чарговы здымак, прыдумайце свой варыянт подпісу (не больш за 8 радкоў) і дашліце ў рэдакцыю. Шанц на выйгрыш ёсць у кожнага. Час на роздум — прыкладна месяц.

Дарэчы, мінулым разам спадар Астроўскі, можна сказаць, у апошні вагон ускочыў. Таму на гэты раз мала таго, што паспяшаўся, дык яшчэ і дадаў:

Штосьці ў графік не ўпішуся:

То зарана, то спазнюся...

Прывыкаю да ўсяго —

Гэта ж конкурс «Хто каго?»!

Пасмяешся тут — да плачу...

А якое ж шчасце бачыць,

Хоць часцінку сваёй працы...

То пісаць... І не здавацца!

Пад гэтымі пажаданнямі грэх не паставіць подпісы. Ці не так?

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».