Вы тут

Чым здзіўляе наведвальнікаў TІBO-2016?


Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях TІBO-2016 адкрыўся ўчора ў сталіцы. Сёлета ён сабраў больш за 100 кампаній з 18 краін.


— Мы пастараліся трансфармаваць гэты форум. Раней ён праходзіў як выстаўка дасягненняў у галіне тэлекамунікацый, цяпер — як выстаўка развіцця інфарматызацыі і інфармацыйнага грамадства ў нашай краіне, — адзначыў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей ПАПКОЎ.

Дарэчы, падчас форуму Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі і карпарацыя Mіcrosoft падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні. Карпарацыя можа ўзяць удзел у развіцці лічбавай эканомікі ў нашай краіне.

У рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі мы займаем 36-е месца па ўзроўні развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) і з'яўляемся лідарам сярод краін СНД. Апроч таго, Беларусь уваходзіць у топ-30 вядучых краін свету ў галіне распрацоўкі заказнога праграмнага забеспячэння. Аб'ём вытворчасці камп'ютарных праграм у 2015 годзе склаў каля 800 млн долараў, пры гэтым экспарт з іх — больш за 700 млн долараў.

Генеральны сакратар Міжнароднага саюза электрасувязі Хаўлінь ЧЖАА перакананы, што Беларусь можа ўзняцца ў гэтым рэйтынгу яшчэ вышэй.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль КАЛІНІН паведаміў, што ў краіне прынята дзяржаўная праграма развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на пяцігодку, да 2020 года ў яе межах запланавалі рэалізаваць маштабныя праекты ў аб'ёме каля 1 млрд долараў.

Анатоль Калінін паведаміў, што ў краіне ўжо сфарміраваны базавыя кампаненты электроннага ўрада. Найбольш паспяхова па новай сістэме працуюць Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі і Дзяржаўны мытны камітэт.

— У мяне самога ўжо 70% дакументаабароту праходзіць у электронным варыянце, што дазваляе працаваць больш дынамічна, — падзяліўся намеснік прэм'ер-міністра з журналістамі.

Па яго словах, значная частка міжведамаснага дакументаабароту перакладзеная ў электронную форму. Аўтаматызавана падача статыстычных, ведамасных і падатковых дзяржаўных справаздач, створаны ўмовы для электроннага ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу.

Ля стэнда Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, дзе можна ўбачыць некаторыя фрагменты электроннага ўрада, вялікі ажыятаж. Напрыклад, Міністэрства адукацыі прадставіла новы сэрвіс электронных дзённікаў scools.by. Нацыянальны банк прапануе наведвальнікам сэрвіс разліку за жыллёва-камунальныя паслугі. Каля стэнда Міністэрства аховы здароўя Анатоль Калінін пацікавіўся, калі ў паліклініках можна будзе рабіць аналіз крыві і памераць ціск пры дапамозе бранзалета, які проста надзяваецца на руку.

— Цяпер, калі бываюць эпідэміі грыпу, на ўездзе ў краіну кантактныя датчыкі вызначаюць тэмпературу і іншыя паказчыкі, — расказала намесніку прэм'ер-міністра прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя.

Як адзначыў Анатоль Калінін, на выставе кожны можа знайсці інавацыі ў цікавай для яго сферы. Хоць бы інтэрнэт 4,5G, які ўпершыню прапануе пратэсціраваць кампанія beCloud, альбо інтэрактыўнае тэлебачанне, якое прэзентуе мабільны аператар МТС, ці новы месенджар BіP з «безлімітным» трафікам ад аператара «Лайф». Не адстаюць і дзяржаўныя прадпрыемствы: «Гарызонт» распрацаваў «Разумныя прыпынкі», на якіх можна прасачыць знаходжанне транспарту, пракласці маршрут, аплаціць праезд, пачытаць апошнія навіны, зарадзіць тэлефон і выклікаць экстранныя службы. А «Белпошта» прэзентуе праект «Пошта XXІ стагоддзя», а таксама прапануе акцыю, прысвечаную Году культуры: падпісаць і бясплатна даслаць паштоўкі работнікам культурнай галіны і віншаванні ветэранам.

Увогуле ж экспазіцыя выстаўкі мае наступныя напрамкі: «Нацыянальная інфармацыйная інфраструктура», «Лічбавая эканоміка», «Электронны ўрад і электроннае ўзаемадзеянне», «ІКТ у сацыяльна-культурнай сферы», «Стратэгія лічбавай трансфармацыі», «Робататэхніка», «Лічбавыя тэхналогіі ў паліграфічнай і выдавецкай дзейнасці».

Акрамя экспазіцыі, у рамках выстаўкі плануецца правядзенне беларуска-азербайджанскага бізнес-форуму і практычнага семінара Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Наведаць ТІВО-2016 можна да 22 красавіка ў Футбольным манежы.

seradzyuk@zvіazda.by

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Электронны ўрад і інтэрнэт 4,5G

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?