29 верасня, аўторак

Вы тут

Як сілы грамадзянскай абароны ліквідоўвалі наступствы Чарнобылю


Неўзабаве Беларусь адзначыць сумную гадавіну. 30 гадоў таму выбух на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі крута змяніў лёс тысяч людзей. Першымі на сябе цяжар ліквідацыі наступстваў Чарнобыля ў Беларусі прынялі падраздзяленні Штаба грамадзянскай абароны БССР. Як жа гэта адбывалася? Карэспандэнт «Звязды» распытаў у чалавека, які апынуўся ў эпіцэнтры ўсіх падзей, — Уладзіміра Мурашкі (тады ён займаў пасаду намесніка начальніка аддзела, што адказваў за ўстойлівае функцыянаванне аб'ектаў народнай гаспадаркі ў надзвычайных сітуацыях).


«Не трэба панікі»

— Так супала, што 5 мая павінны былі адбыцца вучэнні па грамадзянскай абароне краін Варшаўскага дагавора, — успамінае Уладзімір Мурашка. — У Мінску сабраўся практычна ўвесь аператыўны састаў штаба ГА СССР на чале з генерал-палкоўнікам Аляксеем Безатосавым. Яны правяралі падрыхтаванасць да вучэнняў. Я адказваў за абароненасць прамысловага комплексу. Нам паставілі выдатную ацэнку. І вось раніцай 26 красавіка мяне тэрмінова выклікалі ў штаб. Там паведамілі: нешта здарылася на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Што менавіта адбылося, не ведаў ніхто.

Начальнік штаба грамадзянскай абароны генерал-лейтэнант Аверкій Грышагін загадаў мне заказаць верталёт у Беларускім упраўленні грамадзянскай авіяцыі для правядзення разведкі ў зоне аварыі 27 красавіка. Выляталі мы ў Чарнобыль з аэрадрома Ліпкі. «Валерый Іванавіч, хто з экіпажа піў ёдзісты калій?» — пытаюся ў начальніка штаба ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі ўжо ў паветры. Радыеактыўны ёд апраменьваў шчытападобную залозу, і трэба яго было заглушыць элементам бяспечным. З сабой пра запас вёз туды паўлітровую бутэльку раствору. Высветлілася, што бортінжынер калій не прымаў. Таму ў раёне Хойнікаў мы яго высадзілі. Падляцелі ў 11.30 да самой станцыі. Там ужо працавала авіяцыя, сыпалі ў жарало рэактара даламіт і свінец. А пасля пачалі разведку радыяцыйнага становішча ў бок Беларусі.

Мы перыядычна садзіліся, вымяралі радыяцыйны фон у лесе, на глебе... Я адразу зразумеў, што людзей, хутчэй за ўсё, давядзецца адсяляць. Але дакладную забруджанасць глебы мы не маглі адразу высветліць. Спектральны аналіз рабілі толькі ў Маскве. Ды і канчатковыя ўзроўні радыяцыі пачалі фарміравацца толькі напрыканцы мая. А ёд касіў людское здароўе з першых гадзін пасля катастрофы. Мы напісалі даклад аб выніках разведкі на імя тагачаснага кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова. Быў там пункт і пра абавязковую эвакуацыю людзей. Але ў адказ пачулі: «Не трэба панікі».

Насуперак гэтаму мы разгортвалі сістэму грамадзянскай абароны. 28 красавіка ўжо запрацавалі 24 санітарна-эпідэмічныя станцыі, 22 ветэрынарныя лабараторыі, 9 гідраметэастанцый і 664 пасты радыяцыйнага назірання. А 5 мая нам на дапамогу сталі прыходзіць войскі грамадзянскай абароны часці з Аколіцы, што пад Мінскам, якія адпрацавалі там 1 год 1 месяц і 7 дзён. Цяпер гэта часць №3310 унутраных войскаў, дзе пабудаваны храм і помнік ліквідатарам аварыі. Кожны год 26 красавіка там сустракаюцца ліквідатары, якія працавалі ў сістэме грамадзянскай абароны.

1 чэрвеня 1986 года запрацавала аператыўная група на пастаянным прынцыпе. Мяне змянілі Юрый Сівакоў і Уладзімір Міцкевіч, які пазней стаў начальнікам Упраўлення грамадзянскай абароны Беларусі. У іх былі сродкі далёкай сувязі, пад іх кіраўніцтвам ужо працавалі прадстаўнікі ўсіх міністэрстваў і ведамстваў.

Перадыху амаль не было — летам 1986-га мяне перакінулі ў Магілёўскую вобласць, дзе давялося арганізоўваць працу ў Краснапольскім раёне, які таксама моцна пацярпеў ад катастрофы. Там я таксама адказваў за работы па дэзактывацыі. Дастаткова сказаць, што ўзроўні забруджвання ў вёсцы Кармапайкі можна было параўнаць з 30-кіламетровай зонай адчужэння...

«Немец не дайшоў, а вы пра радыяцыю кажаце»

Чалавечай псіхалогіі ўласціва даволі неадназначная з'ява. Калі нейкую небяспеку мы не бачым на свае вочы, то адчуваецца яна не заўжды ў поўнай ступені. Гэтая адметнасць падманлівай абароненасці сыграла дрэнны жарт у красавіку 1986-га. Ды і ўзровень ведаў належным не быў — дзе ж у глушы знайсці бібліятэкі з матэрыяламі па адпаведнай тэме. А сучасныя сродкі вокамгненнага атрымання інфармацыі здаваліся нечым з разраду фантастыкі.

— Людзі думалі, што гэта ўсё несур'ёзна, — прыгадвае Уладзімір Мурашка. — Вось у Краснапольскім раёне пачуў — «Чаго вы тут калупаецеся? Пробы там усякія бяруць... Немец у вайну сюды ў нашу глухмень не дайшоў. А вы тут пра радыяцыю кажаце». Колькі мы не тлумачылі, што радыяцыі, уласна кажучы, абсалютна без розніцы — балоты ці непраходныя лясы, да многіх людзей спачатку не даходзіла.

Калі жыхароў адсялялі, то ім казалі, што будзе рээвакуацыя праз некаторы час, як толькі ўзроўні радыяцыйнага выпраменьвання прыйдуць у норму. Спрэчны такі прыём, як па мне. З аднаго боку, відавочна, ставілася мэта не дапусціць узнікнення панікі. З другога боку, атрымалася, што людзям схлусілі...

Праз некалькі дзён пасля адсялення мне нават даводзілася выпісваць пропускі тым перасяленцам, якія збіраліся пахаваць сваіх родных, што памерлі ўжо на новым месцы жыхарства. Я ўсяляк імкнуўся растлумачыць, што лепш так не рабіць: як жа вы наведаеце магілу? Ды і лішні раз заходзіць у зону таксама шкодна для вашага ж здароўя. У адказ людзі пыталіся: «Дык што, нас не вернуць назад?» Я адказваў, што, хутчэй за ўсё, іх надзеі марныя...

Кожны дзень, праведзены на забруджанай тэрыторыі, пачынаўся з аб'езду замацаванай тэрыторыі. І кожны дзень мы абавязкова сутыкаліся з якой-небудзь непрыемнасцю. Вось прыгадаць палявыя работы. Колькі разоў бачыў — на нейкай тэрыторыі робіцца дэзактывацыя, і тут жа нехта пачынае касіць сена. Вось каму ты яго косіш? Тут жа забруджаная тэрыторыя. Скаціне яго даваць нельга. Ды і сам касец удыхае ў сябе «гарачыя» часціцы і на роўным месцы зарабляе перспектыву ўнутранага апраменьвання. Пасля на пасяджэнні камісіі мы ўздымалі гэтае пытанне раз за разам. З боку старшыні аблвыканкама падтрымку знаходзілі, з боку сакратара абкама — не. Маўляў, вы зрываеце нам пастаўку і план, а за гэта па галоўцы не пагладзяць. І даводзілася ледзь не на пальцах тлумачыць, што гэта не адсюль трэба кармы пастаўляць, а наадварот, сюды завозіць чысты прадукт. А на наступны дзень усё даводзілася пачынаць зноў. Колькі сіл і нерваў змарнавалі на ўсё гэта...

Сутыкнуліся мы і з праблемамі падчас дэзактывацыі дамоў. Спачатку мы думалі, што ачысціць іх ад радыяцыі можна, але ўбачылі, нашы спробы малаэфектыўныя. Французы прапанавалі нам цікавы палімерны сродак. Механізм яго дзеяння быў наступны: апрыскаць сцены дома спецыяльным растворам, які пасля застываў і ператвараўся ў плёнку. Плёнка скручваецца і адпраўляецца на захоўванне. Здавалася б, схема ідэальная. Але аказалася, што для беларускіх хатак яна не працуе — ізатопы ўеліся ў дошкі і бярвёны глыбока. І заставалася толькі адпраўляць дамы на пахаванне, у магільніку.

Хто падлічыць тыя страты?

Па падліках спецыялістаў, беларуская эканоміка страціла з-за Чарнобыля за трыццаць гадоў астранамічную суму ў 235 мільярдаў долараў. Прычым 80% з гэтай сумы кладуцца на выдаткі, звязаныя з ліквідацыяй наступстваў катастрофы. Апынуліся ў зонах забруджання і 132 радовішчы карысных выкапняў — фармовачных пяскоў, сілікатных, шкляных; крэйды, гліны, будаўнічага каменю, торфу, цэментнай сыравіны.

Але хто і якімі грашамі вымерае зламаныя лёсы тысяч людзей, якім давялося назаўжды не па сваёй волі змяніць месца жыхарства? І пакуты тых, чыё здароўе падарвалі радыеактыўныя ёд, цэзій, стронцый? Нават у Чэхаславакіі ў 1986-м рэзка падскочыла колькасць абортаў — маці баяліся, што народзяць хворых дзяцей...

— Большай часткі афіцэраў грамадзянскай абароны, якія ліквідоўвалі наступствы Чарнобыля, няма ўжо ў жывых, — з сумам кажа Уладзімір Мурашка. — Узяць хаця б таварышаў, з якімі я лятаў туды на верталёце. Камандзір карабля памёр у 1990-х гадах. Не нашмат перажыў яго і бортінжынер. Таварыш, з якім я лятаў, толькі прыйшоў з Афганістана, адкуль яго камісавалі па раненні. Валерый Іванавіч Яфіменка жывы і працуе дагэтуль у сферы грамадзянскай авіяцыі. Начальнік штаба генерал-лейтэнант Аверкій Леанідавіч Грышагін, які прайшоў праз вайну, памёр праз дзесяць гадоў пасля аварыі.

Шмат напісана артыкулаў пра тое, што мы былі не падрыхтаваны да гэтай катастрофы. Аднак хто тады праводзіў усе работы па планаванні і саму ліквідацыю аварыі? Героямі мы сябе не адчувалі. Мы проста выконвалі там, у зоне, сваю працу і абавязак.

Я сам амаль увесь 1987 год праляжаў на бальнічным ложку. Выратавала тое, што мяне адправілі на рэабілітацыю у Мінеральныя Воды, дзе праходзяць адаптацыю касманаўты. Ды і жонка мая — вельмі добры ўрач і наглядае за мной усе гэтыя гады.

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Зямля пад чорнымі крыламі.

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.