Вы тут

"Я не сказала б, што ў нашых людзей была радыяфобія"


Сёння чарнобыльскі досвед вельмі важны для тых, хто жадае вучыцца на памылках іншых.

У 1986 годзе Людміла Лісюк працавала сакратаром гаркама ВЛКСМ Гомеля. Пытанне «Што за воблака з Украіны ідзе?» яна чула ў апошнія дні красавіка з усіх бакоў. Дарэчы, тады мы ўсе пыталі адзін аднаго пра «нейкі выбух», а адказы знаходзілі толькі ў чутках і плётках. Не выключэннем, на жаль, былі і тыя, хто, здавалася, павінен быў ведаць куды больш. Сёння намеснік начальніка ўпраўлення па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — начальнік аддзела сацыяльнай абароны, рэабілітацыі і аздараўлення насельніцтва Гомельскага аблвыканкама Людміла Уладзіміраўна Лісюк гаворыць, што спачатку, у самыя першыя дні пасля аварыі, сапраўды ніхто нічога дакладна не ведаў.


— На жаль, так і было. Ёдная прафілактыка дзяцей пачалася толькі ў маі. А трэба было прэпараты ёду прымаць менавіта ў самы першы тыдзень пасля выбуху. Да той трагедыі аказаліся негатовымі не толькі мы, але і ўся сусветная супольнасць. У маі, ужо пасля сумна вядомай першамайскай дэманстрацыі, пачалася эвакуацыя людзей з трыццацікіламетровай зоны. Між тым я не сказала б, што ў нашых людзей была радыяфобія. Быццам бы і баяліся, але ж такога, як, напрыклад, у Японіі, не было: там пасля катастрофы на Фукусіме многія людзі ўвогуле нічога не елі і не пілі. У Японіі да гэтага часу баяцца дзяцей выводзіць на вуліцу. У нас іншая ментальнасць. Нашы бацькі вайну перажылі, і, мабыць, таму нам нічога ўжо не страшна.

Людміла Уладзіміраўна, у 1986 годзе пачалося вялікае перасяленне людзей, якое доўжылася да 2006 года. Магчыма, сёння важна прааналізаваць — ці ўсё было зроблена аптымальна?

— Усе ў гэтай справе былі першапраходцамі. І, магчыма, рабілі нешта не так, як трэба было, калі глядзець з вышыні сённяшняга дня. У працэсе перасялення пачалі будаваць новыя пасёлкі ў паўночных раёнах Гомельшчыны — дзе таксама, як высветлілася неўзабаве, тэрыторыі былі забруджаныя. А ўсё таму, што спачатку праверылі толькі тры паўднёвыя раёны і палічылі, што на поўначы ўсё добра. Калі аказалася, што гэта зона забруджвання звыш 15 кюры і там нельга сяліць людзей, бетонныя дамы так і засталіся пустымі. Большасць з тых, каго адсялялі з родных мясцін — вясковыя жыхары. Іх накіроўвалі ў розныя бакі — перасялялі часцей за ўсё бліжэй да дзяцей ці іншых сваякоў. Не ўлічвалі тады, што людзям цяжка будзе прыжывацца на новым месцы. Так людзей раскідала па ўсёй краіне.

У нас была такая праблема: людзі атрымлівалі жыллё як пацярпелыя, але пры гэтым вярталіся ў свае родныя вёскі — не маглі прыжыцца на новым месцы. Дарэчы, навучаныя на нашым горкім вопыце, у Японіі людзей перасяляюць у пэўнае месца адразу ўсім населеным пунктам. Было і так, што, маючы выбар, некаторыя людзі пачыналі перабіраць. Для іх жыллё будавалі, а яны потым заяўлялі, што хочуць у іншае месца. Нам прыходзілася ў межах закона пастаянна вырашаць такія складаныя пытанні.

— Страхі былі — у першую чаргу ад адсутнасці дакладнай інфармацыі. Вядома ж, было шмат і тых, хто кінуў усё і ад'ехаў з сям'ёй у іншыя краіны.

— Так, згодная, але ж не ўсе. Дарэчы, у першыя тры месяцы ўлады зрабілі ўсё, каб накіраваць практычна ўсіх школьнікаў на аздараўленне за межы краіны. Гэтым жа даводзілася займацца на працягу многіх гадоў пасля чарнобыльскай аварыі. У 1989 годзе да мяне, на той момант інструктара гаркама партыі, звярнуліся камсамольцы Савецкага раёна Гомеля і папрасілі дапамагчы адправіць дзяцей на аздараўленне ў Еўпаторыю. Каб гэта зрабіць, прыйшлося выходзіць на начальніка чыгункі, бо трэба было не толькі знайсці вагоны, але і адрамантаваць іх. І пасля цэлы састаў дзяцей паехаў адпачываць.

— У 1993 годзе было створана Чарнобыльскае ўпраўленне пры Гомельскім аблвыканкаме. Вы ў ім пачалі працаваць з 1995-га, таму можаце прафесіянальна параўноўваць і аналізаваць сітуацыю ў тыя гады і цяпер.

— У Беларусі 21 раён пацярпеў ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, з іх 13 знаходзяцца на Гомельшчыне. Увогуле ж радыенукліды выпалі на ўсёй тэрыторыі вобласці, акрамя некалькіх населеных пунктаў у Акцябрскім і Петрыкаўскім раёнах. За тыя 20 гадоў, пакуль ішло перасяленне людзей, усе, хто меў на гэта права, мог атрымаць жыллё. Пры гэтым заканадаўства некалькі разоў змянялася. Было і махлярства, былі і тыя, хто, напрыклад, у Расіі атрымаў жыллё як пацярпелы, а потым спрабаваў атрымаць яго ў Беларусі. Гэта ўсё трэба было правяраць і адсочваць. Прыходзілася выяўляць падробленыя даведкі. Былі і вельмі складаныя сітуацыі. У Брагінскім раёне адсялілі ўсю вёску, акрамя трох чалавек. Да мяне адтуль прыехала маладая жанчына з дваімі дзецьмі — якраз пасля таго, як выйшла пастанова, што яе населены пункт ужо выведзены з зоны абавязковага адсялення. Хоць усё жыццё пражыла ў зоне звыш 15 кюры. Плача і гаворыць: у вёсцы засталося трое старых, якія не захацелі адсяляцца, і яна з хворымі малымі. Я растлумачыла ёй, што ў нас ёсць калегія дэпартамента і ў выключных выпадках яна прымае калегіяльнае рашэнне наконт спрэчных праблем. Тады мы змаглі дапамагчы: падрыхтавалі ўсе дакументы, прыклалі даведкі, і жанчыне выдалі жыллё ў чыстай зоне.

— За пасляаварыйны перыяд на Гомельшчыне перастала існаваць 357 сельскіх населеных пунктаў і 40 гаспадарак, выведзена з абароту больш як 200 тыс. га сельгасугоддзяў. І ў той жа час дзяржава не кінула канчаткова гэтыя тэрыторыі.

— Так, пяць дзяржаўных чарнобыльскіх праграм выканана за 1991—2015 гады, а з 2016 года пачалася рэалізацыя шостай. Дарэчы, такой работы, якую праводзіць наша дзяржава ў гэтым кірунку, няма ні ў Расіі, ні ва Украіне. За пяць папярэдніх гадоў, напрыклад, у структуры выдаткаў, звязаных з пераадоленнем наступстваў катастрофы на ЧАЭС, у Гомельскай вобласці 55% сродкаў было накіравана на мэтавыя мерапрыемствы па аднаўленні і развіцці пацярпелых рэгіёнаў, а таксама ахоўныя мерапрыемствы ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Астатнія — на выплату дапамог і кампенсацый, бясплатнае харчаванне навучэнцаў. Калі ў першыя гады пасля трагедыі сродкі ўкладаліся ў развіццё сацыяльнай сферы, то ў апошнія пяць гадоў бюджэт чарнобыльскай праграмы расходуецца галоўным чынам на стварэнне ўмоў для эканамічнага развіцця пацярпелых раёнаў — адкрываюцца новыя вытворчасці, ствараецца для гэтага інфраструктура.

Увогуле па рэспубліцы дзяржава штодзень укладае ў чарнобыльскія тэрыторыі $1 млн.

— Сацыяльныя прыярытэты нашай дзяржавы накіраваны на рэканструкцыю і мадэрнізацыю ўстаноў аховы здароўя, дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў. Што зроблена за апошнія пяць гадоў?

— За кошт «чарнобыльскіх» сродкаў на Гомельшчыне пабудавана 404 кватэры для інвалідаў, чыё захворванне звязана з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і спецыялістаў, якія прыязджаюць на працу ў населеныя пункты на тэрыторыях з узроўнем забруджвання цэзіем-137 звыш 5 Кі/км2. Рэканструяваны паліклінічны корпус Гомельскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера пад аперацыйны блок, пабудаваны корпус у Лоеўскай бальніцы, лячэбна-аздараўленчы корпус у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Пралеска» Жлобінскага раёна, навучальны блок школы ў вёсцы Радуга Веткаўскага раёна, мадэрнізавана дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ў Чачэрску і шмат чаго яшчэ. У рамках развіцця сельскай гаспадаркі пабудаваны і рэканструяваны 41 малочнатаварная ферма, 4 свінакомплексы, 3 выгульныя пляцоўкі ў 11 раёнах вобласці, завершана мадэрнізацыя цэха Гомельскага бялкова-тлушчавага завода.

— Між тым на Гомельшчыне па-ранейшаму застаецца вострай праблема забеспячэння прыродным газам жылых дамоў у населеных пунктах на пацярпелых тэрыторыях.

— Сапраўды, графік газіфікацыі забруджаных радыенуклідамі раёнаў Гомельскай вобласці на 2011–2015 гады быў выкананы не больш як на 30%, і цяпер шэраг перспектыўных населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадкоў, размешчаных у зонах звыш 1 мЗв у год, застаюцца не газіфікаванымі. У сувязі з гэтым неабходна распрацоўка графіка газіфікацыі на 2016–2020 гады з выпрацоўкай новых крытэрыяў адбору населеных пунктаў да газіфікацыі ва ўмовах рэальна наяўнага фінансавання.

— Людміла Уладзіміраўна, у вобласці рэалізуецца шмат спецыяльных інавацыйных праектаў, накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых раёнаў.

— На працягу апошніх пяці гадоў было рэалізавана 17 такіх спецпраектаў. На іх рэалізацыю накіравана 470,2 млрд рублёў. Вось толькі некалькі прыкладаў. У Ветцы ўкаранёна канадская тэхналогія па вытворчасці асфальтабетонных сумесяў для рамонту дарожных пакрыццяў. Для КСУП «Братэрства» Нараўлянскага раёна набылі 50 галоў племянных цёлак. Завершана рэканструкцыя свінагадоўчай фермы для племяннога пагалоўя ў ПСУП «Роўкавічы» Чачэрскага раёна. Для Хойніцкага завода гідраапаратуры набыты станкі. Там жа мадэрнізаваны цэхі рамонтнага завода. Істотная матэрыяльная падтрымка аказана вытворчасці ў Нароўлі, Брагіне, Карме, Уваравічах, Глушкевічах, Лельчыцах...

— Як вы лічыце, чаму беларусаў навучыў Чарнобыль?

— Любая бяда сплочвае людзей. Больш за 100 тысяч сем'яў было пераселена на чыстыя тэрыторыі толькі з Гомельшчыны. Да таго ж шмат людзей ад'ехалі самастойна, асабліва ў першыя гады пасля аварыі. Але ж адначасова адбываўся і іншы працэс. Да нас прыехала шмат людзей з Казахстана, Украіны, іншых рэспублік былога СССР. Яны засялілі і працягваюць засяляць у тым ліку чарнобыльскія раёны. Беларусь стала сапраўды квітнеючай краінай, і ў людзей з'явілася адчуванне, што яны многа могуць самі. Сёння ўсе райцэнтры на поўдні вобласці прыведзены ў парадак. У кожным раёне ёсць добра аснашчаныя бальніцы. У Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку вядуцца важныя навуковыя даследаванні.

Вучоныя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека багата зрабілі для сусветнай навукі. Дарэчы, на першым этапе нам вельмі шмат дапамагала сусветная супольнасць. Таму чарнобыльская бяда аб'яднала не толькі беларусаў, але і многіх людзей ва ўсім свеце.

— Але ж паралельна адбываліся і іншыя працэсы. Быў час, калі пэўная частка людзей пачала думаць, што ім усе павінны. І некаторыя людзі нават сталі залежнымі ад такой дапамогі.

— Сапраўды, сустракалася і ўтрыманства. Некаторыя дзеці ездзілі адпачываць і вучыцца ў іншыя краіны, а потым параўноўвалі, хто больш падарункаў прывёз. Аднак, думаю, апошнія 10 гадоў з'явіліся зусім іншыя тэндэнцыі. У Гомель своечасова былі пераведзены ўсе навукова-даследчыя ўстановы, якія займаюцца адпаведнымі праблемамі. Дзяржаўная чарнобыльская праграма, якая не была скарочана нават у эканамічны крызіс, спрыяла пераходу ад рэабілітацыі да адраджэння і дынамічнага развіцця пацярпелых раёнаў — пры безумоўным забеспячэнні патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі. З 2011 года краіна перайшла да новага этапу ў рашэнні чарнобыльскіх праблем. Так, нам і сёння дапамагае сусветная супольнасць, але ж куды больш робіць дзяржава. Тым часам ад гуманітарных праектаў мы перайшлі да праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. І гэта прынцыпова іншы падыход да дапамогі звонку, калі мы працуем на роўных. Найбольш паспяховымі рэалізаванымі праектамі з'яўляюцца: «Павышэнне ўзроўня бяспекі чалавека на тэрыторыях, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (2012–2013 гг. — Праграма развіцця ААН, Фонд ААН (ЮНІСЕФ); Фонд ААН у вобласці народанасельніцтва (ЮНФПА); «Карані травы» (2011–2015 гг. — Пасольства Японіі ў Беларусі). Сёння рэалізуюцца праекты «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі» (2015–2016 гг. — ЕС, ПРААН); «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» (2015—2018 гг. — ЕС, ПРААН) і іншыя.

— А калі канкрэтна, што стаіць за словамі «рост тэхнічнай дапамогі»?

— За 2011–2015 гг. яе кошт па міжнародных праектах толькі «чарнобыльскай» скіраванасці ў Гомельскай вобласці склаў каля $3 млн. Сярод увасобленых праектных ініцыятыў пабудаваная ў Хальчы Веткаўскага раёна спартыўная пляцоўка. У Ветцы ўцяплілі жылы дом, зрабілі дзіцячую пляцоўку і паркоўку. Замянілі вокны ў многіх установах адукацыі вобласці. Адкрылі мотаклуб у Жыткавічах, у Буда-Кашалёве — секцыю веласпорту. Пабудавалі дамбу ад паводкі ў Жыткавіцкім раёне. Важна, што гэта былі ініцыятывы людзей і яны актыўна падключаліся да іх увасаблення.

— Катастрофа закранула не толькі Беларусь, Украіну і Расію, але ж і многія краіны Еўропы. У свеце існуюць і будуюцца новыя атамныя станцыі, і той вопыт, які напрацавала наша краіна, відаць, можа быць запатрабаваным?

— Ён проста не мае цаны.

Тое, праз што прайшлі мы, сёння павінна ведаць кожная краіна — каб правільна дзейнічаць у падобнай сітуацыі.

Аварыя на АЭС «Фукусіма-1» 11 сакавіка 2011 года актывізавала супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Японіяй. Японскі бок высока ацэньвае досвед Беларусі. Для сусветнай супольнасці нашы спецыялісты з'яўляюцца экспертамі, іх пастаянна запрашаюць на міжнародныя сімпозіумы і семінары. За апошнія пяць гадоў больш за 40 дэлегацый з Японіі наведалі Гомельскую вобласць. Быў час, калі нас кансультавалі японцы, а сёння нашы вучоныя дапамагаюць ім вырашаць праблемы наступстваў аварыі на атамнай станцыі. Цікавасць выклікае стварэнне сістэм маніторынгу здароўя людзей, кантроль за якасцю прадуктаў харчавання, правядзенне дэзактывацыі, прыборы для вымярэння радыенуклідаў, што ўжываюцца ў Беларусі. Іх цікавіць, якім чынам адбываецца аздараўленне дзяцей. Яны заўсёды засяроджваюць увагу на нашых навуковых распрацоўках па ахоўных мерапрыемствах у сельскай гаспадарцы і атрыманні чыстай прадукцыі на забруджаных тэрыторыях. Шмат пытанняў наконт таго, як пераадолець радыяфобію. Іх цікавяць і тыя даследаванні, што праводзяцца навукоўцамі ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Сапраўды, наш запаведнік — унікальны палігон для даследаванняў навукоўцаў усяго свету. Адна з маіх прапаноў — стварыць на яго базе міжнародную лабараторыю. Да нас прыязджаюць не толькі вучоныя ці чыноўнікі, але медыкі, фермеры, хатнія гаспадыні, журналісты...

Такім чынам, вопыт, які мы напрацавалі на сваім няшчасці, унікальны і сёння запатрабаваны. Застаецца вельмі актуальным напрамкам правядзенне інфармацыйнай работы. Калі ёсць дакладная інфармацыя, не будзе ні страхаў, ні фобій.

— Дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на перыяд да 2020 года мае свае асаблівасці...

— Яе мэтамі вызначана далейшае зніжэнне рызыкі неспрыяльных наступстваў для здароўя грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У ліку прыярытэтаў — спецдыспансерызацыя і аздараўленне насельніцтва, бясплатнае харчаванне для дзяцей у школах, контрзахады ў сельскай і лясной гаспадарцы, радыяцыйны кантроль і маніторынг. Адным з новых кірункаў з'яўляюцца спецыяльныя праекты па развіцці пацярпелых раёнаў. Яны ўлічваюць пэўныя праблемы на месцах і закліканы раскрыць сацыяльна-эканамічны патэнцыял чарнобыльскіх тэрыторый. Для іх рэалізацыі ствараюцца новыя і мадэрнізуюцца існуючыя вытворчасці. Будуць працягнуты ахоўныя мерапрыемствы ў аграпрамысловым комплексе. Плануецца завяршыць работы па газіфікацыі населеных пунктаў, зняць пытанні па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой, забяспечыць службовым жыллём спецыялістаў, завяршыць работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і зносе пустуючых будынкаў...

Сёння вельмі важная задача на міжнародным узроўні — пазіцыянаваць Рэспубліку Беларусь як краіну-эксперта ў вобласці пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

іost@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Унікальны, трагічны, запатрабаваны...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.