Вы тут

З чым звяртаюцца работнікі да спецыялістаў на прафсаюзных прыёмах?


Раз на месяц любы ахвотны па ўсёй краіне можа бясплатна атрымаць кансультацыі юрыстаў па пытаннях, звязаных з абаронай працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў. Штомесячныя кансультацыі з мінулага года праводзіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. «Звязда» пабывала на адным з такіх прыёмаў на Мінскім вагонарамонтным заводзе і даведалася, што работнікаў цікавіць не так тлумачэнне працоўнага заканадаўства, як пытанні бытавыя.


Пажаданні ДАІ і ЖЭСу

— Раней мы праводзілі прыёмы ў раённым аб'яднанні. Але не ўсе цягам працоўнага дня паспяваюць даехаць да адміністрацыі. Таму мы выступілі з прапановай праводзіць прыёмы на прадпрыемствах. Прафсаюзны прыём праводзіцца ў апошні чацвер месяца, — расказаў старшыня Маскоўскага раённага г. Мінска аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Уладзімір ЗУБРЫК.

Планавалася, што ён разам з галоўным прававым інспектарам Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза металістаў Вольгай КАРПЕНКАЙ будзе кансультаваць завадчан па працоўных пытаннях. Аднак за дзве гадзіны прыёму ніводзін чалавек не звярнуўся з праблемамі, датычнымі працы. Што ж, такому прадпрыемству можна толькі пазайздросціць.

А прыходзілі людзі са сваімі жыццёвымі праблемамі. Напрыклад, рабочая гасучастка Людміла Маразевіч пацікавілася, ці можа яна падарыць частку сваёй кватэры маленькай унучцы. Жанчына пражывае адна і мае адзінага спадчынніка — сына.

— Па дагаворы дарэння вы можаце падарыць частку сваёй кватэры і нават усю яе каму заўгодна. Для афармлення дагавора вам трэба прыйсці ў натарыяльную кантору. Але пры гэтым вы страціце права ўласнасці на кватэру, — патлумачыла Вольга Карпенка.

Задавалі нават пытанні, звязаныя з дарожным рухам: напрыклад, адзін аўтамабіліст заўважыў, што «ляжачыя паліцэйскія» ў Маскоўскім раёне не адпавядаюць стандартам: то яны высокія, то незаўважныя, то іх вельмі шмат. Супрацоўнік завода выказаў пажаданне, каб іх усе прывялі да аднолькавага выгляду.

— З жонкай разведзены. Як падзяліць кватэрныя асабовыя рахункі? — пацікавіўся іншы наведвальнік прафсаюзнага прыёма, майстар Уладзімір Суліма.

Юрысты патлумачылі, што калі кватэра дзяржаўная, усе дарослыя члены сям'і ідуць у разлікова-даведачны цэнтр і дзеляць асабовы рахунак. Аднак Уладзімір з жонкай будавалі кватэру, таму ў першую чаргу ім трэба падзяліць маёмасць, і толькі пасля з усімі дакументамі — у РДЦ і ў БРТІ.

Эканаміста па фінансавай рабоце Наталлю Федарэйчык цікавіла, як можна зрабіць касметычны рамонт у пад'ездзе.

— Вам трэба сабраць ініцыятыўную групу і трапіць на прыём да начальніка ЖЭСа. Калі жыльцы згодныя прыняць непасрэдны ўдзел і фінансаваць, то гэта можна абмеркаваць з ім.

Наталля Федарэйчык запыталася, чаму ў двары павысякалі пасаджаныя жыльцамі кусты. Адказ просты:

— Расліны былі высаджаны без узгаднення з жыллёвымі службамі, таму апошнія маюць поўнае права знішчыць іх.

«Нарадзіла, але маці не стала»

Наступнай наведвальніцай аказалася жанчына, якая працуе маляром на суседнім прадпрыемстве, аднак спецыяльна прыехала на вагонарамонтны завод, каб даведацца, як можна вырашыць яе сямейнае пытанне.

— У мяне пытанне па апякунстве. У маёй дачкі забралі дзіця, яно знаходзіцца ў дзіцячым доме. Дачка ўжо не наведвае сына, і я хацела б даведацца, як мне можна аформіць апякунства над унукам.

Жанчына расказала, што яе дачку яшчэ не пазбавілі бацькоўскіх правоў. Яна была на сацыяльным уліку, і калі паўтарагадовага сына забралі ў дзетдом, маці выставілі пералік умоў для выпраўлення. «Выпрабавальны тэрмін» тая вытрывала 11 дзён, пасля перастала не толькі наведваць сына, але і прыходзіць дамоў.

— Яна не зменіцца. Нарадзіла, але маці не стала, — з горыччу падсумавала жанчына.

Каб адказаць на такое складанае пытанне, Уладзімір Зубрык патэлефанаваў начальніку ўпраўлення адукацыі Маскоўскага раёна.

— Апеку аформіць можна нават без пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Вядома, кожны выпадак разглядаецца асобна, бо бываюць розныя абставіны. Напрыклад, бацькоў часам асуджаюць за эканамічнае злачынства, але ж іх ніхто не пазбаўляе бацькоўскіх правоў, бо ў дачыненні да дзіцяці яны добра выконвалі свае абавязкі. І на гэты перыяд бабулі з дзядулямі могуць афармляць апеку. Але калі бацькі пазбаўлены правоў на дзіця, то пражываць на адной жылплошчы з імі дзіця не можа.

Заяўніцы параілі звярнуцца ў сектар аховы дзяцінства свайго раёна.

Прафсаюзны прыём на вагонарамонтным заводзе паказаў, што людзей больш хвалююць жыццёвыя пытанні, чым прафесійныя. Аднак спецыялісты стараюцца адказаць і на іх. Хоць праблемы працоўнага заканадаўства таксама даводзіцца вырашаць.

— Адзін работнік пайшоў на пенсію, і яму не выплацілі матэрыяльную дапамогу, прадугледжаную калектыўным дагаворам. Мы патлумачылі, што яму трэба звярнуцца ў прафкам і папрасіць пісьмовы адказ на гэтае пытанне, каб у выпадку звароту ў вышэйшыя органы ў яго было пісьмовае пацвярджэнне, — прыгадала адзін з нядаўніх выпадкаў Вольга Карпенка.

Спецыялісты завяршылі прыём тым, што параілі работнікам ведаць свае правы, а ў выпадку іх парушэння звяртацца ў прафсаюз.

Не толькі словам, але і справай

За год, з сакавіка 2015-га па сакавік 2016 года, прайшло ўжо 10 падобных выязных прыёмаў, спецыялісты прынялі больш за 2800 чалавек, як распавяла «Звяздзе» начальнік галоўнага ўпраўлення юрыдычнай работы і прававога забеспячэння Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Марына ЛАЗАР. Па яе словах, падчас такіх сустрэч найбольш актуальнымі (звыш 50%) з'яўляюцца пытанні працоўнага заканадаўства, далей па «папулярнасці» ідуць жыллёвыя і пенсійныя праблемы.

— Перавага такой формы работы ў тым, што да грамадзян прыязджае прафесійны юрыст з вялікім стажам, дзякуючы папярэдняму запісу ён ведае, колькі чалавек і з якімі пытаннямі да яго звернуцца. Людзям не даводзіцца нікуды ехаць, калі трэба тэрмінова вырашыць пытанні з мясцовымі органамі ўлады, прававы інспектар наўпрост ім тэлефануе, — гаворыць Марына Васільеўна.

Напрыклад, аднойчы да прававога інспектара звярнуўся інвалід І групы, які меў патрэбу ў калясцы. Проста на прыёме інспектар патэлефанаваў ва ўпраўленне сацыяльнай абароны, і было прынята рашэнне выдзеліць інвалідную каляску гэтаму чалавеку.

Па словах Марыны Лазар, акрамя аператыўнага вырашэння пытанняў выязныя прыёмы дапамагаюць павышаць прававую дасведчанасць грамадзян і абараняць іх правы. Апроч кансультацый, прававыя інспектары бясплатна могуць падрыхтаваць іскавыя заявы ў суд. Напрыклад, жонка загінулага не магла дамагчыся на сваім прадпрыемстве выплаты аднаразовай дапамогі, наймальнік не адрэагаваў на заяву. Тады пры дапамозе прававога інспектара склалі заяву ў суд, які пастанавіў выплаціць жанчыне грошы.

Апроч выязных прыёмаў на прадпрыемствах, прававыя інспектары ФПБ прымаюць грамадзян на тэрыторыях раёнаў, кансультуюць праз форму на афіцыйным сайце Федэрацыі, непасрэдна на сваіх працоўных месцах, а таксама па тэлефоне.

sеrаdzуuk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пытанні на засыпку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.