Вы тут

Марк Твен. Апавяданні




My first lie, and how I got out of it

Мая першая мана, і як я з яе выкручваўся

Як я разумею, вам хочацца атрымаць звесткі пра маю першую ману і пра тое, як я з яе выкручваўся. Я нарадзіўся ў 1835; захаваўся даволі добра, але памяць стала бы сіта. Здарылася б так, што вы спыталі, калі я ўпершыню сказаў праўду (было б міла з вашага боку), я з лёгкасцю адказаў бы, бо добра памятаю той момант, быццам бы толькі тыдзень прайшоў. Але мае дамачадцы запэўніваюць мяне, што прайшло нават два тыдні, у чым, вядома, адчуваецца ліслівасць і верагодна, іхніх далёкасяжных планаў на мяне. Калі табе надыходзіць шэсцьдзясят чацвёрты год, хоцькі-няхоцькі, а станеш абачлівым, ды й жыццё паматляе, так што ветлівыя выпады родных, у выглядзе кампліментаў, з годнасцю прымаеш, але не так бярэш да сэрца, як у старыя добрыя, наіўныя часы.

Я сапраўды не помню, як я стаў на слізкую сцяжынку хлусні: іду я па ёй даўно. Але я добра памятаю свой другі крок. Калі ішоў дзявяты дзень ад майго нараджэння, я заўважыў, што, як толькі нейкая шпілька нейкім чынам утыркаецца ў мяне і я абвяшчаю пра гэта даволі трывіяльным для немаўляці спосабам, адразу ж мяне песцяць, і мілуюць, і галубяць як ніколі, да таго ж і прысмакамі балуюць.

Чалавечай прыродзе ўласціва прагнуць падобнай раскошы, і я не быў выключэннем. Нават калі нічога ў мяне не ўтыркалася, я гарлапаніў што было моцы, тым самым здзяйсняючы акт ашуканства. І вы б зрабілі тое самае, і Джордж Вашынгтан — любы з нас. Пражыўшы да 1867 года, я ніводнага разу не сустрэў чалавека, які б здолеў узняцца супраць спакусы зманіць такім парадкам. Да 1867 года ўсе добрасумленныя дзеці, што пабачылі гэты свет, ператвараліся ў ашуканцаў (не сумнявайцеся, Джордж таксама быў у тых шэрагах). Да 1867 года, пакуль не з’явілася англійская шпілька і не парушыла ўсе правілы гульні. Ці аказалася рэформа, здавалася б, да лепшага чагосьці вартая? Ані, бо праводзілася пад прымусам, на недобраахвотнай аснове. Усяго толькі знік пэўны від ашуканства, але гэта ніколечкі не аслабіла схільнасць да маны як такой. Як не аслабіць увод сухога закона прагі выпіць.

Але вернемся да нашых шпілек. Раптам тыя, хто нас так песціў і галубіў, выяўляюць, што нічога ў нас не ўтыркаецца, - яшчэ адзін з шэрагу ўсясветных хлусаў! І з ласкі такой капрызнай спадарыні, як натхненне, да іх прыходзіць разуменне даволі відавочнага, тым не менш рэдка заўважальнага, факта: схлусіць можна, толькі штосьці зрабіўшы, ілжывая ж прамова не лічыцца за грэх. Крыху паварушыўшы мазгамі, яны зразумеюць, што ўсе без выключэння людзі маняць з пялёнак, і займаюцца гэтым штодзень, зранку да вечара, без выхадных і водпускаў. Засмуціла б іх такое ўпарадкаванне свету толькі ў тым выпадку, калі б яны бяздумна чыталі кніжкі і слепа слухалі настаўнікаў. З якой ласкі чалавек будзе смуткаваць над тым, што закладзена ў яго законамі прыроды, перапусціць якіх яму не пад сілу? Не ён складаў тыя законы, ягоная справа — прытрымлівацца іх і рабіць выгляд, што нічога няма. Далучыцца да ўсяленскай змовы і так па-майстэрску рабіць той выгляд, каб нават змоўшчыкі-паплечнікі ўзялі пад сумненне ягоную дасведчанасць у пастулатах змовы. Усе мы падманваем — і ў гэтым сябе не падманваем. Я маю на ўвазе хлусню маўклівай згоды: можам схлусіць, не вымавіўшы нічагуткі. Мы ўсе так падманваем — і ў гэтым сябе не падманваем. Улічваючы тэрыторыю, на якую пашырылася тая змова, гэты від хлусні мажліва лічыць самай велічнай хлуснёй, ахоўваць і памнажаць якую чалавецтва ўзяло сабе за свяшчэнны абавязак.

Для прыкладу. Чалавеку гуманнаму і разумнаму было б цяжка апраўдаць рабства. Але, як вы добра памятаеце, першыя заклікі севяран да эмансіпацыі і вызваленне рабоў не выклікалі ўхвалення. Колькі б яны ні запэўнівалі, ні упрошвалі, ні малілі, яны не мелі аніякіх шанцаў разбіць той стальны купал маўчання, які ахінуў увесь свет - ад духавенства і вучоных дзеячаў да ніжэйшых саслоўяў — усё было прасякнута слізкім маўчаннем, што стварылася і падтрымлівалася хлуснёй маўклівай згоды. Слізкай маўклівай згоды, да якой гуманны і разумны чалавек не захоча мець ніякага дачынення.

Уся Францыя, за выключэннем пары дзясяткаў рыцараў духу, на працягу справы Дрэйфуса была ахінута падманлівай коўдрай маўклівай згоды: тое, што нявінны чалавек быў падвергнуты пераследаванням, не выклікала і ноткі абурэння. Пазней падобная коўдра з галавою накрыла і Англію, дзе палова насельніцтва маўкліва прыкінулася, што не заўважае спробаў Чэмберлена развязаць вайну ў Паўднёвай Афрыцы і ягоных намераў выдаткаваць на гэта непамерныя грошы.

Вось я вам давёў тры выпадкі ў выбітных цывілізаваных краінах, якія служаць прыкладамі ўжывання хлусні маўклівай згоды. Ці мажліва вылучыць болей гэткіх жа выпадкаў у вышэйзгаданых краінах? Думаю, так. Не так шмат, скажам, які мільярд, каб крыху ўтаймаваць вашу фантазію. Ці ўжываюць гэтыя краіны той самы від хлусні штодзень, са зменлівым пастаянствам і пастаяннай зменлівасцю, ні на хвілю не пакладаючы рук? Так, мы сябе ў гэтым не падманваем. Удзельнікі той сусветнай змовы заўжды і ўсюды плённа працуюць, і заўжды на карысць дурнотам і прытворству, а дзеля прыстойнасці — ніколі. Ці гэта самая нявінная мана з усіх? Здаецца, так. Стагоддзямі яна моўчкі супрацоўнічае з дэспатызмам, арыстакратыяй, ужываецца рабаўладальнікамі, ваеннымі і рэлігійнымі вярхушкамі, больш за тое — яна іх уратавала, і цяпер ратуе, усіх-усіх, па ўсім свеце. І будзе ратаваць, пакуль хлусня маўклівай згоды не пакіне поле сусветнай гульні. І тады разумныя і сумленныя людзі заўважаць і прыпыняць з прычыны маральнага абавязку маўклівую згоду з тым, што вакол не адбываецца нічога жудаснага.

Да чаго я вяду? Калі агулам нацыі і народы апынуліся ў змове за буйную маўклівую хлусню ў інтарэсах тыраніі і прытворства, з якой ласкі мы павінны звяртаць увагу на такія дробязі, як маленькая хлусня асобна ўзятага чалавека? З якой ласкі мы павінны рабіць выгляд, што добраахвотна утрымліваем сябе ад падману? Дзеля чаго нам ашукваць саміх сябе? Чаму мы можам бессаромна дапамагаць росквіту маны ў нацыянальных маштабах і саромецца дадаць на рахунак асабістых маленькіх падманаў яшчэ адзін пункцік? Чаму мы не можам маніць пры ўсялякім зручным моманце і быць пры гэтым прыстойным, чэсным чалавекам? То бок, чаму б нам не быць паслядоўнымі ў сваіх дзеяннях? З якой ласкі мы павінны падтрымліваць нацыянальную хлусню цягам цэлага дня, а потым узяць і адмовіцца ад нявіннай маленькай асабістай хлусні перад сном? Проста, каб не забыць, як гэта робіцца.

У Англіі наогул пануюць самыя дзіўныя завядзёнкі. З вуснаў тамтэйшых жыхароў вам не надасца аніякага шанцу пачуць хлусні, і нічога не прымусіць іх папесціць вас гэтым. Вядома, за выключэннем сапраўды істотных аспектаў жыцця — палітыкі і рэлігіі. Немагчыма ўявіць, каб нават малюсенькая часцінка маны на ўласную карысць змагла б дакрануцца да іх вуснаў. Ядавітыя пары сляпой фанатычнасці настолькі задурылі галовы англічан, што мне робіцца сорамна за сябе. Яны і жартуючы не схлусяць; не схлусяць, нават калі ад гэтага нікому не будзе ані лепш, ані горш. Гэтая завядзёнка заўсёды прымушала мяне адумвацца, перад тым як схлусіць, так што я амаль развучыўся гэта рабіць, не маючы дастатковай практыкі.

Вядома, англічане, як і ўсе людзі, карыстаюцца ўсімі іншымі відамі хлусні, па-за вербальнымі, але гэта застаецца для іх незаўважальным, пакуль адмыслова не звернеш іх увагу. Я ўжо настолькі быў ўліўся ў іх асяроддзе, што зусім перастаў падманваць. Амаль што. Пачаў карыстацца малазаўважальнай маной, але мясцовыя і яе забракавалі. І нягледзячы на тое, што я шчыра зацікаўлены ў паляпшэнні сяброўскіх адносінаў між дзвюма нацыямі, трэба мець пачуццё меры. Інакш я згублю самаідэнтыфікацыю разам са здароўем. Вядома, жыць на строгай дыеце я магу, але цалком адмовіцца я не ў стане.

Вядома, здараліся выпадкі, калі і недатыкальныя вусны англічанаў абражаліся хлуснёй. Усе праз гэта праходзяць, рана ці позна, нават анёлаў не абмінула б такая доля, былі б яны тут з намі. Дарэчы, што тычыцца анёлаў: хлусня, пра каторую я вяду размову, з’яўляеўцца ахвярай, якую яны прыносяць на алтар высакародных мэтаў. Але і такая мана страшыць англічанаў, парушае нервовую сістэму. Вельмі цікава назіраць за людзьмі-вар’ятамі, якія ўтвараюць краіну з унікальнымі забабонамі.

У мяне ёсць сябар, мы знаёмыя дваццаць пяць гадоў. Учора падчас нашага з ім шпацыру я міжвольна зманіў, малазаўважальна, вядома. Тут, у Англіі, з-за адсутнасці выбару мне не выпадае нічога іншага, як прымяняць на практыцы хоць нейкія свае ўменні. Я распавёў яму, як я летась у Аўстрыі выкручваўся з няёмкага становішча. Не ведаю, дзе б я цяпер апынуўся, калі не сцяміў сказаць паліцыянту, што з’яўляюся членам той жа сям’і, што і Прынц Уэльскі. Гэта абярнула сітуацыю на маю карысць, і мяне адпусцілі, да таго ж папрасілі прабачэння, і былі настолькі добрымі і ветлівымі да мяне, і не ведалі, што яшчэ могуць для мяне зрабіць, і, верагодна, у іх выйшла нейкая памылка, і паабяцалі павесіць вінаватых, і спадзяюцца што ўсё «было ды быллём парасло». Я іх супакоіў і сказаў, што ўсё ў парадку. Мой сябар спытаў сувора:

«І ты называеш гэта малазаўважальнай маной? Як яе можна не заўважыць?»

Я патлумачыў, што ўся хітрасць заключалася ў самой падачы інфармацыі. «Я ж не сказаў прама, што належу да каралеўскай сям’і. Я сказаў толькі, што з’яўляюся членам той жа сям’і, што і Прынц, маючы на ўвазе, што ўсе мы, людзі, браты. Калі б паліцыянты не былі такімі няцямамі, яны б зразумелі мяне. Я ж не адказны за набор у шэрагі паліцыянтаў разумных людзей».

«Як жа ж ты сябе адчуваеш пасля ўсяго гэтага?»

«Ведаеш, я крыху папакутаваў з-за таго, што мы не знайшлі паразумення з паліцыянтамі, але я не сядзеў цэлую ноч і не рваў на сабе валасы, бо, па вялікім рахунку, я не падманваў».

Сваім адказам я змусіў сябра некалькі хвілін абдумаць той выпадак і дасканала прааналізаваць яго. У выніку ён прыйшоў да той думкі, што мая хітрая падача інфармацыі ўсё-ткі была хлуснёй — замоўчванне сапраўднага стану рэчаў з мэтаю няправільнага паразумення. Такім чынам, мая хлусня падвоілася.

«Я б ніколі так не зрабіў», — абурыўся ён. — Ніколі ў жыцці я не зманіў, і надарылася б такое раптам, мне было б вельмі сорамна”.

Неспадзеўкі ён прыўзняў капялюш і расплыўся мільёнамі радасных усмешак нейкаму джэнтльмену, які праязджаў міма ў аднаколцы.

«Хто гэта быў?»

«Я яго не ведаю».

«Тады чаму ты сябе так паводзіў?»

ۍБо было бачна, што я здаваўся яму знаёмым. Ён чакаў ад мяне знакаў увагі. Калі б я не павітаўся, яго б гэта вельмі абразіла. А мне не хацелася ганьбіць яго на вачах мінакоў».

«Разумею, намеры твае і дзеянні пахвальныя. Ты павёў сябе як выхаваны і ветлівы чалавек. Я б і сам так зрабіў, але гэта была хлусня».

«Хлусня? Я нічога такога не сказаў! З чаго ты ўзяў?»

«Так, ты нічога такога не прамовіў, але твае дзеянні казалі самі за сябе: “Прывітанне! О, Вы ў горадзе? Як прыемна Вас сустрэць! І калі Вы вярнуліся?” Паводзячы сябе так, ты сам выкарыстаў прыём “замоўчвання сапраўднага стану рэчаў з мэтаю няправільнага паразумення”. А сапраўдны стан рэчаў — гэта тое, што ты і ведаць не ведаеш гэтага чалавека. Калі вы сустрэліся, ты хлусліва выказаў радасць і змоўчаў той факт, што вы ніколі раней не сустракаліся — яшчэ адна мана з твайго боку. Зноў такі, твая хлусня падвоілася. Але не бяры да галавы — усе так робяць».

Праз дзве гадзіны за вячэрай, калі нашая гаворка ўжо перацякла ў іншае рэчышча, мой сябар распавёў мне пра адзін займальны выпадак. Аднойчы яму давялося зрабіць паслугу адной сям’і, сваім старым сябрам. Галава сям’і раптоўна памёр пры абставінах, мякка кажучы, вельмі ганебных. Калі б пра падрабязнасці даведалася ягоная сям’я, іх нявінныя сэрцы былі б разбітыя смуткам, а галовы апусціліся пад нясцерпным цяжарам сораму. Нічога не заставалася рабіць, акрамя як маніць, і ён сабраўся з духам і зрабіў гэта.

«І сям’я так і не даведалася праўды?»

«Ніколі. На працягу ўсіх гэтых гадоў ім і ў думкі нічога не прыйшло. Яны заўжды ганарыліся нябожчыкам, ды і цяпер працягваюць, успамінаючы яго светлай памяццю».

«Ім моцна пашанцавала».

«Так, вядома».

«А на ягоным месцы мог бы апынуцца адзін з бессардэчных і бессаромных фанатыкаў праўды. Вось ты за сваё жыццё казаў праўду мільён разоў, але адна найцудоўнейшая мана выкупляе ўсё. Не спыняйся, калі ласка, на дасягнутым!»

Для некаторых я застаюся чалавекам не вельмі высокіх мараляў, але гэта даволі неабгрунтавана. Ёсць шмат відаў хлусні, якія я не ўхваляю! Я не люблю згубную ману, за выключэннем тых выпадкаў, калі яна губіць не мяне, а кагосьці яшчэ. Не люблю ні хвалёна-паказную, ні захоплена-набожную. Ужываннем першай быў вядомы Браянт, апошняй — Карлайл.

Містэр Браянт выказаў такую думку, што «змоўчаная праўда абавязкова прагучыць». Нават я, які на трынаццаці спаборніцтвах станавіўся лепшым хлусам, ніколі не падманваў так, як гэта зрабіў містэр Браянт. Ён, як і ўсе мы, проста хацеў усім падабацца. Карлайл, па сутнасці, казаў (дакладныя словы я не памятаю), што «згодна з вечнымі законамі хлусня няздатная выжыць». Я вельмі паважліва стаўлюся да кніг Карлайла (ягонае «Адкрыццё» я чытаў восем разоў), таму я схільны думаць, што ён не быў дастаткова шчыры, калі прамаўляў тое. Відавочна, што на той момант ён быў у стане захаплення, бо апантана кідаў цэглу ў амерыканцаў, якія прыйшлі да яго выказаць сваю пашану. У глыбіні душы яго, напэўна, гэта цешыла, але ён умела гэта хаваў. Нагатове ў яго заўсёды была цэгла, але ў яблычак ён цэліў рэдка. Вядомыя нават факты, калі амерыканцы, ухіліўшыся ад удараў, забіралі кавалкі цэглы з сабою, як рэліквію. А што думае пра нас той, ад каго мы яе атрымалі, нас асабліва не хвалюе. Я ўпэўнены, што калі ён прамаўляў, так бы мовіць, ісціну, што «хлусня не выжыве», якраз у той момант ён не трапіў у чарговага амерыканца і быў вельмі ўсхваляваны. Прамоўлена было гэта трыццаць гадоў таму, а мана яшчэ жыве, і, напэўна, будзе жыць. У спакойным стане Карлайл мо і не грашыў хлуснёй, але дайце яму дастаткова амерыканцаў і адпаведна камянёў для іх, ён змог бы даць мне фору ў тых трынаццаці спаборніцтвах.

Але вернемся да таго знакамітага выпадку, калі Джордж Вашынгтан сказаў праўду. На гэты конт я б хацеў сказаць пару словаў. Гэты выпадак стаў найпрыгажэйшай жамчужынай у кароне Амерыкі, і, зразумела, што мы хочам ацаніць яго па заслугах, як сказаў Мілтан у «Песні апошняга менестрэля». Тая прадуманая праўда прагучала якраз у час. Я б і сам так сказаў, калі б апынуўся ў падобных абставінах. Але тут я хачу ўдакладніць. Тое была магутная і высакародная праўда, бы моцная і непрыступная вежа. І здаецца мне, дарма было адцягваць увагу ад яе велічнасці яшчэ адной, у чатырнаццаць разоў вышэйшай. Я маю на ўвазе ягоную фразу, што ён «не можа падманваць». Гэтую хлусню не задумваючыся праглынулі хіба толькі дзеці ці Карлайл: гэта якраз у ягоным стылі. Вашынгтон змог бы стаць першакласным хлусам на любых Еўрапейскіх спаборніцтвах, ягоны талент заўважылі б і ў Чыкага. Але Бацьку нашай нацыі можна зразумець: ён быў моцна ўсхваляваны. Я сам быў у такіх абставінах і магу сабе ўявіць.

Не магу сказаць, што Вашынгтан не мае рацыі. Думаю, на яго не находзіла часовае натхненне, і ягоная прамова была загадзя падрыхтаваная. Маючы ваеннае мысленне, ён, мабыць, спачатку вырашыў сказаць бацькам, што дрэўца зламаў ягоны брат Эдвард, але раптам пабачыў добрыя перспектывы і сам скарыстаўся імі: ён скажа праўду, бацька моцна здзівіцца, раскажа суседзям, суседзі разнясуць па ўсёй ваколіцы, і ён стане Прэзідэнтам, больш за тое — Першым Прэзідэнтам. Так, хлопец меў далёкасяжныя планы і мог, відавочна, усё пралічыць. Таму, на маю думку, ён апраўдаў свае дзеянні. Што не скажаш пра другую Вежу праўды. Памылка, відаць. Хоць, я для сябе яшчэ не вырашыў: можа і не было гэта памылкай. Бо зразумела, што каб не тая, другая вежа, то на першую маглі б з часам і забыцца. Калі б ён не сказаў: «Я не магу падманваць», нішто не скаланулася б. Напраўду ж, гэта было сапраўдным землятрусам. Гэты выраз будзе жыць вечна, а факты, звязаныя з ім, змогуць падзяліць ягоную бессмяротнасць.

Наогул, па сутнасці я задаволены тым, як усё адбываецца. Пакуль што, вядома, засталіся негатыўныя адносіны да хлусні вербальнай, але ўсе астатнія віды даволі добра прыжыліся ў грамадстве. Да таго ж, дзякуючы аналізу і матэматычным падлікам, я змог высветліць, прапорцыя вербальнай хлусні да іншых відаў складае 1:22894. З гэтага вынікае, што вербальная хлусня не ўяўляе сабою вялікай важнасці і зусім не варта раздуваць яе небяспечнасць. Закідваць камянямі асуджэння трэба маўклівую хлусню ў нацыянальных маштабах, якая з’яўляецца хаўруснікам тыраніі, бессаромства, няроўнасці і несправядлівасці, ад чаго пакутуе чалавек. Але пакінем іншым маліцца за гэтую праблему і закідваць хлусаў цэглай.

Больш за тое… Але я моцна адышоўся ад майго аповеду. Дык як я выкруціўся са сваёй другой маны? Думаю, даволі высакародна, хаця не зусім упэўнены, бо было гэта даўно, а як я ўжо казаў, памяць мая стала бы сіта. Помню толькі, што мяне павярнулі адваротным ад твару бокам, паклалі на калена і… Шчыра кажучы, хоць забі, не помню, што здарылася потым. Здаецца, гучала музыка. Але цяпер усё сцерлася з часам, а засталіся толькі фантазіі старога чалавека.

 

Пераклад з англійскай Дар’і Станцэль

Падрыхтавала да друку Вольга Марозава

 

 

A Telephonic Conversation

Тэлефонная размова

 

Думаю, што тэлефонная размова (калі вы проста седзіце побач і не прымаеце ў гутарцы ўдзелу) адна з самых значных дзівостак сучаснага жыцця. Учора, пакуль я пісаў сур’ёзны артыкул на нейкую ўзвышаную філасофскую тэму, у пакоі якраз праходзіла такая гутарка. Я заўважыў, што значна лепей пішацца, калі хто-небудзь побач размаўляе па тэлефоне. І вось як усё пачалося. У пакой увайшоў адзін з членаў нашай сям’і і папрасіў мяне злучыць наш нумар з нумарам Баглеяў. Я заўважыў, што шмат у якіх гарадах жанчыны пазбягаюць таго, каб самім тэлефанаваць на цэнтральную станцыю. Не ведаю чаму, але так атрымоўваецца. Ну вось я ўзяў слухаўку і пачалася такая размова:

 

Цэнтральная (груба): Слухаю!

Я: Гэта Цэнтральная?

Ц: Ну вядома. Што вам патрэбна?

Я: Злучыце мяне, калі ласка, з Баглеямі.

Ц: Добра. Не вешайце слухаўку.

 

Затым я пачуў ШЧОЎК, ШЧОООЎК, ШШЧОЎК, ШЧОЎК-ШЧОЎК-ШЧОЎК! Пасля гук, падобны да скрыгату зубоў і ўрэшце пісклявы жаночы голас: Та-а-а-к? (становіцца гучней) Вы хацелі са мной пагутарыць?

Я не адказваю, перадаю слухаўку і вяртаюся на сваё месца. І пачынаецца самае дзіўнае з усіх дзіўных рэчаў на свеце — размова, калі чуваць толькі аднаго ўдзельніка гутаркі. Вы чуеце пытанне, але не ведаеце адказ. Вы чуеце запрашэнне, але не чуеце пасля падзякі. У выніку вы час ад часу слухаеце зусім недарэчныя і неапраўданыя выгукі здзіўлення, шкадавання ці роспачы. І вы не разумееце сэнсу гутаркі, бо ніколі не ведаеце, што адказвае чалавек на тым канцы проваду. На гэты раз я стаў сведкам аднаго з бакоў такой размовы і ўсё на павышаных тонах, бо жанчын нельга пераканаць спакойна размаўляць па тэлефоне:

 

—Так? А ГЭТА як здарылася?

Цішыня.

—Што?

Цішыня.

—О, не, не думаю.

Цішыня.

—Не, не! Вы не ТАК зразумелі. Я казала класці, калі закіпіць. Ці якраз ПЕРАД кіпеннем.

Цішыня.

— ШТО?

Цішыня.

— Я грунтоўна абшыла яе бейкай па кругу.

Цішыня.

— Так, мне таксама падабаецца. Але, здаецца, лепей пааблямоўваць валансьенам ці бамбазінам, ці нечым такім. Так выглядае нашмат лепш і прыцягне погляды.

Цішыня.

— Гэта сорак дзевятая «Паўторанага Закону», ад шэсцьдзясят чацвёртага да дзевяноста сёмага ўключна. Я думаю, мы ўсё мусім перачытваць іх.

Цішыня.

— Мабыць і так. Я часцей выкарыстоўваю шпільку.

Цішыня.

— Што вы сказалі? (убок) Дзеці, цішэй!

Цішыня.

— Ах! «Сі-бемоль»”, а мне падалося вы сказалі «нота соль».

Цішыня.

— З якога часу?

Цішыня.

— Дарэчы, я ніколі пра гэта не чула.

Цішыня.

— Вось дзіва! Гэта ж зусім немагчыма!

Цішыня.

— ХТО зрабіў?

Цішыня.

— Ах, Божухна!

Цішыня.

— І куды толькі каціцца гэты свет? І вось так проста ў ЦАРКВЕ?

Цішыня.

— І яе МАЦІ там была?

Цішыня.

— Вы што, місіс Баглей, я б памерла з сораму! А што яны?

Цішыня доўжылася больш.

— Я не зусім упэўнена, бо не маю нот побач, але там нешта па-тыпу: тра-ля-ля, ла-ло-ло-лоо, О тооля-ля-ЛЯЯ-ЛІ-ЛІ-ЛЯ! Ну, і рэпрыза пасля.

Цішыня.

— Так, я думаю, гэта добра і урачыста, калі вытрымаць аданціна і піянісіма.

Цішыня.

— Ах, ледзянцы! Але я заўсёды забараняла ім есці паласатыя цукеркі. Ну і, вядома, не атрымаецца, пакуль у іх няма зубоў.

Цішыня.

— ШТО?

Цішыня.

— Ах, не, што вы. Ён тут, піша. І мы яму зусім не перашкаджаем.

Цішыня.

— Добра, калі атрымаецца, я прыйду. (убок) Ну і ну, у мяне ўжо рука забалела трымаць слухаўку! Шкада, што…

Цішыня.

— Не, зусім не! Я люблю пагутарыць, толькі баюся, што затрымліваю вас.

Цішыня.

— Госці?

Цішыня.

— Не, мы ніколі не ямо іх з маслам.

Цішыня.

— Так, гэта добры варыянт. Але ва ўсіх кулінарных кнігах напісана, што яны вельмі шкодныя для здароўя, калі ўжо не сезон. І ЁН не любіць іх, асабліва, кансерваваныя.

Цішыня.

— Думаю, гэта надта дорага для іх. Мы ніколі не плацілі больш за пяцьдзясят цэнтаў за пучок.

Цішыня.

— Вам трэба ісці? Тады да пабачэння.

Цішыня.

— Так, думаю, так. Да пабачэння.

Цішыня.

— А чацвёртай? Я паспею. Да пабачэння.

Цішыня.

— Вялікі вам дзякуй. Да пабачэння.

Цішыня.

  • Ах, ну якія клопаты! Якая? Ах, я рада гэта чуць ад вас. Да пабачэння.

 

(Вешае слухаўку і кажа: «Як жа стамілася рука!»)

Мужчына сказаў бы сваё суворае «Да пабачэння» і на гэтым скончыў. Але слабы пол не такі, я кажу гэта ім у гонар. Яны не выносяць рэзкасці.

 

— КАНЕЦ —

 

Пераклад з англійскай Мацея Бенько

Падрыхтавала да друку Вольга Марозава

 

Curing a cold

Як лячыць прастуду

 

Пісаць дзеля забавы чытача, магчыма, добра, але шмат высакародней пісаць для яго навучання і на яго карысць, сапраўдную і адчувальную. Выключна дзеля апошняй быў напісаны гэты артыкул. Калі хоць аднаму самотнаму пакутніку з роду чалавечага ён дапаможа вярнуць здароўе і яшчэ раз запаліць святло надзеі і радасці ў памутнелых вачах ці прымусіць застылае сэрца па-ранейшаму хутка і моцна біцца, гэта будзе маёй узнагародай за старанне. І душу маю наскрозь прасякне ўзнёслая? праведная? асалода, якую хрысціянін адчувае пасля добрага бескарыслівага ўчынку.

Я пражыў бязгрэшнае і бездакорнае жыццё, і таму ўпэўнены у тым, што ніхто з маіх знаёмых не зможа назваць хлуснёй парады, якія я неўзабаве зраблю. Няхай чытач сам прачытае пра мой досвед лячэння прастуды, пра які тут будзе ісці гаворка, і затым возьме з мяне прыклад.

Калі здарыўся пажар у гатэлі «Белы Дом», што ў Вірджынія-Сіці, я згубіў прытулак, шчасце, здароўе і свой чамадан. Страце прытулку і шчасця я не надаў вялікага значэння. Якая карысць у доме, калі ў ім няма ані маці, ані сястры, ані юнай далёкай сваячкі, каб прыбраць за табой нясвежую бялізну ці зняць абутак з каміну, нагадваючы, што існуюць людзі, якія думаюць і клапоцяцца пра цябе. І мяне мала турбавала страчанае шчасце, бо я не паэт і меланхолія не ў маіх звычках. Але нашмат горш было згубіць здароўе, якое было добрым, і чамадан, які быў яшчэ лепшым. У дзень, калі адбыўся пажар, мой арганізм пацярпеў ад цяжкай прастуды, выкліканай празмернымі высілкамі што-небудзь зрабіць. Пакутаваў я, да таго ж, ні за што, бо пачаў так дэталёва распрацоўваць план выратавання гатэля ад пажару, што скончыў яго толькі ў наступную сераду.

Калі я стаў чхаць, адзін сябар падказаў папарыць ногі ў гарачай вадзе і легчы спаць. Я так і зрабіў. Неўзабаве другі сябар параіў вылезці з ложка і прыняць халодны душ. Я і так зрабіў. Не прайшло і гадзіны, як ужо іншы сябар запэўніваў мяне, што найлепшым спосабам будзе «падсілкаваць прастуду і замарыць голадам гарачку». У мяне было і тое, і другое. Таму я палічыў, што ад прастуды варта наесціся да адвалу, а потым залегчы ў цёмным пакоі і даць гарачцы трохі пагаладаць.

У такіх сітуацыях я рэдка раблю нешта напаўсілы. Я шчодра падсілкаваўся, расказаўшы пра сваю звычку незнаёмцу, які раніцай толькі-толькі адкрыў свой рэстаран. Гаспадар паважна маўчаў побач, пакуль я не падмацаваў сваё недамаганне, і спытаў, ці шмат жыхары Вірджынія-Сіці хварэюць на прастуду. Я адказаў, што, здаецца, так і ёсць. Пасля чаго ён выйшаў на вуліцу і зняў з рэстарана шыльду.

Я скіраваўся ў напрамку офіса і па дарозе сустрэў яшчэ аднаго блізкага сябра, які параіў выпіць кварту цёплай салёнай вады, бо лепшага ратунку ад прастуды не знайсці ва ўсім свеце. Я сумняваўся, ці ўлезе ў мяне яшчэ і вада, але ўсё ж паспытаў і гэта. Вынік быў неверагодны. Мяне ванітавала так, што я баяўся незнарок разлучыцца са сваім бессмяротным духам.

Я распавядаю пра свой досвед толькі каб дапамагчы тым, хто пакутуе ад апісанай мной хваробы. Я раю ніколі не прымаць тое, што не прынесла мне палёгкі, і з усёй упэўненасцю папярэджваю: ні ў якім выпадку не лячыцеся цёплай салёнай вадой. Яна, можа, і някепскае лякарства, але, на маю думку, занадта суровае. Калі б я зноў схапіў насмарк і прыйшлося б выбіраць паміж землятрусам і квартай цёплай салёнай вады, я б рызыкнуў і выбраў землятрус.

Шторм, што бушаваў у страўніку, урэшце сціх, добрыя самарыцяне мне больш не трапляліся. І я як нічога ніякага працягваў, як і ў самым пачатку хваробы, пазычаць насоўкі і звыкла смаркацца ў іх да дзірак, пакуль не сустрэў лэдзі, якая толькі што прыехала з-за раўнін. Яна заявіла, што там, дзе яна жыла раней, дактароў было няшмат, і таму яна па неабходнасці налаўчылася лячыць простыя «сямейныя балячкі». Я паверыў у яе спрактыкаванасць, бо выглядала лэдзі не менш чым на сто пяцьдзясят гадоў.

Яна змяшала зелле з мелесу, канцэнтраванай азотнай кіслаты, шкіпінару і іншых лекаў і загадала прымаць поўны келіх настою кожныя пятнаццаць хвілін. Я выпіў толькі адзін, але і гэтага апынулася дастаткова. Зелле пазбавіла мяне ўсіх маральных прынцыпаў і абудзіла кожнае ганебнае памкненне маёй натуры. Пад яго згубным уплывам у душы прачнулася неверагодная подласць, але арганізм занадта саслабеў, каб ажыццявіць яе. Калі б мае сілы ў той час не былі падарваныя надзейнымі лекамі ад прастуды, я немінуча паспрабаваў бы абрабаваць могілкі. Як і ўсе людзі, я нярэдка бываю злым і паводжу сябе адпаведна, але ніколі раней, пакуль не выпіў гэтае лякарства, я не атрымліваў асалоду ад такой фенаменальнай распусты, і больш за тое, ніколі не змог бы гэтым ганарыцца. Прайшло два дні, і я ўжо зноў быў гатовы лячыцца. Я прыняў яшчэ колькі надзейных лекаў і ўрэшце дабіўся таго, што з галавы хвароба перайшла ў лёгкія.

Я стаў кашляць без перапынку, і голас мой упаў ніжэй за нуль. Я размаўляў аглушальным басам, на дзве актавы ніжэй чым звычайна, і мог засынаць ноччу толькі закашляўшы сябе да стану поўнага знясілення. Але я пачынаў размаўляць у сне, і гукі майго разладжанага голасу будзілі мяне ізноў.

Справы мае горшалі што ні дзень. Быў парэкамендаваны джын без дабавак. Я выпіў. Потым — джын з мелесам. Я і гэта выпіў. Потым — джын з цыбуляй. Я змяшаў джын, мелес і цыбулю і выпіў усё разам. Аднак адзіным адметным вынікам такога лячэння стала тое, што ад майго подыху пачалі вянуць кветкі.

Я падумаў, што палепшыць здароўе дапаможа падарожжа, і адправіўся на возера Біглер разам з таварышам-карэспандэнтам Уілсанам. Я з асалодай успамінаю пра тое, што падарожнічалі мы з густам. Мы паехалі на цягніку, і мой сябар захапіў з сабою ўсе свае пажыткі: дзве выдатныя шоўкавыя насоўкі і дагератып сваёй бабулі. Мы праплавалі, прапалявалі, прарыбачылі і пратанцавалі ўвесь дзень, а кашаль я лячыў усю ноч. Так лячыцца мне падабалася шмат больш. Але рабілася толькі горай.

Тады мяне навучылі абгарнуцца прасцінамі. Я яшчэ не адмаўляўся ні ад аднаго лякарства, і было ўжо позна пачынаць. Таму я вырашыў абгарнуцца прасцінамі, нягледзячы на тое, што не меў аніякага ўяўлення, што гэта такое. Здарылася ўсё ў поўнач, на дварэ быў моцны мароз. Мае грудзі і спіну агалілі, і неймаверна доўгай прасціной, намочанай у ледзяной вадзе, абгарнулі мяне, пакуль я не стаў нагадваць агромністы шомпал для гарматы.

Гэта бязлітасны сродак. Дотык сцюдзёнай тканіны да гарачай скуры прымушае люта скалануцца і пачаць хапаць ротам паветра, акурат як у апошняй агоніі. Прасціна прамарозіла мяне да мозга касцей, сэрца спынілася, і я падумаў, што вось і прыйшоў мой час.

Юны Уілсан сказаў, што сітуацыя нагадала яму выпадак, што здарыўся з адным неграм, калі яго хрысцілі: святар выпадкова яго ўпусціў, і той ледзь не патануў. Аднак, крыху пабоўтаўшыся, ён падняўся з вады, амаль задушаны і злы як чорт, і напрасткі скіраваўся да берага, вывяргаючы, нібы кіт, струмені вады, сурова адзначыўшы, што «аднойчы нечы негр чаго добрага і загіне праз такое глупства».

Ніколі не рабіце абгортванняў — ніколі! Адчуванне амаль такое ж ніякаватае, як калі знаёмая дзяўчына, па прычыне адной ёй вядомай, не заўважае цябе, калі глядзіць проста табе ў вочы, і не пазнае цябе, нават калі заўважыла.

Але, як я ўжо сказаў, калі гэтая працэдура не дапамагла вылечыць кашаль, знаёмая параіла наляпіць гарчычнік на грудзі. Падазраю, што гэты дзейсны сродак паставіў бы мяне на ногі, калі б не юны Уілсан. Я лёг у ложак і прыладзіў гарчычнік — раскошную рэч, у якой было цэлых васямнаццаць квадратных цаляў, — туды, адкуль змагу, пры патрэбе, яго зняць. Але ўначы юны Уілсан прагаладаўся — уявіце сабе, які гурман!

Правёўшы тыдзень на возеры Біглер, я скіраваўся да Сцімбат Спрынгс, дзе, акрамя таго, што папарыўся ў лазні, прыняў яшчэ багата самых гідкіх лекаў, якія толькі можна выдумаць. І вылечыўся б, калі б не прыйшлося вяртацца ў Вірджынія-Сіці, дзе, нягледзячы на вялікую колькасць новых пілюль і мікстур, якія я глытаў штодня, толькі абцяжарыў хваробу праз нядбайнасць і празмерныя высілкі.

Урэшце я паехаў у Сан-Францыска, і ў першы ж мой дзень у горадзе жанчына ў гасцініцы параіла піць па кварце віскі кожныя дваццаць чатыры гадзіны. Тое самае параіў і сябар, які жыў на ўскраіне горада. Кварта ды кварта — ужо паўгалона. Я ўсё гэта выпіў — і ўсё яшчэ жывы.

Я, з найлепшымі намерамі ва ўсім сусвеце, выношу на меркаванне змучаных хваробамі пацыентаў разнастайны курс лячэння, які не так даўно скончыў. Можаце паспрабаваць: калі не паправіць здароўе, то ўсяго толькі заб’яце.

 

Пераклад з англійскай Елізаветы Васілевіч

Падрыхтавала да друку Вольга Марозава

 

 

Paris Notes

Нататкі з Парыжа

 

[Выпхнуў з «Бадзянкі па Еўропе», каб пакінуць месца больш істотным фактам .— M. T.]

Парыжанін вандруе толькі зрэдзьчасу, з усіх моў ён ведае толькі сваю, з усіх літаратур чытае выключна сваю — і ў выніку ён робіцца досыць вузкалобым і досыць самадастатковым чалавекам. Але не будзем стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень: існуюць жа і такія французы, што не толькі сваю мову ведаюць — і гэта афіцыянты.

З усёй рэшты моў яны знаёмыя з англійскай, але валодаюць яны ёй на еўрапейскі манер: гаварыць гавораць, а разумець - не разумеюць.

Іх-то зразумець лёгка, а вось самому ўжо падабраць словы так, каб зразумелі цябе, ужо немагчыма. Яны думаюць, што ўсё разабралі, ці, прынамсі, робяць такі выгляд, але ўсё якраз наадварот. Вось размова, што адбылася паміж мной і адным з гэтых людскіх стварэнняў — я адразу ж тады яе запісаў, каб потым не зманіць.

Я: Файныя апельсіны. Адкуль прывезлі?

Ён: Прынесці? Добра, я прынясу яшчэ.

Я: Не, не трэба болей, я толькі хацеў спытаць, адкуль яны, дзе выраслі.

Ён: Так? (з абыякавай мінай і пытальнай інтанацыяй)

Я: Так. Вы можаце мне сказаць, з якой яны краіны?

Ён: Так? (ветліва, з пытальнай інтанацыяй)

Я: (без усялякай надзеі) Добрыя апельсіны.

Ён: Добрага вечара. (Кланяецца і сыходзіць, досыць сабой задаволены).

Гэты маладзён мог бы быць выдатным знаўцам англійскай мовы, калі б як след над ёй папрацаваў, але ён француз, а ў іх так не водзіцца. Іншая справа — нашы людзі: яны не абмінаюць аніводнай магчымасці. Ёсць у Парыжы нібыта пратэстанты, якія пабудавалі ладную цэркаўку на адным з шырокіх праспектаў, што адыходзяць ад Трыумфальнай аркі. Яны хацелі, каб там слухалі правільныя думкі ў правільных казанях на іх сэрцу дарагой французскай мове і з ўсяго гэтага цешыліся.

Але іх план праваліўся. Што нядзелю нашы людзі прыходзяць туды раней за французаў і займаюць усе месцы. І толькі святар збіраецца пачаць сваю пропаведзь, як заўважае, што царква яго спрэс набітая пабожнымі замежнікамі. Усе як адзін яны паслухмяна чакаюць яго пропаведзь, у кожнага ў руках малая кніжка — відаць, Біблія ў скураным пераплёце. Але так толькі здаецца, бо насамрэч яны трымаюць цудоўныя кішэнныя выданні поўнага французска-англійскага слоўніка Бэлаўза, якое і пераплётам і памерам акурат нагадвае Біблію, а ўсе гэтыя людзі прыйшлі сюды вывучаць французскую. Будынак празвалі «Царквой дармавых заняткаў французскай».

Магчыма, гэтыя вучні хутчэй вывучаць новыя словы, чым зразумеюць пропаведзь, бо мне расказвалі, што французская казань нічым не адрозніваецца ад французскай прамовы. А там ніколі не называюць гістарычных падзей, толькі даты, і калі вы з імі не ў ладах, застаецца толькі вачыма лыпаць. Французская прамова гучыць прыкладна так:

«Таварышы, грамадзяне, браты, найлепшыя прадстаўнікі найвялікшай дзяржавы ў свеце! Не забудзьма, што 21 студзеня[i] пазбавіла нас кайданоў, што 10 жніўня[ii] вызваліла нас ад ганьбы замежнага шпіянажу, што 5 верасня[iii] апраўдала нас перад Богам і людзьмі, што 18 брумэра[iv] было пачаткам нашага пакарання, што 14 ліпеня[v] магутны голас Свабоды абвясціў нашае адраджэнне, пачатак новай эпохі, заклікаючы прыгнечаных людзей усяго свету накіраваць свае позіркі на боскі твар Францыі і жыць з новай надзеяй. І няхай мы тут жа засведчым наш вечны праклён чалавеку 2 снежня[vi], і грамавым голасам, гэтым спрадвечным голасам Францыі, абвесцім, што без яго ў нашай гісторыі не было б ні 17 сакавіка[vii], ні 12 кастрычніка, ні 19 студзеня, ні 22 красавіка, ні 16 лістапада, ні 30 верасня, ні 2 ліпеня, ні 14 лютага, ні 28 чэрвеня, ні 15 жніўня, ні 13 траўня, што без яго ў нашай Францыі, у Чыстай, Велічнай, Непараўнальнай Францыі, быў бы сёння ціхамірны і пусты каляндар!»

Мне аднойчы давялося чуць, як французскую пропаведзь закончылі вось гэткім дзіўным, але ўсё ж красамоўным чынам:

«Дарагія прыхаджане, мы маем сумную нагоду помніць Чалавека 13 студзеня. Наступствы велізарнага злачынства 13 студзеня былі суразмернымі маштабу яго абставін. Але каб не гэтае злачынства, не было б і 30 лістапада — горкае відовішча! Каб не яно, не было б тады і Чалавека 16 чэрвеня з яго агідным учынкам, а толькі з-за яго і адбылося 3 верасня, як потым і пагібельнае 12 кастрычніка. Ці можам жа мы тады быць удзячнымі за 13 студзеня, з усім тым цяжарам смерці, якое яно прынесла нам з вамі і ўсяму жывому на Зямлі? Так, сябры мае, бо толькі яно прынесла нам яшчэ і тое, што без яго не адбылося б, бо толькі з-за яго яно і магло адбыцца — дабраславёнае 25 снежня».

Магчыма, сёе-тое трэба патлумачыць, хаця многія мае чытачы і так бы ўсё зразумелі. Чалавек 13 студзеня — гэта Адам, злачынства, якое адбылося ў гэты дзень — спажыванне забароненага яблыка, горкае відовішча 30 лістапада — гэта выгнанне з Раю, агідны ўчынак 16 чэрвеня — гэта забойства Авеля, 3 верасня — пачатак выгнання Каіна, 12 кастрычніка пад вадою Сусветнага патопу схаваліся апошнія вяршыні гор. Калі вы збіраецеся наведаць французскую царкву, вазьміце з сабой царкоўны каляндар — з каментарамі.

(1880)

 

 

[i]21 студзеня 1793 г. быў пакараны смерцю кароль Францыі Людовік XVІ.

[ii]Паўстанне 10 жніўня — адна з асноўных дат Французскай рэвалюцыі 1792 г.

[iii]5 верасня 1793 г. Французскі нацыянальны кангрэс устанавіў Рэжым Тэрору дзеля абароны Рэвалюцыі.

[iv]Брумэ́р (па-французску: brumaire, паводле лац. Brumeтуман) — 2-і месяц (22/23 кастрычніка20/21 лістапада) французскага рэспубліканскага календара, які дзейнічаў з кастрычніка 1793 па 1 студзеня 1806.

18 брумэра 8 года Рэспублікі Напалеон здзейсніў дзяржаўны пераварот і ўзяў уладу ў свае рукі.

[v]14 ліпеня — Дзень узяцця Бастыліі (1793 г.).

[vi]2 снежня 1851 г. адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку каторага прэзідэнт Луі Напалеон Банапарт аднавіў манархію ў Францыі — Другую імперыю (1852—1870) і абвясціў сябе імператарам.

[vii]Тут і далей — выпадковыя даты.

 

Пераклад з англійскай Iаанны Владыка

Падрыхтавала да друку Вольга Марозава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?