Вы тут

Радыяфобіі не паддацца, небяспеку не ігнараваць


На Гомельшчыне разам з удзельнікамі прэс-тура, прымеркаванага да 30-годдзя катастрофы на ЧАЭС, пабываў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.


Сваімі ўражаннямі прадстаўнікі расійскіх СМІ, сярод якіх было некалькі вядомых блогераў, дзяліліся ў анлайн-рэжыме. Вынікі падводзілі ў самай аўтарытэтнай медыцынскай установе вобласці — Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Рыгор Рапота выказаў свае ўражанні і спадзяванні:

— Важна зразумець, што адбылося 30 гадоў таму і што адбываецца насамрэч сёння. Што такое радыяцыйнае забруджванне, якія формы яно мае, як яно можа распаўсюджвацца і ўплываць на чалавека. Дзе тая мяжа бяспекі, калі трэба рабіць пэўныя дзеянні. З аднаго боку, важна не паддацца радыяфобіі, а з другога — нельга недаацэньваць небяспеку там, дзе яна рэальна існуе. Аказваецца, нават розныя грыбы па-рознаму рэагуюць на радыяцыю. Апенькі самыя бяспечныя, а маслякі становяцца атрутай. Цецярук з'ядае пупышкі, у якіх назапашваецца радыяцыя, таму на тэрыторыі побач з зонай я на паляванне на яго не пайду. Усё, пра што нам расказалі спецыялісты Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, важна ведаць не толькі з пункту гледжання радыяцыі, але і ўвогуле экалагічнага становішча. Гомельшчына — найбольш пацярпелы рэгіён. Досведу ліквідацыі наступстваў катастрофы такога маштабу ў свеце не было і няма. Пры наведванні РНПЦ пераканаўся, што грошы Саюзнай дзяржавы выдаткоўваюцца на развіццё навукі і медыцыны недарма. Будзем і далей працаваць над сумеснымі праграмамі.

Сёння фарміруецца канцэпцыя новай, пятай, чарнобыльскай праграмы Саюзнай дзяржавы. У ёй будзе закладзены бюджэт пад спецыфічныя навуковыя даследаванні, маніторынг, спецыялізаваную высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу, развіццё тэлемедыцыны.

Між тым журналісты выказалі пажаданне зрабіць зону адчужэння больш даступнай для наведванняў. Тым больш ужо існуе маршрут, па якім можна рухацца без рызыкі для здароўя. Дарэчы, яны ўвогуле лічаць, што поўдзень Беларусі трэба «раскручваць» больш актыўна ў інтэрнэт-прасторы. Алена Аўчарэнка, галоўны рэдактар часопіса «Саюзная дзяржава», гаворыць, што цікавыя турыстычныя аб'екты расійскія турысты пакуль не ведаюць:

— Гомельшчына для расіян — непазнаная зямля. На жаль, няма агульнага рэсурсу з поўнай інфармацыяй пра мясцовыя славутасці. Напрыклад, інфармацыю пра Веткаўскі музей стараверства трэба збіраць па розных крыніцах. Улічваючы цяперашнюю сітуацыю з Турцыяй і Егіптам, курсамі валют, расіяне паедуць у Волагду і Кастраму. А чаму не ў Ветку ці ўнікальны Тураў, дзе з-пад зямлі растуць крыжы? Трэба актыўней прасоўваць, рэкламаваць, паказваць і расказваць, што ў вас ёсць цікавае. Віцебскую вобласць расіяне ведаюць дзякуючы «Славянскаму базару», Гомельшчына ж цікавая не ў меншай ступені.

Яшчэ адна прапанова расіян здалася вартай увагі дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты. Размова пайшла пра стварэнне музея, які будзе даваць цэласнае ўяўленне пра наступствы чарнобыльскай катастрофы.

— Гэтая прапанова мае сэнс. Экспазіцыя ў Хойніцкім раённым музеі цікавая, але яе ёсць чым дапоўніць. Важна не толькі ўразіць гледача і выціснуць з яго эмоцыі. Ёсць сэнс расказваць і пра тое, што адбываецца ў гэты момант. Магчыма, трэба развіваць турызм у гэтай зоне, што таксама будзе садзейнічаць знікненню радыяфобіі.

іost@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».