Вы тут

Што за вітамін такі — віртуальны біткойн?


Сёння, калі электроннымі грашыма ўжо нікога не здзівіш, а плацяжы праз інтэрнэт праводзіць кожны другі, усё часцей гучыць тэрмін «крыптавалюта». Што гэта такое? Паспрабуем разабрацца.

Крыптавалюты — самая гучная інавацыя фінансавага свету за апошнія гады. Лічбавыя валюты, якія створаны і кіруюцца з дапамогай сучасных метадаў шыфравання (крыптаграфіі), прасунуліся ад чыста акадэмічнага паняцця да рэчаіснасці ў 2009 годзе са з'яўленнем флагмана крыптавалютнага свету валюты «біткойн» (bіtcoіn, ад спалучэння англійскіх слоў «bіt» — мінімальная адзінка інфармацыі і «coіn» — манета). Дакладней, канцэпцыя валюты была апублікавана 31 кастрычніка 2008 года таямнічымі распрацоўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі псеўданім Сатошы Накамота (прычым да гэтага часу невядома, гэта быў адзін праграміст ці група асоб), а ўжо ў студзені 2009 года з'явіўся праграмны код.


Як гэта зроблена

Біткойн (BTC) — гэта і лічбавая валюта, і адначасова сусветная плацежная сістэма, не прывязаная ні да якіх фізічных актываў. Біткойны ствараюцца з дапамогай майнінгу — рашэння нейкай складанай крыптазадачы метадам поўнага перабору. Звычайны «хатні» камп'ютар з гэтым не справіцца, таму майнеры крыптавалют выкарыстоўваюць звышпрадукцыйныя ПК або магутныя серверы. Кожная лічбавая манета ўяўляе сабой унікальны крыптаграфічны (матэматычны) код, які не можа выкарыстоўвацца двойчы.

Сёння кожныя 10 хвілін з'яўляецца прыкладна 25 біткойнаў, агульная колькасць якіх дасягне, як чакаецца, 21 мільёна ў 2140 годзе. Адзначым, што праграма выпуску пабудавана такім чынам, пры якім 21 мільён адзінак — канчатковая, максімальная колькасць, гэта значыць, што немагчыма паскорыць эмісію, запусціць віртуальны «друкарскі станок» і зрабіць хоць на 1 біткойн больш. Зрэшты, спецыялісты сцвярджаюць, што нават такой параўнальна невялікай колькасці манет цалкам дастаткова для паўсядзённых разлікаў, таму што 1 біткойн дзеліцца на 100 000 000 частак, якія называюцца «сатошы» — у гонар стваральніка сістэмы. Часам выкарыстоўваюцца паняцці «мілібіткойн» (mBTC, адна тысячная) і «мікрабіткойн» (uBTC, адна мільённая).

Перавагі і недахопы

Біткойн — лічбавая валюта, якая выкарыстоўвае тэхналогію P2P, што ахоплівае ўсе функцыі, ад выпуску валюты і апрацоўкі транзакцый да верыфікацыі, якія выконваюцца калектыўна па сеціве і даступныя абсалютна любому інтэрнэт-карыстальніку.

Сістэма гарантуе адсутнасць кантролю за сеткай (а гэта значыць, нельга замарозіць які-небудзь рахунак, заблакаваць або адмяніць плацеж) і выдатную абарону лічбавых грошай. На гэты момант прадукцыйнасць вылічальнай сеткі «Біткойн» перавышае агульную вылічальную магутнасць усіх суперкамп'ютараў у свеце больш як у 8 разоў! Прасцей кажучы, для таго каб узяць сістэму хоць бы пад частковы кантроль, неабходныя сапраўды велізарныя грашовыя і праграмныя рэсурсы.

Яшчэ адна асаблівасць сеткі «Біткойн» — празрыстасць разлікаў. Тэарэтычна гісторыю любой аплаты можна прасачыць да моманту генерацыі манет. Ведаючы толькі адрас «Біткойн», можна ў любы час даведацца ўсе транзакцыі, прынятыя гэтым адрасам або адпраўленыя з яго. Пры гэтым, зрэшты, сістэма «Біткойн» прадастаўляе ахвотным магчымасць ананімных разлікаў, для здзяйснення якіх не трэба ніякіх дакументаў ці звестак уладальніка рахунку — толькі код, складзены прыкладна з 34 лічбаў і літар лацінскага алфавіту ў розным рэгістры.

Гэтыя характарыстыкі істотна адрозніваюць біткойн ад фіятных валют, намінальная цана якіх устаноўлена і гарантуецца дзяржавай незалежна ад кошту матэрыялу, з якога гэтыя грошы выраблены (да фіятных грошай адносіцца, напрыклад, большасць папяровых грошай у свеце, у тым ліку рублёвыя і доларавыя банкноты). Эмісія фіятных валют цэнтралізаваная і падкантрольная нацыянальным банкам; акрамя таго, грашовыя ўклады звычайна страхуюцца урадавым органам ад банкруцтва банка. Біткойн не мае такіх механізмаў падтрымкі: яго цана цалкам залежыць ад таго, колькі інвестары гатовы заплаціць за яго ў канкрэтны момант часу. Таксама, калі ўзнікнуць праблемы з абменам, то трымальнікам біткойнаў няма куды звярнуцца па дапамогу.

Галоўныя перавагі «Біткойн» (дэцэнтралізацыя і ананімнасць транзакцый) выклікалі павышаную цікавасць асоб, якія ажыццяўляюць незаконныя дзеянні, уключаючы гандаль наркотыкамі, кантрабанду і продаж зброі і г.д. Гэта, у сваю чаргу, прыцягнула ўвагу сілавых і іншых урадавых структур, уключаючы ФБР і Дэпартамент нацыянальнай бяспекі ЗША.

Так, у сакавіку 2013 года Служба па барацьбе з фінансавымі злачынствамі кваліфікавала выпуск і абмен віртуальных валют як від камерцыйнай дзейнасці па фінансавых паслугах, прыводзячы яго ў рамкі ўрадавага рэгулявання, а ўжо ў маі 2013-га Дэпартамент нацыянальнай бяспекі замарозіў рахунак Mt. Gox — найбуйнейшай біржы «Біткоін» — у банку Wells Fargo, сцвярджаючы, што ўладальнікі біржы парушылі закон па супрацьдзеянні адмыванню грошай.

Альтэрнатыўныя валюты

Нягледзячы на згаданыя праблемы, поспех «Біткойн» і ўзрослая папулярнасць з моманту запуску прывялі да з'яўлення мноства кампаній-паслядоўнікаў, якія распрацавалі некалькі тысяч (!) альтэрнатыўных крыптавалют. Вось толькі некалькі найбольш распаўсюджаных:

— лайткойн — заснаваная ў кастрычніку 2011 года ў якасці «манеты, якая была б серабром, калі біткойн лічыць золатам», як заявіў яе заснавальнік Чарльз Лі. У адрозненне ад магутных камп'ютараў, якія патрабуюцца для работы з біткойнамі, «лайткойны» могуць апрацоўвацца звычайным настольным ПК. Максімальны ліміт лайткойнаў складае 84 мільёны, у чатыры разы перавышаючы ліміт біткойнаў, а час апрацоўкі транзакцыі роўны прыблізна 2,5 хвіліны, што ў чатыры разы менш, чым у «Біткойн»;

— рыплі — валюта, якая была выпушчаная кампаніяй OpenCoіn, заснаванай прадпрымальнікам Крысам Ларсенам у 2012 годзе. Падобна «Біткойн», «Рыплі» з'яўляецца адначасова і валютай, і сістэмай аплаты. Кампанент валюты XRP мае матэматычную аснову, падобна біткойну, а механізм аплаты дазваляе перасоўванне фондаў у любой валюце іншаму карыстальніку па сетцы «Рыплі» за долі секунды;

— «МінтЧып» — у адрозненне ад большасці крыптавалют, створаны фактычна ўрадавай установай, а менавіта Каралеўскім канадскім манетным дваром. «МінтЧып» — гэта смарт-картка, якая захоўвае электронную каштоўнасць і можа надзейна яе перадаць ад аднаго трымальніка іншаму. Падобна «Біткойн», «МінтЧып» не мае патрэбы ў асабістай ідэнтыфікацыі. Аднак, у адрозненне ад «Біткойн», яна падтрымана фізічнай валютай — канадскім доларам.

Перспектывы

Трымальнікі лічбавых грошай ва ўсім свеце задаюцца пытаннем: ці змогуць гэтая і іншыя крыптавалюты ў канчатковым рахунку выцесніць звычайныя грошы і стаць такімі ж распаўсюджанымі, як долар ці еўра? Ці крыптавалюты — толькі мода лічбавай эпохі, якая рана ці позна пройдзе?

У 2015 годзе Еўрапейскі суд вызваліў Bіtcoіn ад падаткаабкладання, чым фактычна прызнаў яго паўнавартаснай грашовай адзінкай. Аднак прадказваць крыптавалютам светлы шлях «на прастору, на шырокую прастору» рана. Як адзначаюць эксперты, пакуль лічбавыя валюты «аб'ектыўна не рэгулююцца ні ў адной краіне свету». Большасць дзяржаў падзяліліся на два лагеры: тыя, хто прызнае іх права на існаванне і распрацоўвае нарматыўна-заканадаўчую базу, і тыя, хто імкнецца забараніць або абмежаваць карыстанне імі. У спіс першых ўваходзяць, напрыклад, ЗША, Паўднёвая Карэя, Канада, Ізраіль, Францыя, Германія, у лагеры праціўнікаў крыптавалют — Расія і некаторыя краіны СНД. (Міністэрства фінансаў Расіі, у прыватнасці, падрыхтавала законапраект аб забароне выпуску і абароту крыптавалют у краіне, парушальнікам якога будуць прадугледжаны штрафы да 5 мільёнаў рублёў і турэмныя тэрміны да 7 гадоў). Беларусь жа пакуль не прадпрымала якіх-небудзь дзеянняў па рэгуляванні крыптатэхналогій.

Некаторыя з абмежаванняў, з якімі сутыкаюцца сёння крыптавалюты, — гэта боязь, што лічбавыя грошы могуць быць знішчаныя камп'ютарным збоем або што віртуальнае сховішча можа быць выкрыта хакерскай атакай. Магчыма, гэтыя праблемы будуць пераадолены з часам дзякуючы тэхналагічнаму прагрэсу.

Крыптавалюце, якая прэтэндуе стаць часткай пануючай фінансавай сістэмы, прыйдзецца адпавядаць ці не процілеглым крытэрыям. Яна павінна быць матэматычна складанай (каб пазбегнуць махлярства і хакерскіх нападаў), але пры гэтым лёгкай для разумення спажыўцоў; дэцэнтралізаванай, але з адэкватнай абаронай спажыўцоў; захаваць карыстальніцкую ананімнасць, не з'яўляючыся сродкам для ўхілення ад падаткаў, адмывання грошай і іншых супрацьзаконных дзеянняў. Але, калі задаволіць усе гэтыя крытэрыі, — ці не атрымаецца так, што найбольш папулярныя крыптавалюты праз некалькі гадоў будуць мець тыя ж прыкметы, што і «афіцыйныя» валюты?

Біткойн — не ашчадбанк

Калі вы разглядаеце ўкладанне ў крыптавалюты, то расцэньвайце гэтыя «інвестыцыі» сапраўды гэтак жа, як вы разгледзелі б любое іншае высокаспекулятыўнае прадпрыемства. Іншымі словамі, прызнайце, што вы рызыкуеце страціць вялікую частку сваіх інвестыцый, калі не ўсё. Як гаварылася раней, крыптавалюты не маюць ніякай унутранай каштоўнасці, акрамя той, якую пакупнік гатовы заплаціць за іх у канкрэтны момант часу. Гэта робіць іх вельмі ўспрымальнымі да велізарных цэнавых ваганняў, што, у сваю чаргу, павялічвае рызыкі страт для інвестара. Біткойн, напрыклад, 11 красавіка 2013 года ўпаў прыблізна ад $260 да $130 на працягу шасці гадзін. Калі вы не гатовыя да такой зменлівасці, то такі від інвестыцый вам не падыходзіць.

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Грошы не для партманета

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.

Палітыка

Выбары ў Савет Рэспублікі адбыліся ў Беларусі

Выбары ў Савет Рэспублікі адбыліся ў Беларусі

Галасаванне па зарэгістраваных ЦВК кандыдатах у сенатары прайшло ў кожнай вобласці і Мінску.