Вы тут

Як у Фрунзенскім раёне захоўваюць спадчыну і ствараюць будучыню


Гэта самая вялікая адміністрацыйная адзінка сталіцы, па колькасці насельніцтва раён перарос нават некаторыя абласныя цэнтры. Нядаўна ён пашырыўся за кошт новых мікрараёнаў, такімі як Каменная Горка, Дамброўка і былая вёска Сухарава. Нягледзячы на іх «маладосць», сам Фрунзенскі ўжо пакінуў немалы след у гісторыі сталіцы за сваё 65-гадовае існаванне. Прыгожы юбілей раён адзначыць 17 красавіка, але мерапрыемствы па святкаванні ўжо ідуць поўным ходам. Напрыклад, днямі адміністрацыя прымала гасцей: дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў — эстонскага Маарду і расійскага Ніжняга Ноўгарада.


Іры­на Ка­на­пель­ка (у цэнт­ры) і стар­шы­ні праф­са­юзаў  буй­ных прад­пры­ем­стваў ра­ё­на.

Трэба адзначыць, што супрацоўніцтва Фрунзенскага раёна з Маарду ў 2015 годзе адбывалася ў сферах адукацыі, культуры, мастацтва і маладзёжнай палітыкі. Ёсць у партнёраў і агульныя інтарэсы ў сферах бізнесу і спорту (у прыватнасці, прамысловыя арганізацыі Фрунзенскага раёна зацікаўлены ў пашырэнні эканамічных адносін з суб'ектамі гаспадарання Ніжагародскай вобласці пры рэалізацыі мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні на тэрыторыі вобласці гульняў чэмпіянату свету па футболе 2018 года). У 2016 годзе адміністрацыя раёна імкнецца ўмацаваць ужо існуючыя сувязі і завесці новыя плённыя адносіны. Так, да юбілею ў Мінск з дэлегацыямі прыехалі мэр Маарду Валеў Кальд і выканаўца абавязкаў кіраўніка адміністрацыі Канавінскага раёна Ніжняга Ноўгарада Міхаіл Шароў.

— У прадстаўнікоў дэлегацый праграма вялікая. Яны наведваюць нашы прадпрыемствы і іншыя аб'екты. Мы прыязджалі ў Маарду на Дні беларускай культуры, прадстаўнікі Маарду таксама прыязджалі да нас. Нашы школы сябруюць паміж сабой. А з Ніжнім Ноўгарадам сёння падпісана дамова аб супрацоўніцтве, — расказала «Звяздзе» намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Наталля ПРАСКУРАВА.

Адным з крокаў для пашырэння стасункаў стала, напрыклад, правядзенне для прадстаўнікоў дэлегацый экскурсіі па Мінску і асобна — па Фрунзенскім раёне. Спецыяльна для яе быў замоўлены двухпавярховы экскурсійны аўтобус Cіty Tour, дзе з камфортам размясціліся госці, а таксама запрошаныя ветэраны і прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый. Гід Нацыянальнага агенцтва па турызме Вольга Залуцкая правяла для гасцей аглядную экскурсію па горадзе. Яна пазнаёміла іх з двума галоўнымі праспектамі сталіцы — Незалежнасці і Пераможцаў.

Затым слова ўзяла старшыня Фрунзенскага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Ірына Канапелька, якая расказала, што межы раёна змяняліся шэсць разоў. Неверагодная колькасць цікавых фактаў, аб'ектаў, імёнаў і назваў сплецена ў яго гісторыі. Тут і самая старая на гэтай тэрыторыі вуліца Кальварыйская, якая згадвалася яшчэ ў 1700 годзе, і аднайменныя старажытныя могілкі, уключаныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і сухараўскія курганы ХІ—ХІІ стагоддзяў, і частка біўня маманта, знойдзенага рабочымі пры пракладцы водаправода ў 1976 годзе ў раёне Пушкінскай плошчы. У межы раёна ўвайшлі вёскі, што калісьці прымыкалі да яго — Сухарава, Бараноўшчына, Кунцаўшчына, Дамброўка, Цівалі, Мядзведжына, Масюкоўшчына. Адміністрацыя імкнецца захаваць гэтыя гістарычныя найменні ў сучаснай гарадской тапаніміцы.

Цяпер на тэрыторыі раёна рэалізуецца 57 інвестпраектаў, пражывае трэцяя частка шматдзетных сем'яў горада. У Каменнай Горцы плануецца сёлета адкрыць два дзіцячыя садкі, дзіцячую паліклініку, у наступным годзе — два дзіцячыя садкі і паліклініку для дарослых. У былой вёсцы Сухарава праектуюцца школа і два дзіцячыя садкі. Таму Фрунзенскі раён можа не толькі ганарыцца слаўнай мінуўшчынай, але і будаваць паспяховую будучыню.

seradzyuk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бівень маманта і інвестпраекты

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.