Вы тут

Святло песняра


Адбылася навукова-практычная канферэнцыя для школьнікаў, прысвечаная 110-годдзю творчай дзейнасці Якуба Коласа.


Настаўніца Святлана Таранда і яе юныя "коласазнаўцы" дзевяцікласнікі мінскай гімназіі №192 Марына Карпік, Дзіма Кандыба, Карына Зяленская.

Больш як сто школьнікаў з розных куткоў Беларусі сабраліся сёння ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Нагодай для візіту стала першая навукова-практычная канферэнцыя  для навучэнцаў сярэдніх школ і гімназій, прымеркаваная да 110-годдзя творчай дзейнасці Якуба Коласа. Падчас пасяджэнняў трох секцый вучні прадставілі больш як 60 дакладаў, прысвечаных аналізу розных аспектаў творчасці класіка.

Ідэя правядзення падобнай сустрэчы з’явілася зусім нечакана. Настаўніца сталічнай гімназіі № 192 Святлана Таранда, чые вучні спачатку бралі ўдзел у раённай канферэнцыі, а сёння прадставілі сваю работу ў музеі, распавяла:

- Мы звярнуліся ў музей класіка з ідэяй правесці вучнёўскую канферэнцыю, прысвечаную Коласу. Бо разам з вучнямі хацелі апынуцца ў коле даследчыкаў-пачаткоўцаў, якія зацікаўленыя вывучэннем менавіта спадчыны Коласа. У музеі ідэю падтрымалі, і мы зусім не чакалі, што задумка выкліча такі рэзананс.

Сын Якуба Коласа, доктар тэхнічных навук Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч з удзельнікамі канферэнцыі.

 Дарэчы, сёння ў доме Коласа вучні Святланы Сцяфанаўны прадставілі сапраўды вялікі праект, прысвечаны вывучэнню старонак ваеннага жыцця класіка. Маладыя даследчыцы Карына Зяленская і Марына Карпік прааналізавалі напісаныя ў гады вайны лісты Коласа да Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Алены Броўкі, да жонкі Марыі Дзмітрыеўны. Вучаніцы суаднеслі іх з творамі ваеннага часу і падзеямі ў асабістым жыцці пісьменніка. Атрымалася глыбокае і грунтоўнае даследаванне.

У час заняткаў па секцыях.

Самі дзевяцікласніцы сваю зацікаўленасць ліставаннем Коласа патлумачылі так:

- Калі чытаеш творы класіка, то бачыш яго асобу толькі з аднаго боку. Калі чытаеш лісты – знаёмішся з зусім іншым Коласам, даведваешся пра яго жыццё. І наадварот, лісты дазваляюць па-іншаму зірнуць на яго вершы, паэмы.

Адказны момант прэзентацыі вучнёўскіх работ.

У кола навуковых інтарэсаў іншых удзельнікаў канферэнцыі трапіла педагагічная дзейнасць Коласа, яго вандроўкі і грамадская праца. Шмат увагі вучні звярнулі на паэму “Новая зямля”, раскрылі яе энцыклапедычны характар і разгледзелі асобныя складнікі. Не засталіся без увагі і жыццёвыя пуцявіны Коласа. Маладыя даследчыкі прайшліся сцежкамі класіка, атрымалі асалоду ад яго родных краявідаў. Дарэчы, падчас канферэнцыі закраналася і вельмі складаная, комплексная тэма адлюстравання вобраза горада ў творчасці Якуба Коласа і яго сучасніка Максіма Багдановіча. Няма сумневу ў тым, што вучні самі праводзілі даследаванні, чыталі і аналізавалі творы. Натуральна, пад мудрым кіраўніцтвам настаўнікаў.

Тэма творчасці Я. Коласа прадстаўлена ў доследах і малюнках.

Вітаючы маладых даследчыкаў, дырэктар музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская выказала спадзяванне, што такія канферэнцыі для вучняў стануць традыцыйнымі ў музеі. Гэта як падмурак у будучыню вялікіх “Каласавінаў”, што ўвосень пройдуць у доме класіка ужо трыццаты раз.

Іншыя выступоўцы – дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч, паэт, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў у сваіх прывітальных словах адзначалі важнасць добрага пачатку навуковай працы вучняў, выказвалі радасць ад сустрэчы і спадзяванне на тое, што даследчыцкая дзейнасць удзельнікаў сённяшняй канферэнцыі будзе мець працяг, а першыя артыкулы перарастуць у кандыдацкія і нават доктарскія дысертацыі.

Выступае ганаровы госць канферэнцыі - Дырэктар-галоўны рэдактар РВУ "Выдавецкі дом "Звязда", старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.

Дарэчы, з работамі маладых даследчыкаў, прадстаўленымі на канферэнцыі, можна будзе пазнаёміцца ўвосень: плануецца публікацыя зборніка.

Думаецца, гэты дзень школьнікам і іх настаўнікам запомніцца надоўга. У Коласавым доме яны не толькі атрымалі магчымасць прадставіць свае першыя навуковыя работы, але і сустрэліся з вядомымі пісьменнікамі, навукоўцамі, а самае галоўнае – пабывалі ў доме класіка і пазнаёміліся з яго сынам Міхасём Канстанцінавічам. Таму не выпадае сумнявацца, што канферэнцыя будзе мець плён у будучыні, а творчасць Коласа стане аб’ектам даследавання новых і новых пакаленняў навукоўцаў. 

vesiluha@zviazda.by

фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».