Вы тут

Як зрабіць вяртанне грошай зручным для ўсіх?


Скарачаць тэрміны спагнання даўгоў, узмацняць адказнасць за правапарушэнні, папярэджваць наўмыснае банкруцтва прадпрыемстваў і рэалізоўваць маёмасць праз электронныя таргі... Сёлета ў службе прымусовага выканання Беларусі павінны запрацаваць некаторыя новыя механізмы, якія дапамогуць разабрацца з асобнымі акалічнасцямі і недарэчнасцямі працы судовых выканаўцаў.


Электронныя таргі

— Нагрузка на прымусовых выканаўцаў з года ў год павялічваецца. Цяпер гэта ўжо больш за 200 спраў на аднаго чалавека штомесяц. Своечасова адпрацаваць усе гэтыя дакументы проста фізічна немагчыма, — запэўніў Андрэй АЎДЗЕЕЎ, галоўны судовы выканаўца Рэспублікі Беларусь. — Некаторыя даўгі пры гэтым настолькі... невялікія, што на іх спагнанне затрачваецца больш сродкаў, чым сама запазычаная сума.

Так, каля 1 000 000 выканаўчых спраў штогод — гэта дакументы, сума спагнання ў якіх не перавышае 10 базавых велічынь (БВ). Працэдуру іх вяртання можна было б значна спрасціць.

— Існуе механізм прымусовага спагнання сродкаў па юрыдычных спрэчках, калі патрабавальнік грошай прад'яўляе выканаўчы дакумент у банк даўжніка. Калі ў апошняга ёсць на рахунку грошы, пытанне вырашаецца без умяшання судовага выканаўцы. 10-15% спраў здзяйсняюцца менавіта так, — распавёў Андрэй Аўдзееў. — Мы прапануем рэалізаваць такую ж магчымасць у дачыненні да фізічных асоб, калі сума доўгу не перавышае 10 базавых велічынь. Патрабавальнік сам накіроўваў бы выканаўчы ліст з рашэннем суда па вядомым месцы працы даўжніка. Каля 30% грамадзян, якія ўхіляюцца ад выплаты сваіх даўгоў, працаўладкаваны. Улічваючы сярэднія памеры заробкаў у краіне і магчымасць спагнаць з зарплаты да 50% на пагашэнне доўгу, думаю, за месяц да 90% такіх спраў былі б выкананы.

Некаторыя банкі-патрабавальнікі самі просяць выканаўцаў накіраваць дакументы па месцы працы даўжніка, нават калі спаганяюць сумы і большыя за 10 БВ, бо ведаюць, што гэта значна зменшыць тэрмін вяртання грошай.

Мяркуецца, што ў красавіку запрацуе схема продажу ліквіднай маёмасці даўжніка на электронных пляцоўках — гэта дазволіць атрымаць большую суму ў залік спагнання. Калі таргі не адбудуцца адзін ці некалькі разоў, то дапускаць значнае зніжэнне цаны, як гэта бывае на звычайных аўкцыёнах, выканаўцы не будуць.

— Паніжаць кошт маёмасці больш чым на 20% ад стартавай сумы мы не будзем, — запэўніў галоўны судовы выканаўца краіны. — Праектам закона «Аб выканаўчай працэдуры» прадугледжана, што першасная ацэнка і так адразу заніжаецца на 30% ад рыначнай. Між тым, пераацэнка пасля няўдалых першых таргоў застанецца адзінай. Калі і на першым ці другім аўкцыёне маёмасць даўжніка не купяць, то яе прапануюць патрабавальніку ў якасці аплаты доўгу.

Банк даных неплацельшчыкаў

З 1 красавіка ва ўсе тэрытарыяльныя органы службы прымусовага выканання пачала ўкараняцца праграма «АІС ПВ» — аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма прымусовага выканання. Да канца 2016-га яна будзе працаваць у тэставым рэжыме. Пакуль яе задачы гэта ўтрыманне шаблонаў працэсуальных дакументаў (розныя запыты, арышты рахункаў і іншыя), фарміраванне рэестра даўжнікоў і справаздач. У далейшым запланавана яе ўзаемадзеянне з іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі: банкамі, рэгістрамі нерухомай маёмасці, рэгістрамі насельніцтва і іншымі.

— Мы зможам атрымліваць звесткі пра маёмасную і грашовую сітуацыю даўжніка, яго кантакты, дасылаць справаздачы па выкананых мерапрыемствах у падатковыя органы і Вярхоўны суд, — зазначыў Андрэй Аўдзееў. — З Нацыянальным банкам, напрыклад, у рамках АІС ПВ да канца года запланаваны пераход на поўнасцю электронны дакументаабарот па справах юрыдычных асоб. Дакументы ў нашых шаблонах будуць пераводзіцца праграмай у шаблон банкаў, а зваротныя ад іх — канверсавацца ў нашу сістэму.

Першая інфармацыя, якая стане агульнадаступнай на інтэрнэт-партале Мінюста, — звесткі пра ўсіх даўжнікоў. Пакуль распаўсюджваецца толькі абмежаваная частка інфармацыі пра самых злосных парушальнікаў, справы якіх больш за тры месяцы знаходзяцца на выкананні або завершаны з-за ліквідацыі ці банкруцтва прадпрыемстваў.

Адказнасць субсідыярная і крымінальная

Змагацца з юрыдычнымі асобамі, якія праз даўгі могуць аб'явіць сябе банкрутамі, тым самым пазбавіўшыся адказнасці, вельмі цяжка, зазначыў судовы выканаўца. Асабліва, калі банкруцтва мэтанакіраванае. Фірма-даўжнік зачыняецца, а на яе месцы ствараецца іншае прадпрыемства, якое адрозніваецца ад папярэдняга ледзьве не адной літарай. Працаўнікі там усё тыя ж, а даўгі ўжо спісаны праз банкруцтва.

— Каб не дапусціць пагалоўнага выйсця з сітуацыі з даўгамі такім чынам, існуе паняцце прыцягнення да субсідыярнай адказнасці. Калі будзе даказана, што прадпрыемства пацярпела праз дзеянні першых асоб фірмы, яе даўгі будуць перакладзены на кіраўнікоў як фізічных асоб. Праўда, недакладнасці нашай сістэмы дазваляюць ім выйсці сухімі з вады, бо іх маёмасць перапісана на іншых асоб. Больш жорсткая адказнасць на такіх асоб таксама не надта паўплывае. Лепш па законе абмежаваць такім суб'ектам умовы вядзення бізнесу, каб пэўны час пасля банкруцтва прадпрыемства, яго былыя кіраўнікі не маглі займаць першыя пасады.

А вось у дачыненні да фізічных асоб, якія не выконваюць рашэнні суда, судовыя выканаўцы ініцыююць увядзенне крымінальнай адказнасці. Такая мера ўжываецца цяпер да індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб.

— Людзі бяруць вялікія крэдыты, афармляюць маёмасць на іншых, жывуць цудоўна, усім гэтым карыстаючыся, а ўзяць з іх няма чаго. І крыніцы заробкаў не выявіць. Каб выключыць магчымасць такіх выпадкаў і стымуляваць выплату грошай, трэба ўзмацніць механізм пакарання.

Патрабуе змен таксама працэдура паўторнага прад'яўлення дакументаў. Нават калі даказана, што ў даўжніка няма грошай на аплату доўгу зараз, гэта не перашкода для паўторнай прапрацоўкі яго судовымі выканаўцамі праз 3-6 месяцаў. Пры гэтым, эфектыўнасць паўторнай справы не больш за 10%.

Не ведае, каму вінен

У працы выканаўцаў ёсць справы, доўг у якіх складае 30-50 тысяч рублёў, прычым часам даўжнік нават не ведае, што ён камусьці вінен. Часцей за ўсё такія сумы па выканаўчых надпісах стараюцца спагнаць прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі або аператары сотавай сувязі. Як правіла, даўжнікі па гэтых справах — асобы з асацыяльным ладам жыцця, якія не маюць пастаяннага месца працы, або людзі, якія з'ехалі ў доўгатэрміновую камандзіроўку. Нарэшце, існуе элементарная памылка ў разліках.

— Сродкі, якія мы трацім, каб спагнаць гэтыя мізэрныя сумы, эканамічна немэтазгодныя. Расходы на адну выканаўчую вытворчасць значна вышэйшыя. Толькі адзін заказны ліст даўжніку абыдзецца ў 25 000, а іх трэба накіраваць мінімум два. Дадайце яшчэ шэраг дакументаў — атрымаем мінімум 100 000. Вось вам і сума спагнання ў 50 000, — пракаментаваў судовы выканаўца. — Мы будзем абмяркоўваць з Беларускай натарыяльнай палатай пытанне, каб патрабавальнік абавязкова прыводзіў доказ, што даўжнік папярэджаны аб тым, што ён вінен грошы. Здараецца, што ў натарыяльныя канторы на афармленне выканаўчых надпісаў розныя службы звяртаюцца, не звяртаючыся папярэдне да даўжніка.

Каб за даўгі адной фізічнай асобы не прыйшлося разлічвацца яго сваякам, судовыя выканаўцы прытрымліваюцца паняццяў «агульная маёмасць» і «маёмасць, сумесна набытая ў шлюбе».

— Каб з кватэры, дзе жыве даўжнік, за яго даўгі не зніклі рэчы іншых жыльцоў, яны павінны даказаць, што маёмасць належыць ім. Гэта, напрыклад, могуць быць чэкі на аплату тавараў, набытых у крэдыт або растэрміноўку. Можна таксама сыходзіць з часу, калі даўжнік прапісаны ў кватэры. Калі ён там толькі пару гадоў, а мэбля, скажам, набыта ў савецкія часы, зразумела, што яму яна належаць не можа, — растлумачыў Андрэй Аўдзееў. — У законе не прапісаны дакладныя моманты адносна магчымасці высветліць, што належыць даўжніку, а што — не. І распрацаваць іх калісьці ў будучым таксама будзе немагчыма. Даўжнікі вельмі вынаходлівыя, і загадзя рыхтуюцца да прыходу выканаўцы. Прадастаўляюць доказы, што не валодаюць ніякай маёмасцю. Мы не зможам на кожны хітрык аператыўна выпрацаваць адпаведны заканадаўчы механізм.

Выканаўцы стараюцца ўздзейнічаць на даўжнікоў ускосна, праз нявыдачу ім крэдытаў, абмежаванне доступу да сотавай сувязі, тэлебачання або інтэрнэту.

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Доўг расце як на дражджах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?