Вы тут

Зала Перамогі


Завяршаецца віртуальнае падарожжа па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Зала Перамогі сімвалічна завяршае музейную экспазіцыю. На мармуровых плітах высечаны імёны 2142 Герояў Савецкага Саюза і 73 поўных кавалераў ордэна Славы. Гэта беларусы, ураджэнцы Беларусі, воіны розных нацыянальнасцяў, якія атрымалі гэтае высокае званне за вызваленне нашай краіны, а таксама падпольшчыкі і партызаны.


Фраг­мен­т экс­па­зі­цыі за­лы з наз­ва­мі во­ін­скіх злу­чэн­няў,  проз­ві­шча­мі Ге­ро­яў Са­вец­ка­га Са­ю­за і поў­ных ка­ва­ле­раў ор­дэ­на Сла­вы.

Найвышэйшае званне — Герой Савецкага Саюза — было зацверджана ў СССР 16 красавіка 1934 года. За гісторыю яго існавання Зоркі Героя былі ўдастоены 12 776 чалавек. У тым ліку двойчы Героямі Савецкага Саюза сталі 154 чалавекі. Сярод іх адна жанчына (лётчык-касманаўт Святлана Савіцкая), а таксама 7 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі (Павел Галавачоў, Сяргей Грыцавец, Іосіф Гусакоўскі, Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Сцяпан Шутаў і Іван Якубоўскі). Тры найвышэйшыя ўзнагароды мелі Сямён Будзённы, Іван Кажадуб і Аляксандр Пакрышкін. Чатыры Залатыя Зоркі былі толькі ў Георгія Жукава і Леаніда Брэжнева.

Першыя Героі

Першымі ўладальнікамі найвышэйшай узнагароды сталі сямёра лётчыкаў, якія ў 1934 годзе выратавалі экіпаж і пасажыраў парахода «Чалюскін».

Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны Героямі Савецкага Саюза сталі 27 беларусаў і ўраджэнцаў нашай краіны. Першым быў палачанін Павел Купрыянаў — камандзір танка 4-й асобнай механізаванай брыгады, які загінуў пад Мадрыдам 8 лістапада 1936 года. У Іспаніі праславіўся і лётчык Сяргей Грыцавец, ураджэнец Баранавіцкага раёна. За воінскае майстэрства, мужнасць і гераізм 22 лютага 1939 года маёру Грыцаўцу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля за выратаванне камандзіра і за баі на рацэ Халкін-Гол 29 жніўня 1939 года ён атрымаў другую Залатую Зорку. Сяргей Грыцавец — адзін з першых двойчы Герояў Савецкага Саюза.

Герояў, якія заслужылі найвышэйшую ўзнагароду, дала і Вялікая Айчынная вайна. 14 ліпеня 1941 года гэтага звання быў удастоены беларус, лётчык-знішчальнік Аляксей Антоненка, які абараняў Ленінград. Менавіта ён 25 чэрвеня збіў першы варожы самалёт на Балтыцы, а ў ліпені таго ж года вызначыўся пры абароне паўвострава Ханко. За 34 дні баёў з праціўнікам Антоненка знішчыў 11 самалётаў, адзін з іх — паветраным таранам. На жаль, сваёй узнагароды адважны лётчык атрымаць не паспеў: 25 ліпеня 1941 года ён загінуў у авіякатастрофе.

Танкавы экіпаж

Доўгі і цяжкі шлях прайшлі воіны Чырвонай Арміі, вызваляючы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларусь. Званне Героя Савецкага Саюза заслужылі больш за 1600 з іх, у тым ліку прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, якія змагаліся за беларускую зямлю, як за свой родны край.

Высока ацэнены гераічны подзвіг экіпажа танка «Т-34» у складзе камандзіра гвардыі лейтэнанта Паўла Рака, механіка-кіроўцы гвардыі старшага сяржанта Аляксандра Пятраева і стралка-радыста гвардыі сяржанта Аляксея Данілава. У ноч з 29 на 30 чэрвеня 1944 года па замініраваным мосце праз Бярэзіну іх танк прарваўся ў Барысаў. Мост адразу ж узляцеў у паветра. Адрэзаныя ад сваіх, бясстрашныя воіны на працягу 16 гадзін змагаліся на гарадскіх вуліцах. Паядынак з цэлым варожым гарнізонам вёў усяго адзін экіпаж. Гітлераўцы кінулі супраць савецкай машыны некалькі танкаў, самаходныя гарматы. Адважныя воіны загінулі, усяго дзень не дажыўшы да вызвалення горада. 24 сакавіка 1945 года ўсім членам экіпажа пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза — гэта адзіны выпадак у ваеннай гісторыі Беларусі, калі найвышэйшай узнагароды ўдастоены адразу ўвесь танкавы экіпаж.

Подзвіг Таццяны

Цяжар вайны на сваіх плячах неслі не толькі мужчыны. 95 жанчын сталі Героямі Савецкага Саюза. Гэтага высокага звання быў удастоены подзвіг сувязісткі Таццяны Барамзіной падчас баёў у «Мінскім катле». Дагэтуль яна, снайпер, са сваёй вінтоўкі знішчыла 16 салдат ворага. Калі ў яе пагоршыўся зрок, Таццяне прапанавалі дэмабілізавацца. Але дзяўчына адмовілася і перавучылася на тэлефаністку.

5 ліпеня 1944 года стралковы батальён, у якім ваявала яфрэйтар, атрымаў задачу захапіць скрыжаванне дарог ля вёскі Пякалін і ўтрымаць яго да прыходу палка. Завязаўся бой... Пад агнём Таццяна Барамзіна аказвала дапамогу параненым. Пасля таго, як яе схапілі гітлераўцы, дзяўчыну жорстка катавалі. За адмову адказваць яна была расстраляна з супрацьтанкавага ружжа. 24 сакавіка
1945 года пасмяротна Таццяне было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Партызанскія Зоркі

У жніўні 1941 года краіна пачула імёны першых Герояў Савецкага Саюза сярод партызанаў. Імі сталі арганізатары і кіраўнікі аднаго з першых партызанскіх атрадаў Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі.

Усяго найвышэйшай узнагароды былі ўдастоены 88 партызанаў і падпольшчыкаў. Сярод партызанскіх фарміраванняў асабліва вызначыўся атрад «Храбрацы» пад камандаваннем Аляксандра Рабцэвіча, які правёў больш за 200 дыверсій на чыгуначных дарогах і шашы, падарваў 91 эшалон, 24 танкі,
23 бронемашыны, браняпоезд, знішчыў шмат варожых аб'ектаў і жывой сілы праціўніка. За ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле праціўніка і праяўленую адвагу яму было прысвоена званне Героя.

За­ла Пе­ра­мо­гі, агуль­ны вы­гляд.

Героі пасля вайны

Спіс першых пасляваенных Герояў Савецкага Саюза адкрыў наш зямляк з Гомельшчыны Пётр Стэфаноўскі, які сустрэў Вялікую Айчынную вайну ў званні падпалкоўніка. У гады ліхалецця быў камандуючым Заходнім сектарам супрацьпаветранай абароны Масквы. У маі 1942-га па асабістым жаданні быў накіраваны ў Навукова-выпрабавальны інстытут  Ваенна-паветраных сіл, дзе працаваў і пасля вайны. Правёў 238 выпрабаванняў, здзейсніў 16 першых вылетаў на новых тыпах самалётаў, першым у свеце выканаў фігуры найвышэйшага пілатажу на рэактыўным самалёце. За асваенне новай ваеннай тэхнікі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і адвагу 5 сакавіка 1948 года Пётр Міхайлавіч быў узнагароджаны Зоркай Героя.

Героямі Савецкага Саюза за дасягненні ў мірны час таксама сталі падводнікі Валянцін Холад і Ягор Тамко. Двойчы найвышэйшую ўзнагароду атрымалі генерал-палкоўнікі авіяцыі Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак. У 1951 годзе пасмяротна гэтага высокага звання быў удастоены Яўген Стэльмах, ураджэнец Асіповіцкага раёна, які ў няроўным баі ў небе над Карэяй збіў два амерыканскія самалёты «Б-29». Чатыры ўраджэнцы Беларусі сталі Героямі Савецкага Саюза за гады вайны ў Афганістане: Мікалай Чэпік, Васіль Піменаў, Андрэй Мельнікаў і Васіль Шчарбакоў.

Кавалеры ордэна Славы

Самай ганаровай салдацкай узнагародай у гады Вялікай Айчыннай вайны лічыўся ордэн Славы. Спецыяльны воінскі ордэн, які выкарыстоўваўся для ўзнагароджвання радавых і сяржантаў у сухапутных войсках, быў зацверджаны 8 лістапада 1943 года. Удастойваліся ордэна і малодшыя лейтэнанты ваенна-паветраных сіл. Ён меў тры ступені, першая з'яўлялася самай высокай. Тры такія ордэны прыраўноўваліся да Залатой Зоркі Героя. Ордэнам узнагароджваліся толькі за асабістыя заслугі. Поўнымі кавалерамі ордэна Славы сталі каля 2500 чалавек.

Сярод ураджэнцаў Беларусі першым кавалерам ордэна Славы ІІІ ступені стаў чырвонаармеец Уладзімір Мотуз. 14 лістапада 1943 года ў баі за вёску Багданаўцы Днепрапятроўскай вобласці ён адным з першых уварваўся ў размяшчэнне непрыяцеля, дзе знішчыў вялікую колькасць гітлераўцаў і захапіў афіцэра з каштоўнымі для савецкага камандавання дакументамі. У выніку чырвонаармеец стаў поўным кавалерам ордэна Славы.

Першымі поўнымі кавалерамі ордэна Славы 24 красавіка 1945 года сталі стралок Аляксандр Андрыенка, сапёр Рыгор Багарад, мінамётчык Павел Бародаўка, сапёр Аляксей Сямёнаў, разведчык Міхаіл Струк, стралок Іван Ткачоў.

Адзіным беларусам, які атрымаў чатыры ордэны Славы, з'яўляецца ўраджэнец Міншчыны Аляксандр Далідовіч.

Пры вызваленні Ленінградскай вобласці 21 чэрвеня 1944 года ён пераправіўся праз раку Свір, знішчыў пяць агнявых пунктаў праціўніка і ўзяў у палон 38 гітлераўцаў. 18 сакавіка 1945 года ў баі за горад Кольберг знішчыў разам з разлікам кулямёт. 4 красавіка 1945 года падчас наступлення на тэрыторыі Польшчы, выбіўшы ворага з першай і другой лініі траншэй, вёў бой да падыходу падмацавання.

Залатымі літарамі

У зале Перамогі над імёнамі і прозвішчамі Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы залатымі літарамі ўпісаны назвы часцей і злучэнняў 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, партызанскіх брыгад і атрадаў, якія прымалі ўдзел у вызваленні нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Звыш 500 воінскіх часцей удастоіліся ганаровага права насіць на сваіх сцягах назвы беларускіх гарадоў і рэк.

Тут — і іншыя лічбы. Трагічныя. Другая сусветная вайна забрала жыцці больш як 60 мільёнаў чалавек. Страты Савецкага Саюза склалі 26 мільёнаў 600 тысяч чалавек. На тэрыторыі Беларусі было знішчана больш як
2 357 000 мірных жыхароў і ваеннапалонных.

***

Іду па зале Перамогі. На мармуровых плітах знаходжу знаёмыя імёны. З 494 Герояў Савецкага Саюза, якія жылі ў Беларусі, жывыя толькі двое — Іван Кустаў і Васіль Мічурын. Жывіце даўжэй, Героі!

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».