Вы тут

Адаптацыі сістэмы патрабуе дэмаграфія


Сацыёлагі падлічылі: калі б не было прынята рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту, то праз два гады колькасць пенсіянераў вырасла б да 2 мільёнаў 445 тысяч. Гэта плюс 90 тысяч чалавек, на выплаты па ўзросце для якіх спатрэбіліся б значныя сродкі. Дадаткова на пенсіі ў 2018 годзе трэба было б знайсці каля 3,5 працэнта ад сённяшніх расходаў на пенсійнае забеспячэнне, у 2019-м — 5,2 працэнта, а ў 2030-м — амаль 20 працэнтаў. Ці можна было б адкласці павышэнне пенсійнага парога і чаму ўрад спыніўся менавіта на гэтым варыянце, мы пацікавіліся ў нашых экспертаў.


Валерый КАВАЛЬКОЎ, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны:

— За апошнія дзесяцігоддзі ўзроставая структура насельніцтва Беларусі кардынальна змянілася, — перадае словы намесніка міністра БЕЛТА. — Удзельная вага людзей пенсійнага ўзросту ў агульнай колькасці насельніцтва павялічылася з 13,6 працэнта ў 1960 годзе амаль да 25 працэнтаў у 2015-м і, паводле ацэнкі, да 2030 года складзе 30 працэнтаў. Гэта будзе адбывацца на фоне зніжэння колькасці грамадзян у працаздольным узросце. Таму патрэбны былі сур'ёзныя захады, каб адаптаваць пенсійную сістэму да дэмаграфічных змен.

Трэба таксама ўлічваць і пазітыўную тэндэнцыю росту працягласці жыцця ў Беларусі. Пры гэтым, безумоўна, большае і перыяд атрымання пенсіі. За апошнія 8 гадоў перыяд атрымання пенсіі ў мужчын павялічыўся на 1 год, у жанчын — на 2 гады 3 месяцы.

Паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту завершыцца, калі ў другой палове 2022 года на пенсію выйдуць мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1959 года, і жанчыны, якія нарадзіліся ў другой палове 1964 года. Гендарная розніца пенсійных парогаў захаваецца. Пры прыняцці гэтага варыянту былі ўлічаны палажэнні Канстытуцыі, нацыянальнага заканадаўства аб асаблівым клопаце дзяржавы пра жанчын і іх павышанай сацыяльнай абароне. Што ж да дэмаграфіі, то працягласць жыцця мужчын расце — і нават больш высокімі тэмпамі, чым жанчын. Гэта пазітыўная тэндэнцыя захаваецца і ў будучыні — такія прагнозы экспертаў.

Хачу падкрэсліць: рашэнне наконт пенсійнага ўзросту нельга было больш адкладаць. Упусціўшы гэты момант цяпер, у далейшым мы не змаглі б павышаць парог плаўна і паступова.

Аляксандр ВАЛЧАНКОЎ, член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— З прапанаваных варыянтаў, на маю думку, выбралі найбольш аптымальны. Вядома, павысіць пенсійны ўзрост да 60 гадоў для жанчын і да 65-ці для мужчын было б больш эканамічна выгадна, але такі крок даволі жорсткі. Прэзідэнт таксама акрэсліў, што правы льготнікаў на датэрміновую пенсію ўшчамляцца не будуць. Для іх гэтая разбежка па ўзросце ў пяць, дзесяць гадоў застанецца. І тыя, хто, напрыклад, працаваў у шкодных умовах, змогуць выходзіць на адпачынак раней.

Чаму розніцу ў пяць гадоў паміж мужчынскім і жаночым пенсійным узростам захавалі, пытанне складанае. Так, статыстыка сведчыць, што працягласць жыцця ў жанчын вышэйшая. Але нельга забывацца на сацыяльны фактар. Жанчына — гэта маці, гаспадыня. Яна прыбірае, гатуе, выхоўвае. Хоць у шэрагу краін пенсійны ўзрост для абодвух палоў ураўнавалі (магчыма, і мы калісьці да гэтага прыйдзем), нам такі крок цяпер адназначна не на карысць. Тым больш павысіць жанчыне планку адразу на восем гадоў — гэта ўжо зашмат.

Не трэба ўспрымаць гэтую рэформу як трагедыю. Вядома, камусьці будзе крыўдна: маўляў, чаму гэтыя змены закранулі мяне, а хтосьці іншы паспеў выйсці на пенсію па ранейшых крытэрыях? Але нездарма быў выбраны мяккі варыянт пераходу, каб узрост павышаўся з 2017 года паступова і рэформа прайшла менш балюча.

Мікалай КАЗАРАВЕЦ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту разглядалася на ўсіх узроўнях, у тым ліку Прэзідэнтам. Мы ж, як сенатары, досыць часта абмяркоўваем рэформу ў працоўных калектывах. Тыя, з кім мне даводзілася размаўляць, у большасці разумеюць, што старэнне насельніцтва мае месца не толькі ў нашай краіне, але і ў краінах-суседках, у тым ліку Еўрапейскім саюзе, таму гэта праблема ўсеагульная. Трэба ўлічваць і тое, што ў нашай краіне адзін з самых маладых узростаў выхаду на пенсію. У той жа час сярод беларусаў павялічваецца працягласць жыцця, павышаецца яго якасць. Я лічу, што разуменне і эканамічнай, і сацыяльнай неабходнасці такой меры сярод насельніцтва ёсць. Тым больш што прымаецца адно з самых лаяльных рашэнняў — падымаецца пенсійны ўзрост пакуль усяго на 3 гады.

lubneuskaya@zvіazda.by

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.