Вы тут

Указ Прэзідэнта № 137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння»


У мэтах удасканалення пенсійнага забеспячэння ў сацыяльна-дэмаграфічных умовах, якія змяняюцца:

1. Устанавіць, што, пачынаючы з 1 студзеня 2017 г.:

1.1. агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост (артыкул 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года «Аб пенсійным забеспячэнні» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992, № 17, ст. 275) павышаецца штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў да дасягнення ўзросту мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў;

1.2. узрост, які дае права на працоўную пенсію па ўзросце і працоўную пенсію за выслугу гадоў, якая прызначаецца да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, на пенсію за выслугу гадоў па Закону Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 года «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 70, 2/953), а таксама на штомесячнае грашовае забеспячэнне па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2006 года № 705 «Аб штомесячным грашовым забеспячэнні асобных катэгорый дзяржаўных службоўцаў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 201, 1/8123), павышаецца штогод 1 студзеня на 6 месяцаў, але не больш чым на 3 гады ўвогуле;

1.3. гранічны ўзрост знаходжання на ваеннай службе (службе ў ваенізаваных арганізацыях) вайскоўцаў (супрацоўнікаў) у воінскіх (спецыяльных) званнях да падпалкоўніка ўключна павышаецца штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў, але не больш чым на 3 гады ўвогуле.

Названае павышэнне гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе (службе ў ваенізаваных арганізацыях) не распаўсюджваецца на вайскоўцаў (супрацоўнікаў), прызнаных ваенна-ўрачэбнай камісіяй па стане здароўя нягоднымі (не адпаведнымі спецыяльным патрабаванням) да ваеннай службы (службы ў ваенізаваных арганізацыях) па займаных пасадах, катэгорыі якіх зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь і іншымі зацікаўленымі ў шасцімесячны тэрмін:

2.1. забяспечыць падрыхтоўку і ўнясенне ва ўстаноўленым парадку прапаноў аб прывядзенні заканадаўчых актаў у адпаведнасць з гэтым Указам, а таксама прывядзенне іншых актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам;

2.2. прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Указа.

3. Рэкамендаваць кіраўнікам арганізацый (незалежна ад формаў уласнасці) з улікам наяўных фінансавых магчымасцяў больш шырока прымяняць практыку ўдзелу працадаўцаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

4. Да прывядзення ў адпаведнасць з гэтым Указам акты заканадаўства дзейнічаюць у частцы, якая не супярэчыць гэтаму Указу.

Дзеянне гэтага Указа не распаўсюджваецца на ўмовы назначэння пенсій за выслугу гадоў асобам, звольненым з ваеннай службы (службы ў ваенізаваных арганізацыях), загад аб звальненні якіх выдадзены да ўступлення ў сілу гэтага Указа.

5. Гэты Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка

11 красавіка 2016 г.

Каментарый да Указа № 137 ад 11 красавіка 2016 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падпісаў Указ № 137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння».

Дакумент накіраваны на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння ў сацыяльна-дэмаграфічных умовах, што змяняюцца. Указам прадугледжваецца з 1 студзеня 2017 года паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў; аналагічнае павелічэнне (на 3 гады за
6 гадоў) узросту, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; суразмернае агульнаграмадзянскаму паступовае павышэнне гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых.

У адпаведнасці з Указам таксама рэкамендавана кіраўнікам арганізацый (незалежна ад форм уласнасці) больш шырока прымяняць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.