Вы тут

Каго зачэпіць доўгае рэха «панамагейту»?


Справа атрымалася вельмі гучная. Міжнародны кансорцыум журналісцкіх расследаванняў (ІCІJ), які размяшчаецца ў Вашынгтоне, апублікаваў артыкулы, заснаваныя на 11 з лішкам мільёнах дакументаў са звесткамі пра афшорныя рахункі заўважных персон, у тым ліку цяперашніх і былых сусветных лідараў. У публікацыях выкарыстана інфармацыя панамскай кампаніі Mossack Fonseca, якая аказвае юрыдычную падтрымку ў рэгістрацыі кампаній на афшорах. Па аналогіі з шэрагам іншых спраў такога кшталту гэтую назвалі «панамагейтам». І ў цэнтры ўвагі аказаліся афшоры.


Схема з гісторыяй

Давайце раскладзем усё «па палічках». Тэрмін «афшор» (ад англ. offshore — «па-за берагам») упершыню з'явіўся на старонках адной з газет на ўсходнім узбярэжжы ЗША ў канцы 50-х гадоў XX стагоддзя. Гаворка ішла пра фінансавую арганізацыю, якая пазбегла ўрадавага кантролю шляхам геаграфічнай выбіральнасці. Іншымі словамі, кампанія перамясціла дзейнасць, якую ўрад ЗША імкнуўся кантраляваць і рэгуляваць, на тэрыторыю са спрыяльным падатковым кліматам. Такім чынам, тэрмін «афшор» складаецца не толькі з юрыдычнага паняцця, але і эканоміка-геаграфічнага.

Увогуле, афшорныя схемы зусім не з'ява сучаснасці. Іх выкарыстоўваюць яшчэ з часоў старажытных Афінаў, дзе быў уведзены двухпрацэнтны імпартны і экспартны падатак. Каб пазбегнуць выплат, грэчаскія і фінікійскія купцы пачалі аб'язджаць тэрыторыю Афінаў за дваццаць міль. Неўзабаве ў якасці падатковых «сховішчаў» апынуліся блізкія дробныя астравы, куды завозіліся без выплаты пошлін і падаткаў кантрабандныя тавары.

У XV стагоддзі ў Фландрыі былі вельмі нязначныя гандлёвыя абмежаванні і падаткі. Таму, напрыклад, англійскім купцам было выгадней вазіць і прадаваць тут поўсць, а не ў сябе на радзіме, дзе адпаведныя выплаты былі істотна вышэйшыя. У ЗША афшорная гісторыя распачалася з XVІІІ стагоддзя. Менавіта ў гэты час для ўхілення ад імпартнага падатку, што накладаўся Англіяй, гандляры спрабавалі ажыццяўляць сваю дзейнасць праз Лацінскую Амерыку.

Швейцарыя стала прататыпам сучаснай юрысдыкцыі афшорных зон. На фоне прыцягнення адпаведных інвестыцый у эканоміку тут былі створаны цэнтры абмену грошай, распрацаваны інстытуты фінансавай сакрэтнасці. У выніку краіна стала надзейным сховішчам для замежнага капіталу (быў прыняты закон, які патрабаваў ад банкіраў весці ўлік рахункаў сваіх кліентаў, але забараняў ім раскрываць гэтыя звесткі каму б там ні было). У 1970-я гады некаторыя астраўныя калоніі Вялікабрытаніі атрымалі незалежнасць, а асобныя, якія заставаліся ў складзе Аб'яднанага Каралеўства, былі пазбаўлены субсідзіравання і перайшлі на самастойнае фарміраванне свайго бюджэту шмат у чым за кошт рэгістрацыі афшорных кампаній.

У апошні час шэраг краін увялі ў дзеянне законы, падобныя на швейцарскія, і пачалі канкурыраваць за доступ да міжнародных капіталаў, праводзячы палітыку прыцягнення замежнага бізнесу. Для многіх астраўных дзяржаў, якія ў большасці не маюць прыродных рэсурсаў для развіцця, афшорны бізнес стаў ці не адзіным сродкам для атрымання прыбыткаў.

Месца прызначэння

У сённяшнім разуменні афшор — краіна ці тэрыторыя, у межах якой для кампаній-нерэзідэнтаў вызначаецца асабліва спрыяльны рэжым рэгістрацыі і дзейнасці. Замежным кампаніям створаны надзвычай прывабныя ўмовы для вядзення бізнесу — вельмі нізкія ці нават нулявыя падаткі, простыя правілы справаздачнасці і кіравання кампаніямі.

Афшорную кампанію можна зарэгістраваць у многіх юрысдыкцыях. Іх можна ўмоўна падзяліць на тры групы. Перш за ўсё, астраўныя афшоры — невялікія астравы і архіпелагі Карыбскага мора, Ціхага і Індыйскага акіянаў. Іх асноўная асаблівасць: поўная адсутнасць падаткаў, умераныя фіксаваныя плацяжы, непатрабавальнасць да вядзення бухгалтарскага ўліку, высокая ступень прыватнасці і ананімнасці ўладальнікаў кампаній. Аднак кампаніі, зарэгістраваныя ў гэтых зонах, часта маюць сумнеўную рэпутацыю і невысокі прэстыж.

Еўрапейскія тэрыторыі валодаюць значна больш высокім статусам, і кошт утрымання афшора тут можа дасягаць дзясяткаў тысяч долараў у год. Гэтыя краіны маюць падатковыя палёгкі на некаторыя віды дзейнасці. Адпаведныя тэрыторыі нельга назваць афшорамі ў поўным сэнсе гэтага слова: плацяцца падаткі, вядзецца бухгалтарская справаздачнасць, рэгулярна праводзіцца аўдыт. Звесткі пра ўладальнікаў бізнесу раскрываюцца ў звычайным парадку.

Таксама варта мець на ўвазе некаторыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя ўтварэнні, у якіх дзейнічае асаблівы рэжым падаткаабкладання. Гэта, напрыклад, Лабуан у Малайзіі ці некаторыя штаты ў ЗША. Адзінага спіса афшорных зон не існуе, кантроль за імі ажыццяўляюць як Міжнародны валютны фонд, так і цэнтральныя банкі розных краін свету. Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) вядзе рэестр краін і тэрыторый, якія не прадастаўляюць інфармацыю пра падатковыя і фінансавыя аперацыі зарэгістраваных у іх юрыдычных асоб. У дачыненні да гэтых дзяржаў краіны — члены АЭСР прымаюць фінансавыя і фіскальныя санкцыі. Дарэчы, пасля апошняга скандалу Францыя заклікала АЭСР змясціць Панаму ў «чорны спіс» афшорных зон.

Схаваць $20 трлн

Дакументы панамскай юрыдычнай фірмы Mossaсk Fonseca, якія патрапілі ў прэсу, прыцягнулі ўвагу да дзейнасці афшораў, дзе можна схаваць ад падаткаў велізарныя прыбыткі. Пры гэтым шэраг міжнародных арганізацый, заклапочаных непразрыстасцю ў глабальнай фінансавай сферы, папярэджвае: падатковы рай існуе не толькі на астравах з выдатнымі пляжамі. На іх думку, еўрапейцам і амерыканцам, каб схаваць свае багацці, няма чаго ехаць так далёка.

Эксперты сцвярджаюць, што Панама не ўваходзіць нават у дзясятку афшораў, самых закрытых ад рэгулюючых органаў.

Багатыя амерыканцы і еўрапейцы, па меркаванні спецыялістаў, могуць хаваць свае грошы значна бліжэй. Магчыма, гэтым і тлумачыцца той факт, што ў панамскіх дакументах пакуль фігуруе так мала грамадзян ЗША.

Скандал у прэсе прымусіў улады Панамы стварыць міжнародную экспертную камісію, якая заклікана навесці парадак у фінансавай сферы краіны, а менавіта зрабіць яе больш празрыстай.

Гэта не адзіная дзяржава, што паабяцала распачаць прымаць меры для павышэння ўзроўню фінансавай празрыстасці. Яшчэ ў 2013 годзе на саміце Вялікай васьмёркі лідары краін з найбуйнейшымі эканомікамі свету ўзгаднілі сродкі па барацьбе з адмываннем грошай і сыходам ад падаткаў як прыватных асоб, так і карпарацый. Камюніке саміту ўтрымлівала заклік да ўсіх дзяржаў «змагацца з бізуном эканомікі — ухіленнем ад падаткаў».

Развітыя краіны, магчыма, і прыкладаюць да гэтага намаганні, але праца ў іх яшчэ наперадзе немалая.

Па ацэнцы эксперта з Лонданскай школы эканомікі Джэйсана Хікела, сёння ў сусветных афшорах схавана ўвогуле адна шостая частка ўсіх прыватных капіталаў свету — каля 18-20 трыльёнаў долараў.

Сузаснавальнік кампаніі Mossack Fonseca Рамон Фансека абвінавачвае багатыя краіны ў крывадушнасці. «Я вас запэўніваю, што ў Нью-Ёрку, Маямі і Лондане значна больш брудных грошай, чым у Панаме», — заявіў ён у інтэрв'ю New York Tіmes. Ці так гэта? Tax Justіce Network, незалежная арганізацыя, што аналізуе рэгуляванне фінансавага сектара ў розных краінах, склала рэйтынг дзяржаў па жорсткасці заканадаўства і аб'ёмах транзакцый. Першая дзясятка выглядае наступным чынам: Швейцарыя, Ганконг, ЗША, Сінгапур, Кайманавы астравы, Люксембург, Ліван, Германія, Бахрэйн, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

«У наяўнасці двайны стандарт: многія развітыя краіны маюць у сябе ці падтрымліваюць чужыя юрысдыкцыі, дзе адсутнічае якая-небудзь празрыстасць», — заўважыў супрацоўнік Tax Justіce Network Алекс Кобхэм у інтэрв'ю карэспандэнту ВВС.

Так ці інакш, заўважае прафесар Акадэміі МУС Расіі Іван Салаўёў, панамскія дакументы ў прынцыпе — гэта спроба адцягнуць увагу ад эканамічных праблем у краінах Еўропы і іншых дзяржавах.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Дзесьці па-за берагам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».