Вы тут

Хто стаіць у чарзе па працу?


Ці хутка сёння можна знайсці месца? На якія заробкі згаджаюцца саіскальнікі? І ў якой галіне ўладкавацца прасцей? Па адказы мы накіраваліся ў сталічную службу занятасці.


Навучанне не прапаноўваць

У міжраённым аддзеле працаўладкавання «Першамайскі, Савецкі, Цэнтральны» шматлюдна. Адны наведвальнікі займаюць чаргу, каб трапіць на кансультацыю да спецыяліста, іншыя самастойна вывучаюць базу вакансій на камп'ютарах.

— Таксама па працу? — пытаемся ў дзяўчат, што сядзяць за сталом паводдаль.

Сяброўкі ківаюць. Адна з іх, Марыя, спрабуе ўладкавацца пасля школы. Служба занятасці адразу прапанавала дзяўчыне прайсці курсы цырульнікаў: больш шанцаў будзе знайсці месца. Але яе навучанне не надта зацікавіла:

— Я толькі працу хачу. Вакансію ўпакоўшчыка, прадаўца, напрыклад. Хоць бы тры мільёны пакуль атрымліваць. Але без вопыту не бяруць.

Яе прыяцелька Дар'я па спецыяльнасці швачка, два гады адвучылася ў каледжы. Вакансій па яе профілі хапае, і канкурэнцыя невялікая: на 86 месцаў у горадзе прэтэндуе 26 чалавек. Праўда, дзяўчына бегаць па субяседаваннях не спяшаецца.

— Заробкі па гэтых вакансіях — 4-5 мільёнаў. Хацелася б 6. Мне далі дзесяць паперак з накіраваннем на прадпрыемствы, трэба паездзіць, — з неахвотай заўважае нядаўняя навучэнка.

32-гадовая Вольга, інжынер-эканаміст-транспартнік, не можа знайсці працу ўжо больш за паўгода. «Я з задавальненнем уладкавалася б па дагаворы падраду, на пару месяцаў — такіх прапаноў цяпер шмат. Хоць штосьці зарабляла б. Але ж, каб не лічыцца ўтрыманцам, трэба або адпрацаваць не менш за 183 дні ў годзе, або мець даход за год пад 15 мільёнаў. Складана пралічыць, ці ўдасца столькі атрымаць на дагаворах падраду. Даводзіцца адмаўляцца ад прапаноў, рэгістравацца беспрацоўнай, — дзеліцца праблемай жанчына. — Лепш бы я не стаяла на ўліку і не атрымлівала дапамогу па беспрацоўі, а шукала самастойна месца. Так боўтацца доўга можна».

Вольга спрабуе ўладкавацца праз службу занятасці, бо ў іх інфармацыя пра вакансіі больш дакладная. У інтэрнэце, прызнаецца, шмат арганізацый, што выстаўляюць прапановы, знаходзяцца ў «чорных» спісах: дрэнныя водгукі пра іх пакідаюць падманутыя саіскальнікі. Падазроныя вакансіі вылічыць нескладана. Такія аб'явы доўга вісяць, хоць наймальнікі абяцаюць добрыя грошы і офіс у цэнтры горада.

Заяўленыя заробкі, дарэчы, часта не адпавядаюць рэальным.

— У вакансіі пішуць, што будуць плаціць 4,5 мільёна, прыязджаеш на месца — аказваецца, на мільён менш. Бо на тым прадпрыемстве без прэміі ўжо год сядзяць, — тлумачыць Вольга.

Адмаўляюць праз узрост

Саіскальніца Святлана хоць і мае дыплом інжынера, але кім толькі ні працавала. Была яна і загадчыцай гаспадаркі ў дзіцячым садку, і пакаёўкай у гасцініцы.

— У дзіцячым садку толькі на пару месяцаў затрымалася. Не змагла больш.Там рэчы са склада знікалі — і папера туалетная прападала, і прадукты... Усё прасілі спісваць, — абураецца жанчына. — Пакаёўкай таксама доўга не папрацуеш. У мяне на хімікаты алергія пачалася. Пакуль яшчэ не звальнялася, але новае месца ўжо шукаю.

Жанчына скардзіцца, што, нават калі вакансія занесена ў базу, гэта яшчэ не значыць, што месца свабоднае. «Колькі разоў было: тэлефаную, а мне кажуць, што ўжо ўзялі чалавека».

Мінчанка спадзяецца ўладкавацца загадчыцай гаспадаркі ці адміністратарам. Тым больш вопыт маецца. Ёсць, праўда, адна праблема — узрост. Наймальнікі, калі чуюць, што Святлане 51 год, адразу адмаўляюць і больш нічога не распытваюць. Па статыстыцы, дарэчы, найбольшы працэнт беспрацоўных — менавіта людзі ва ўзросце 50-54 гадоў.

А вось Дзмітрый упэўнены: працу ён знойдзе хутка. За тыдзень малады чалавек паспеў схадзіць на некалькі субяседаванняў і яшчэ на тры атрымаў запрашэнні.

— Дагэтуль быў начальнікам вытворчасці на прыватным прадпрыемстве, якое вырабляла элітную мэблю і дзверы. А цяпер фірма закрываецца, — распавядае Дзмітрый пра папярэднюю пасаду.

Асноўны «інструмент» пошуку працы для хлопца — мабільны дадатак. Дзмітрый паказвае нам свой акаўнт: там бачна, колькі чалавек праглядзелі яго рэзюмэ, хто з наймальнікаў адмовіў у працы, а хто яшчэ разглядае яго кандыдатуру. Інжынер-тэхнолаг з вышэйшай адукацыяй прывык да добрых заробкаў: летась на фірме было шмат заказаў, таму і плацілі 1000-1200 долараў у месяц. Цяпер хлопец разглядае вакансіі з прапановамі і ў сем мільёнаў.

Га­лоў­ны спе­цы­я­ліст ка­мі­тэ­та Іры­на КАР­НІЦ­КАЯ шу­кае,  што пра­па­на­ваць бес­пра­цоў­на­му.

Прадпрыемствы хочуць прафесіяналаў

— Сярод саіскальнікаў шмат рабочых, людзей, звольненых за парушэнні працоўнай дысцыпліны, і тых, хто доўгі час не працуе, — акрэслівае сітуацыю на сталічнай біржы галоўны спецыяліст камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына КАРНІЦКАЯ.

Цяжка прыходзіцца тым, хто атрымліваў вышэйшую адукацыю завочна. Напрыклад, быў чалавек увесь час прадпрымальнікам, гандляваў на рынку, а адвучыўся завочна на эканаміста і цяпер прэтэндуе на гэту пасаду. «Тое ж самае з юрыстамі. Ну як чалавек можа займацца правам, калі дагэтуль працаваў толькі на ўпакоўцы ў краме? — кажа Ірына Карніцкая. — З гэтымі саіскальнікамі праблема. Мы прапануем ім перанавучанне — на бухгалтараў, аператараў ПЭВМ».

Большасць шукае працу па спецыяльнасці. Але свае магчымасці гараджане ацэньваюць цвяроза. Таму кандыдаты, няхай і з дыпломам ВНУ, якія даўно не працавалі і ўжо страцілі кваліфікацыю, гатовы разглядаць любыя варыянты.

Прасцей за ўсё, напэўна, знайсці месца ў гандлі ці грамадскім харчаванні. Там рэгулярна набіраюць прадаўцоў, кантралёраў-касіраў, кухараў, ахоўнікаў, адміністратараў залаў. Буйныя крамы абяцаюць заробкі да 8 мільёнаў, маленькія — да 4. Хутка спатрэбяцца работнікі на сезонныя рынкі.

Пакуль сітуацыя на сталічным рынку працы застаецца адносна напружанай. З пачатку года вакансій стала на 28 працэнтаў менш, а колькасць беспрацоўных вырасла амаль на 19 працэнтаў.

— Прафесійна-кваліфікацыйны дысбаланс узмацніўся. Асабліва ў асобных прафесійных групах. Калі раней наймальнікі не маглі ўкамплектаваць вакансіі некваліфікаванай рабочай сілы, то з 2015 года сітуацыя кардынальна змянілася. Гэтыя месцы цяпер у ліку дэфіцытных і карыстаюцца павышаным попытам, — адзначае начальнік аддзела аналізу і рэгулявання рынку працы камітэта Святлана ЛЯВОНЧЫК.

Напрыклад, на пяць вакансій грузчыкаў прэтэндуе 600 беспрацоўных, на пасаду рабочага зелянбуда — 100 чалавек.

Што да працанедастатковых вакансій, то ўжо другі год сярод іх пераважаюць прапановы ў галіне аховы здароўя і сацыяльных паслуг. Таксама патрабуюцца начальнікі аддзела (і іншыя кіраўнікі першага ўзроўню), аператары сувязі, менеджары, электраманцёры на рамонце паветраных ліній электраперадачы (для апошніх адкрыта 100 вакансій). Асаблівасць красавіка — рост попыту з боку наймальнікаў у будаўніцтве. Шукаюць муляраў (для іх у горадзе ёсць 116 прапаноў), цесляроў (гатовы прыняць 90 чалавек), тынкоўшчыкаў, арматуршчыкаў.

Праўда, адзначаюць спецыялісты, нават калі на трох саіскальнікаў налічваецца сотня свабодных месцаў, гэта не значыць, што іх будзе проста заняць. Кваліфікацыя кандыдата можа не супадаць з заяўленымі патрабаваннямі наймальніка. «Калі чалавек усё жыццё працаваў слесарам механазборачных работ і мае трэці разрад, а ў вакансіі пазначана, што патрэбны пяты-шосты, — яго не возьмуць. Няважна, што вялікі вопыт працы, — каментуе Ірына Карніцкая. — Раней маглі часова запрасіць чалавека, прыгледзецца да яго і прысвоіць разрад, калі работнік здольны выконваць неабходную працу. Цяпер прадпрыемствы гэтага не робяць, адразу бяруць прафесіяналаў».

Саіскальнікам раяць: заўважылі цікавую вакансію — хутчэй тэлефануйце. У наймальніка шматканальная «пастаўка» кандыдатаў, таму прывабнае месца можа значыцца ў базе ўсяго гадзіну.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Учарашнія школьнікі, рабочыя і кіраўнікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».