Вы тут

Мы — гэта мір


Графіку Алега Карповіча, удзельніка шматлікіх выстаў плаката ў Германіі, Польшчы, Расіі і Эфіопіі, афарміцеля больш як ста кніг беларускіх выдавецтваў, можна пабачыць у экспазіцыі «Беларусь. Мінск — Мір», якую арганізавалі Міністэрства інфармацыі, Выдавецкі дом «Звязда» і сатырычны часопіс «Вожык».


За плячыма ў Алега Карповіча мінская Глебаўка (мастацкае вучылішча імя Аляксея Глебава), аддзяленне станковай графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў), атрыманне прэміі Міжнароднага конкурсу экслібрыса ў Санкт-Нікаласе (Бельгія) і знака «Выдатнік друку Беларусі». А на гэты момант — пасада мастака і аглядальніка газеты «СБ. Беларусь сегодня». Падчас адкрыцця выставы намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч сказаў, што Алег Карповіч не мае патрэбы ў прадстаўленні і заслугоўвае самых высокіх адзнак як прафесіянал і чалавек.

З 1993 года Алег Іванавіч друкуецца ў часопісе «Вожык», дзе ў сваіх карыкатурах дэманструе ўмелае спалучэнне гратэску з рэалістычнай фактурай. Яго шарж — рэалістычны партрэт са стылізацыяй. Яго інтарэсы выходзяць за рамкі творчасці ў сферы гумару і распаўсюджваюцца таксама на жывапіс і скульптуру.

Паводле слоў дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Алеся Карлюкевіча, герой выставы — «не толькі дасведчаны чалавек у знешнепалітычнай дзейнасці краіны, ён ведае таксама беларускую культуру, традыцыі карыкатуры, якія генерыруе «Вожык».

Галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка» і «Буся» Уладзімір Ліпскі адзначыў публіцыстычныя здольнасці мастака. Начальнік упраўлення вытворча-тэхнічнага развіцця Міністэрства інфармацыі Мікалай Брашко, зямляк і добры сябра Алега Карповіча, указаў на асобасныя якасці творцы — працалюбства, сціпласць, энергічнасць, — і прыгадаў некаторыя цёплыя і шчымлівыя моманты з маленства мастака.

Расчулены шчырай прамовай, Алег Карповіч заклікаў прысутных не забывацца аб праблеме міру ў сучасным свеце і імкнуцца ўсімі сіламі працаваць дзеля яго захавання. У самога мастака клопат пра светлую будучыню праяўляецца ва ўласных работах.

Ганна КІСЛУШЧАНКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».