Вы тут

Выкладанне для «пакалення вялікага пальца»


Замежныя эксперты ў галіне тэхналогій і адукацыі называюць сучасную моладзь «пакаленнем вялікага пальца» — з той прычыны, што хлопцы і дзяўчаты «працуюць» гэтым пальцам на мабільных прыладах. Дзятва таксама «павар'яцела» на гаджэтах. На гэтым фоне ў Беларусі ўсё актыўней укараняюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі, якія, у прыватнасці, дазваляюць дома праслухаць і праглядзець лекцыі. Нядаўна ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце абмеркавалі новыя тэхналогіі ў адукацыі.


— Выкладчыкі і студэнты бізнес-школ выкарыстоўваюць сучасныя гаджэты. Навучанне можа адбывацца ў любы час і ў любым месцы. Цяпер праблема не ў тым, якім чынам весці навучанне, а ў тым, як «усталяваць» мабільныя прылады і гаджэты на адзіную адукацыйную платформу, — расказвае Алена Лучанкова, загадчыца кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ў ЗША ўпершыню быў ужыты тэрмін «перавернуты клас». Гэта адна з формаў змешанага навучання, сутнасць якога ў самастойным пошуку інфармацыі. Усё больш вядомых маркетолагаў, эканамістаў, эколагаў і іншых «вузкіх» спецыялістаў у рэжыме «анлайн» адказваюць на пытанні. З пункту гледжання псіхалагічнай магчымасці, кожны атрымлівае інфармацыю ў тым выглядзе і аб'ёме, у якіх можа засвоіць.

— За гэтым метадам будучыня, і ён нам таксама падыходзіць, — упэўнена Алена Лучанкова. — Мы можам пайсці насустрач тым, хто хоча вучыцца не толькі ў аўдыторыі, але і самастойна.

У рамках рэспубліканскага фестывалю маладзёжнай навукі ВНУ Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прэзентаваў праект «Новыя тэхналогіі і інструменты навучання бізнес-адміністраванню суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу Віцебскага рэгіёна». Ён быў рэалізаваны дзякуючы падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці ў Рэспубліцы Беларусь і фонду «Новая Еўразія». Кіруе праектам Галіна Яшава, прафесар, доктар эканамічных навук, загадчыца кафедры «Эканамічная тэорыя і маркетынг».

Калі коратка, праект уяўляе сабой запісаныя для праслухоўвання і прагляду лекцыі.

Прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (БДТУ), Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі таксама падзяліліся вопытам. Дыстанцыйнае навучанне, даводзілі яны, дазваляе эканоміць. У прыватнасці, на дарозе. Выкладчык БДТУ з Горак Магілёўскай вобласці можа цяпер не ехаць да студэнтаў у Пінскі філіял, а выкласці лекцыі на сайце.

Аднак вельмі важна, каб у імкненні да эканоміі і ў захапленні ад новых тэхналогій нашы дацэнты і прафесары не страцілі найлепшыя дасягненні айчыннай адукацыі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.