Вы тут

Чарга на пасаду... дворніка


У правінцыі вельмі шмат ахвотнікаў стаць дворнікам, прыбіральшчыкам памяшканняў, санітаркай або ліфцёрам. Эксперты тлумачаць нечаканы попыт на некваліфікаваную працу некалькімі прычынамі. Тыя, хто мае шэры даход, жадаюць такім чынам легалізавацца. «Усё роўна, дзе працаваць» індывідуальным прадпрымальнікам, якія працягваюць гандляваць несертыфікаванай прадукцыяй. Адбіваецца на сітуацыі на рынку працы і аптымізацыя штатаў на прадпрыемствах, арганізацыях, перспектыва павышэння пенсійнага ўзросту.


Ёсць і экзатычныя вакансіі

— У апошні час да нас сталі часцей звяртацца бухгалтары (нават галоўныя. — Аўт.) і эканамісты. Іх або скарацілі, або яны засталіся без працы праз закрыццё арганізацыі. Нямала прыходзіць людзей з вышэйшай адукацыяй. Але вакансіі ў асноўным рабочыя: прадавец, слесар па рамонце аўто, электрамеханік па рамонце электраабсталявання. Неабходны цырульнікі, прадаўцы, кантралёры-касіры, кухары, — расказвае Алена ШАВЕЛЬ, галоўны спецыяліст аддзела прафарыентацыі і прафадукацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага гарвыканкама.

У пачатку года ў абласным цэнтры праз біржу шукалі працу больш за 2,5 тысячы чалавек. 31% з іх — ва ўзросце да 30 гадоў, большасць — 35-гадовыя і старэйшыя.

— Вакансія дворніка нарасхват. Шмат хто хоча стаць санітаркай. Дастаткова дэфіцытная пасада — прыбіральнік памяшканняў, — працягвае спадарыня Шавель.

Новая тэндэнцыя: навучанне работнікаў па заказе наймальнікаў. У прыватнасці, на адным з абутковых прадпрыемстваў пастаянна не хапае рабочых, швачак. Адпаведныя аб'явы транслююць у «бягучым радку» па тэлебачанні. Мае вялікую патрэбу ў прадаўцах віцебская гандлёвая арганізацыя. І на біржы працы задавальняюць попыт. Праўда, наваспечаныя гандляры потым пераходзяць у буйныя гандлёвыя сеткі — бо там вышэйшы заробак.

Перыядычна бываюць і вельмі, скажам так, экзатычныя вакансіі.

— Санітар быў неабходны... моргу. Калегі мае ўсё думалі, гадалі, хто захоча там працаваць? Прапанавалі мужчыну, якому каля 45 гадоў. Не пагадзіўся. А хлопец, зусім малады, пайшоў. Не медык, дарэчы, — дзеліцца суразмоўца.

Бываюць жыццёвыя сітуацыі, калі з-за раптоўнай інваліднасці людзі не могуць працаваць на высокай пасадзе. Напрыклад, пасля аварыі мужчыну з дзвюма вышэйшымі адукацыямі прыйшлося перавучвацца на ліфцёра.

Карысныя парады беспрацоўным

Спецыялісты па працаўладкаванні расказалі пра тыповыя памылкі прэтэндэнтаў на пасады. Недастаткова адправіць працадаўцу рэзюмэ па электроннай пошце. На кандыдата любы наймальнік жадае паглядзець.

Моладзь хоча ўсё і адразу: заробак не менш за 8 мільёнаў, прымальны рэжым працы, зручнае месца размяшчэння... Але тут можа атрымацца, як у анекдоце пра слана ў заапарку: «З'есці ён столькі, можа, і з'еў бы, але хто яму дасць»?

Калі прадстаўнік наймальніка задае прэтэндэнту на пасаду пытанні, нельга пры адказах выкарыстоўваць часціцу «не». Напрыклад, калі пытанне пра навык, якім кандыдат не валодае, лепш адказаць: «Навучуся!», «Мне будзе цікава навучыцца», «Рознаму за жыццё вучыўся, і гэта змагу!» Той, хто ў канкурэнтнай барацьбе за пасаду адказвае падобным чынам, атрымлівае перавагу.

Не варта спакушацца абяцаннямі рознага роду курсаў хутка зрабіць са сваіх слухачоў прафесіяналаў. Напрыклад, цырульніка — за пару месяцаў. Потым з такім дыпломам уладкавацца будзе амаль немагчыма. З цэнтра занятасці, дарэчы, адпраўляюць на навучанне цырульнаму майстэрству бясплатна, яно доўжыцца 8 месяцаў. Патрабаванне адно — штодня, акрамя выхадных, хадзіць на заняткі. Пропускі без уважлівых прычын могуць скончыцца патрабаваннем кампенсаваць немалыя выдаткі.

Апроч іншага, у цэнтрах занятасці дапамагаюць распачаць сваю справу. Можна скончыць курсы, дзе вучаць прадпрымальніцтву. Пасля абароны бізнес-плана атрымліваюць дзяржаўную субсідыю. Гэтыя грошы вяртаць у бюджэт не трэба. Памер субсідыі залежыць ад сумы бюджэту пражытковага мінімуму і віду дзейнасці (пачынаючы ад 11 бюджэтаў). Гэтага можа быць дастаткова, каб закупіць пэўнае абсталяванне, арандаваць памяшканне і распачаць невялікую вытворчасць.

Спецыялісты дапамогуць і «перакваліфікавацца» ў рамеснікі. Было б толькі жаданне, ды рукі б раслі «з правільнага месца».

Апошнім часам беспрацоўныя часта сталі тэлефанаваць на «прамыя лініі» высокапастаўленым чыноўнікам і дэпутатам, каб тыя ім дапамаглі ўладкавацца на працу. Але наўрад ці губернатар, яго намеснікі, парламентарый зробяць гэта лепш, чым адпаведны спецыяліст у цэнтры занятасці.

Яшчэ адна правераная гадамі практыка — знайсці месца «па знаёмстве». Добра, калі сярод былых аднакласнікаў, прыяцеляў або суседзяў ёсць працадаўцы або тыя, хто можа «замовіць слоўка». Аднак гэта яшчэ не гарантыя, што працоўныя адносіны складуцца ўдала.

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».