Вы тут

Эпiдэмiя дыябету расце ва ўсiм свеце


У нас пражывае ўжо 288 тысяч такiх пацыентаў, штогод iх колькасць павялiчваецца на 10 працэнтаў.


Выявiлi... у бальнiцы

Цукровы дыябет — гэта захворванне, для якога характэрна хранiчнае павышэнне ўзроўню глюкозы ў крывi. Узнiкае яно ў вынiку парушэння выпрацоўкi iнсулiну або пры парушэннi дзеяння iнсулiну, або пры спалучэннi гэтых асаблiвасцяў. Бывае 1-га тыпу i 2-га. Пры 1-м тыпе цалкам спыняецца выпрацоўка iнсулiну (па прычыне гiбелi клетак падстраўнiкавай залозы), а пры 2-м знiжаецца адчувальнасць тканак да ўласнага iнсулiну. Ёсць яшчэ спецыфiчны тып, калi дыябету паспрыялi iншыя захворваннi, напрыклад, востры панкрэатыт. Iснуе i дыябет, якi развiваецца падчас цяжарнасцi.

Каля 93 працэнтаў выпадкаў цукровага дыябету прыпадае на 2-гi тып. Распаўсюджанасць яго ў свеце неверагодна высокая, пры гэтым кожны другi не ведае пра свой дыягназ. Найбольшая колькасць хворых — сярод тых, каму 40-59 гадоў. Ужо даказана прамая сувязь росту захваральнасцi на цукровы дыябет 2-га тыпу з ростам атлусцення.

— Цукровы дыябет 2-га тыпу развiваецца павольна i амаль незаўважна, таму дыягназ нярэдка ставiцца позна, палова пацыентаў з упершыню выяўленым дыябетам гэтага тыпу ўжо маюць ускладненнi, — тлумачыць урач-эндакрынолаг эндакрыналагiчнага аддзялення Мiнскага гарадскога эндакрыналагiчнага дыспансера Алена БРУК. — Часта выяўляюць дыябет афтальмолагi, хiрургi, кардыёлагi i неўролагi, калi сутыкаюцца з тыповымi для дыябету ўскладненнямi: катарактай, трафiчнымi язвамi, атэрасклерозам, iнфарктам мiякарда i iнсультам. Самi пацыенты ў такiх сiтуацыях тлумачаць развiццё дыябету гiпертанiчным крызам, iнфарктам або сур'ёзнай аперацыяй, калi ў бальнiцы было выяўлена павышэнне глюкозы крывi. На самой справе чалавек быў хворым на дыябет даўно, але не заўважаў гэтага, i толькi выпадковы аналiз у стацыянары дапамог выявiць захворванне.

Што спрыяе развiццю цукровага дыябету 2 тыпу? Лiшняя вага i атлусценне; аб'ём талii ў мужчын больш за 94 см, у жанчын — звыш 80 см; нiзкая фiзiчная актыўнасць; спадчыннасць; узрост пасля 40-45 гадоў; наяўнасць артэрыяльнай гiпертэнзii.

Садавiны больш, цукру менш

Шэраг краiн павялiчвае падаткi, напрыклад, на салодкiя напоi, i стымулюе пры гэтым продаж сырых садавiны i гароднiны. У нас пакуль такога, на жаль, не назiраецца. Але гэта не нагода адкладваць клопат пра сябе да лепшых часоў. Вазьмiце на ўзбраенне наступныя правiлы.

1. Спажыванне энергii з ежай трэба збалансаваць з узроўнем фiзiчнай актыўнасцi для дасягнення або падтрымання здаровай вагi.

2. Ужывайце вялiкую колькасць гароднiны, садавiны, бабовых (≥500 г, або 5 порцый за дзень; адна порцыя — 1 апельсiн цi 1 яблык).

3. Выбiрайце цэльназерневыя прадукты, крупы.

4. Iстотна абмяжуйце цукар (≤30 г у дзень), у тым лiку ў ежы i напоях. Найлепшы напiтак — чыстая вада. Калi чай, то без цукру. Трэба заўважыць, што цукар i прысмакi наўпрост не выклiкаюць развiццё дыябету, аднак празмернае ўжыванне такiх прадуктаў прыводзiць да набору вагi.

5. Абмежаваць тлушчы (<25-35% сутачнай каларыйнасцi рацыёну: масла, iншыя насычаныя тлушчы, часткова гiдрагенiзаваныя тлушчы).

6. Выбiрайце малочныя i мясныя прадукты з нiзкай колькасцю тлушчу.

7. Рэгулярна ўжывайце рыбу (≥2 разы на тыднi).

8. Не злоўжывайце алкаголем. Доля ў сутачнай каларыйнасцi рацыёну ≤5%.

9. Колькасць клятчаткi (харчовых валокнаў) павiнна складаць 25-35 г у дзень.

10. Абмяжуйце соль (≤6 г у дзень).

Ходзiм i ходзiм...

Дзецям да 18 гадоў неабходна актыўна рухацца не менш за 1 гадзiну на дзень. Наогул любая актыўнасць карысная з пункту гледжання адчувальнасцi да iнсулiну i кантролю вагi. Стандартная рэкамендацыя для дарослых — не менш за 150 хвiлiн на тыднi, гэта прыкладна 30 хвiлiн хады хуткiм крокам 5 разоў на тыднi. Фiзiчная актыўнасць забiвае шмат «зайцаў» — вы прафiлактуеце адразу цукровы дыябет, метабалiчны сiндром, артэрыяльную гiпертэнзiю, кардыяваскулярную i анкалагiчную паталогii.

Цi ў норме?

Галоўным аналiзам для дыягностыкi дыябету з'яўляецца вызначэнне глюкозы крывi (глiкемii) — варта рабiць 1 раз на год усiм пасля 18 гадоў. Здаць кроў трэба з 08.00 да 10.00, праз 8-12 гадзiн пасля ўжывання ежы (дакладней, пасля 20.00 нiчога не есцi, можна пiць пiтную ваду, прымаць прызначаныя лекi). Вызначэнне глюкозы крывi можа праводзiцца як у капiлярнай (аналiз крывi з пальца) 3,3 — 5,5 ммоль/л, так і ў плазме вянознай крывi (аналiз крывi з вены) 3,9 — 6,0 ммоль/л. Пры павышаным узроўнi глюкозы праводзiцца далейшае абследаванне. Высокiя паказчыкi ў межах нормы сведчаць аб павышэннi рызыкi.

Айчынныя iнсулiны

Цукровы дыябет 2-га тыпу курыруецца ў сiстэме медыцынскай дапамогi ўрачом агульнай практыкi, пры неабходнасцi пацыента накiроўваюць на кансультацыю да ўрача-эндакрынолага.

— У дыягностыцы выкарыстоўваецца i глiкiраваны гемаглабiн з указаннем каэфiцыента варыяцыi не больш за 4 працэнты, што спрыяе атрыманню больш дакладных вынiкаў даследавання, — удакладняе галоўны пазаштатны эндакрынолаг, прафесар 1-й кафедры ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта Ала ШАПЯЛЬКЕВIЧ. — Пацыенты ў нас бясплатна забяспечваюцца iнсулiнам i таблетаванымi цукразнiжальнымi лекамi. Лячэнне iнсулiнамi атрымлiвалi летась амаль 67 тысяч пацыентаў з цукровым дыябетам. Iнсулiны айчыннай вытворчасцi складаюць больш за 80 працэнтаў ад усiх iнсулiнаў у флаконах. Для аптымiзацыi цукразнiжальнай тэрапii мы ўкаранiлi метад працяглага назiрання ўзроўню глiкемii, i сёння гэтымi сiстэмамi забяспечаны ўсе абласныя эндакрыналагiчныя дыспансеры i аддзяленнi.

Усё, што робiм не так

46 працэнтаў пацыентаў маюць хранiчныя ўскладненнi. Летась было зроблена 996 «нiзкiх», або «малых» ампутацый (ступня, пальцы ступнi). Актуальным пытаннем у лячэннi трафiчных язваў з'яўляецца ўкараненне новых тэхналогiй, створаных з дапамогай метадаў геннай iнжынерыi. Так, у красавiку ўжо завяршаюцца клiнiчныя выпрабаваннi чалавечага рэкамбiнантнага эпiдэрмальнага фактару росту «Эберпрот-П» (кубiнскай вытворчасцi). Папярэднiя вынiкi станоўчыя. Сярод iншых ускладненняў — дыябетычная рэцiнапатыя i дыябетычная нефрапатыя. Слепата летась была выяўлена ў 49 пацыентаў з цукровым дыябетам. Цягам гэтага года плануецца перайсцi на новую класiфiкацыю хранiчнай хваробы нырак.

— Па сутнасцi, хворыя з цукровым дыябетам гiнуць ад хвароб сiстэмы кровазвароту, той жа iшэмiчнай хваробы сэрца, — кажа намеснiк дырэктара па арганiзацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ «Кардыялогiя» Аляксандр ПАЦЕЕЎ. — Дарэчы, за 35 гадоў колькасць людзей з хваробамi сiстэмы кровазвароту вырасла ў 10 разоў! Цукровы дыябет адносiцца да групы неiнфекцыйных захворванняў, у лiку якiх — хваробы сiстэмы кровазвароту, а таксама анкалагiчныя i хранiчныя рэспiраторныя захворваннi. Фактары рызыкi развiцця цукровага дыябету i хвароб сiстэмы кровазвароту фактычна адны i тыя ж. I дзякуючы падтрымцы Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя мы паспрабуем высветлiць iх распаўсюджанасць у папуляцыi.

Сёлета ў краiне будзе праводзiцца грунтоўнае даследаванне «Крокi». Гэта будуць такiя тры крокi, як анкетаванне 6 тысяч хатнiх гаспадарак, правядзенне некаторых нескладаных вымярэнняў (вага, рост, цiск) i бiяхiмiчнае даследаванне крывi (узровень глюкозы), аналiз мачы (узровень солi) у людзей, якiя трапяць у рэпрэзентатыўную выбарку. Так мы з вялiкай дакладнасцю даведаемся аб распаўсюджанасцi самых важных фактараў — курэння, ужывання алкаголю, наяўнасцi лiшняй вагi, высокага цiску, павышанай глюкозы i лiпiдаў крывi, павышанай колькасцi солi i бялку i г.д. Вынiкi даследавання дазволяць скаардынаваць далейшыя дзеяннi ў галiне прафiлактыкi.

Дыябет у 5 гадоў

Дзецi ў меншай ступенi пакутуюць ад цукровага дыябету 2-га тыпу — такiх толькi 20 чалавек, i ў большай — ад 1-га тыпу, iх 1860. Калi дзесяць гадоў таму пiк захваральнасцi ў дзяцей прыпадаў толькi на 10-14 гадоў, то цяпер з'явiўся яшчэ адзiн «пiк» — у 5-6 гадоў. Прычыны хаваюцца не толькi ў генетыцы, але i ў знешнiх фактарах. Так, 85 працэнтаў усiх выпадкаў развiваюцца ў тых, хто не мае хворых на дыябет сваякоў. Больш уразлiвымi аказваюцца дзецi, якiя не знаходзiлiся на грудным выкормлiваннi цягам хоць бы 6-цi месяцаў; якiя ў гэты час радзей сутыкалiся з энтэравiруснымi iнфекцыямi (не натрэнiравалi iмунную сiстэму); дзецi з гiпавiтамiнозам (дэфiцытам) вiтамiну D. Абмяркоўваецца ўплыў i некаторых хiмiчных рэчываў.

Дыябет 1-га тыпу, дарэчы, не менш сур'ёзнае захворванне. Гэта пяць iн'екцый iнсулiну i вымярэнне глiкемii ад 6 да 10 разоў за суткi. Гэта яшчэ меншая чаканая працягласць жыцця. Сярод дарослых такiх пацыентаў у краiне 17 тысяч. Кожныя 20 гадоў, паводле сусветных даных, колькасць пацыентаў з гэтым тыпам павялiчваецца ў два разы.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Цукровы дыябет: кожны другi i не здагадваецца, што ўжо захварэў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».